Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:

Наглядчык голасна называў прадметы, выцягваючы iх адзiн за адным з кардоннай скрынкi, i клаў перад Шрэлам.

— Кiшэнны гадзiннiк, нiкеляваны, без ланцужка.

— Кашалёк, чорны, скураны; унутры пяць брытанскiх шылiнгаў, трыццаць бельгiйскiх франкаў, дзесяць нямецкiх марак i восемдзесят пфенiгаў.

— Гальштук зялёнага колеру.

— Самапiска, без маркi, шэрага колеру.

— Дзве насоўкi — белыя.

— Плашч-макiнтош, непрамакальны.

— Капялюш чорнага колеру.

— Брытва бяспечная маркi «Жылет».

— Шэсць цыгарэт маркi «Бельга».

— Кашуля, сподняя бялiзна, мыла i зубная шчотка былi пры Вас, так? Калi ласка, распiшыцеся вось тут, засведчыце, што ўсе Вашыя асабiстыя рэчы Вам вернуты.

Шрэла апрануў плашч, пазапiхваў у кiшэнi атрыманыя толькi што рэчы, падпiсаў спiс, на якiм стаяла дата: "6 верасня 1958 г., 15 гадзiн 30 хвiлiн".

— Усё ў парадку, — сказаў наглядчык i зачынiў акенца.

Нэтлiнгер iзноў засунуў цыгару ў рот, дакрануўся да Шрэлавага пляча.

— Хадзем, — сказаў ён, — вось сюдой, альбо ты зноў хочаш за краты? Можа, усё-такi завяжы гальштук.

Шрэла сунуў у рот цыгарэту, паправiў акуляры, падняў каўнерык кашулi i надзеў гальштук; ён здрыгануўся, калi Нэтлiнгер раптам паднёс яму да носа запальнiчку.

— Гэтак вось, — сказаў Нэтлiнгер, — гэтак вось бывае з усiмi вязнямi: хай ён будзе высокi цi маларослы, вiнаваты цi невiнаваты, бедны цi багаты, палiтычны цi крымiнальнiк — усе найперш хочуць выкурыць цыгарэту.

Шрэла зрабiў глыбокую зацяжку; завязаўшы гальштук, а пасля — апусцiўшы каўнерык, ён паглядаў праз верх акуляраў на Нэтлiнгера.

— Ты ў гэтых пытаннях дужа дасведчаны, праўда?

— А ты што — не? — спытаў Нэтлiнгер у адказ. — Хадзем; ад развiтання з начальнiкам, на жаль, я цябе вызвалiць не магу.

Шрэла насунуў капялюш, выцягнуў з рота цыгарэту i пайшоў за Нэтлiнгерам, якi адчынiў дзверы на двор; начальнiк турмы стаяў каля акенца, перад якiм стаяла доўгая чарга: людзi стаялi па дазволы на нядзельныя спатканнi; гэта быў высокi мужчына, не занадта модна, але салiдна апрануты; калi ён наблiжаўся да Нэтлiнгера i Шрэлы, яго рухi былi падкрэслена цывiльнымi.

— Спадзяюся, — сказаў ён Нэтлiнгеру, — што ўсё было даведзена да ладу так, што ты застаўся задаволены — хутка i як мае быць.

— Дзякуй, — адказаў Нэтлiнгер, — усё сапраўды было зроблена хутка.

— Гэта добра, — сказаў начальнiк турмы i звярнуўся да Шрэлы. — Прашу мне прабачыць за тое, што я Вам на развiтанне скажу колькi слоў, хоць Вы ўсяго адзiн дзень былi ў мяне пад… — ён засмяяўся, — …апекаю i памылкова трапiлi не ў следчую турму, а ў карную. Бачыце, — сказаў ён i паказаў рукою на ўнутраную браму турмы, — за вунь тою брамаю Вас чакае другая брама, а за ёю Вас чакае штосьцi грандыёзнае, тое, што мы лiчым за сваё найвышэйшае дабро, — воля. Справядлiвым цi несправядлiвым было падазрэнне, але Вы спазналi… — ён засмяяўся яшчэ раз, — …вы спазналi сярод маiх гасцiнных муроў супрацьлегласць вольнасцi. Карыстайцеся Вашай вольнасцю. Мы ўсе — адно што вязнi, вязнi нашага цела, аж да хвiлi, калi душа вызвалiцца ад путаў i ўзнясецца да свайго стваральнiка; але быць вязнем сярод маiх гасцiнных муроў — гэта не проста сiмвал. Я выпускаю вас на волю, пане Шрэла…

Шрэла збянтэжана працягнуў руку, але тут жа рвануў яе назад, да сябе, бо па начальнiкавым твары ён заўважыў: поцiск яго далонi не належыць да прынятых тут фармальнасцей; Шрэла збянтэжана маўчаў, пераклаў цыгарэцiну з правай рукi ў левую i крадком зiрнуў на Нэтлiнгера.

Муры вакол гэтага двара, неба па-над iмi былi апошнiмi рэчамi на гэтай зямлi, якiя давялося бачыць Фэрдзi; магчыма, голас начальнiка быў апошнiм чалавечым голасам, якi ён пачуў на гэтым дзядзiнцы — досыць вузкiм, каб дым з Нэтлiнгеравай цыгары мог запоўнiць яго ўвесь; прынюхваючыся, начальнiк падумаў: "Божа мой, ты заўсёды добра разбiраўся ў цыгарах: тут табе трэба аддаць належнае".

Нэтлiнгер не выцягваў цыгары з рота.

— Ты мог абысцiся гэтым разам без развiтальнае прамовы. Значыць, дзякуй i — да пабачэння.

Ён схапiў Шрэлу за плечы i падпiхнуў яго ў напрамку да ўнутранай брамы, якая перад iмi адчынiлася; Нэтлiнгер павольна павёў Шрэлу да знешняй брамы; Шрэла спынiўся, аддаў вартаўнiку свае паперы; той уважлiва паглядзеў на iх, кiўнуў i адчынiў браму.

— Ну, вось яна тут, воля, — сказаў Нэтлiнгер, смеючыся, — на тым баку вулiцы стаiць мая машына; скажы, куды цябе адвезцi.

Шрэла перайшоў з iм цераз вулiцу i завагаўся, калi шафёр адчынiў яму дзверцы.

— Ну, — сказаў Нэтлiнгер, — сядай.

Шрэла зняў свой капялюш, залез у машыну; сеўшы, адкiнуўся на спiнку сядзення i паглядзеў на Нэтлiнгера, якi таксама залез у кабiну i падсунуўся блiжэй да яго.

— Куды ты хочаш ехаць?

— На вакзал, — адказаў Шрэла.

— У цябе там рэчы?

— Hе.

— Дык што, ты ўжо зноў хочаш пакiнуць наш гасцiнны горад? — спытаў Нэтлiнгер. Нахiлiўшыся да шафёра, ён сказаў яму: — На галоўны вакзал.

— Hе, — сказаў Шрэла, — я не хачу пакiдаць гэтага гасцiннага горада. Ты не знайшоў Роберта?

— Hе, — адказаў Нэтлiнгер, — ён рэдка паказваецца на людзях. Цэлы дзень я спрабаваў убачыцца з iм, ды ён усё выслiзваў неяк; а калi я ўжо амаль накрыў яго ў гатэлi "Прынц Генрых", ён здолеў уцячы праз бакавыя дзверы. Праз яго мне давялося мець вялiкую прыкрасць.

— I раней таксама ты яго не сустракаў?

— Hе, — адказаў Нэтлiнгер, — нiводнага разу; ён жыве зусiм адасоблена.

Машына спынiлася перад святлафорам. Шрэла зняў акуляры, выцер iх насоўкаю i падсунуўся блiжэй да акна.

— Вiдаць, — сказаў Нэтлiнгер, — у цябе дзiўнаватае адчуванне: па гэткiм доўгiм часе i пры такiх акалiчнасцях зноў апынуцца ў Германii; ты яе ўжо не пазнаеш.

— Ды не, пазнаю ўжо, — адказаў Шрэла, — накшталт таго, як звычайна пазнаеш жанчыну, якую зусiм малады кахаў, а цяпер праз дваццаць гадоў напаткаў: яна зрабiлася тоўстая; затлусценне залозаў; вiдавочна, што яна выйшла за чалавека не толькi багатага, але i працавiтага; вiла за горадам, машына, пярсцёнкi на кожным пальцы; пры гэткiх акалiчнасцях з даўняе любовi застаецца адно што строiць кепiкi.

— Натуральна, гэткiя абразкi ўсё-такi досыць скажоныя, — сказаў Нэтлiнгер.

— Гэта напраўду абразкi, — сказаў Шрэла, — i калi б iх было ў цябе тры тысячы, ты б, мажлiва, спазнаў крыху праўды.

— Сумняваюся таксама наконт верагоднасцi тваiх меркаванняў пра нашу краiну: ты прабыў толькi дваццаць чатыры гадзiны ў краiне, у тым лiку дваццаць тры — у турме.

— Табе цяжка ўявiць, як шмат можна даведацца пра краiну, седзячы ў турме; у вашых астрогах найбольш сядзяць за ашуканства; на жаль, самаашуканства не разглядаюць тут як крымiнальнае злачынства; магчыма, ты не ведаеш, што я з апошнiх дваццацi двух год чатыры правёў у турме?

Поделиться с друзьями: