ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Прычына спынення Кейданскай уніі крыецца і ў адносінах да яе са шведскага боку, які не лічыўся з яе ўмовамі, ігнаруючы іх. Частыя рабаўніцкія адносіны шведскага войска да насельніцтва ВКЛ выклікалі нянавісць да яго і нават прывялі Жамойць да паўстання. 3 адыходам шведскага войска з тэрыторыі ВКЛ у Інфлянты ў красавіку 1656 г. фактычна азначала, што Кейданская унія перастала існаваць. Яе заключэнне са Швецыяй, як і ранейшыя уніі з Польшчай, было вынікам выключна цяжкага знешняга становішча BKЛ. Не могучы змагацца з усімі сваімі ворагамі адначасова, што магло б прывесці да канчатковай пагібелі дзяржавы, ВКЛ вымушана было ісці на саюз з адным са сваіх суседзяў. Гэтым яно забяспечвала сабе далейшае існаванне, праўда, абмяжоўваючы свой суверэнітэт. Прычынай непрацягласці існавання уніі са Швецыяй было і тое, што апошняя непасрэдна не межавалася з ВКЛ, як Польшча. Толькі наяўнасць шведскага войска на тэрыторыі ВКЛ і магла забяспечваць унію з ёй. Аднак у выніку сваіх няўдач Швецыя вымушана была вывесці свае войскі з тэрыторыі ВКЛ, што і прывяло да спынення Кейданскай уніі.

ВАЙНА ЗНОЎ РУСКАПОЛЬСКАЯ

Заключэнне перамір’я з Польшчай дало магчымасць Маскве больш надзейна замацоўваць сваю ўладу над Беларуссю, якая была поўнасцю акупавана царскімі войскамі. Аднак тут з асаблівай яскравасцю выявіліся супярэчнасці паміж Масквой і ўкраінскімі казакамі, на чале якіх пасля гібелі I. Залатарэнкі стаў Іван Нячай, адзін з самых прыбліжаных і ўплывовых асоб, што акружалі Б. Хмяльніцкага, зяцем якога ён быў. Выяўляючы інтарэсы казацкай старшыны, што імкнулася ў мэтах свайго ўзбагачэння завалодаць землямі Беларусі, дзе ім, на іх думку, спакойней было б панаваць, I. Нячай, умацаваўшыся ў Чавускім павеце, не пажадаў аддаваць гэту тэрыторыю ў падначаленне маскоўскага ваяводы, а пасля стаў пашыраць сваю ўладу на Магілёўскі, Капыльскі і Мсціслаўскі паветы. Цікава адзначыць, што, калі раней Нячай называў сябе «палкоўнікам Чавускім», то зараз яго тытулам стаў «палкоўнік беларускі». I гэта вельмі паказальна, бо сведчыць, наколькі назва «Беларусь» замацавалася тады за ўсходам нашай краіны. Мы ведаем, што «палкоўнікам беларускім» называў сябе К. Паклонскі. Але калі ў адносінах да яго гэта назва была сапраўднай, то для I. Нячая яна з’яўлялася фальшывым прыкрыццём, бо ён не змагаўся за незалежнасць Беларусі, як К. Паклонскі, а імкнуўся падначаліць яе казацкай старшыне.

Дзеянні I. Нячая не маглі не выклікаць незадаволенасці Масквы, якая лічыла Беларусь сваім уладаннем, што падкрэслівалася ўнясеннем у тытул Аляксея Міхайлавіча «Белай Русі». Таму Масква запатрабавала ад Б. Хмяльніцкага вываду казакоў з Беларусі, але пасля абмежавалася дазволам размяшчэння казакоў I. Нячая толькі ў Чавускім павеце. Але гэта не закрэсліла ранейшых намераў I. Нячая. Ён толькі змяніў спосаб дзеянняў, накіраваўшы іх супроць магнатаў і шляхты, якім царскім урадам была вернута іх маёмасць і ўсе іх прывілеі. Менавіта ў асобе магнатаў і шляхты I. Нячай і бачыў сапраўдных уладароў Беларусі. А на гэта тут і прэтэндавала казацкая старшына і тым самым разглядала іх як сваіх сапернікаў, супроць якіх найперш і трэба весці барацьбу.

Не могучы адкрыта выступіць супроць мясцовых феадалаў, бо гэта б выклікала незадаволенасць цара, якому яны прысягнулі, I. Нячай інспіраваў сялянскія паўстанні супроць іх, тым самым звальваючы ўсю віну за расправу над імі на сялян. Каб яшчэ гэта было больш пераканаўча, на чале сялянскіх атрадаў, што таксама называліся «казацкімі», ставіліся мясцовыя жыхары. Такімі сотнікамі, як іх называлі, былі Дзяніс Мурашка на Ігуменшчыне, Сапрыка на Талачыншчыне, Слізкі і Паўкасцельскі на Шклоўшчыне і інш. Менавіта ў гэты час з асаблівай яскравасцю выявілася сапраўдная сутнасць паўстанняў беларускіх сялян супроць сваіх феадалаў. Як правіла, яны з’яўляліся вынікам падбухторвання з боку казацкай старшыны, для якой гэта было адным са спосабаў падначалення сабе Беларусі.

Трэба зазначыць, што ў той час асаблівых супярэчнасцяў паміж беларускімі сялянамі і феадаламі не было. Тады ўжо закончылася аграрная рэфома, якая ўвайшла ў гісторыю як «Валочная памера» (ці «Устава на валокі»), паводле якой былі вельмі дакладна ўрэгуляваны адносіны паміж сялянамі і феадаламі. I гэтыя ўстанаўленні, як правіла, выконваліся з двух бакоў. I таму ў беларускіх сялян не было падстаў для паўстанняў, бо калі і з’яўляліся якія супярэчнасці, то яны вырашаліся ў судовых інстанцыях, а не ў паўстаннях.

Як у свой час Віленскае перамір’е 1656 г. ператварыла руска-польскую вайну ў руска-шведскую, так заключэнне ў 1658 г. «Гадзяцкага дагавору» ператварыла руска-шведскую вайну зноў у руска-польскую. Рэч у тым, што пасля смерці Б. Хмяльніцкага яго гетманскае месца заняў I. Выгоўскі. I ён, у адрозненне ад свайго папярэдніка, які аб’яднаў Украіну з Расіяй, пачаў праводзіць палітыку аб’яднання з Польшчай, што і было здзейснена ў выніку падпісання згаданага дагавора.

Цікава адзначыць, што I. Выгоўскі, перайшоўшы на бок Рэчы Паспалітай, утварыў у складзе яе княства, у якое ўваходзілі цэнтральныя ўкраінскія землі на чале з Кіевам, і гэта княства ён назваў «Рускім». Менавіта гэтыя мясцовасці ў старажытныя часы і называліся Руссю, што яшчэ памяталася, як мы бачым, у XVII ст. Адсюль становіцца зразумелым, чаму, калі са складу ВКЛ у выніку Люблінскай уніі выйшлі ўкраінскія землі, з яго назвы выпала назва «Рускае» і яно стала называцца Літоўскім і Жамойцкім.

У поўнай згодзе з I. Выгоўскім быў I. Нячай. Калі для яго раней Беларусь была аб’ектам захопу, то цяпер яна стала для яго прадметам гандлю: ён паабяцаў Яну Казіміру пад яго каралеўскую міласць аддаць Белую Русь, за што прасіў узнагароду, якую і атрымаў. I сапраўды Сойм Рэчы Паспалітай у маі 1659 г. даў яму на пажыццёвае ўладанне Чавусы і Чэрыкаў, а таксама два войтаўствы ў Магілёўскім павеце і Бабруйскую эканомію. Шляхецкія званні атрымалі таксама і некаторыя кіраўнікі так званых сялянскіх паўстанняў. Усё гэта паказвае, што дзейнасць запарожскіх казакоў на Беларусі перш за ўсё дыктавалася іх інтарэсамі і ў залежнасці ад таго, калі ім было выгадней, яны прыстасоўваліся то на бок Расіі, то на бок Польшчы. У залежнасці ад гэтага яны прымушалі дзейнічаць сялянскія атрады. Калі I. Нячай са сваім атрадам зрабіў намер захапіць Магілёў, то Мурашка рашыў захапіць Менск. Аднак і першае, і другое скончылася няўдачай. Канчаткова I. Нячай і яго саюзнікі былі разгромлены ў канцы 1659 г., калі I. Выгоўскі ў выніку казацкіх хваляванпяў быў заменены Юрыем Хмяльніцкім, пры якім быў зноў адноўлены саюз Украіны з Расіяй. Па патрабаванні Масквы, якая бачыла ў казаках свайго саперніка ў валоданні Беларуссю, усе казацкія загоны павінны былі быць выведзены з яе тэрыторыі. У хуткім часе рускія войскі ў пачатку снежня 1659 г. захапілі Стары Быхаў. I. Нячай і яго паплечнікі былі ўзятыя ў палон, і большасць з іх — павешаны. Толькі заступніцтва Ю. Хмяльніцкага выратавала I. Нячая і яго брата Юрыя ад смерці, і яны былі высланы ў Табольск. Аднак паасобныя казацкія загоны, якія дзейнічалі самастойна, нікому не падначальваючыся, па-ранейшаму знаходзіліся на Беларусі і вялі тут вайсковыя дзеянні. Так, у чэрвені 1660 г. яны аблажылі і штурмавалі Пінск, а ў 1664 г. разам з рускімі войскамі зноў штурмавалі Пінск, а таксама Магілёў, у якім быў спалены замак.

Зноў пачалася новая хваля ўварвання расійскіх войскаў на Беларусь. Армія ваяводы Хаванскага ў снежні 1659 г. захапіла Гародню, а ў студзені наступнага года Бярэсце. Аднак гэтыя перамогі былі часовымі. Заключыўшы ў 1660 г. мір са Швецыяй, Рэч Паспалітая сканцэнтроўвае свае вайсковыя сілы на Беларусі супроць расійскай арміі. Ужо 18 чэрвеня 1660 г. руская армія пацярпела паражэнне пад Ляхавічамі, а 28 чэрвеня злучанымі войскамі BKЛ (пад камандаваннем П. Caпeгi) і польскага (пад камандаваннем С. Чарнецкага) войска Хаванскага было разгромлена пад в. Палонка (на Слонімшчыне). Гэтыя бліскучыя перамогі адкрылі шлях для далейшага прасоўвання на ўсход і адваявання тэрыторыі Беларусі. Ужо 3 ліпеня 1660 г. войскі BKЛ і Польшчы вызвалілі Менск, дайшлі да Бярэзіны. Гэтак жа паспяхова было адбіта 4 кастрычніка 1660 г. наступленне рускага войска на Чавусы, і яно вымушана было адступіць да Смаленска.

Адначасова з гэтым у гарадах, занятых рускімі войскамі, расла незадаволенасць мясцовага насельніцтва сваім паднявольным становішчам, што прывяло да шэрагу хваляванняў, з якіх асабліва вызначылася Магілёўскае паўстанне 3 лютага 1661 г. У ранейшай гістарыяграфіі сцвярджалася, што гэта паўстанне было вынікам змовы тых, хто чакаў уступлення ў горад войскаў Рэчы Паспалітай. Але адначасова сцвярджалася, што размешчаныя па кватэрах у Магілёве рускія салдаты з жыхарамі абыходзіліся груба, штодзённа чынілі ім розныя крыўды, ад якіх нідзе не знаходзілі дпя сябе ўправы і абароны, хаця і неаднаразова скардзіліся. Зразумела, што пры такіх абставінах не магло не быць усеагульнага абурэння насельніцтва горада, і таму яно прыняло актыўны ўдзел у паўстанні. Напярэдадні яго гаспадары дамоў, у якіх кватаравалі салдаты, у стрэльбах сваіх пастаяльцаў вынялі крэмні. Повад для пачатку паўстання падалі зноў такі самі рускія салдаты. Раніцай, па свайму звычаю натоўпамі праходжваючыся па рынку, чапляліся да гандлярак, яны хапалі ў іх выстаўленыя на продаж харчы. На рынку падняўся крык і шум. На гукі звону, што было ўмоўным знакам для пачатку паўстання, з дамоў сталі выбягаць узброеныя чым папала жыхары горада і сталі біць салдат. У выніку гэтага ўсе яны (а іх мелася тры тысячы) былі забітыя. Шмат было ахвяр і сярод жыхароў горада. Выратаваліся ад смерці толькі тры ваяводы і некалькі афіцэраў, якія былі захоплены і адпраўлены ў Варшаву. Падобныя паўстанні адбыліся ў гэты час у Дзісне, Себежы, Гомелі і іншых гарадах, што яскрава сведчыла, наколькі насельніцтва Беларусі вызвалялася ад ранейшых ілюзій (і яны яму ўпарта навязваліся) аб добрым цары, які прыйдзе з усходу і прынясе яму шчаслівае жыццё. Сапраўднасць жа паказвала, што іх гаротнае жыццё ў выніку прыходу добрага цара станавілася яшчэ больш цяжкім.

Расійская армія працягвала цярпець няўдачы. У пачатку лістапада 1661 г. частка яе пад камандаваннем Хаванскага і Орды-Нашчокіна была разгромлена ў баі каля в. Кушлікі. А 6 лістапада 1661 г. войскі BKЛ на чале з С. Чарнецкім нанеслі поўнае паражэнне расійскаму войску каля г. Глыбокага, што мелара шаючае значэнне для вызвалення Вільні 2 снежня 1661 г.

У далейшым руска-польская вайна на Беларусі атрымала зацяжны характар. Вялікіх баёў не было, у асноўным адбываліся лакальныя сутычкі. Знясіленыя шматгадовай барацьбой, ні адзін, ні другі бок не маглі істотна папаўняць вельмі парадзелыя войскі. I таму абодва бакі вымушаны былі ісці да мірных перамоваў, якія і закончыліся 30 студзеня 1667 г. у в. Андрусава (каля Мсціслаўля) падпісаннем перамір’я на 13,5 года. Паводле яго, да Расіі адыходзілі Смаленскае ваяводства, Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам, якія раней належалі ВКЛ, а таксама Левабярэжная Украіна з Кіевам. Як бачым, хаця Беларусь у асноўным засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, аднак страта Смаленшчыны для яе з’явілася цяжкім ударам. Будучы аднапляменнай крывіцкай зямлёй, яна за шматвяковую гісторыю так шчыльна звязалася этнічна, палітычна і эканамічна, што нават адабранне яе ад Беларусі па Андрусаўскаму перамір’ю не магло ў далейшым сцерці яе беларускі характар. У навуковай літаратуры XIX ст. Смаленшчына і адносілася да Беларусі. Не кажучы ўжо пра ўрад БНР, але нават I з’езд КПБ большую частку Смаленшчыны са Смаленскам аднёс да тэрыторыі абвешчанай ім БССР. Аднак у скорым часе яна была адабрана ад Беларусі разам з Віцебшчынай, Магілёўшчынай і Гомельшчынай. Але калі тры апошнія ў 1924 і 1926 гг. былі вернуты ў склад БССР, то Смаленшчына так і засталася ў складзе Расіі, што з'явілася не чым іншым, як пацвярджэннем Андрусаўскага перамір’я.

АПОШНЯЯ ТРЭЦЬ XVII СТАГОДДЗЯ

Гэты час для Беларусі быў адносна спакойным. Хоць войны, як убачым, тады і вяліся, аднак яны ў цэлым не закраналі яе тэрыторыю, як было перад гэтым. Але вынікі руска-польскай вайны 1654–1667 гг. былі настолькі катастрафічнымі, што пераадоленне іх асабліва абцяжарыла жыццё народа ў гэты перыяд. У адным дакуменце Сойма так характарызаваўся стан паасобных рэгіёнаў Беларусі пасля вайны. Адны з іх паказаныя як «ператвораныя ў руіны і пераважна спаленыя», другія як «ушчэнт разбураныя», трэція як «амаль датла спаленыя», чацвёртыя як «у многіх месцах пагарэлыя», пятыя як «дашчэнту спаленыя», шостыя як «у большай частцы ператвораныя ў папялішчы» і т. п.. Да таго ж, і гэта самы страшны вынік вайны, Беларусь страціла больш паловы свайго насельніцтва. Калі ў 1650 г. у ёй было 2,9 мільёна жыхароў, то ў 1673 г. у ёй засталося не больш 1,4 млн. I за трэць стагоддзя, да 1700 г. узровень насельніцтва дасягнуў толькі 2,2 млн. жыхароў. Гэта лічба вельмі добра паказвае, наколькі пакутлівым быў працэс аднаўлення разбуранага і вынішчанага вайной. Многія паселішчы так і засталіся маланаселенымі, што ў сваю чаргу адмоўна адбілася на развіцці сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю.

Поделиться с друзьями: