Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Блізкае і далёкае

Мележ Іван

Шрифт:

Засмужца ўразіў твар Бондара. Ён некалькі хвілін стаяў, як скамянелы, не маючы сілы адарваць позірк ад твару таварыша. Рысы таго былі скрыўлены болем, выраз перадсмяротнай пакуты так i застыў у пабялелых, моцна сціснутых тонкіх вуснах, у напоўадкрытых цёмных вачах. Засмужца ўсхваляваў не столькі выраз пакуты, колькі выраз гневу i непакорнай нянавісці, які не магла сцерці нават смерць. Хлопец, як заварожаны, паглядаў на таварыша. Пачуццё віны перад нябожчыкам, на якога ён прасіў капітана ўскласці свой абавязак, было першым пачуццём у гэтую хвіліну. Засмужцу здалося, што Бондар гневаецца на яго, што нябожчык падымецца i закрычыць: «Што ты яшчэ можаш патрабаваць ад нас?! Як ты смееш звальваць на нас?! I як ты можаш адмаўляцца пасля нас!»

Засмужац адразу выпрастаўся, падцягнуўся, як ад сапраўднага вокрыку. Стома адступіла. На яе месца прыйшлі боль i гнеў за смерць таварыша.

Ён быў мала знаёмы з Бондарам. Засмужац упершыню пазнаёміўся з ім на комсамольскім сходзе, некалькі дзён назад. Гэта быў першы ў яго жыцці франтавы комсамольскі сход. Засмужац усяго дзён дваццаць, як прыйшоў на фронт, ва ўзвод разведчыкаў.

Нa сходзе ён даведаўся, што Бондар таксама з Беларусі, што ваюе каля двух год. Яго лічылі вельмі смелым i вопытным разведчыкам. Засмужац, як навічок, вельмі паважаў яго. Бондар, сустракаючыся, быў асабліва ветлівы i называў Засмужца «земляком».

Цяпер, блізка стоячы перад загінуўшым, Засмужац упершыню адчуў, што нейкія невядомыя дасюль сувязі збліжаюць i моцна еднаюць ix. Toe, што яны ваявалі ў адным узводзе, што ў ix была адна мэта, адзін вораг, паўстала цяпер у новым хвалюючым святле. Чалавек, якога ён ведаў здалёк, зрабіўся блізкім i дарагім. I іншыя, што ішлі ў бой поруч з ім, сталі ў гэтую хвіліну блізкімі i роднымі, як ніколі.

Побач з Засмужцам стаяла i плакала жанчына. У яго-ж не было ні слёз ні думак, усю яго істоту запаўняла адно вялікае пачуццё. У тым пачуцці неразрыўна спляталіся rоpa страты, спапяляючая нянавісць да гітлераўцаў, горыч нейкай віны i нецярплівая прага помсты.

Ён нічога не гаварыў, не кляўся. Toe, што ён перажываў, было такім вялікім i хвалюючым, што словы побач з тым нічога не значылі. Засмужцу хацелася крычаць, пагражаць, страляць, а не гаварыць. Яго вялікае пачуццё патрабавала вялікага — гераічных учынкаў, пометы, рызыкі.

Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі на грудзях. Потым нечакана i рэзка павярнуўся да капітана.

— Таварыш капітан, мне патрэбен другі конь. «Каштан» не можа ісці.

— Вам асядлалі Бондарава «Звера». Паедзеце на «Звяры».

Болей Засмужац не сказаў ні слова, адзеўся i, не развітаўшыся, выбег з хаты.

У твар біў сцюдзёны вецер. Курэла. Засмужцу было лягчэй стаяць пад ледзянымі ўдарамі ветру. Падвялі каня. Калі баец ускочыў у сядло, конь нецярпліва пацягнуў повад.

— Ну, бывай, — сказаў капітан, аддаючы пакет, i паціснуў руку. — Шчасліва даехаць.

— Шчасліва заставацца.

Конь мігам вынес яго за сяло. Зноў аклікнулі патрулі i, пазнаўшы, прапусцілі ў поле. Ад бяссонніцы ўсё яшчэ хіліла спаць, але халодны вецер дапамагаў адганяць сон. Самі сабой лёгка паплылі думкі, чыстыя i ясныя.

«Як я мог прасіць спачынку, — думаў Засмужац, — калі ix няма ўжо з намі. Ix абавязкі ложацца на мае плечы. Я ў адказе за ix».

«Цяжка за ix аднаму, але я вытрымаю. Усе сілы збяру, але вытрымаю… Хоць i цяжка будзе, а дайду…»

Хлопец сударгава пазяхнуў, успомніўшы перарваны сон, але ўжо не шкадаваў, што ён так нечакана скончыўся. Ад бяссонніцы звінела ў галаве. «Спаў дрэнна i мала; мабыць, i гадзіны не паспаў, — падумаў ён. — Нават у сне не адчэпішся ад гітлераўцаў».

Застаяўшыся ў хляве, конь ішоў весела, легка i праворна. Засмужац, задумаўшыся, i не заўважыў, як апынуўся далёка ў полі. Потым схамянуўся i агледзеўся. Ззаду, як i раней, гарэў агеньчык. Агеньчык, нібы развітваючыся, па-сяброўску падмігваў яму, зычыў шчаслівай дарогі. Засмужац адарваў позірк ад агеньчыка i болей не азіраўся.

Уперадзе зноў ляжала далёкая цяжкая дарога. Не змаўкаючы, гула завіруха.

1944 г.

Ноччу

Маша ўвайшла ў хату, паклала сякеру пад лаўку i пачала моўчкі распранацца. Развязала хустку, на якой блішчэлі сняжынкі, скінула залубянелую ватоўку. Распраналася яна марудна — ад утомы, якая роўным ныючым цяжарам наліла цела.

— Ад Сямёна нічога не было? — спытала яна, зірнуўшы на свякруху шырокімі, з касымі разрэзамі, вачыма, хоць па твары старой бачыла, што не было.

— Нічога… — адказала свякруха.

Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Толькі зараз было цяжэй, чым днём у лесе, але гэта быў той-жа пякучы сум з-за трывожных думак пра мужа, ад якога болей двух месяцаў не прыходзіла пісьмаў. Гэты сум толькі часова адышоў у дарозе, калі жанчыны збіраліся ля яе воза i жартавалі.

Маша, расціраючы рукамі пунцовыя намёрзлыя шчокі, падышла да стала. Была яна невысокая, павольная і, відаць, дужая. Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі i круглыя плечы. Не расчэсаныя яшчэ валасы былі памяты i пераблытаны. За сталом сядзеў сын i чытаў, ён не звяртаў увагі на прыход маткі. Маша наблізілася да яго, пяшчотна пагладзіла любыя белыя валасы. («Зусім, як у Сямёна», — падумала яна). Мікола, не адрываючыся ад кніжкі, нецярпліва матнуў галавою. Ён не любіў, калі маці лашчыла, бо лічыў сябе ледзь не сталым мужчынам. Яму пайшоў дзесяты год.

— Якая кніга, Мікола?

— «Рускі характар».

— Цікавая?

— Угу, — адказаў сын, не ўзнімаючы вачэй ад кніжкі.

Маша зноў пагладзіла яго белую галоўку, затым адышла i села каля процілеглага ўскрайку стала. Свякруха — сухенькая, з худымі вострымі плячыма бабулька— паставіла на стол вячэру, падала ўсім лыжкі i села таксама.

— Кінь кнігу, Мікалай. Бяры лыжку ды вячэрай.

— Не хачу.

— Кінь, кажу, — строга загадала бабуля.

Мікола нічога не адказаў i настойліва працягваў чытаць. Маці i бабуля пачалі вячэраць.

— Што-ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замарнавалася, родная? Хіба жаночая справа дровы вазіць? Гэта i мужчыне не ўсякаму пад сілу… Усё — жанкі… Ох, ліха…

Маша маўчала. Ад ласкавага, спагадлівага слова сэрца сціснулася яшчэ цяжэй. Словы не ішлі, думкі нібы застылі, нібы завалакліся змрокам.

— За Сямёна ты не бойся, — лагодным голасам гаманіла свякруха. — Будзе жывы, Мар’ечка. Вернецца. Я ўжо ведаю. Чаго толькі сябе зводзіць ды ў сухоты ўганяць…

— Не магу я. Так баюся, каб чаго з ім, крый божа, не сталася.

— А ты паплач, Мар’ечка. Паплач. Жаночая сляза, што вада, а паплачаш i — лягчэй. Лепш робіцца. Ты паплач.

— Нашто? Хіба слязьмі паможаш чаму?

Мікола дачытаў раздзел да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу i пачаў сярбаць крупнік. Еў ён спачатку маўкліва i задуменна, пад уражаннем прачытанага.

— Мам, — раптам загаварыў ён. — Васеў бацька ўчора прыехаў з фронта. Прыйшоў вечарам, а яго не пазналі. Кажуць — наш чалавек на фронце. А я свайго бацьку адразу пазнаў-бы, каб толькі прыйшоў… А потым пусцілі. А сягоння ён быў у нас у класе. У шынялі i з пагонамі. А на пагоне дзве зорачкі i адна пасачка. Я сам бачыў. Яго бацька лейтэнант, а Вася гаворыць, што ён скора будзе капітанам. А я казаў, што ён спачатку павінен быць старшым лейтэнантам, а пасля — капітанам. Праўда, мама?

Поделиться с друзьями: