Беларуска (на белорусском языке)
Шрифт:
Наскрозь прамерзлыя ўскокваем у наш гатэль. Направа ад галоўнага хола дзверы ў бар. Праз дым бачым буфет з напоямi. Толькi гэта можа нас цяпр уратаваць.
Некалькi столiкаў, i дрымучая нуда. Купляем чырвонага вiна - аж цэлую бутэльку, i просiм буфетчыцу, каб падагрэла вiно на куханьцы, што ў яе за плячыма. Тоўстая жанчына свецiцца шчырай залатой усмешкай. Знiкае на кухнi i праз хвiлiну з подзiву вартым палiтэсам прапануе нам, што ўкiне ў вiно пару гваздзiчкоў, а цукар вось ён перад намi. Гэта сапраўды выраз нязвыклай сiмпатыi. Можа таму, што ўсе тут разумеюць, што ўжо раз гуляць дык гуляй, душа, - пекла ж няма! Некалькi дзяўчат са знуджанымi тварыкамi i задзёртымi спаднiцамi прыглядваюцца да нашага свяшчэнадзейства. Праз хвiлiну буфетчыца выносiць падагрэтае вiно, налiваем у тоўстыя шклянкi, салодзiм i азiраемся, выбiраючы зручнае месца, каб можна было азiраць усю залу i бачыць усiх, хто ўваходзiць. Прытыкаемся ў куточку тут жа каля дзяўчат. Тыя, зацягваючыся цыгарэтамi, недаверлiва касавурацца на нас. Хлопцаў мала. Я спрабую ўсмiхнуцца iм i загаварыць. Нiчога не выходзiць. Праходзiць некалькi хвiлiн. Перакiдаемся словамi, грэючы далонi шклянкамi цёплага вiна. Яна залётна дакранаецца да мяне, я адразу адказваю, пагладжваючы нагой пад сталом яе змерзлую лытку. Вiно пачынае разаграваць. Гамонiм, усё больш засяроджваючыся на думках пра блiзкую ноч. Да дзяўчат падыходзiць нейкi фраер у скуранцы. Адна з iх, худзенькая брунетка, падхоплiваецца i iдзе за iм. Яна зграбная, прыгожа ходзiць, доўгiя дагледжаныя валасы пакалыхваюцца на плячах. Мы абедзве сходу пазнаём, што дзяўчаты платныя. За столiкам застаюцца яшчэ дзве. Вiно дае нам у галаву, i мне раптам прыходзiць думка запрасiць каторую з iх у ложак на ноч. Прашу Яе, каб падышла i спыталася пра iх тутэйшыя стаўкi. Яна падымаецца з шклянкаю вiна i смела падсаджваецца за суседнi столiк. Завязваецца дзiўная i вельмi складаная гутарка. Дзяўчаты не разумеюць, пра што тут заходзiцца. Я далучаюся да размовы. Так, адразу вiдаць, што зарабляюць акурат гэтым спосабам, а цана па дамоўленасцi. Залежна ад клiента. Часам, калi пад настрой, можна i проста так пайсцi, як што мужык у спадобу дасца. Дзяўчаты ўсё яшчэ не ўрубаюцца. Мы па чарзе тлумачым, што хацелi б даведацца, якiя тут у Вiцебску стаўкi. Нам кажуць, што можа адвалiцца i дваццаць баксаў, i пяцьдзсят, i сто. Гэта - як калi выпадзе. Ну добра, тады - за трыццаць. Што значыць за трыццаць? Ну, значыць, што мы маем ахвоту на адну з вас. Возьмем з сабою ў нумар. Дзяўчаты пруцянеюць. Як гэта, лесбiянствам займацца?! О не! Што не, дык не. Яны ўстаюць i перасядаюць за два столiкi далей, уцякаюць ад нас.
Глядзiм адна на адну, скарыўшыся лёсу. Дапiвам вiно, але тонка сканструяваны гумор так i пырскае з нас. Якiя дурныя няхлюi гэтыя зачуханкi.
Праз хвiлiну ў бар зноў заходзiць той фраер у скуранцы. Дзяўчаты паказваюць на нас пальцам i кiдаюць пагардлiвыя зiркi. Хлопец кiвае галавой i аблiвае нас халодным, разлiчаным вокам.
Мы ўстаём, дзякуем залатой буфетчыцы за хвiлiну цяпла i радасцi. Iдзём да лiфта. За намi выходзiць хлопец. Калi мы заходзiм у лiфт, бачу, як ён гутарыць з парт'е, кiваючы на нас галавою.
Яна папярэджвае мяне, што перад намi яшчэ адна перашкода - дзяжурная на паверсе, у якое ёсць ключ да пакоя, i яна правярае, хто, калi i да каго прыйшоў у госцi. Я супакойваю, што няма чаго пераймацца. Бо такi двух дзяўчат правяраць не будзе. Бяру ключ. Дзяжурная толькi прыглядваецца да нас, на хвiлiну павярнуўшы галаву ад расшумелага чуллiвымi бразiльскiмi прызнаннямi тэлевiзара. Яшчэ не позна. Знiкаем за дзвярыма выстуджанага нумара. Хуценька туалет i - у ложак. Засынаем у абдымках i ў пяшчотах, такiх патрэбных, каб сагрэцца i заснуць.
Ноччу - нейкi вэрхал на калiдоры, расхваляваныя галасы. Два мужчынскiя i дзяжурнай. Стукаюцца ў нашыя дзверы. Падыходжу i пытаюся, што там такое. Мiлiцыя. Правяраем, цi ўсе прапiсаныя. Кашмар, а каторай гадзiне? Гляджу на гадзiннiк - амаль другая ночы. Я нiкуды не пайду, я польская грамадзянка, прапiсалася, заплацiла i цяпер хачу спаць. Дзяжурная верашчыць, пытаецца, цi тая дзяўчына, што ўваходзiла са мною, яшчэ ў нумары, цi ўжо выйшла. Ясна, што даўно выйшла. Калi вы спалi ў крэсле перад тэлевiзарам. Мiлiцыянт яшчэ раз спрабуе бразгатам клямкi змусiць мяне адчынiць, але я палохаю яго, што паведамлю ў консульства, што гэта хамства, парушэнне правоў чалавека i нештачкi там яшчэ. Вяртаюся да ложка ўся ў дрыжыках - не ведаю, цi ад страху i нерваў, цi ад халадэчы. Яна таксама ляжыць халодная, скурчыўшыся пад коўдрай. Тулюся да яе, моцна абняўшы, i так ляжым, чакаючы атакi i высаджвання дзвярэй. Але абышлося - галасы дзяжурнай i мiлiцыянтаў аддаляюцца i нiкнуць углыбiнi калiдора. Доўга не можам заснуць i ляжым нерухома. Нарэшце засынаем, змучаныя начной калатнёй.
XXXVI
Ужо каторы дзень не магу знайсцi яе. Тэлефон на кватэры маўчыць. Цi не здарылася чаго? Тэлефаную па знаёмых. Аня абяцае сяго-таго даведацца. Праз некалькi гадзiн падымаю трубку. Ёсць. Знайшлася. Ляжыць у раддоме, пасля аборту. Была-такi цяжарная.
Еду да яе, узяўшы самыя патрэбныя рэчы i крыху прадуктаў. У менскiх бальнiцах не раз'ясiся, i я не пэўная, цi адведае яе хто-небудзь. Бо ж яна-такi старалася ўтоiць гэта ад знаёмых.
Ужо вечар. Пануры вечар у поўнай болю, бяды i змрочнага святла неонавых лямпаў бальнiцы. У доўгiм калiдоры шукаю палату, называю нянечцы iмя i прозвiшча пацыенткi. Яна праводзiць мяне да дзвярэй. Адчыняю i бачу яе недаўмёную ўсмешку. Сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе.
Яна хоча патлумачыць, што марна спрабавала ўтоiць ад мяне факт сваёй непажаданай цяжарнасцi i рашэнне пра аборт. А я ж бы ёй нейкае рады дала. Не ведаю яшчэ чым, але, прынамсi, была б з ёю. Так проста, як сябар у бядзе, у добрым i благiм.
Яна была на другiм месяцы. Рашылася, бо не хацела дзiцяцi. Яно ўзаконiла б страту яе свабоды на карысць нейкага расейскага валацугi. Яна ўжо раней парахавалася з iм, бо залiшне моцна кпiў з яе i яе памкненняў. Дзiма. Гэты расеец упiсаўся ў беларускi краявiд. Як гiсторыя акупанта, салдата, што прыйшоў пакарыць народ, развеяць яго туманныя летуценнi пра свабоду i неакрэсленую тоесамасць. Прыйшоў, ды так i прысмактаўся.
Рашэнне яна прыняла сама, хутка i без лiшнiх сумненняў маральнай прыроды. Калiсьцi ў нас была дыскусiя, i мы ледзь не пацапалiся. Я прыхiльнiца кантрацэпцыi, але жыццё дзiцяцi, калi б яно паявiлася ўва мне, лiчыла б самым каштоўным. А ў ёй выбухнула нянавiсць да такога ўпарадкаванага мыслення. Яна поўная супярэчлiвасцi. З аднаго боку сумуе па мяшчанскай Празе i спакоi пад бокам у багатага мужыка дзеля таго, каб тут жа паказаць усяму гэтаму язык i ўцячы. Як я люблю яе за гэтую непаслядоўнасць... Але што гэта за каталiцызм, дзе тут тая заходняя цывiлiзацыя?
Хапаю яе за руку. Бледная, потная, маленькая далонька. Адгортваю з твару валасы i далiкатна цалую. Яна заплакала. Ад бяссiлля, тугi i самотнасцi. Не ведаю. Плач нарастае, цiхi, з усхлiпамi. Цалую яе слёзы, што як гарох, коцяцца па шчоках, на хвiлiнку прылягаю да яе, дзелячы ўсю яе бязраднасць i пачуццё бяссiлай роспачы.
Крыху супакоiўшыся, яна пачала расказваць пра апошнюю ноч. Пра панурыя свяцiльнi i ценi дрэў за акном. Раскалыханыя клёны як бы лiтасцiва падтаквалi галечы такога iснавання. Не спала цэлую ноч. Як згрызота сумлення адгукнулiся ўсе размовы з ксяндзом у катэдры. Яе каталiцкасць пацярпела катастрофу. I, можа, яна i не пераймалася б гэтым так моцна, калi б не факт, што калiсьцi ж яна сама зрабiла свой выбар.
XXXVII
Калi наступнага дня ранiцай я прыйшла ў бальнiцу, яна ўжо была ў лепшым настроi. Гуляла па калiдоры, весела размаўляючы з нянечкай. Я прынесла добрай гарбаты, булачкi. У куце каля акна мы рашылi зладзiць сабе невялiчкую кавяраньку. Саграваючы рукi гарачым кубкам з гарбатай, яна выпрастала пальцы i далiкатна дакранулася да локця. Сядзелi мы адна каля адной. Яна расказала пра той драматычны для яе тыдзень, калi рашылася на аборт.
Дзiма ўсё часцей i часцей даваўся ёй у знакi, пазбягаючы спатканняў i апекi, якое, як ёй здавалася, ён павiнен быў ёй даваць. Апрача таго такая няпэўная перспектыва. Што рабiць каля такога чалавеа? Слухаць балады i чакаць на кухнi з абедам, калi вернецца дадому чортведама адкуль? Апрача таго - да якога дому? Яны ж абое без граша i без надзеi на якую-небудзь разумную перспектыву. Так што пакуль што можна неяк жыць, аднаму, без адказнасцi за iншых. Сёння ёсць чым перакусiць, заўтра няма - гэта не мае значэння, бо ж не хлебам адным жыве чалавек. Даволi складана яна пачала расказваць гiсторыi сваiх сябровак, якiя мурзаюцца ў смуродзе кухонных клопатаў. Блiны, смажаныя на алеi, цыбуля i часнык. Усё гэта разам праз нейкi час стварае такiя букеты, што ў аўтобусе цi ў метро на адлегласцi пазнаеш па паху, чым занятыя мазгi такой дамы i як моцна спустошылася яе душа. Крыху зазнала ўжо ў сваiм жыццi гэтага дабра. Годзе.
Некалькi дзён таму назад яна папрасiла Дзiму, каб з ёю пайшоў да бацькi на дзень народзiнаў. Узялi бутэльку армянскага каньяку, яна купiла нейкую касметыку i паехалi на кватэру да бацькоў, дзе яна правяла колькiнаццаць гадоў. Бацька прыняў iх ветла, цёпла, пацалаваў Дзiму, яе таксама сардэчна абняў. Пасля двух-трох кiлiшкаў развязалiся языкi. Бацька, якому стукнула шэсцьдзесят, пачаў успамiнаць маладыя гады. I тут пайшлi праблемы. Выявiлся, што нарадзiўся ён пад Беластокам, чаго Дзiму хапiла, каб пасля пятай чарчыны дацца ў iронiю наконт псеўдапольскага радаводу. Яе гэта да таго раззлавала, што яна нагадала яму пра яго расейска-савецкае паходжанне. Усё, можа, закончылася б кароткай звягай. Але Дзiма зацяўся, палез на тычкi. Бацька, не заўважаючы напружання памiж iмi, расхадзiўся яшчэ больш i пачаў успамiнаць пра дзяцiнства сярод лясоў i нетраў Калымы. Пейзажы, апiсаныя Салжанiцыным. Дзiма, вельмi добра абазнаны ў гэтай лiтаратуры, ахвотна падбрэхваў бацьку, i абодва амаль дзве гадзiны перасыпалi гутарку цытатамi з "Архiпелага Гулага". З жывой памяццю здарэнняў, асобаў i краявiдаў. Чакай, чакай... падумала яна, ужо добра навастрыўшыся, - а як гэта бацька дзiцём быў пры ўсiм гэтым. Як гэта не ведаеш, здзiвiўся ён. Але ж ён нiколi не гаварыў ёй да канца, што дзед служыў у НКВД i пасля вайны, вiдаць, за неабыякiя заслугi ў камiсарскай працы ў заходняй Беларусi быў "узнагароджаны" паездкай з сям'ёю на Калыму ў патрульныя батальёны. Гэта былi некалькi страшных гадоў. Месяцамi бацька не бачыў сям'i. Жылi разам з iншымi дзецьмi ахоўнiкаў ў дзiцячым доме. На Калыму ён наязджаў позняй вясною i сядзеў з бацькамi да верасня ў бараках, дзе сем'i астатнiх ахоўнiкаў таксама душылiся ў асобных пакойчыках з агульным доўгiм калiдорам. Тыя днi, праведзеныя з бацькамi, былi падшытыя страхам, суровасцю i непрыязнасцю ўсiх да ўсiх. Памятае бледныя i халодныя бацькавы далонi. Ужо хлапцом на свае вочы бачыў зэкаўскiя бунты. Iх папярэджвалi, каб не адыходзiлiся далёка, бо ў лесе ўцекачы хапаюць дзяцей на ежу падчас працяглых уцёкаў. Нiхто з iх не хацеў стацца мясам, ежаю вязням. А можа iх толькi так палохалi. На свае вочы бачыў трупы, якiя валялiся па ваколiцах, iх страшэнна вырачаныя вочы, па якiх поўзалi вялiкiя зялёныя мухi.
Дзiма слухаў, рот раззявiўшы, яна са злосцю. У Дзiме нарастала пачуццё палёгкi, i яна гэта заўважыла. Ён мог нарэшце паглядзець спакойна i сказаць ёй - сама бачыш, усе былi замазаныя. Мае бацькi - гэта савецкiя салдаты, расейскiя акупанты, а Ты, куды якая мне патрыётка, паглядзi на гiсторыю сваiх найблiжэйшых.
Яе шалёная ятра раптам як бы зацвярдзела. Яна глядзела на бацьку з усё большай нянавiсцю. Чаму не разлiчылiся з той мiнуўшчынай, чаму не сказалi ёй, чаму маўчалi? Чаму ўсiм гэтым быў замазаны яе дзед, якi так пяшчотна гугулькаў з ёю ў дзяцiнстве i чукаў на каленях? Яна памятае ягоныя вочы, якiя ледзь не да самай яго смерцi былi поўныя волi да жыцця, хоць спаралiзаванае цела яго на ложку адмаўлялася слухацца i не выконвала ўжо многiх функцый. Палкiя вочы замоўклага i знерухомелага ў пасцелi былога спраўнага ката. А можа, ён i не быў катам? Можа, толькi працаваў у нейкiм тэхнiчным аддзеле, выпiсваў накладныя на машыны, рыхтаваў дакументы. Слабое суцяшэнне. Шалёная i са слязьмi на вачах выскачыла яна з памяшкання. Плакала па дарозе да аўтобуса i ў аўтобусе, у трамваi, у метро, а яшчэ больш на лесвiцы да сваёй кватэры, калi мерны стукат ботаў i водгалас гранiтных прыступак давялi яе да поўнай знямогi.