Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Блізкае і далёкае

Мележ Іван

Шрифт:

— А, што — не падабаецца? Правароніў дачку!

Пасля гэтага Арцём Іванавіч стаў нават ганарыцца самавольствам сына.

— Спрытны які! Майстар! Такую дзяўчыну адхапіў! Падумаць толькі — чэмпіёнку!

З той пары перамяніўся ён i да цыркача. Як-ні-як— сваяк-жа, ды яшчэ таварыш па няшчасцю. Цяпер, сустракаючыся, ён абавязкова пагаворыць з дырэктарам, распытаецца, як справы. За лета ён нават хадзіў некалькі разоў у цырк…

У апошні час непрыязнасць Арцёма Іванавіча ўзяла іншы кірунак. Побач з яго кватэрай пасяліўся нейкі несамавіты тэхнік з трамвайнага парку, вялікі прыхільнік музыкі. У першы-ж дзень, толькі што ўнёсшы рэчы i яшчэ, напэўна, не ўправіўшыся азірнуцца, тэхнік аб’явіў пра свой прыезд i пра адзін свой звычай, уключыўшы на ўсю сілу радыёлу.

Першы канцэрт Арцёму Іванавічу слухаць было, можна сказаць, цікава, ды i потым некалькі ix перанёс ён лёгка, але хутка гэты дзікі, шквальны грукат i рэў, ад якіх здавалася, што здарыўся нейкі страшны абвал ці дом пачаў разламвацца, сталі выводзіць яго з душэўнай роўнавагі.

Часцей за ўсё яму даводзіцца чуць задзірыстую песеньку нейкай простай дзяўчыны, i яе Арцём Іванавіч асабліва знелюбіў, як i тэхніка. Яна пачынае кожны раз свой спеў ваяўнічым барабанным трэскам i шчоўканнем, пасля чаго таксама-ж ваяўніча пагражае на ўвесь дом, на ўсю вуліцу адбіць у кагосьці жаніха-капітана.

Там то-олько де-еньги…

А здесь — любовь и песни…

Яна з пагардай вымаўляе «де-еньги», якія нібыта ёй i не патрэбны, i зусім інакш, з гонарам, гэтая вярціхвостка, заўсёды хваліцца, што ў яе ёсць песні.

Ветраная i ганарыстая, яна аб’яўляе, яўна ўпэўненая ў сваёй перамозе:

Ну, что же, посмотрим — кто сильней!

Пры гэтым яна трашчыць-барабаніць так, быццам зараз-жа кінецца ў атаку.

— Вельмі-б ты пражыла са сваім тэхнікам на адной любові i песнях, пустуха! — сярдзіта гаворыць ёй Арцём Іванавіч.

Зноу ў рыштаваннях

Відаць, усе, хто ведае гэты дом, яго жыхароў, яго гісторыю, заўважылі, што змяніліся за гэтыя гады не толькi людзі, але i дом. Бадай, больш правільна сказаць, не сам дом, a адносіны да яго, тое ўражанне, якое ён робіць. Бо сам дом застаўся такім, якім быў i раней, калі не лічыць таго, што крыху пацямнелі ад пылу i ветру яго сцены ды ў адным рагу каля карніза адваліўся кавалак тынку.

Неспадзявана сярод прыгажуноў, што выраслі i растуць усцяж праспекта, дом стаў выглядаць вельмі сціплым i не здаецца ўжо чым-небудзь выдатным. Рэдка-рэдка хто з тысяч людзей, што праходзяць i праязджаюць паўз яго, праводзіць па ім зацікаўленым позіркам.

Не вабіць ён цяпер, трэба прызнацца, архітэктурнай формай.

— Гм-м, нельга сказаць, каб ён надаваў хараство праспекту, — прамовіў аднойчы гаспадар горада, праязджаючы паўз яго.

Ёсць факты, што незадаволен ім i галоўны архітэктар, якому гэты дом, быццам-бы, парушае гармонію ансамбля, не дае з суседнімі будынкамі адзінства.

Відаць, па гэтых прычынах дом нядаўна пачаў змяняць аблічча. Вось ужо другі месяц палавіна яго апранута да самага верху ў густое плеціва рыштаванняў. Зноў, як калісьці, — ужо ў трэці раз — завіхаюцца пры ім будаўнікі — тынкоўшчыкі, маляры.

Апрануўшыся ў рыштаванні, ён стаў падобным да многіх сваіх маладых таварышаў, якія толькі што ўздымаюцца на праспекце.

Над ім плывуць высокія воблакі i нізкія цёмныя хмары, мыюць яго вясёлыя i невясёлыя дажджы, страляюць быстрымі стрэламі-маланкамі i грукочуць грамамі навальніцы.

Каля яго за стройным радам ліп бягуць з працавітым сіпеннем тралейбусы з сіняй палоскай, праносяцца, лёгка шархочучы, легкавыя аўтамашыны, вірліва пярэсцяць ад людскіх постацей тратуары…

Яшчэ месяц, другі, — i яго, кажуць, цяжка будзе пазнаць: ён стане такім-жа, як новыя дамы, цудоўным маладым, гэты стары ветэран.

1954 г.

Блізкае i далёкае

Зыбін быў родам з Ніжняга Тагіла. У Беларусь ён трапіў прызыўніком, — гэта было гады за паўтара да пачатку вайны. Прыехаў ён у чырвоным пульманаўскім вагоне, стрыжаны пад «нулёўку», доўганосы, з худой шыяй, абвеяны вятрамі шмат якіх асенніх палёў.

На Брэсцкім вакзале Зыбіна i яго таварышаў пастроілі павялі ў казарму. Там началася новая, тады яшчэ незнаемая яму служба.

Як i яго таварышы, Зыбін думаў адслужыць прызначаныя па закону гады i вярнуцца дамоў. Калi недалёкай стала другая восень яго службы, Зыбін пачаў часцей, чым раней, думаць пра родны дом. Але ў адну чэрвеньскую раніцу ўсё неспадзеўкі перайначылася — адышоў i дом, i даўнейшыя мары, якія здаліся цяпер далёкімі i яшчэ больш дарагімі. Ён пачаў вайну ў тую памятную першую раніцу, блізка ад Брэста, у зялёным ляску, дзе ix артполк быў у лагерах.

Праз два тыдні, за якія ён набачыўся столькі смерці i пакут, колькі не бачыў за ўсё сваё жыццё, — ужо каля Мінска — яго параніла асколкам нямецкага снарада. Батарэя, у якой служыў Зыбін i ў якой засталася толькі адна гармата, адбівала атаку нямецкіх танкаў. У той дзень над яго акопам, паўз разбітую гармату, прапаўзлі, прагрукаталі важкія машыны з крыжамі на шызай брані, але ён не бачыў i не чуў гэтага, — ён апрытомнеў значна пазней, калі пачаў церушыць дождж.

Збіраючы ўсю сілу, якая яшчэ заставалася ў аслабелых, нязвыкла непаслухмяных руках, асцярожна цягнучы пякучую акрываўленую нагу, ён дапоўз да ратоўнага ляснога гушчару, дзе два дні перабіваў голад суніцамі i чарніцамі.

Тут, на трэці дзень, на яго натрапіла дзяўчына з бліжняй вёскі, Жэня Крушынская, i поўжывога прынесла цёплай бяззорнай ноччу дахаты.

Зімой, ужо на прадвесні, калі ўночы хрупасцеў пад нагамі зашэрхлы снег, Жэня правяла яго ў партызанскі атрад.

Зыбін, або, як звычайна звалі яго тады, — Васіль з Тагіла, лясным сябрам палюбіўся. Ён быў, праўда, рэзкаваты, насмешлівы, але затое таварыскі i вельмі цярплівы, i людзі адносіліся да яго прыхільна. Акрамя таго, ён меў адну добрую здольнасць: умеў расказваць. У доўгія зімовыя ночы — у натопленай зямлянцы, на халодным прывале — або на жнівеньскіх палянах пасля паходаў вакол яго заўсёды збіраўся гурток, чуўся рогат, воклічы здзіўлення.

Ён ведаў безліч розных гісторый — вясёлых, трагічных, сумных, пацешных. Людзі хутка заўважылі, што ў гэтых яго гісторыях было адно агульнае — найбольш ix ён гаварыў пра Урал, пра Тагіл, асабліва пра заводы, пра былых таварышаў па цэху. Гэта была самая блізкая тэма: у роце, дзе ён служыў, не было такога чалавека, які-б не ведаў, што Зыбін быў да арміі майстрам на адным вялікім тагільскім заводзе.

Ён, было відаць, вельмі любіў Тагіл i востра сумаваў на далёкай сваёй радзіме. Зыбіну спачатку даводзілася трывожыцца ад няведання: недзе там, за франтавой лініяй, за многімі лясамі i гарадамі, заставаліся маці, дзве сястрычкі, нявеста. Потым Васілёва скруха крыху прыціхла, а трывога знікла зусім — адтуль сталі прыходзіць лісты.

— Эх, хутчэй-бы кончыць вайну ды прыкончыць Гітлера! Паехаў-бы дадому! — не раз марыў ён, чытаючы лісты сябрам. — На свой завод.

Але паехаць яму адразу не давялося. Пасля вызваленя, калі яго рота разам з іншымі ачысціла ад немцаў лясы над Волмай, Зыбіна накіравалі на работу ў адзін райвыканком каля Мінска.

Раён дастаўся яму цяжкі, вельмі пацярпелы ад вайны. Больш за палову вёсак чарнела папялішчамі, людзі туліліся ў цесных панурых зямлянках. Жыта на палях стаяла дробнае, кволае, лёгка трымаючы беднае, нікчэмнае калоссе.

Поделиться с друзьями: