Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларускiя народныя казкi

Народные сказки

Шрифт:

— Але ты можаш аглядаць Божы сьвет, — сказаў рак і з нары ня вылез.

Сказаў Бог каню, каб ён перапрасіў рака.

Падыйшоў худы конь да рэчкі, страсянуў грываю ды сумна апусьціў галаву:

— Рача, рача, — прамовіў ён: — што ты ўздумаў? Паміраць хочаш? Ты думаеш, што маё жыцьцё лепшае за тваё? Паглядзі на маё цела! Ты бачыш раны і гузы. Гэта ад хамута ды ад пабояў. Увесь век цягаю цяжары. А калі сілы мне не хапае, дык яшчэ й палкамі падганяюць. Адзіная ўцеха, калі выдарыцца добры гаспадар, дык часам па шыі палопае, пахваліць мяне за шчырую працу. І ўсё-ж такі я не хачу паміраць.

Высунуўся рак з вады й сказаў горасным голасам:

— Цябе хоць калі пашкадуюць, а мяне ніхто й ніколі, — і палез узноў у нару, яшчэ далей у яе паціснуўся.

Паслаў Бог жыта.

Скланіла жыцейка свой каласок над рэчкаю ды прыемным галаском прамовіла:

— Рача, рача! Ня гневайся! Паслухай ды паглядзі на маё жыцьцё! Вось калі мае зярняткі кідаюць у сырую зямліцу, я пускаю чырвоненькі парасток. Радасна мне. Неўзабаве пышнаю, густою, зялёнаю руньню пакрываю я зямліцу. Кажуць усе: — Вось харошая рунь, — і цешацца зь мяне. Ды нядоўга трывае мая ўцеха. Прыходзіць халодная восень. Мароз скуе грудзі зямлі. Па мне пачынаюць таптацца і нішчыць: і хатняя жывёла, і дзікія зьвяры, і птушкі. Потым тоўсты пласт сьнегу закрывае мяне, і ўсю доўгую халодную зіму я заміраю.

Але зіма ня вечная. Прыходзіць цёплая вясна. Злазіць сьнег з палёў. Падымаецца сонейка й пасылае цяпло на зямлю. Вось зноў я абуджаюся да жыцьця. Зноў пакрываю зеленьню поле ды цягнуся ўгару да яснага сонейка. Церазь месяцаў два выплывае мой прыгожы каласок. Ён так радасна гайдаецца на сонцы і ўдыхае ў сябе сьвежае паветра. Яшчэ зь месяц, — і каласкі мае закрасуюць брылянцістай красою. Але-ж падумай сабе, рача. Мусіць кажная радасьць зьмяняецца сумам. Наліваюцца мае каласкі поўным зернем. Хораша жаўцее ніва, а людзі з уцехаю глядзяць на мяне. І вось тады пачынаецца пакута мая.

Прыходзяць на поле жнеі. Зразаюць мае сьцеблі вострымі сярпамі, зьвязваюць у цесныя снапы, сушаць мяне на сонцы, а потым, наваліўшы на цяжкі воз, вязуць у гумно. Нядоўга я маю супакой у гумне. Пачынаюць мяне малаціць. Б'юць мяне, мятушаць, аддзяляюць мае косьці ад цела. Потым веялкаю аддзеляць мае зярняткі і ссыпаюць у засек. Ды што-ж ты думаеш, канец маёй пакуце? Яна толькі пачынаецца. Насыпаюць гэта маіх зярнят у мяшкі й вязуць да млына і пераціраюць мяне на муку. Далей ужо каля мяне бярэцца гаспадыня, каб сьпячы з мукі смачны хлеб.

Вось мокну я, мокну ў дзяжы, кісну я, кісну; месяць мяне, перакідаюць; потым, скачаўшы баханку, кідаюць мяне ў напаленую да чырвана печ. Рача, рача! Ці-ж можаш ты сабе ўявіць тую пакуту, якую мне трэба цярпець у печы?

Ой, цяжка, ой, страшна. Ты гэтак ні разу не пакутваў. Тады толькі страшэнная боль усьцішыцца, калі дастануць мяне зь печы і абальюць халоднай вадзіцаю.

І ўсё-ж такі я ня гневаюся на Бога.

Заварушыў рак сваімі доўгімі вусамі і вылез з нары.

Заяц і Вожык

У вадзін ясны сонечны дзень стаяў вожык каля дзьвярэй свайго дому, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку. Сьпяваў ён сваю песеньку, сьпяваў і раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зірну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я пасьпею і ў поле схадзіць і вярнуцца дадому».

Пайшоў вожык і сустрэўся падарозе з зайцам, які таксама йшоў у поле на сваю капусту паглядзець.

— Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся?

А заяц быў вельмі важны й горды. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі кіўнуў галавою ды сказаў груба:

— Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш?

— Я на шпацыр выйшаў, — кажа вожык.

— На шпацыр? — запытаўся заяц насьмешліва. — А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка ня зойдзеш.

Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы. Ня любіў ён, калі гаварылі пра ягоныя ногі, якія запраўды былі кароткія ды крывыя.

— Ці ня думаеш ты, — запытаўся ён у зайца, — што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш?

— Вядома, — адказаў заяц.

— А ці ня хочаш ты зы мною навыперадкі пабегчы? — пытаецца вожык.

— З табою навыперадкі? — кажа заяц. — Не сьмяшы ты мяне, калі ласка. Няўжо-ж ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?

— А вось пабачым, — адказвае вожык. — Убачыш, што абганю.

— Ну, давай пабяжым, — кажа заяц.

— Пачакай, — адказвае вожык, — спачатку я схаджу дадому пасьнедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае месца. Тады і пабяжым. Добра?

— Добра, — сказаў заяц.

Пайшоў вожык дадому. Ідзе й думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру».

Прышоў вожык дадому і кажа жонцы:

— Жонка, апранайся хутчэй, прыдзецца табе зы мною ў поле йсьці.

— А што здарылася? — пытаецца вожычыха.

— Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае — я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.

— Што ты — звар'яцеў? — зьдзівілася вожычыха. — Ён-жа цябе адразу перагоніць.

— Не твая справа, жонка, — сказаў вожык. — Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю.

Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле.

Падарозе вожык кажа жонцы:

— Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па аднэй баразьне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькі падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!». Зразумела?

— Зразумела, — адказвае жонка.

Так яны й зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.

— Ну, што-ж — кажа заяц, — пабяжым?

— Пабяжым, — адказвае вожык.

Сталі яны кажны ў пачатку свае баразны.

— Раз, два, тры! — крыкнуў заяц.

І абодвы яны пабеглі з усіх ног.

Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму і крычыць:

— Я ўжо тут!

А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да другога. Зьдзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў.

— Пабяжым цяпер назад, — кажа ён вожыку. — Раз, два, тры!

І пусьціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы.

Поделиться с друзьями: