Блакіт і золата дня
Шрифт:
Яно бурчала і паўзло, як жывое.
1 дзікі, нечалавечы жах апаноўваў Алёнку. Яна нават не крычала, яна глядзела ў адну кропку і дрыжала ўсёй скурай.
Нарэшце дарослыя заўважылі гэта і сталі выносіць малое на вуліцу пад час работы страхоцця, але адразу, з усёй жорсткасцю дарослых, выкарысталі гэты страх.
Прывід Пыласоса вісеў над Алёнкай і тут.
Захочацца пайсці ў кусты і надзерці там поўныя жмені зялёных парэчак - і адразу ж гучыць грозны голас:
– Нельга. Пыласос!!!
Вочы яе адразу акругляюцца і застываюць. Рукі з ружовымі танюсенькімі пальцамі закладваюцца за спіну і там шаруюцца адна аб адну. Яна паварочваецца і непаслухмянымі губамі паўтарае:
– Там... пасёсь.
І глядзіць на маці вялізнымі вачыма.
Гэтыя вочы так нагадваюць дзядзьку другія вочы, што ён увесь уздрыгвае ад глыбокага і цёпляга прыліву пяшчоты. Потым адбываецца размова з сястрой:
– Не смей яе палохаць.
– А ты сам тады глядзі за ёю ўвесь дзень. На ёй скура гарыць.
– Ну і дзякуй Богу. Можа, я гэтых парэчак не еў у дзяцінстве? Або ты? Усе гэтыя твае стрэптакокі - у стэрыльных бальніцах. А там, дзе бабы на полі бульбу капаюць, - аб іх і не чулі.
– Не ты ёй маці, а я. Мне і меркаваць.
Дзядзька маўкліва згаджаецца з бясспрэчнай ісцінай.
І зноў цэлымі днямі гучыць над дзіцёнкам імя страхоцця.
– Не хадзі туды, не рабі гэтага, не рві таго!
– Пыласос! Пыласос!! Пыласос!!!
Проста невыносна. Дарослы - і той бы з'ехаў з глузду ад такога, а тут жа маляўка.
Дзядзька сядзіць і думае. У кожнага ёсць свой Пыласос. І гэты Пыласос робіць з разумнай, гордай, прыгожяй істоты, створанай для радасці і мастацтва, - пакорлівую жывёліну.
А сад такі гожы, столькі ў ім нябачных пладоў, столькі хмызня-коў і травяных зараснікаў. Ідзі па ім, тупай пакуль яшчэ слабымі нагамі. А ягады такія празрыстыя, такія сагрэтыя сонцам. Сонца пранізвае іх навылёт, нараджаючы ў каламутнай глыбіні невыразныя контуры семачак. Куст кліча да сябе, як дрэва пазнання. Ідзі ж, ідзі!
– Пыласос!!!
І закладваюцца назад рукі. А родныя вочы, сінія - як у той -застываюць. Напэўна, і тую, іншую, многа палохалі. Якіх жа намаганняў каштавала ёй вырасці такой, як яна ёсць!
І вось аднойчы, калі брат і сястра сядзяць поруч і брат выказвае свае невясёлыя думкі, з-за вугла дома выплывае касалапым упэўненым крокам круглая Алёнка.
Жывот - наперад, рукі за спіною, на тварыку стрыманы і прытворна раўнадушны выраз.
Яна тупае гаспадарскім, паважным крокам.
Вось падышла зусім блізка да маці, паклала ёй на калені кулачкі, расшчапіла іх.
На яе далонях ляжыць дзесятак зялёных парэчак.
І адразу яе мордачка робіцца круцельская, хітрая.
– Мама. Пасёсь.
І тут дзядзька не вытрымлівае. Ён хапае яе на рукі і шалёна цалуе ў брудныя лапкі, у шчокі, у хітрыя вочы.
– Дачушка ты мая! Дзіця ты маё чалавечае!
Блакіт і золата дня
Вясною палескія рэкі пачынаюць цячы назад, да вытокаў.
Толькі адна Прыпяць з цяжкасцю гоніць да Дняпра талыя воды, заліваючы на дзесяткі кіламетраў палі і лясы.
Застаюцца толькі вёскі на выспах ды рэдкія барліны са стагамі сена ці шумлівым вяселлем. Часам — кірмаш на чаўнах, з'яднаных масткамі, плывучы кірмаш, што павольна набліжаецца да далёкага сяла.
Пахнуць добрым малаком каровы, коні баязліва касавурацца за борт фіялетавым, напружана-разумным вокам.
— Ну вас да д'ябла. Яшчэ патонеш тут з вамі.
Адзін такі кірмаш, па-палеску стрыманы, жартаўлівы і трохі п'яны, спазняўся з прыбыццём у сяло на цэлыя два дні.
Бяда была ў тым, што па дарозе, у вёсцы Разбіты Рог, старшы загуляў і зманіў з сабою на бераг усіх мужчын, усіх стырнавых.
Бабы паспрабавалі плысці далей адны, але мужыкі, раззлаваўшыся, дагналі іх і зноў паставілі ўвесь кірмаш — сто пяць чаўноў — на прыкол да сыпучай выспы, на якой стаяла вёска.
— Падумаеш, вельмі ім трэба спяшацца. На вялікдзень яны, бачыце, у Карпілавічы не паспеюць. А нам і тут добра.
Бабы хацелі былі пратэставаць, але з чаўноў узнялі такую катавасію, што яны толькі плюнулі.
— Няма на вас, нячысцікаў, управы.
— А што ўправа? Можа на тое, каб вы фарбаванкі свянцілі?
Цяпер мужыкі і самі разумелі, што ўчынілі дрэннае, але гонар
перашкаджаў ім прызнацца ў гэтым. І таму яны, даволі пахмурныя, налягалі на шасты і вёслы, спяшаліся, хоць усім было зразумела: спазніліся.
Усе былі не ў гуморы: мужчыны — з пахмелу, жанчыны — ад крыўды. Т олькі адной дзяўчыне — а было ёй год васемнаццаць — усё было хоць бы што. Яна сядзела на носе аднаго з пярэдніх чаўноў і ўсміхалася такой светлай усмешкай, што і сляпы ўсміхнуўся б ёй у адказ.
Празрыстыя славянскія вочы, — быццам майскае неба ў ранішнім тумане, — тупы носік, румяны рот з мяккімі ямачкамі ў куточках вуснаў. І лепей за ўсё была каса. Т аўшчынёю з руку, залацістая, як сухі ліст каштана.
Хустку дзяўчына скінула і разаслала на каленях, бо сонца ў гэты дзень нечакана прыгрэла, і па вадзе скакалі залатыя іскры, ад якіх моршчыўся нос і хацелася чхаць.
З-пад хусткі была відаць клятчастая спадніца, пад ёю другая
— белая. І ўсё на гэтым дзеўчаняці ляжала так ладна. І так забаўна жмурыліся ад сонца і ленай млявасці яе вочы, што кожны сказаў бы:
— Вось каму жыць добра.
А жыць было на самай справе добра! Наперадзе далёкая дарога сярод затопленых лясоў; верхавіны дрэў, што плаваюць у блакітнай смузе; дрымотныя крыкі пеўняў над вадою.
Куды было спяшацца? Наперадзе — жыццё. Аднаго не хапала: каб падышоў нехта ззаду, вялікі, цёплы, як сон, абняў за плечы і прынік шчакою да скроні.
Раней і думаць аб гэтым было страшна. І мужа яна ўяўляла сабе не іначай, як чужога хлопца, з якім трэба сядзець на покуце і, немаведама чаму, цалавацца.
А вакол зялёныя шклянкі і чырвоныя твары.
Але адышло насланнё, прыгрэлі промні, заказыталі ў носе. Захацелася скруціцца ў іх цеплыні, як котка.
І каб нехта гладзіў.