Беларуска (на белорусском языке)
Шрифт:
А тым часам дзяўчына ўся аж перавялася. I гэта толькi пагаршала справу. Нарэшце ён рашыўся адысцiся на хвiлiнку, што давала яму магчымасць уцячы i выблытацца з гэтага недарэчнага становiшча. Сказаў, што хоча яшчэ раз патэлефанаваць прыяцелю, каб той прыехаў. Дзяўчына ўстала з ложка i пабегла ў ванную. Марк, не доўга думаючы, пацiхеньку сабраў манаткi i - шмуль з хаткi, стараючыся ўцячы без лiшняга шуму. Калi ехаў машынай, у iм мяшалася пачуццё палёгкi, вiны, са смакам перажытай асалоды i плягi адначасова.
XXXIV
Пане Божа,
я нiбы скравак паперкi
з Тваiм запiсаным жаданнем
шкуматанай ветрам i раптоўнымi павевамi
ад людзей што мiма праходзяць
ад праезджых машын
маю цела
што ты даў мне ў дарунак
у дзень пачатку майго
i пэўнага болей нiчога
за што я табе ўдзячная
бо тым самым ты звольнiў мяне
ад жахлiвага рашэння
якое iншыя на сябе прымаюць
Пане Божа
мая самотнасць
маё цела
мой страх
i ўсе тыя дробныя радасцi
складаю Табе
удзячная за магутнасць прысутнасцi
якую дакладна бачу
уначы
па-над галовамi
i дахамi горада
XXXV
Тыдзень таму назад я атрымала запрашэнне ў Вiцебск прачытаць некалькi лекцый па польскай мове ў мясцовым унiверсiтэце. Наша амбасада ўжо два гады як спрабуе наладзiць там рэгулярныя заняткi па польскай. Мяне як лектарку папрасiлi высветлiць атмасферу i цiкавасць. Увогуле, як мне расказаў адзiн супрацоўнiк амбасады, яны тут разумеюць, як улады баяцца польскай мовы i як афiцыйна цяжка прабiцца праз гэты адмiнiстрацыйна задэкрэтаваны страх. Прасцей з сербалогiяй i балгарыстыкай. Хай беларускiя студэнты вучаць хоць турэцкую, хоць арабскую, але, баранi божа, каб толькi не польскую! Тым не меней ёсць некалькi зацiкаўленых асобаў у тамтэйшым унiверсiтэце, нейкiя рэшткi iнтэлiгенцыi, якая "мыслiць свежа", якая цягнецца да Польшчы, бачачы ў гэтым натуральнае развiццё сваiх памкненняў. Я думаю, нашыя пяць мiнут i так прыйдуць, калi пачнецца масавы адплыў ад расейскай культуры. Гэта толькi пытанне часу. Так вось мне i далi паўтара дзесятка заняткаў на працягу трох дзён. За гэта добра плацяць, за гатэль таксама. I думаць няма чаго - трэба ехаць. Тым болей, што мне даўно хацелася пабачыць горад Шагала.
Я запрасiла яе ў паездку гэтай марознай студзеньскай ранiцай. Прыйшла загадзя да яе на кватэру, калi яна, ужо ўстаўшы, свяшчэнадзейнiчала над запарваннем кавы. Водар асвяжыў нашу сустрэчу i без таго поўную напружання пасля яе няскончанага рамана з Дзiмам. Нешта мне здаецца, што памiж iмi як бы штось прабегла, папсавалася, але я не назалялася, каб яна мне ўсё выкладвала. Я сказала ёй толькi пра прапанову з'ездзiць на некалькi дзён у Вiцебск, на што яна жвава зрэагавала расказам з газеты на тэму маладзёжнага бунту ў тамтэйшай турме. Адразу згадзiлася пад'ехаць разам. Ужо каторы тыдзень яна хацела напiсаць доўгi артыкул пра бесперспектыўнасць, у якой жыве моладзь i пра нарастаючае адчуванне бунту, якi можа лёгка перарадзiцца ў нешта больш сур'ёзнае. Цэлае пакаленне, якое ўжо не ведае савецкай сiстэмы, старэйшымi сiлком ўпiхваецца ў стаптаныя боты i абноскi камунiстычнай iдэалогii. Сказала, што нават калi i няма заказу на тэкст, дык i так яго апублiкуе, а апроч таго вельмi хоча паехаць са мною ў Вiцебск. Прапанавала, каб мы разам спалi ў гатэлi, што дадало б нашай паездцы яшчэ большага румянцу. Даўно мы не спалi разам, i я паглядала на яе з усё большым апетытам.
Развiталiся на тры гадзiны. Я паехала пакаваць свае рэчы, залатвiць сякiя-такiя справы ў горадзе. На кухнi пакiнула Марку запiску, што некалькi дзён мяне не будзе, што цалую ў самы кончык яго цудоўнага красунчыка i тут жа нарысавала яго на паперцы. Вельмi востры.
I ўжо неўзабаве, паполуднi мы сядзелi ў вiцебскiм аўтобусе. Адразу за Раўбiчамi яна паказала мне краявiд, якога такога я ў Беларусi яшчэ не бачыла i ўбачыць не разлiчвала. Гэтыя мясцiны называюць беларускай Швейцарыяй. Несустраканы яшчэ кантраст памiж плоскай i балоцiстай панарамай, якую бачыш у дарозе да Берасця, альбо багнiстымi, лясiстымi нетрамi каля Магiлева i гэтым узгорыстым краявiдам, падобным на Бяскiды цi Бяшчады. Адразу за Лагойскам мясцовасць выроўнiваецца, а ўжо ў ваколiцах Лепеля - звыклы лясны ландшафт з невялiкiмi ўпадзiнамi i пабiтай асфальтавай дарогай, на якой аўтобус падскоквае, вытрасаючы з пасажыраў усякую ахвоту прыкархнуць.
Згадалася апавяданне Ўладзiмiра Арлова, як ён падарожнiчаў гэтай трасай i, праязджаючы кожнае мястэчка-прыпынак, успамiнаў людзей, найчасцей дзяўчат, з якiмi звёў яго лёс на розных прыпынках жыцця.
Дабiраемся да Вiцебска. Сузiраем з-над Дзвiны шагалаўскiя краявiды. Горад такi смутны i шэры. Яна расказвае мне пра фестывалi, якiя летам на некалькi дзён у год ажыўляюць горад i яго наваколле. Прыязджаюць вялiкiя зоркi расейскай эстрады. Аднаго разу такi малады талент Васiль Баканаў - гэты Павароццi Садружнасцi Незалежных Дзяржаў (iм заўсёды мусова мець нейкi эрзац у вытворчасцi лядоўняў, самалётаў i зорак эстрады) прывiтаў публiку воклiчам, што, бачыце, шчаслiвы, што сёння можа спяваць на Ўкраiне. Нiчога сабе. Што значыць нейкаму артысту-маскалю прабздзецца ў Астрахань, Адэсу, Менск, Кiеў цi Вiцебск. Раз плюнуць. А тутэйшыя людзi нават нiяк не зрэагавалi. Савецкае атупленне, залiтае морам гарэлкi i нiчым не абгрунтаванага кайфу.
Iдзём у гатэль. Шэры высокi будынак у цэнтры горада. Пануры i негасцiнны. У холе сноўдаецца пiльнае вока, якое адразу, як толькi мы ўвайшлi, падскоквае i пытаецца, чаго нам трэба. Паказваем на акенца адмiнiстратара i падыходзiм зарэзерваваць нумар. У адмiнiстратарскай пуста. За перагародкай чуюцца, аднак, вясёлыя галасы. Мужчынскiя i жаночыя. Нейкая ў iх там бяседа. Хвiлiну чакаем, але нiхто не падыходзiць. Нарэшце яна не вытрымлiвае i iдзе за перагародку. Я на паўкроку за ёю. З цiкаўнасцi. Сапраўды некалькi асобаў сядзяць за невялiкiм столiкам. Падымаюць кiлiшкi з чарговым тостам. Убачыўшы нас, адмiнiстратарка нервова падымаецца i незадаволена пытаецца, чаго мы хочам. Чаго ж можна хацець у адмiнiстратара гатэля паполуднi? Гасцей вiдаць няшмат. Сонная атмасфера i мала жыцця. Я запаўняю складаны фармуляр, у якiм апытваюць, бадай, цi не пра ўсё на свеце. Яна стаiць збоку i iранiчнай усмешкай квiтуе кожнае маё ўголас сказанае слова з картачкi. Што ўпiсаць, а што не? Адмiнiстратарка пасля пытання не вытрымлiвае маёй упартасцi i злосна адварочваецца. На хвiлiну зноў знiкае за перагародкай, дзе яе чакае новы тост. Я пакорлiва запаўняю фармуляр, падрыхтоўваю грошы i не маю нiякай ахвоты да закалотаў. Чакаю хвiлiну, адмiнiстратарка выходзiць гуллiвая пасля чаркi i забiрае ў мяне дакументы. Яшчэ раз пытаецца, колькi ночаў я буду ў гатэлi, падлiчвае суму, аддае картку i кажа заплацiць у суседнiм касавым акенцы. Там касiркi таксама няма. Убачыўшы на маiм твары пытанне, крычыць убок застолля за перагародкай. "Вольга! Прымi грошы!" Тоўстая i расчырванелая ад алкаголю Вольга ўточваецца на сваё службовае месца, i адразу яе радасны твар мяняе выраз. Яна робiцца засяроджанай, важнай i сюд-туд з падазрэннем зiркае ў мой бок. Лiчыць грошы, выпiсвае квiток. Вяртаюся з iм да адмiнiстратаркi i, аддаўшы пашпарт, атрымлiваю невялiкi металiчны ключ з вялiкай алавянай цi, можа, сталёвай бiруляй. Яго немагчыма насiць у кiшэнi.
Iдзём да лiфта, на якiм залатымi лiтарамi ўвекавечаны прозвiшчы найбольш знакамiтых гасцей гатэля. Лукашэнка, Алексiй II - патрыярх, Ала Пугачова, Мiхаiл Гарбачоў, Пiлiп Кiркораў. Астатнiя прозвiшчы нiчога мне не гавораць. Мабыць, маскоўскiя ўладцы альбо эстрадныя артысты.
Парт'е ўважлiва прыглядваецца да нас i iнфармуе, што сяброўка можа тут быць толькi да вечара, у iншым разе павiнна прапiсацца. Я кiваю галавою, i мы ўваходзiм у лiфт.
У пакоi звыклы савецкi смурод, прылiплы да ўсяго - ад мэблi да сцен, да пасцелi на шырокiм ложку. Адчыняю акно i гляджу ўбок вiцбескага амфiтэатра. Марозна, змяркаецца. Рашаем пайсцi прагуляцца. Хачу агледзець горад, акунуцца ў атмасферу Шагала, Малевiча, Кандзiнскага. Цi засталося што-небудзь з гэтага?
Хуценька гатую каву, гэтак жа хуценька выпiваем, а яна мне крыху расказвае пра музей Шагала - маленькi дамок жыдоўскага купца ў прамысловым раёне, дзе зладзiлi экспазiцыю, iмiтуючы аўтэнтычную ўнутраную планiроўку дома i лаўку канца дзвятнаццатага стагоддзя. Не ведаю, цi будзе яшчэ сёння адчынена, бо ўсе ўжо пачынаюць святкаваць стары Новы год, г.зн. "сiльвестра", паводле грыгарыянскага календара. Сiла традыцыi i кансерватызм - уражлiвы вынiк у гэтай матэрыi.
Цэлы вечар шпацыруем па Вiцебску. Вяртаючыся ў гатэль, перасякаем сквер у цэнтры горада. Ужо, бадай, некалькi градусаў нiжэй нуля. Але прыемна i свежа. Вакол нас на лаўках, падмурках, камлях паваленых дрэў грамадзяцца купкi людзей. На сурвэтах, газетах, лiстах параскладана ежыва, а пасярэдзiне царуе бутэлька гарэлкi. Народнае гулянне. Святкуюць з транзiстарамi, салонымi гуркамi, у цяжкай для зразумення i вытлумачэння атмасферы весялосцi. Расейскi поп, у сваёй бяздумнасцi падобны да нашага дыска пола, разлiваецца, перакiдаючыся ад групкi да групкi. Блiжэй да вулiцы некаторыя ладзяць папойку вельмi своеасаблiва i вынаходлiва - на капоце цi на даху прыпаркаванай машыны. Усярэдзiне можна пагрэцца, а акумулятар сiлкуе мiнiятурны тэлевiзар.
Мы няспешна пасоўваемся ўздоўж гэтага тэатра жыцця. Людзi калышуцца то ў рытм музыкi, то ў такт абвяшчаных тостаў. Стары Новы год.
Бачым, як два п'яныя разахвочаныя юнакi забапалу лапаюць дзяўчыну. Дзяўчына ўжо залiтая ў тры дупы i крочыць шырокiм размашыстым вальсам. Можа, яе цягнуць у корчыкi, каб даць выйсце свайму юру.
Над амфiтэатрам штораз выстрэльвае нейкая вайсковая марцiра. Агонь перакiдаецца то на адзiн, то на другi бок i знясiлена падае ў снег. Мы замерзлi. Час вяртацца ў гатэль. Але атмасфера толькi яшчэ раскручваецца. З падваротняў i завулкаў паяўляюцца падхмеленыя групкi хлопцаў. Большасць iх гэта амаль налыса паголеныя васемнаццацi-дваццацiгодкi. Бледныя ў тварах, але ад выпiўкi на пашчэнках i насах праступаюць чырвоныя плямы, якiя яны расцiраюць скарчанелымi далонямi. Плююць, смачна сморкаюцца ў зацiснутыя на носе пальцы. Апранутыя ў цёмныя кароткiя куртачкi, худыя, цыбатыя, як патыкi, ногi. Кiпiць у iх маладое жыццё, гэта, бадай што, адзiная крынiца энергii. Лезе з iх гэта як прэсная, сялянская прага жыцця. Усё, што вакол iх, - убогае, нэндзнае, панурае i жалю вартае ў сваёй бяссэнсавасцi.
Яна дзелiцца са мною набытым досведам, што большасць з гэтых хлопцаў гэта альбо былыя выхаванцы папраўчай калонii, альбо будучыя зэкi, якiя яшчэ пагараць на чарговым крадзяжы, узброеным нападзе, альбо пазней, калi пойдуць на адсiдку пасля некалькiх гадоў буянай i загульнай жытухi i службы ў якой-небудзь мясцовай мафii. Гэта ў лепшым выпадку, бо то ж яшчэ кожнае мае шанцы рыгнуць душою ў перастрэлцы.
Пакуль што Вiцебск яшчэ здаецца спакойным, сонным мястэчкам, умаляваным у зiмовы пейзаж, i моладзь, якая швэндаецца па вулiцах, нягледзячы на нашыя страхотлiвыя ўяўленнi, - гэта толькi крыху няветлiвыя хлопчыкi. А iх многа i шмат. Напэўна зашмат, каб на ўсiх хапiла месца ў папраўчых калонiях i турмах.