Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БНР i БССР

Далідовіч Генрых Вацлававіч

Шрифт:

Мандатная камісія па прычыне, што неўзабаве назавецца, не паспее абнародаваць дакладную колькасць дэлегатаў, іхнія сацыяльнае становішча i партыйнасць i г.д. Было распісана недзе толькі 360 анкет. З ix вынікала: сацыялістаў-рэвалюцыянераў (правых) — 78, сацыялістаў-рэвалюцыянераў (левых) — 57, БСГ — 33, сацыял-дэмакратаў — 7, з Беларускай партыі сацыялістаў-народнікаў — 6, трудавікоў — 4, сацыял-дэмакрата-інтэрнацыялістаў — 2, беспартыйных — 79, спачуваючых бальшавікам ці эсэрам — 70, бальшавікоў — 30, "ідэйных бальшавікоў" — 2 i г.д. З "помещиков" ці "буржуа" трапіў... толькі адзін!

Канечне, за гэтым з'ездам быў самы пільны назірк. Прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, палітычных накірункаў павінны былі законна вырашыць сённяшняе i будучае былога Паўночна-Заходняга краю, ужо не на словах, а на справе пераканацца ў сапраўднасці савецка-бальшавіцкай "Деклорации" аб правах народаў.

Вядома ж, зноў не магло не абысціся без спрэчак i правакацый, але здаровыя сілы не дапусцілі зрыву i роспуску з'езда. Ён ішоў сваім ходам, набліжаўся да прьшяцця агульных кампрамісных рэзалюцый i пастаноў.

Ды з усіх пунктаў фактычна быў як след выпрацаваны i прыняты толькі адзін. Але які! Прызнаць Саветы ў Петраградзе, супрацоўнічаць з імі, а вось што да ўлады ў Мінску, то тут трэба сгварыць Усебеларускі Савет (Раду) сялянскіх, рабочых, салдацкіх дэпутатаў i ўсталяваць рэспубліканскі лад. Краёваму Савету (Радзе) павінна перайсці дзяржаўная ўлада.

Што з гэтага вынікае? Першае: з'езд не быў антысавецкім, а з адным буржуа — буржуазным. Другое: не грашыў нацыяналізмам, бо, змагаючыся за нацыянальную незалежнасць, аніяк не распальваў нацыянальнай варожасці. Трэцяе: яшчэ i яшчэ раз трэба паўтарыць, на законнай аснове афармлялася беларуская дзяржаўнасць i мірны пераход да ўлады ў ёй. Ды тэты кангрэс стане i "антисоветским", i "националистическим", i "буржуазным", i г.д. Найперш з-за таго, што ён не цалкам прызнаў чужародныя, створаныя сілаю Аблвыкамзах i Саўнаркам.

Ледзь толькі зацвердзілі вышэйназваны першы пункт, як у залу ўварваліся ўзброеныя ландарцы-мяснікоўцы i, як расказвала мне адна з удзельніц тых падзей, тагачасны ваенны мінскі камендант, нехта п'яны Крывашэін у хромавых ботах i ў скураной куртцы, трасучы ў паветры наганам, загадаў спыніць з'езд. I запынілі. Прэзідыум з'езда арыштавалі i зняволілі. А гэтым самым i сваю "Декларацию" аб правах народаў. Зразумела, гэты гвалт учынілі не толькі па волі ЛандараМяснікова. Ім, гэтым насіллем, беззаконнасцю закладваўся грунт для новай, Савецкай, улады, якая ўсіх пагоніць у "светлую будучыню" з дубінай у руцэ, праз мора чалавечых слёз i крыві.

Што да Усебеларускага з'езда, то пазней адзін з кіраўнікоў Савецкай Беларусі А.Чарвякоў нясмела зазначаў, што ўлады ў Мінску паспяшаліся разганяць яго, бо там была моцная i бальшавіцкая плынь. В.Кнорын, хто, як i Фрунзе, Мяснікоў, Ландар i іншыя, упіўся ў Мінску ўладаю i рабіў усё магчымае, каб не дапусціць да яе беларусаў, таксама прызнаваўся, што з'езд можна было давесці да канца. Не, Кнорын не прызнаваў сваіх памылак, ён мысліў іначай: той з'езд усё ж можна было раекалоць, адабраць самых надзейных, прадажных i далучыць да сябе, г.зн. у іхнія Аблвыкамзах i Саўнаркам Заходняга фронта, i беларускае пытанне магло б быць паціху патушанае, гэтак бы не абвастрылася пазней.

...Толькі ў 1995 годзе ў гістарычнай навуцы ("Беларусь", энцыклапедычны даведнік) i таму, Усебеларускаму, з'езду далі адну з першых справядлівую, без ярлыкоў, начэпленых ландара-кнорына-мясніковымі i іхнімі пазнейшымі падпяваламі, ацэнку. Ды каго з фальсіфікатараў гісторыі i беларускага руху яна прысароміла? Што вельмі змяніла ў абліччы таго ж Мінска, дзе ў 1917-м шмат што вырашалася, наш лёс у тым ліку?

Слова другое. 1918 год

У ноч з 6 на 7 студзеня 1918-га ленінскі ўрад разагнаў Устаноўчы сход — "вчерашний день революции": на гэты форум трапіла мала бальшавікоў, там загучаў зусім не бальшавіцкі тон, адпаведна ў выніку ўлада законна магла перайсці да кааліцыі, дзе бальшавікі былі б у меншасці, i былая Расійская імперыя пайшла б далей не ленінскім шляхам. Савецкі ўрад нанёс паражэнне не толькі народнаму волевыяўленню, але парламентарызму i дэмакратыі, ступіў на сцяжыну да сваёй дыктатуры, справакаваў будучую грамадзянскую вайну, якая прынясе рэзрух i голад, забярэ мільёны чалавечых жыццяў.

28 студзеня кіраўнік савецкай дэлегацыі Троцкі на перамовах з немцамі ў Брэсце не падпісаў мірны дагавор i аб'явіў, што Савецкая Расія вайну... спыняе, a армію... дэмабілізуе! Доўга ўсім нам тлумілі галаву: гэта — асабісты выбрык Троцкага. Але чаму тады яго не пака ралі, a пачалі даваць яму вельмі высокія пасады? Лухта, гэта быў загадзя прадуманы хітры ход, каб немцаў... так-так, напусціць на Расію! Ленін, раней прапаведуючы тэзіс паражэння Расіі ў вайне, не мог не бачыць, як зневажае, абурае гэтым патрыятычныя пачуцці многхх сумленных людзей, цяпер, у новых умовах, "запаважаў" свяшчэннае ў душы кожнага патрыёта — бараніць Радзіму, а значыць: калі запусціць кайзераўцаў углыб, то гэта не можа не занепакоіць шырокія колы грамадства, адцягне ix ад палітычнай барацьбы, не можа не павабіць на барацьбу з агрэсарам. Толькі трэба вылучыць патрэбны, нават выратавальны лозунг. Вылучылі: "Социалистическое (падкрэслена мною. — Г.Д.) Отечество в опасности!" Не Радзіма, не Расія i ўсе яе народы — "социалистическое Отечество!" Гэта дазваляла накіроўваць народны патрыятычны парыў, асядлоўваць яго, а заадно ствараць новую, сваю, верную армію, што будзе ваяваць не толькі з захопнікам, a, калі трэба, то i са сваім народам (пазнейшыя "покорения" Кранштата, Тамбоўшчыны, Туркестана, нацыянальных сіл на Украіне i ў Беларусі пакажуць, што задума ўдалася).

Зразумела, Германіі, хоць яе некалі Бісмарк перасцерагаў, каб не счэплівацца са славянамі, асабліва з рускімі, не магло не закарцець рушыць далей, захапіць тыя ж Украіну i Беларусь, якія ім цяпер проста паднеслі на талерцы: бярыце, абірайце, нам ix зусім не шкада!

Сваволіў Доўбар-Мусніцкі — за Польшчу. Праўда, заігрываючы з беларускімі i ўкраінскімі дзеячамі, каб займець ад ix найперш палітычную падтрымку. У полі яго зроку ўсё больш i больш станавіўся Мінск, дзе, застаўшыся без арміі, што дэмабілізавалася, мяснікоўцы пачалі спешна пакаваць чамаданы.

Беларускі рух, што да снежня 1917 года набыў досыць значны размах i мог на законным грунце аформіцца ў нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт краю, з-за мяснікоўскага насілля апынуўся ў крызісе: той-сёй з відных дзеячаў марнеў за кратамі, іншыя мусілі пайсці ў глыбокае падполле i да ўсяго пасварыцца з петраградцамі Зм.Жылуновічам i А.Чарвяковым, лічачы, што тыя прадаліся ўзурпатарам i насільнікам — бальшавікам. Праўда, з імі, мінскімі беларускімі дзеячамі, пачалі шукаць саюзу іншыя скрыўджаныя Леніным — тутэйшыя паалейцыяністы, бундаўцы i нават некаторыя велікарускія эсэры i меншавікі, каго дасюль, да разгону Устаноўчага сходу, таксама літаральна трэсла толькі ад аднаго слова "беларускі".

Тыя беларускія дзеячы, хто ацалеў на волі, на тайных сходах пастанавілі: 1) Першы Усебеларускі з'езд разагнаны мяснікоўцамі незаконна; 2) Савет/Раду з'езда прызнаць выканаўчым органам з'езда, i яна, Рада, павінна ажыццяўляць усе пастановы з'езда; 3) папоўніць Раду i даць права адводу, адклікання i кааптацыі; 4) БАК i іншыя беларускія суполкі неадкладна спыняюць сваё існаванне i перадаюць усе свае справы, маёмасць Радзе; 5) Цэнтральная вайсковая рада існуе як падпарадкаваны орган Радзе з'езда; 6) 2-гі Усебеларускі з'езд склікаецца ў найбліжэйпішы час i г.д.

Поделиться с друзьями: