Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Блізкае і далёкае

Мележ Іван

Шрифт:

Калі яна падышла да вогнішча, пры ім сядзела некалькі чалавек, што канчалі вячэраць. Усе іншыя разышліся. Сучча на вогнішчы дагарэла, i цяпер, то ўспыхваючы, то хмурачыся, тлелі зыркія барвовыя вугольчыкі. Алена намацала ў цемры за вогнішчам сухую ламачыну, адламала ад яе галінкі. Вогнішча не ўзгаралася. Алена нахілілася да вуголля, пачала дзьмухаць, пакуль не ўспыхнуў весела агеньчык.

«Як рана сёння ляглі спаць, — падумала яна. — Відаць-такі вельмі ўсе змарыліся». У другія дні, можа, да світання рассыпаўся адсюль пa ўсёй сенажаці малады нястрымны смех, суладна разліваліся песні.

Яна разламала таўсцейшую галіну i паклала на агеньчык.

Полымя ўспыхнула ярчэй, з трэскам весела пабегла па ламаччы. Цемра адступіла ад дуба, што стаяў непадалёк, асвятліўшы тоўсты, закаваны ў тоўстую кару камель. Угары засвяцілася густое лісце i жылістае сплеценае галлё.

Алена адсунулася ад агню, які пачаў патыхаць гарачынёю. На яе твары, задуменным i неспакойным, з шыракаватым добрадушным ротам, на тонкай шыі, на шырокіх працавітых далонях, на старэнькай з нейкімі палінялымі кветкамі кофтачцы хадзілі светлыя цені. Была яна з выгляду кволая, непрыкметная, толькі рукі мела дужыя, сапраўдныя сялянскія рукі, — яны цяпер спачывалі на каленях.

Жанчына, што зварыла вячэру, наліла ў пагнутую бляшаную міску крупніку, падала Алене.

Пасля вячэры пры вогнішчы засталіся толькі Алена ды Малання, хударлявая старая жанчына, з вострымі зеленаватымі вачыма, з сярдзітым заломам брывей. Падсеўшы да брыгадзіра, Малання стала распытваць, як ідзе ў калгасе жніво.

Ад таго часу, як пачалі жаць, большасць калгаснікаў паехала ў поле; на лузе пакінулі Маланню ды некалькі маладых касцоў i грабцоў. Яны тут днявалі i начавалі. Весткі пра жыццё ў калгасе, да якога адсюль было сем кілометраў, прыносілі людзі, што па той ці іншай справе наязджалі сюды. Алена прыехала з калгаса толькі ўчора, усе першыя дні жніва яна працавала на полі, i Малання цяпер не давала ёй спакою сваімі роспытамі.

Нагаманіўшыся, Алена i Малання падняліся, пайшлі ад вогнішча, якое на той час зусім згасла. Малання адразу падалася ў будан спаць, a брыгадзір нейкі час стаяла на дварэ. Вечар быў па-ранейшаму задушны i млосны. У натруджаных Алёніных нагах млела стома.

«Жніво заспела, а тут касавіца не спраўлена, — варухнулася неспакойная думка. — Да ўсяго — гэты дождж… Сена, як перац, — аж шамаціць, а тут, чаго добрага, змокне ўсё…» Яна скубнула са страхі будана жмут травы, скамячыла — сена было сухое, як удзень, раса не прыхапіла яго.

«Каб не спалі людзі, — хоць ты цяпер прыбірай».

За лесам, на чорным даляглядзе, нясмела міргалі зарніцы. Раптам да яе дайшло мернае, аднастайнае — ч-чап-чап-чап; гэта плыў на Прыпяці параход з Мазыра ў Кіеў. Ён праходзіць кожны раз у адну пару, — хоць-бы калі прамінуў ноч…

Прыгнуўшыся, увайшла ў будан. Малання ўжо спала; побач з ёю, шырока раскінуўшы рукі, нібы намагаючыся заняць увесь будан, ляжала Лізавета. Алена адвяла яе руку ўбок, прылегла поруч з дзяўчынаю. Ледзь толькі заплюшчыла вочы, адразу правалілася ў забыццё. Нібы не было ні трывогі, ні клопатаў.

Яна заснула так моцна, што здавалася — да рання нішто не абудзіць яе.

Аднак не мінула i поўгадзіны, як Алена неспадзявана прачнулася — трывожная, з такім прыкрым адчуваннем, быццам пабачыла непрыемны сон. Напэўна, непакойныя думкі не пакідалі яе i ў сне.

Устала, выйшла з будана, зірнула на неба. «Няўжо-ж-такі не пройдзе бокам?»

Хмары ў чорным небе па-ранейшаму бесперастанку варушыліся. Непадалёк, на міг асвятліўшы блізкія кусты, палыснула бліскавіца.

Алена вярнулася ў будан. Драмала яна неспакойна, так што праз сон чула вуркатанне далёкіх грымотаў. Калі яна абудзілася зноў, у грудзях штосьці ныла. Паветра пасвяжэла, варушыўся хоць ціхі, але неспакойны i густы вецер, шамацеў сухім лісцем над галавою, у страсе будана.

«Дождж хутка!» — кальнула здагадка.

Алена паднялася, выбралася з будана. Змрок, што ахутваў усё наваколле, быў цяпер не такі густы, як з вечара. Справа на небасхіле ўсё яшчэ зелянеў шматок неба з мігатлівымі зорамі. Ён не пашырыўся, як чакала Алена, a звузіўся.

У страсе будана трывожна шалясцела сухое лісце. З Прыпяці, як i раней, даходзіла бяссоннае ч-чап-чап-чап, — параход, відаць, аддаляўся, бо шум яго пацішэў…

«Прыб’е сена… Чакай пасля, пакуль прасохне. Будзеш сядзець, як прывязаная, каля гэтых пракосаў…»

A ўсё было-б інакш, каб яны хоць скапілі. Пройдзе дождж, выблісне сонейка, разварушы капу, не паспееш азірнуцца — падсохне. Бяры ды стагуй пахучае, як рута, сена. Крыўдна Алене яшчэ таму, што сена несабранага засталося мала, за дзве гадзіны, каб добра ўзяліся, дакончылі-б. Яна з вечара збіралася папрасіць людзей пасля вячэры вярнуцца на пракосы, але, як падышла да вогнішча ды пабачыла, якія стомленыя ўсе, перадумала. Цяпер Алене здавалася, што чакаць болыш нельга. Трэба хутчэй будзіць усіх…

У гэтую хвіліну яна пачула прыцішаны далечынёю працяжны гудок парахода i падумала, што там таксама не спяць. I на полі, мусіць, многа людзей не спіць — возяць снапы ці сціртуюць…

Ледзь толькі намерылася яна пабудзідь Маланню, як убачыла, што старая выбіраецца з будана.

— Не спіцца, цётка Малання?

— Не спіцца, — прабурчэла старая. — Дождж будзе, хай ён згіне… — Яна ўзялася рукой за спіну i застагнала: — О-ох! Паясніцу ломіць. Не дай бог, у крук сагне. Тады мой зноў спакою не дасць. Гэта, скажа, за тваю злосць!.. Аленка, як-жа тое сена, што пры лазняку?

— Я цяпер вось i думаю пра гэта. Трэба зараз прыбраць, — адказала Алена, з радасцю адчуваючы, што старая непакоіцца пра тое самае. — Я хачу, цётка, пабудзіць людзей…

— А што-ж! Будзі, — сказала рашуча старая. — Усіх будзі!..

— Я скажу — баявая трывога, — прыйшло раптам Алене ў галаву. — Як у партизанах…

Першай яна раскатурхала Лізавету:

— Лізавета, a Лізавета, трывога!

Тая хутка ўсхапілася, ударыўшыся галавою аб нейкі сук у будане, спрасонку не ўцяміла.

— Што? Трывога? Якая трывога?

— Сена трэба даграбці… Дождж!

— А-а… Я зараз!

Калі ішлі на пракосы, былі маўклівыя i ціхія. Грыша Атрошка спрасонку спатыкнуўся аб купіну, басам вылаяўся.

— Ліха на ix, наставяць тут купін! — пакпіла Лізавета.

Раптам чорнае неба расшчапілася, успыхнула зломамі агністая шчыліна, i сіні бляск ураз выхапіў з цемры зубчасты край лесу, копы, пракосы, людзей, што ішлі з граблямі.

Праз хвіліну наваліўся змрок, чорны i няжкі. Пасля святла ён здаваўся яшчэ чарнейшым, чым звычайна. На луг упаў i пакаціўся гром. Гэта адразу абудзіла ўсіх, адагнала дрымоту. Людзі пайшлі ўподбег.

Поделиться с друзьями: