Блізкае і далёкае
Шрифт:
— А ведаеце што, Васіль Цімафеевіч, — загаварыў неспадзеўкі Грынь. — Магарыч, як-бы сказаць, з вас. Задаволілі, аказваецца, просьбу вашу. Задаволілі — сам чуў… Гэта ўжо точна.
— Якую просьбу?
— Нібы i не ведаеце?.. Тую самую!
Зыбін, відаць, у першы момант i праўда не здагадваўся, пра якую просьбу гаворыць аўтаматчык, але хутка Васіль Цімафеевіч зразумеў усё, спахмурнеў.
Тады раптам ён пачуў, як побач задуменна, па-асенняму шалясціць-гамоніць пажоўклым, ападаючым лісцем маладая ліпа. Штосьці такое задуменнае i асенне-тужлівае было i ў яго сэрцы.
— Праўда гэта… Дырэктар казаў, што рашылі задаволіць вашу просьбу. Адпускаюць…
— Ты жартуеш?
— Клянуся, праўда… Можаце збірацца… Але-ж i доўга вам прыйшлося чакаць гэтага, а? — Грынь здзівіўся. — Што-ж вы такі?! Вось-жа характар у вас — i не зразумееш, ці рады вы, ці незадаволены?.. Няўжо не хочаце? Вы-ж, казалі, столькі рваліся туды!
— Не паеду… Чаго ўжо ехаць? — Як-бы апраўдваючыся, чамусьці зашпільваючы скураную паддзёвачку, дадаў: — Цяжкаваты я нешта стаў на пад’ём.
— A радзіма? Не цягне хіба?
— Радзіма? — хмыкнуў ён, потым злавіў медны ліст, што паволі падаў, кружачыся, прамовіў задуменна: — А тут што — Афрыка? Не свая хіба зямля?.. — Зыбін прыслухаўся: — Што гэта ліпы шумяць так цягуча?
I, цярэбячы апалы, зазубраны, з тонкімі чырвонымі жылкамі лісток, сам сабе адказаў:
— Восень, Грынь, ужо… I не заўважыў, як прыйшла…
1954 г.