Брама неўміручасці
Шрифт:
Дабрыян. Я тут гавару толькі пра вынікі нашых доследаў. Раскрыць іх сакрэт я не магу па вядомай вам прычыне. Скажу коратка, што мы дабіліся гэтых вынікаў уздзеяннем на бялковыя ферменты, якія кіруюць усімі працэсамі абмену. А доказы сякія-такія ёсць. Наташа, пакажыце, калі ласка, доказ!
Наташа. А вось ён. (Ставіць на стол клетку з жывёлінай.)
Дабрыян. Гэта пацук, таварышы. Па гадах ён — біблейскі Мафусаіл. Пражыў чатыры пацучыныя вякі, і яму даўно пара паміраць. А ён, бачыце, як агурочак. Шэрсць бліскучая, сам вясёлы, усе органы і залозы функцыяніруюць нармальна. Дае паўнацэннае здаровае патомства. Першае народжанае ім пакаленне таксама пражыло ўжо тры вякі. I ўвесь сакрэт у справядлівым абмене, які нам удалося наладзіць.
Кудрыцкая. Можа, вы нам і чалавека неўміручага пакажаце?
Дабрыян. З чалавекам справа больш складаная, Клаўдзія Пятроўна. У пацука кароткае жыццё і хуткая змена пакаленняў. На ім лягчэй прасачыць. Але што да абмену, дык ці то ў пацука, ці ў чалавека — прынцыповай розніцы няма. Між іншым, мы і з людзьмі праводзім клінічныя доследы. Пра пакаленні тут яшчэ гаварыць рана, але за дзесяць гадоў нашы падапечныя ні капелькі не пастарэлі. I самае галоўнае — ніякіх пабочных непрыемнасцей.
Адамейка (з залы). Значыць, мы можам лічыць сябе неўміручымі?
Дабрыян. Лічыце на здароўе. А мы пастараемся, каб гэта сталася.
Бабровіч (з залы). Ці не замнога нас усіх будзе — неўміручых?
Дабрыян (да гледачоў). Павел Антонавіч — эканаміст. У яго свой клопат з неўміручасцю.
Абадоўскі (з залы). Мяне як генетыка цікавіць другое.
Дабрыян. Вось і дыскусія пачынаецца. Прашу маіх апанентаў сюды, у лабараторыю. Тут нам зручней будзе. Павел Антонавіч! Клаўдзія Пятроўна! Кузьма Захаравіч! Генадзій, вы ж свой чалавек.
Бабровіч, Абадоўскі, Кудрыцкая, Варакса, Адамейка і Генка падымаюцца на сцэну. Садзяцца.
Дабрыян. Уладзімір Фёдаравіч, вы хацелі нешта сказаць.
Абадоўскі. Гаворачы пра неўміручасць, вы, Барыс Пятровіч, маеце на ўвазе індывідуум і нічога не гаворыце пра від. Калі індывідуум будзе жыць вечна, то як будзе абстаяць справа з эвалюцыяй віду? Як будзе абнаўляцца род чалавечы?
Дабрыян. На гэта пытанне вам і адказваць, Уладзімір Фёдаравіч.
Абадоўскі. З аднаго боку, будуць нараджацца новыя пакаленні, а з другога — не будуць паміраць старыя. У адным грамадстве побач з людзьмі новай генерацыі будуць жыць старыя малпы.
Адамейка. Гэта значыць — мы.
Абадоўскі. Будуць жыць старыя малпы са сваімі старымі поглядамі, звычкамі, забабонамі, ды яшчэ будуць пладзіць падобных да сябе.
Кудрыцкая. Ну, калі яшчэ тое будзе.
Адамейка. Ці будзе, ці не, а мы ўжо будзем галаву ламаць.
Абадоўскі. Галаву ламаць прыходзіцца. Неўміручасць такая праблема, што мы павінны думаць у маштабе вечнасці і за ўсё чалавецтва.
Генка. Давайце ўсё-такі жыць перш за ўсё. А думаць пра від… Для гэтага ў нас будзе цэлая вечнасць…
Абадоўскі. Індывідуум вырашае спрэчкі ў сваю карысць: я хачу жыць вечна, а чалавецтва няхай выраджаецца.
Кудрыцкая. Яшчэ ці будзем мы здольны, як вы кажаце, пладзіць падобных да сябе.
Бабровіч. А чаму не? Пацук жа гэтых здольнасцей не страціў.
Кудрыцкая. Раджаць цэлую вечнасць — гэта, я вам скажу, таксама не вялікая асалода.
Бабровіч. Гэта ваша добрая воля: не хочаце — не раджайце.
Кудрыцкая. Калі ў цябе ўсё ў норме, як у гэтага пацука, дык дзе ты дзенешся.
Бабровіч. Ясна. Будзем раўняцца на пацука.
Адамейка. Калі Бог стварыў Адама і Еву, Ён даў ім наказ: «Пладзіцеся, размнажайцеся, засяляйце зямлю і пануйце над ёй». Будзем жыць па закону Божаму.
Бабровіч. Паважаныя энтузіясты па часці размнажэння! Я — эканаміст. Магу захапляцца і рамантыкай, але свае рамантычныя захапленні заўсёды правяраю статыстычнымі данымі. Вось і вам хачу падкінуць некалькі лічбаў. Клаўдзія Пятроўна, як часта жанчына можа раджаць? Асабліва не перагружаючы сябе.
Кудрыцкая. Я думаю, што раз у трычатыры гады можа раджаць.
Бабровіч. Пры ўмове, што людзі не будуць паміраць і ўсе дарослыя жанчыны будуць раджаць раз у чатыры гады, насельніцтва за дваццаць гадоў павялічыцца ў тры разы.
Генка. Гэта яшчэ не страшна.
Бабровіч. Такім чынам, за сто гадоў насельніцтва нашай рэспублікі павялічыцца ў дзвесце сорак тры разы і будзе складаць два мільярды сто восемдзесят мільёнаў чалавек.
Генка. Мільярды?
Бабровіч. Так, мільярды.
Варакса. Тут нешта не так.
Бабровіч. Усё так, Аляксандр Паўлавіч. Можаце праверыць. Вазьміце дзевяць мільёнаў нашага насельніцтва і памножце на тры ў пятай ступені. Атрымаецца тое, што трэба.
Кудрыцкая. А чаму ў пятай?
Бабровіч. Таму, што ў стагоддзі пяць дваццацігоддзяў.
Варакса (падлічвае). Сапраўды — два мільярды сто восемдзесят сем мільёнаў.
Адамейка. I нікуды не дзенешся.
Генка. Яшчэ, бадай што, можна дыхаць?
Бабровіч. А чым я вас карміць буду?
Генка. Сінтэтычнай мікракаўбасой.
Бабровіч. Два мільярды касцюмаў дзе я вам вазьму?
Генка. Клімат зменім, без штаноў абыдземся.
Бабровіч. Тут і трусоў не хопіць.
Адамейка. Здрэйфіў, таварыш начальнік.
Кудрыцкая. Эканоміка, відаць, не дарасла яшчэ да неўміручасці.