Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:
Толькi ў гэтай хвiлi Роберту прыйшло ў галаву, што абацтва трыццаць пяць год таму пабудаваў яго бацька; яны гэтак часта чулi пра гэта i атрымлiвалi доказы гэтага, што яно перастала быць праўдаю; ён баяўся, што малады амерыканец можа да ўсяго дакапацца i выдумаць сабе тлумачэнне таго выбуху — бацькоўскi комплекс; можа, лепей было б сказаць гэтаму чалавеку: я ўчынiў гэты выбух, бо яны пасвiлi авечак; i гэткiм чынам я мог бы даць iм сур'ёзныя падставы лiчыць мяне вар'ятам; ды Роберт адно што паглядаў праз акно на зграбную вежу Святога Севярына як на здабычу, што ўцякла ад яго; тым часам малады чалавек задаваў яму пытаннi, на якiя ён, не задумваючыся, адказваў словам «не».
Дзяўчына адсунула ад сябе пустую ўжо талерку, пасля ўзяла талерку хлопца, нейкую хвiлю трымала абодва вiдэльцы ў правай руцэ, ставячы ягоную талерку на сваю, потым паклала абодва вiдэльцы на талерку, што была зверху, а вольнай правай рукой сцiснула хлопцаў локаць i, усмiхаючыся, паглядзела яму ў вочы.
— Значыць, Вы не ўваходзiлi ў нiякую арганiзацыю? Чытаеце Гёльдэрлiна? Добра. Магчыма, заўтра я выклiчу Вас яшчэ раз. Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае.
Калi бацька зайшоў у пачакальню, Роберт пачырванеў, тут жа падышоў да старога, узяў у яго з рук цяжкi капялюш i сказаў:
— Я зусiм забыўся павiншаваць цябе з днём нараджэння, бацька. Даруй. Пiва я табе ўжо замовiў; спадзяюся, што яно будзе свежае, але калi…
— Дзякуй, — адказаў бацька, — дзякуй за вiншаванне, i не заказвай свежага пiва, я не люблю надта халоднага…
Бацька паклаў яму руку на плячо. Роберт пачырванеў, згадаўшы пра той iнтымны жэст, якiм яны абмянялiся ў алеi перад лякарняй; там ён раптам адчуў патрэбу пакласцi руку на бацькава плячо, i бацька адказаў на гэты жэст, калi яны дамаўлялiся сустрэцца на станцыi Дэнклiнген.
— Хадзем, — сказаў Роберт, — пасядзiм; у нас ёсць яшчэ дваццаць пяць хвiлiн.
Яны паднялi келiхi, кiўнулi адзiн аднаму i выпiлi.
— Даць цыгару, бацька?
— Hе, дзякуй. Цi ведаеш ты, мiж iншым, што за апошнiя пяцьдзесят год расклад руху цягнiкоў амаль не памяняўся? Нават шыльдачкi з гадзiнамi i хвiлiнамi ўсё яшчэ тыя самыя; толькi эмаль сям-там крыху аблузалася.
— Крэслы, сталы, карцiны на сцяне, — сказаў Роберт, — усё як i было раней: калi мы пагоднымi летнiмi вечарамi прыходзiлi пехатою з Кiслiнгена i чакалi тут цягнiка.
— Напраўду, — пацвердзiў бацька, — нiчога не памянялася. Цi званiў ты Рут? Яна прыедзе? Я так даўно не бачыў яе.
— Прыедзе; мяркую, яна ўжо сядзiць у вагоне.
— Недзе адразу па палове пятай мы будзем у Кiслiнгене; вып'ем там кавы i да сёмай вернемся ўжо дамоў. Вы ж прыедзеце на ўрачыстую вячэру ў кавярню?
— Вядома, бацька; хiба ты сумняваўся ў гэтым?
— Hе, але я нешта быў падумаў, цi не адмовiцца ад усяго… можа, лепш не рабiць нiчога — хоць дзеля дзяцей, пэўна, адмаўляцца не трэба, дый я шмат чаго падрыхтаваў да гэтага дня.
Стары апусцiў вочы, стаў разглядваць настольнiк з чырвонымi i белымi квадратамi, водзячы па iм укруга келiхам з пiвам; Роберта ўразiла гладкая скура на бацькавых руках: рукi дзiцяцi, што захавалi сваю цноту; бацька падняў вочы, зiрнуў Роберту ў твар.
— Я думаў пра Рут i Ёзэфа; ты ж ведаеш, у Ёзэфа ёсць дзяўчына?
— Hе, не ведаю.
Стары зноў апусцiў вочы да настольнiка, зноў пачаў вадзiць келiхам.
— Я заўсёды меў надзею, што мае абедзве тутэйшыя сядзiбы зробяцца для вас нечым накшталт вашага другога дома, але ўсiм вам было больш даспадобы жыць у горадзе, нават Эдыт… адзiн Ёзэф, здаецца, здзейснiць мае мары; дзiўна, вы ўсе мяркуеце, што ён падобны на Эдыт i ў iм нiчога няма ад нашае раднi; а ўсё ж ён гэтак моцна нагадвае Генрыха, што мне часам робiцца вусцiшна, калi я бачу твайго хлопца; гэта — Генрых, такi, якi ён бы мог вырасцi… цi ты яшчэ памятаеш яго?
Нашага сабаку звалi Бром; а я трымаў лейцы, седзячы ў карэце; яны былi з чорнай скуры, патрэсканыя; мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн; Гiндэнбург.
— Ага, я памятаю яго.
— Ён вярнуў мне маёнтак, якi я яму падараваў; каму мне цяпер яго падараваць? Ёзэфу альбо Рут? А можа, табе? Цi хочаш, каб ён быў твой? Каб ты валодаў скацiнаю i паплавамi, цэнтрыфугамi i буракарэзнымi машынамi, трактарамi i сенасушылкамi? Цi, можа, мне аддаць гэта ўсё кляштару? Абодва маёнткi я купiў з першага свайго ганарару! Калi я будаваў абацтва, мне было дваццаць дзевяць год, i вы нават не можаце сабе ўявiць, што значыць для маладога архiтэктара атрымаць такi заказ. Скандал! Сенсацыя! Я езджу туды гэтак часта не толькi дзеля таго, каб згадваць будучыню, якая даўно ўжо стала мiнуўшчынай. У мяне заўсёды была мара зрабiцца на старасцi гадоў нечым накшталт селянiна. Я не зрабiўся селянiнам, а толькi старым дурнем, якi гуляе ў хованкi са сваёю жонкаю; мы па чарзе заплюшчваем вочы i мяняем даты, нiбы малюнкi ў эпiдыяскопе: калi ласка, вось 1928 год — мацi трымае за руку двух сыночкаў-прыгажуноў; аднаму трынаццаць год, другому — адзiнаццаць; побач усмiхаецца бацька з цыгарай у роце; у глыбi вiдна Эйфелева вежа. Цi, можа, гэта Энгельсбург альбо Брандэнбургская брама? — выберы сабе якую трэба дэкарацыю; магчыма, гэта будуць: марскi прыбой каля Астэндэ, вежа Святога Севярына альбо кiёск па продажы лiманаду ў Блесэнфэльдскiм парку? Hе, гэта, напэўна, абацтва Святога Антонiя: ты знойдзеш яго ў фотаальбоме са здымкамi з усiх пораў года; толькi адзенне, знешнi выгляд мяняюцца адпаведна модзе; твая мацi то ў вялiкiм, то ў малым капелюшы, то з кароткiмi, то з доўгiмi валасамi, то ў шырокай, то ў вузкай спаднiцы; a дзецям тым часам тры i пяць, пяць i сем гадоў; потым з'яўляецца незнаёмая жанчына — светлавалосая, зусiм маладая; адно дзiця яна нясе на руках, другое стаiць, трымаючыся за яе руку; малодшаму дзiцёнку адзiн год, старэйшаму тры гады; ты ведаеш, што я любiў Эдыт так, як не здолеў бы палюбiць сваёй роднай дачкi; я нiколi не мог паверыць, што ў яе быў свой бацька, свая мацi i свой брат. Яна была пасланнiца вялiкага Госпада; калi яна ў нас жыла, я мог зноў паўтараць у думках Яго iмя, не чырванеючы, мог паўтараць гэтае iмя ў малiтвах; якую вестку яна прынесла, перадала табе? Помсту за авечак? Я спадзяюся, што ты дакладна выканаў даручэнне, не зважаючы на тыя фальшывыя аргументы, якiя я заўсёды браў пад увагу; маю надзею, што ты не захаваў пачуццё вышэйшасцi ў лядовым склепе iронii — як гэта рабiў я. Цi Эдыт сапраўды мела брата? Цi ён жывы? Цi iснуе?
Стары Фэмель па-ранейшаму вадзiў пiўным келiхам укруга па столiку, утаропiўшыся ў бела-чырвоны настольнiк; потым ён, зусiм крыху падняўшы галаву, спытаў:
— Скажы мне ўсё-ткi, цi ён сапраўды iснуе? Ён жа быў твой сябар; я аднаго разу бачыў яго; стоячы каля акна ў спальнi, я бачыў, як ён iшоў цераз двор да твайго пакоя; я не забыў яго i часта пра яго думаю, хоць бачыў яго тады не больш як дзесяць цi дваццаць секунд; ён наганяў на мяне страх, нiбы анёл цёмнага царства. Цi ён сапраўды iснуе?
— Iснуе.
— I ён жывы?
— Жывы. Ты баiшся яго?
— Баюся. I цябе — таксама баюся. Хiба ты гэтага не ведаў? Я не хачу ведаць, якую вестку табе перадала Эдыт; скажы толькi: ты выканаў яе наказ?
— Выканаў.
— Добра. Цябе здзiўляе, што ўва мне жыў страх перад табою — i цяпер трохi таго страху засталося. Я смяяўся з вашых дзiцячых гульняў у канспiрацыю, але смех засеў у мяне ў горле, калi я даведаўся, што яны забiлi таго хлопчыка; ён бы мог быць братам Эдыт, але пазней я зразумеў, што гэта была ледзь не гуманнасць з iхняга боку — забiць хлопца, якi ўсё-такi як-нiяк кiнуў бомбу i прычынiў апёкi настаўнiку гiмнастыкi, а вось хлопчык, якi кiдаў твае цыдулкi нам у паштовую скрыню, паляк, што падняў руку на настаўнiка гiмнастыкi? Было досыць неадпаведнага руху павекаў, не таго колеру валасоў цi формы носа: дый таго потым не было трэба, а толькi бацькавай цi бабулiнай метрыкi; доўгiя гады я жывiўся са свайго смеху, але i ён вычарпаўся, не засталося запасаў, Роберт: i я адчынiў лядоўню, дазволiў пракiснуць маёй iронii i высыпаў яе, нiбы паскудныя адкiды чагосьцi, што раней мела вартасць; я думаў, што люблю i разумею тваю мацi, ды толькi тады я па-сапраўднаму зразумеў i палюбiў яе, як зразумеў i палюбiў вас; толькi яшчэ пазней я добра ўсвядомiў гэта; калi скончылася вайна, я быў "на канi"; мяне прызначылi ўпаўнаважаным па будоўлi ва ўсёй акрузе; нарэшце надышоў мiр, думаў я; самае дрэннае засталося ў мiнулым; але аднаго разу ангельскi камендант вырашыў, так бы мовiць, папрасiць у мяне прабачэння за тое, што яны разбамбiлi касцёл Святога Анупрыя, знiшчыўшы пры гэтым скульптурную групу дванаццатага стагоддзя «Распяцце»; ён не прасiў прабачэння за смерць Эдыт, а толькi за знiшчаную скульптурную групу дванаццатага стагоддзя; "Sorry", [10]– казаў ён; a я засмяяўся, першы раз за апошнiя дзесяць гадоў; але то быў нядобры смех, Роберт, — i я адмовiўся ад сваёй пасады; упаўнаважаны па будаўнiцтву! Навошта? Я ж быў гатовы аддаць на знiшчэнне ўсе скульптурныя групы з усiх стагоддзяў дзеля таго толькi, каб яшчэ раз убачыць усмешку Эдыт, адчуць дотык яе рукi да майго пляча; што маглi значыць малюнкi вялiкага Госпада ў параўнаннi з сапраўднай усмешкай яго пасланнiцы? А за хлопчыка, якi прыносiў вестачкi ад цябе — я нiколi не бачыў яго твару, не ведаў яго iмя, — за яго б я аддаў сабор Святога Севярына, хоць разумею, што гэта проста смешна нiзкая цана — як, напрыклад, медаль таму, хто ўратаваў чалавечае жыццё; цi бачыў ты ў каго-небудзь яшчэ ўсмешку Эдыт цi ўсмешку сталяровага вучня? Цi хоць слабы водблiск тых усмешак? Роберт, Роберт!
10
Мне шкада (англ.).
Стары Фэмель адставiў келiх з пiвам, паклаў рукi на стол.
— Цi бачыў ты яшчэ хоць раз такiя ўсмешкi? — прамармытаў ён, закрываючы твар рукамi.
— Бачыў, - адказаў Роберт. — На твары гатэльнага служкi, якога завуць Гуга. Я пакажу яго табе.
— Я падару гэтаму хлопцу маёнтак, якi не захацеў узяць Генрых; напiшы мне яго iмя ды адрас тут, на падстаўцы пад пiва; на гэтых круглых кардонках пiшуць самыя важныя рэчы; i паведамi мне, калi што-небудзь дазнаешся пра брата Эдыт. Цi жывы ён?
— Жывы. Ты ўсё яшчэ баiшся яго?
— Баюся. Самае жахлiвае тое, што ў iм не было нiчога, штб б магло ўзрушыць iншага; калi я глядзеў, як ён iдзе цераз двор, я ведаў: ён моцны i ўсё, што ён робiць, робiцца не з тых прычын, з якiх робяць пэўныя ўчынкi астатнiя людзi: з прычыны, што нехта бедны, а нехта багаты, нехта брыдкi, а нехта прыгожы, што некага лупцуе мацi, а некага не лупцуе — прычыны, якiя прымушаюць кагосьцi штосьцi рабiць: альбо будаваць цэрквы, альбо забiваць жанчын; альбо зрабiцца добрым настаўнiкам, альбо — дрэнным арганiстам; я ведаў, што ягоных учынкаў нельга растлумачыць нiводнай з названых тут прычын; у тыя часы я яшчэ ўмеў смяяцца, але ў iм я не знайшоў нiчога, нiводнай шчылiнкi, якая б магла быць прычынай майго смеху; гэта палохала мяне: мне здавалася, нiбыта цераз мой двор iшоў анёл цёмнага царства, божы экзекутар, якi хоча накласцi секвестр на цябе; ён зрабiў гэта, наклаў на цябе секвестр; нiшто ў iм не ўзрушвала iншых; нават калi я пачуў, што яны збiлi яго i хацелi забiць, гэта мяне не ўзрушыла…