Блакіт і золата дня
Шрифт:
Пасля яны пастукалі ў нейкі домік на ўскраіне і доўгі час сядзелі там. Пацукалоў пабываў там яшчэ раз і выйшаў адтуль, моршчачы лоб.
Таго самага дня ён пабываў ва ўласнай хаце, стаяў там на ка-ленях і шаптаў тое, што шаптаў тысячу разоў: “Цар пацучыны, вета-хавы, цёмны, выходзь... на балаты... там... на пясок рассыпайся...”
Ён папрасіў дазволу прыйсці ў суботу ў шэсць гадзін для канчатковай замовы.
У той дзень выпаў першы сталы снег. Дом і сад выглядалі такімі прыгожымі пад белымі, мяккімі падушкамі.
І калі пацукалоў у суботу прыйшоў другі раз, ён доўга стаяў ля хаты, гледзячы на яе прагнымі вачыма. Торба вісела ў яго цераз плячо, стуль выглядалі сцябліны травы. А вусны ўсё шапталі нешта.
Пасля ён выцер кулаком сухія вочы і хутка пайшоў да ганка. Салдат і паліцай з мясцовых адвялі яго ў сталовую.
– Зараз папросіць пакінуць аднаго, - сказаў паліцай.
– Гэта ўжо заўсёды так.
Ён, сапраўда, папрасіў і, калі яго пакінулі, стаў на калені ў кут, да вялікай пацучынай пары. Вусны яго шапталі. Ён дастаў з торбы вялізны пучок касталом-травы, залез у яго пальцамі і, да болю моршчачы лоб, на невялічкім металічным прадмеце перавёў невялічкую стрэлку на лічбу дзевяць. Пасля апусціў усё гэта ў знарок пашыраную дзірку і забіў яе дошчачкай. Перайшоў да наступнай дзіркі - і там паклаў пучок травы. Затым паклаў яшчэ ва ўсе норы. Ён прабавіўся так з гадзіну.
Пасля, ля выхаду, яго затрымалі і павялі ў кухню. Ён пава-гаўся, але пайшоў. Тут яго не пакінулі аднаго, бо так патрабаваў парадак. Усе з цікавасцю глядзелі, як ён піхаў траву ў норкі і шаптаў свае дзікунскія замовы.
Кухар нават панюхаў траву, і пацукалоў спытаў, ці добра яна
пахне.
Спяшацца было нельга.
Ля дзвярэй яго зноў затрымалі, бо ён павінен быў адчытацца перад самім гаспадаром, а той яшчэ не прыехаў. Пасля ён прыехаў, а з ім яшчэ шэсць чалавек, сярод іх дзве дзяўчыны.
– Я ўсё зрабіў, пане ласкавы, - сказаў пацукалоў.
– Вы будзеце вельмі спакойна спаць... І вашы цнатлівыя паненкі таксама.
Яны засмяяліся, а новы гаспадар даў яму каляровую паперку. Пацукалоў узяў яе і скамячыў у далоні. Т олькі выходзячы, ён зірнуў на насценны гадзіннік. Маленькая стрэлка прайшла палову дарогі ад лічбы, падобнай да парсюковага хвосціка.
Ён выйшаў і пабрыў па снезе, не аглядаючыся назад. Ён ведаў, калі азірнецца і пабачыць веранду, дзе хлопчык піў чай, і акно таго пакоя, дзе хлопчык спаў, то можа вярнуцца. Каб разам... У хлопчыка быў такі неспакойны сон.
Пацукалоў пайшоў напрасткі. Ён спусціўся на лёд рачулкі паўз сваю лазню, пасля выбраўся на стромы супрацьлеглы бераг, чапля-ючыся за голы хмызняк. Т ам ён спыніўся на ўзгорку і стаў чакаць пад халоднымі зорамі. За спіною ў яго чарнеў недалёкі лес, куды цяпер ляжаў яго шлях.
Час цягнуўся надта-надта доўга.
І раптам за рачулкай нешта грымнула, ірвануліся ў паветра языкі полымя. Дом яго, лепшы на свеце, свой дом, палаў як свечка. Зарыва клалася на снягі. Яны сталі ружовымі. Ад складаў беглі маленькія чорныя фігурку, але трапіць у дом яны не маглі. Мітусіліся вакол, сутыкаліся, беглі назад.
Чалавек на высокім беразе ўпаў на калені ў снег, заплакаў, выціраючы вочы лапленым рукавом, пасля засмяяўся:
– Пацукі! Дальбог, пацукі. Я яшчэ ніколі не бачыў такіх тлустых.
Як звяргаюцца ідалы
Алёнцы год і дзевяць месяцаў.
Але яна ўжо зусім вялікая дзяўчынка. Лічыць жа ж трэба не па ўзросту, а па тым, што ты паспеў зрабіць. А яна ўжо чалавек, таму што даўно навучылася прама хадзіць. І яшчэ навучылася так-сяк выказвацца, і сваякі, ва ўсякім разе, яе разумеюць.
І яшчэ адно, самае галоўнае: варта каму-небудзь зрабіць выгляд, што ён замахваецца на ката, сабаку альбо чалавека, - і адразу гучыць адчайдушна-ўмольны віск:
– І цеба.
Гэта азначае “не трэба”. Значыць, галоўнае, з чаго складаецца чалавек, ужо ёсць.
У Алёнкі вялізныя, як сподкі, сінія вочы, ніжняя губка чапялою (адразу бачна, што характар будзе злёгку фанабэрысты і самастойны), тугое, як мячык, цельца і ножкі, якія цэлы дзень тупаюць па доме, садзе і гародзе.
Гэта тып дзіцёнка-шкодніка. І гэта вельмі добра, таму што менавіта з такіх атрымліваюцца потым вартыя чагосьці людзі.
У Алёны ёсць мама, прыгожая распаўнелая жанчына, бацька, які застаўся ў іх горадзе, каб лётаць на “малётах”, дзед і бабуля, якія душы ў ёй не чуюць.
Акрамя таго, у яе ёсць яшчэ дзядзька, які зашмат думае над светавымі праблемамі.
Гэты дзядзька больш за ўсё любіць важдацца і няньчыцца з ёю і, адчуваючы на каленях яе цеплыню, шмат успамінае.
І тады твар яго робіцца змарнелым і пяшчотна сумным. А бабуля, пабачыўшы гэта, спяшаецца прайсці паўз яго, быццам не бачыць, і аб нечым размаўляе з дачкою, маткай Алёнкі. Часам маці Алёнкі не вытрымлівае і адбірае ў дзядзькі дачку.
– Чаго ты тут век з ёй сядзіш?
– Бо сваіх няма.
Дзед, дзядзькаў бацька, сядзіць пад бэзам у крэсле, і па яго аб-ліччы прабягае цень. На яго тонкіх вуснах з'яўляецца гумарыстычная складка:
– А ты б зрабіў, як адзін сялянскі Рамэа: “Я за ёю ўпадаў, а яна на мяне і пляваць не хацела. Дык я ў царкву прыйшоў і ёй у кішэнь мёрзлых конскіх каўцюшкоў наклаў”. Вы ж, цяперашнія, усе такія.
У Алёнкі ўжо ёсць усе задаткі будучай жанчыны.
Вось яна сядзіць на руках у мамы, а дзядзька цягне да яе рукі і варушыць пальцамі. Яна нерашуча адрывае ад мамы цельца і, выгнуўшы спіну, цягнецца да яго. І раптам - шырокая ўсмешка на твары, і дзіця зноў кідаецца на шыю маці, хаваецца. З-за пляча выглядае толькі гарэзлівае, круцельскае сіняе вока. Яно з радасцю назірае за выцягнутым абліччам дзядзькі.
І так без канца.
0 Божа літасцівы, пакутаваць вам, мужчыны, ныня і прысна і давеку!..
Тупае яна па кветніку, а дзядзька сядзіць і думае. Шмат што прыпамінаецца яму. І галоўнае, вайна.
Дзядзька не без падставы лічыць, што людзі зямнога шара пакутуюць толькі з-за страху. З-за страху бяжыць у атаку каланіяльны салдат, з-за страху адрываюць з рота ў галоднага дзіцяці хлеб і нясуць яго на алтар бога, які ў гэтым зусім не жадзён.
Дзеля страху кленчаць, дзеля страху тысячы такіх вось дзяцей па ўсёй зямлі ператвараюцца ў ваўкоў і гадзюк.
Над светам стаіць “Нешта”. І палова людства баіцца яго, хоць варта было б толькі ўсім людзям як адзін сказаць “не хачу”, і гэтае ідалішча развеялася б дымам.
У дзядзькі ад гэтых думак баліць галава, нараджаецца нявер'е ў сябе і ў род чалавечы.
У Алёнкі таксама ёсць свае страхі. Яны, праўда, - маленькія, але хіба для такога кураняці шмат трэба?
Гэты страх - Пыласос!
Даўно, да прыезду ў гэты дом на адпачынак, ім на кватэру прынеслі падобнае на чарапаху страшыдла. І з таго часу яно напаўняла сваім трэскам пакоі.