Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларускiя народныя казкi

Народные сказки

Шрифт:

Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць:

— Я ўжо тут!

Яшчэ больш зьдзівіўся заяц.

— Пабяжым яшчэ раз, — кажа ён вожыку.

— Добра, — адказвае вожык. — Калі хочаш, пабяжым яшчэ раз.

Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды й назад.

А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут».

На семдзесят чацьверты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю.

— Умарыўся, — кажа, — не магу больш бегаць.

— Вось бачыш цяпер, у каго ногі лепшыя?

Нічога не адказаў заяц і пайшоў з поля — ледзь ногі пацягнуў.

А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пашлі зь імі на шпацыр.

Як я гляну на твой нос, дык успомню пра свой хвост

Жыў сабе на сьвеце бедны селянін. Яму ў жыцьці не шанцавала. Гаспадарка ня ручыла, скаціна не вялася, дзеці хварэлі, жонка была сварлівая і ў хаце быў заўсёды неспакой і звадка. Адно ў яго было шчасьце, што ён быў добры музыка і меў добрую скрыпку. Гэты чалавек любіў лес, поле, асабліва свой шнюрок збожжа. Як толькі ў яго находзілася вольная хвіліна, ён браў сваю скрыпачку, выходзіў за гумно на ўзгорачак, садзіўся на каменьчыку і іграў на сваей скрыпачцы рознымі галасамі. Гукі яго галасістай скрыпкі разносіліся па полі, лесе і сенажаці, і адбіваліся ад лесу цудоўным рэхам. Ён тады забываўся на сваю беднасьць, гора і на сваю язычлівую жонку.

Аднаго разу, калі ён так іграў, з норкі выскачыла яшчарка. Калі скрьшачка выдавала жаласьлівыя гукі, яшчарка стаяла спусьціўшы галаву і слухала, а калі ён іграў вясёлыя танцы, дык яшчарка танцавала і датуль скакала, пакуль музыка ня пераставаў іграць, а за добрую ігру кажны раз яшчарка выплёўвала чырванца, ветліва кланялася і хавалася ізноў у сваю норку. Час ідзе, а музыка прыходзе на гэта месца іграць. У яго ўжо і грошы завяліся, ён разбагацеў, і дома пачало шанцаваць: скаціна стала вясьціся, дзеці перасталі хварэць і жонка паспакайнела. Цяпер толькі жонка прыставала да музыкі, каб сказаў, адкуль бяруцца ў яго грошы. Сьпярша ён маўчаў, але што раз яна горш прыставала і выпытвала і нарэшце не сьцярпела ды спытала:

— Ці ня красьці ты ходзіш або можа забойствам займаешся?

І тады ён мусіў прызнаццца жонцы і расказаў ёй усю праўду. Жонка даведаўшыся праўду, пачала яго яшчэ горш лаяць і нехтаваць.

— Ды дзе-ж гэта відана, каб яшчарка давала чырванцы? Гэта яшчэ горш як зладзейства ці разбой. Гэта-ж мабыць нячысьцік у выглядзе яшчаркі табе грошы дае. Ты, відаць, сам запрадаўся нячыстай сіле і нас усіх хочаш запрадаць.

А музыка спакойна адказвае:

— Я іграў сабе, каб разьвесяліць сваё гора, а калі яна паскакала і заплаціла мне чырванца, то й дзякуй ёй, я-ж у яе платы не дамагаўся.

Але жонка і слухаць не хацела, толькі крычыць:

— Трэба ратавацца ад нячыстай сілы!

— Як-жа ратавацца? — кажа музыка. Жонка падумала і сказала:

— Вазьмі з сабой сякеру і ідзі іграць на тое самае месца, а калі яшчарка выскача з норкі, то тады вазьмі ды засячы сякерай.

Музыка паслухаў жонкі, узяў сякеру за пояс і скрыпачку ў рукі ды пашоў іграць. Сеў на каменьчыку, а сякеру выняў з-за пояса і паставіў ля ног. Калі пачаў іграць, то яшчарка, як і перш, выбегла і пачала танцаваць. Музыка ўспомніў загад жонкі, але ніяк ня мог падняць сякеру на нявінную вясёленькую яшчарку. Калі музыка скончыў іграць, яшчарка ветліва пакланілася, выплюнула чырванца і зьвярнулася да свае норкі, але ў гэты мамэнт музыка схапіў сякеру і сякануў па яшчарцы, але пасьпеў адсеч толькі хвост. Яшчарка тады як крутнулася назад, ды як падскочыла да твару музыкі і адкусіла яму нос, а сама спакойна зьвярнулася і спаважна палезла ў сваю норку, а музыка ўзяў сваю скрыпачку і пайшоў да хаты.

Пасьля гэтага ён доўга лячыў свой нос, доўга хадзіў па леках, растраціў усё сваё багацьце. А калі абяднеў, то скаціна зноў ня стала вясьціся, дзеці зноў сталі хварэць і жонка больш ранейшага стала грызьціся. Музыка, каб разьвесяліць сваё гаротнае жыцьцё, пайшоў зноў на той самы камень іграць. І калі ён зайграў жаласную песьню, яшчарка зноў вылезла з свае норкі і стала спусьціўшы галаву слухаць дзіўную музыку. А калі музыка ізноў зайграў вясёлыя танцы, дык яшчарка пусьцілася ў скокі. Калі музыка перастаў іграць, яшчарка зноў пакланілася, выплюнула чырванца і павярнулася ў сваю норку. Гэтак ізноў завялося сяброўства ў бязносага музыкі і бясхвостай яшчаркі. Музыка зноў стаў багацець.

Аднаго разу музыка, пасьля свае ігры і танцаў яшчаркі, пачаў перапрашаць яшчарку:

— Выбачай, мілая яшчарка, што я, паслухаўшы сваей старой бабы, спаганіў тваю аздобу, адсекшы твой хвост.

А яшчарка кажа:

— Ат нічога, я ані ня гневаюся на цябе за тваю распусту, а даўно забылася праз гэта: толькі: — Як я гляну на твой нос, дык успомню пра свой хвост.

Лісіца-хітрыца

Жыў дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі ня было, толькі адна курачка Чубатка.

Жылі яны, жылі, дажыліся — няма чаго варыць. Вось дзед і кажа бабе:

— Баба, а баба, звары хіба Чубатку, ці што?

Баба замахала рукамі:

— Што ты, дзед, надумаўся! Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткі я ня дам варыць.

Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе.

Дзед кажа:

— Вось і добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобінку.

Паглядзела старая на бобінку:

— Дзеду мой, дзеду, што тут за наедак з аднае бобінкі? Я для яе і гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзім яе. Як вырасьце, тады сьпячэм цэлы бабовы пірог.

— Дзе-ж мы яе пасадзім? — пытаецца дзед.

— На полі.

— На полі яе варона выдзяўбе…

— Дык на дварэ.

— На дварэ яе курыца выграбе…

— Тады давай пасадзім хіба ў хаце пад палацямі.

— Добра, — згадзіўся дзед і пасадзіў бобінку ў хаце пад палацямі.

Узыйшла бобінка ды давай расьці. Расла, расла, уперлася ў палаці.

— Што, баба, рабіць будзем? — пытаецца дзед.

— Трэба палаці разьбіраць.

Дзед разабраў палаці, а бобінка як расьці ды расьці — дарасла да столі.

— Што, баба, рабіць будзем? — зноў пытаецца дзед.

— Трэба столь разьбіраць.

Дзед і столь разабраў, а бобінка як расьці ды расьці — дарасла да страхі.

Дзед і страху разабраў. Выглянула бобінка на сьвет і давай расьці яшчэ весялей. Дарасла аж да неба.

Узяў тады дзед торбу, палез па сьцяблу на неба, абабраў сьпелыя струкі і вярнуўся назад.

Зарадавалася баба — цэлую торбу струкоў прынёс дзед!

— Ну, цяпер то мы ўжо наядзімся пірага!

Палузала баба струкі, высушыла боб на печы, змалола і расчыніла ў дзяжы цеста на пірог.

Цеста як расьці ды расьці — зь дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзіла пірагом, размалявала рознымі ўзорамі, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пірог як расьці ды расьці — зь печы на прыпечак лезе. Адсланіла баба заслонку, а ён — скок на хату, з хаты за парог — і ўцёк…

Кінуліся дзед з бабай даганяць пірог. Ды дзе там! Так і не дагналі.

Прыкаціўся пірог у лес. А тут насустрач яму рыжая лісіца-хітрыца. Схапіла яна пірог, выела мякіш, у сярэдзіну шышак насыпала ды пабегла зь пірагом да пастушкоў.

Поделиться с друзьями: