ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

I хоць украінскія і беларускія землі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, але яны знаходзіліся ў розных частках яе. Таму для BKЛ казацкія украінскія войскі, якія з’яўляліся на яго тэрыторыі, успрымаліся як варожыя, замежныя, што вымушала яго весці барацьбу з імі. Гэта разам з іншым, як убачым, і выявілася ўжо ў 1595 г., калі казацкае войска на чале з Севярынам Налівайкам уварвалася на поўдзень і ўсход Беларусі.

Украінскае казацтва сфарміравалася ў барацьбе з крымскімі татарамі і туркамі пад сцягам абароны праваслаўя. Цэнтрам казакоў з’яўлялася Запарожская Сеч, дзе былі сканцэнтраваны яго галоўныя баявыя сілы і куды ўцякалі тыя, хто не хацеў цярпець няволі і прыгнёту. Сярод іх была значная колькасць і выхадцаў з Беларусі. Польскі ўрад, бачачы ў казацтве важную вайсковую сілу, рашыў падначаліць яго сабе. Дзеля гэтага было прапанавана запісаць у рэестр шэсць тысяч казакоў, якім выдавалася плата, што выдзяляла іх як прывілеяваных з агульнай казацкай масы, уносячы тым самым раскол у яе.

Адзін час такім рэестравым казаком і быў С. Налівайка. Выйшаўшы з ліку рэестравых, ён некаторы час служыў у вядомага нам ужо К. К. Астрожскага — аднаго з самых выдатных абаронцаў праваслаўя ў Рэчы Паспалітай, што, вядома, паўплывала і на Налівайку. Аднак на рашучую барацьбу супроць польска-каталіцкага ўціску яго штурхнула асабістая крыўда, калі ад яго бацькі была адабрана частка зямлі і ён сам быў збіты да смерці. Пасля паходу з атрадам казакоў у Малдавію і Трансільванію, Налівайка вярнуўся на радзіму, у Правабярэжную Украіну, дзе, абапёршыся на незадаволеныя масы гараджан, захапіў горад Луцк. Далейшыя дзеянні Налівайкі былі накіраваны на пагром магнацкіх маёнткаў. Убачыўшы ў гэтым для сябе вялікую пагрозу, урад Рэчы Паспалітай паслаў супроць Налівайкі сямітысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Лабадой. Такім чынам, спроба польскіх вярхоў на раскол казацкай масы дала свае першыя вынікі. Убачыўшы немагчымасць супрацьстаяць такой сіле і ратуючыся ад яе, Налівайка прымае рашэнне адступіць на тэрыторыю Беларусі, што і адбылося ў кастрычніку 1595 г. Як бачым, не імкненне прыйсці на дапамогу беларускаму народу, а суровая неабходнасць пазбегнуць разгрому прымусіла Налівайку на такі крок.

Фактар нечаканасці прынёс напачатку яму поспех і ў Беларусі. Ён захапіў Петрыкаў, а пасля, бачачы небяспеку наступу Лабады, і Слуцк, які ў той час быў адным з буйнейшых і багацейшых гарадоў Беларусі. Замак яго быў добра ўмацаваны. Як і на Украіне, так і на Беларусі далейшыя дзеянні казакоў выяўляліся ў пагроме маёнткаў феадалаў. Аднак гэта нельга тлумачыць толькі класавай нянавісцю да прыгнятальнікаў. Казакі вызначаліся не толькі адвагай і пагардай да жыцця ў час бою, але і бесклапотнасцю, разгулам і шумнай весялосцю ў час адпачынку. А для задавальнення ўсяго гэтага найбольш падыходзячымі былі багатыя феадальныя маёнткі. Бясспрэчна, што было нямала ахвочых і з ліку мясцовых людзей, якія не хацелі прамінуць магчымасці пажывіцца ў зручны для гэтага момант. Трэба ўлічваць і тое, што ў асяроддзі казакоў было нямала і выхадцаў з Беларусі, якія цяпер, апынуўшыся на радзіме, імкнуліся помсціць за нанесеныя ім тут крыўды.

Але як і на Украіне, так і на Беларусі атрад Налівайкі не ўступаў у бой з накіраванай супроць яго вайсковай сілай. Урад BKЛ, як адзначалася вышэй, не мог інакш успрымаць знаходжанне на тэрыторыі яго дзяржавы ўкраінскіх казакоў, як уварванне замежнага войска, якое чыніла тут рабаўніцтва. I таму супроць яго было выслана войска, што канцэнтравалася ў раёне Клецка. I калі казакі Налівакі ўбачылі такую пагрозу, гэтак жа як і пагрозу з боку ўкраінскіх рэестравых казакоў, што рухаліся на Беларусь, рашылі, не прымаючы бою, 27 лістапада 1595 г. пакінуць Слуцк, захапіўшы вялікую колькасць узбраення і ўзяўшы з жыхароў горада багаты выкуп. Заслугоўвае ўвагі тое, што войска Налівайкі пасля гэтага рашыла ісці ў Расію «на государава імя». Налівайка добра ведаў, што там яго прыязна прымуць, як свайго саюзніка ў барацьбе з агульным ворагам — Рэччу Паспалітай. Адступаючы на Бабруйск і не дайшоўшы да яго, атрад Налівайкі, у якім было дзве тысячы казакоў і шмат узбраення, узятага ў Слуцку, 18 снежня 1595 г. захапіў Магілёў. Баркулабаўскі летапіс паказвае такія вынікі гэтай падзеі: «…домы, крамы, острог выжгли, домов всех яко 500, а крамов з великими скарбами 400. Мещан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жён, детей малых побили, порубили, попоганили, скарбов теж незличеных побрали з крамов и домов». Грамілі яны і праваслаўныя храмы, хоць і лічылі сябе абаронцамі праваслаўнай веры. Наўрад ці можна ўсё гэта называць вызваленчай барацьбой народа, як гэта паказвалася ў савецкай гістарыяграфіі. Вядома, нянавісць народа да сваіх прыгнятальнікаў была, але яна выкарыстоўвалася казакамі Налівайкі ў іх інтарэсах.

Знявечыўшы і абрабаваўшы за два тыдні Магілёў, казакі пакінулі яго, бачачы пагрозу наступаўшага на іх войска. На Буйніцкім полі ім удалося пад прыкрыццём моцнага гарматнага агню адарвацца ад насядаўшага на іх войска палкоўніка Буйвіда і адступіць на поўдзень праз Быхаў, Рагачоў да Рэчыцы, адкуль пайшлі на Петрыкаў. Ім удалося захапіць значную частку поўдня Беларусі з Туравам, Давыд-Гарадком, Ляхвай, Пінскам, дзе «пачалі тварыць шкоду вялікую замкам і панам». I толькі вясной 1596 г. казакі Налівайкі пакінулі Беларусь і перайшлі на Валынь. Аднак там пад Лубнамі яны скора пацярпелі паражэнне. Налівайка і яго паплечнікі, выдадзеныя здраднікамі, былі адвезены ў Варшаву і там пасля жорсткіх катаванняў пакараны смерцю.

Як бачым, апроч шкоды тым месцам Беларусі, дзе дзейнічаў атрад Налівайкі, ён нічога не прынёс. Аднаўленне ўсяго разбуранага і абрабаванага ім лягло новым цяжарам на плечы працоўных мас. Такі характар і такія вынікі мелі і далейшыя казацкія ўварванні на Беларусь у XVII стагоддзі.

I ГОЛАД, I ПАЎСТАННЕ

У вельмі цяжкіх, неспрыяльных абставінах пачалося XVII стагоддзе на Беларусі, што намнога абцяжарыла яго гісторыю гэтага часу. I першым вялікім няшчасцем быў страшэнны голад. У 1601 г. з прычыны ненармальных метэаралагічных умоў выпаў зусім ранні снег і праляжаў два тыдні, калі з палёў не была ўбрана вялікая частка ўраджаю. Выратаваць яго, як снег растаў, з прычыны холаду не ўдалося. Не было ўмоў і для якаснага пасеву азімага жыта. Усё гэта і прывяло ў 1602 г. да голаду. Вельмі выразную і жудасную карціну гэтага няшчасця падаў летапісец: «Людей множество почали мерти, по пятеру, по тридцати у яму хоронили. Хворых, голодных, пухлых многое множество страх видети гневу божого».

Многія жыхары Беларусі разам са сваімі сем’ямі, ратуючыся ад галоднай смерці, ішлі «на Ніз», г. зн. на поўдзень, на Украіну. Стоячы ў каго-небудзь пад вокнамі, яны жаласліва прасілі хлеба: «Матухно, зезулихно, утохно, панюшко, сподариня (як бачым, гэта слова не штучна ўтворанае, як часамі сцвярджаецца, яно спрадвеку ўжывалася нашым народам — М. Е.), слонце, месец, звездухно, дай крошку хлеба. Тут же подле ворот будет стояти з рання до обеда и до полудня, так просячи, так же другой под плотом и умрет».

Зразумела, што такая трагічная падзея намнога абцяжарвала жыццё народа, што выклікала ў ім незадаволенасць сваім становішчам і штурхала яго на рашучыя дзеянні. Яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца Магілёўскае паўстанне 1606–1610 гг. Насельніцтва горада, абуранае свавольствам рады, у якую ўваходзілі прадстаўнікі багацеяў і якія ўвесь цяжар падаткаў і павіннасцей перакладалі на нізы, падняло паўстанне. Ім кіравала група рамеснікаў на чале са Стахорам Мітковічам. У ратушу ўварваліся паўстанцы, запатрабаваўшы ад рады спыніць яе злоўжыванні. Замест таго каб выканаць гэта патрабаванне, была прынята спроба арыштаваць кіраўнікоў паўстання, што не ўдалося, дзякуючы рашучай падтрымцы народа. 25 чэрвеня 1606 г. ратуша была захоплена вялікай масай паўстанцаў, і старая рада разагнана, а замест яе ўтворана новая рада, у якую ўвайшлі Стахор Мітковіч, шабельнік Мікіта, ганчар Міхалка, шавец Фёдар і іншыя рамеснікі. Як бачым, у Магілёве ўтварылася сапраўды народная ўлада. Калі некаторыя члены старой рады аказалі супраціўленне, яны не былі знішчаны, а пасаджаны ў турму.

Магілёўскія падзеі сур’ёзна ўстрывожылі ўлады Рэчы Паспалітай. Але задушыць паўстанне ў гэты момант у іх не было патрэбных сіл, паколькі значная частка войска была занята паходам на Маскву. I таму кароль Жыгімонт III звярнуўся да новай рады з лістом, у якім патрабаваў спыніць бунт і падначаліцца старой радзе. Але гэта было рашуча адхілена. Не мела поспеху і спроба раскалоць новую раду шляхам навязаць ёй патрабаванне пасля заканчэння яе паўнамоцтваў перадаць уладу старой радзе.

Гэта ўлада існавала на працягу чатырох гадоў. Зразумела, без шырокай падтрымкі народа яна б не змагла так доўга пратрымацца. I яна была сапраўды народнай уладай. А менавіта гэта і з’явілася самым небяспечным для тагачасных уладароў дзяржавы, якія разумелі заражальны прыклад існавання такой улады для ўсяго народа. I яны ўсё зрабілі, каб задушыць яе, для чаго ў Магілёў у 1610 г. і было паслана войска. Калі паўстанцы за час сваёй улады не забілі ніводнага свайго праціўніка, то з імі расправа была выключна жорсткай: частка кіраўнікоў паўстання была павешана, частка на доўгія гады пасаджана ў турмы.

Магілёўскае паўстанне 1606–1610 гг. — яркае сведчанне непрымірымасці нашага народа да сваіх прыгнятальнікаў, яго здольнасці самастойна змагацца за сваё вызваленне і браць уладу ў свае рукі, не прыбягаючы да грубага гвалту і забойстваў. I ў гэтым карэннае адрозненне магілёўскіх падзей ад казацкіх уварванняў на Беларусь.

ПАШЫРЭННЕ I ЎМАЦАВАННЕ ЦАРКОЎНАЙ УНІІ

Менавіта ў самым пачатку XVII ст., пасля смерці першага уніяцкага мітрапаліта М. Рагозы, які не вызначаўся асаблівым імкненнем ва ўмацаванні царкоўнай уніі, на яго месца стаў Іпацій Пацей. I з яго пачалося ўзмоцненае ўкараненне яе. Ён адразу прад’явіў патрабаванне да ўсяго праваслаўнага духавенства неадкладна пераходзіць у унію, адначасова пагражаючы суровым судом тым, хто будзе ўхіляцца ад гэтага. А такія сапраўды былі, і супроць іх пачаліся ганенні. Так, не толькі быў выдалены з Віленскага Свята-Духаўскага манастыра за свае прамовы супроць уніі С. Зізаній, але і сам манастыр зачынены. Такі ж лёс напаткаў і Супрасльскі манастыр, а таксама шмат праваслаўных цэркваў.

Такімі ж гвалтоўнымі мерамі, як і Пацей у пашырэнні уніі, вызначаўся і Іасафат Кунцэвіч. Хоць нарадзіўся ён у сям’і шаўца ва Уладзіміры-Валынскім, аднак рана апынуўся ў Вільні, і ўсё яго далейшае жыццё і дзейнасць звязаны з Беларуссю. Працуючы ў краме аднаго купца, ён часта наведваў Свята-Троіцкі манастыр. I калі гэты апошні быў пераданы уніятам, Кунцэвіч таксама перайшоў у унію і, стаўшы манахам, змяніў сваё імя Іван на Іасафат. I з гэтага часу ён становіцца рашучым прапаведнікам уніі. Яго старанні былі заўважаны, і ён прызначаецца на розныя духоўныя пасады. У 1617 г. ён становіцца уніяцкім біскупам у Полацку, дзе асабліва разгарнулася яго дзейнасць па пашырэнні уніяцтва. Вядома ж, усе яго неадкладныя патрабаванні да праваслаўных святароў пераходзіць у унію і пераводзіць туды сваю паству не маглі не выклікаць гневу з боку праваслаўнага насельніцтва, што і прывяло ў 1623 г. да забойства Кунцэвіча ў Віцебску.

Поделиться с друзьями: