Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
– А навошта вам гэтыя абмеры?
– Дзеля навуковых дадзеных.
Наконт газет i часопiсаў прыезджыя пусцiлi пыл у вочы, але праз паўгода прыслалi нейкi падручнiк, на вокладцы якога быў ва ўсёй сваёй красе класiчны бактэрыян - Буранны Каранар. Фотаздымкаў прыслалi цэлую кучу, былi нават каляровыя. Нават паводле здымкаў можна меркаваць - шчаслiвая, харошая была пара. Нягоды пасляваенныя адышлi, дзецi яшчэ не выраслi са свайго малечага ўзросту, дарослыя ўсе жывыя-здаровыя, i старасць яшчэ чакала свайго за гарамi.
Тым днём у гонар гасцей зарэзаў Едыгей баранчыка i наладзiў добрае частаванне для ўсiх баранлiнцаў. Шубата, гарэлкi i закусi рознай хапала. Тады заязджаў на пераезд орсаўскi крама-вагон, у якiм было ўсё, што душа пажадае. Грошы б толькi былi. Розныя там крабы, чырвоная i чорная iкра, рыба розных гатункаў, каньяк, каўбаса, цукеркi i ўсялякае рознае. I трэба ж, калi ўсё ёсць, не надта куплялi. Навошта лiшняе? Цяпер пра гэтую краму даўно не чуваць...
А тады хораша пасядзелi, пiлi нават за Бураннага Каранара. I ў размове высветлiлася, што госцi дазналiся пра Каранара ад Елiзарава. Гэта Елiзараў расказаў iм, што ў саразеках жыве ягоны сябра Буранны Едыгей i што ён гаспадар самага прыгожага вярблюда на свеце! Елiзараў, Елiзараў! Цудоўны чалавек, знаўца саразекаў, вучоны...
Расказалi яны гасцям, то Казангап, то Едыгей, дапаўняючы адзiн аднаго, саразекскае паданне пра гiсторыю пачынальнiцы тутэйшай пародьi вярблюдаў, пра славутую белагаловую вярблюдзiху Акмаю i яе не менш славутую гаспадыню Найман-Ану, што спачывала на могiлках Ана-Бейiт. Бач, адкуль вёў свой род Буранны Каранар!
Праводзiлi гасцей пад вечар ужо. Задаволены, нават горды быў Едыгей. Тады i сказаў Казангапу не падумаўшы. Выпiў бо з гасцямi. Але што сказана, тое сказана.
– А што, Казаке, прызнайся, - сказаў ён Казангапу, - не шкадуеш, скажы, што аддаў мне ў падарунак сысунком Каранара?
Казангап глянуў на яго з усмешкай. Мусiць, не чакаў такога. I, памаўчаўшы, адказаў:
– Усе мы людзi, вядома. Але ведаеш, ёсць такi закон, продкамi яшчэ прыдуманы: мал несi кудайдан. Гэтая справа ад бога. Толькi тваiм павiнен быць Каранар, i толькi ты ягоны гаспадар. А каб патрапiў ён, скажам, у iншыя рукi, невядома, якiм быў бы ён, а можа, i не выжыў бы нават, здох цi што яшчэ. Асунуўся б з абрыва, напрыклад. Табе ён павiнен быў належаць. У мяне i раней былi вярблюды, i някепскiя. I ад гэтай жа маткi, ад Белагаловай, ад якой Каранар. А ў цябе ён быў адно-адзiны, у падарунак бо дадзены быў... Дай бог, каб яшчэ сто год табе служыў. А ты так не думай, як сказаў...
– Ну прабач, прабач, Казаке, - засарамацiўся Едыгей, шкадуючы, што ляпнуў лiшак.
I далей сказаў Казангап. Паводле падання, залатая матка Акмая прынесла сямёра дзетак прыплоду: чатырох матак, трох самцоў. I вось з тае пары ўсе маткi нараджаюцца светлыя, белагаловыя, усе самцы, наадварот, чорнагаловыя, а самi рудой масцi. Таму Каранар i ўдаўся такiм. Ад белагаловай маткi чорны вярблюд. Гэта першая прыкмета яго паходжання ад Акмаi, i з той пары хто ведае, колькi год прайшло, дзвесце, трыста, пяцьсот, але ў саразеках род Акмаi не згасае. I не-не ды i паявiцца такi вярблюд-сыртан, звышвярблюд, значыцца, як Буранны Каранар. А Едыгею, бадай, павязло папраўдзе. На ягонае шчасце нарадзiўся Каранар i патрапiў яму ў рукi...
А калi надышла пара нешта рабiць з Каранарам - цi звалхаць цi трымаць яго на ланцугу, таму што пачаў ён вар'явацца страшэнна, не падпускаючы да сябе людзей, збягаў, прападаў недзе па колькi сутак, - Казангап у вочы сказаў Едыгею, калi той пачаў раiцца з iм:
– Гэта справа твая. Хочаш спакойнага жыцця - звалхай. Хочаш славы - не чапай. Але тады бяры на сябе за яго адказ. Хопiць сiл i цярпення - пачакай, перабунтуе гады са тры i будзе потым за табой хадзiць.
Не стаў чапаць Едыгей Бураннага Каранара. Рукi не паднялiся. Пакiнуў яго атанам. Але здаралася - плакаў праз яго крывавымi слязьмi.
V
Цягнiкi ў гэтым краi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход... А па баках ад чыгункi ў гэтым краi ляжалi вялiкiя пустэльныя прасторы - Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў. У гэтым краi любая адлегласць вымяралася ў дачыненнi да чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна.
А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Раным-рана ўсё было гатова. Наглуха спавiтае ў густую кашму i перавязанае зверху ваўнянай тасьмой цела Казангапа з захутанай галавой паклалi ў трактарны прычэпчык, папярэдне паслаўшы на дно пiлавання, стружак i слой чыстага сена. Трэба было не вельмi што затрымлiвацца з выездам, каб да вечара, не пазней пяцi-шасцi гадзiн, паспець вярнуцца з могiльнiка. Трыццаць кiламетраў у адзiн канец ды столькi ж у другi, ды там само пахаванне - вось i атрымлiваецца, што памiнкi спраўляць давядзецца недзе толькi каля шасцi вечара. Так i выпраўлялiся ў дарогу, каб паспець з памiнкамi. I ўсё было ўжо гатова. Трымаючы на повадзе асядланага i прыбранага яшчэ з учарашняга вечара Каранара, Буранны Едыгей прыспешваў людзей. I вечна яны важдаюцца. Сам ён, хоць i не спаў усю ноч, выглядаў падцягнутым, засяроджаным, хоць i змарнеў. Чыста паголены, сiвавусы i сiвабровы Едыгей быў у лепшым сваiм убраннi - хромавых ботах, у вельветавых велiкаватых галiфэ, у чорным пiнжаку паверх белай кашулi, i на галаве святочная фуражка чыгуначнiка. На грудзях яго паблiсквалi ўсе баявыя ордэны, медалi i нават значкi ўдарнiка пяцiгодак. Усё гэта яму пасавала i надавала спаважнасцi.
На провады сабралiся ўсе баранлiнцы ад малога да вялiкага. Тоўпiлiся каля прычэпа, чакалi выезда. Жанчыны не перастаючы плакалi. Неяк само сабой выйшла, Буранны Едыгей сказаў прысутным:
– Мы зараз адпраўляемся на Ана-Бейiт, на самы пашаноўны старадаўнi могiльнiк у саразеках. Нябожчык Казангап-ата заслужыў гэтага. Ён сам завяшчаў, каб пахавалi яго там.
– Едыгей задумаўся, што сказаць яшчэ, i працягваў: Значыць, скончылiся вада i соль, назначаныя яму на раду. Гэты чалавек праслужыў на нашым раз'ездзе роўна сорак чатыры гады. Можна сказаць, усё жыццё. Калi ён тут пачынаў, не было нават вадакачкi. Ваду прывозiлi ў цыстэрне на цэлы тыдзень. Тады не было снегаачышчальнiкаў i другiх машын, якiя цяпер ёсць. Не было нават такога трактара, на якiм мы цяпер вязём яго хаваць. Але ўсё роўна цягнiкi iшлi i шлях iм быў заўсёды адкрыты. Ён сумленна адслужыў свой век на Баранлы-Буранным. Ён быў добры чалавек. Вы ўсе ведаеце. А цяпер мы рушым. Усiм туды няма на чым i няма чаго ехаць. Ды i лiнiю не маем права пакiдаць. Мы паедзем туды ўшасцёх. I ўсё зробiм як належыць. А вы чакайце нас i рыхтуйцеся; як вернемся, усе збiрайцеся на памiнкi, клiчу ад iмя яго дзяцей, вось яны - сын i дачка яго...
Хоць Едыгей i не думаў, атрымаўся нiбы як маленькi жалобны мiтынг. З тым яны i рушылi. Баранлiнцы прайшлi крыху за прычэпам i засталiся кучкай за дамамi. Некаторы час чуўся яшчэ плач - то галасiлi ўслед Айзада i Укубала...
I калi сцiхлi, засталiся ззаду галашэннi i яны ўшасцёх, усё далей адыходзячы ад чыгункi, паглыбiлiся ў саразекi, Буранны Едыгей з палёгкай уздыхнуў. Цяпер яны былi самi па сабе, i ён ведаў, што трэба рабiць.
Сонца ўжо падымалася над зямлёй, шчодра i ўсцешна залiваючы святлом саразекскiя прасторы. Пакуль у стэпе яшчэ панавала прахалода i нiшто не замiнала iх руху. Звычна i недасяжна луналi ў вышынi два каршуны ды iншы раз пырхалi з-пад ног жаўранкi, збянтэжана шчабечучы i трапечучы крыльцамi. "Хутка i яны паляцяць. Разам з першым снегам збяруцца ў чароды i паляцяць", - падумаў сам сабе Едыгей, уявiўшы на iмгненне, як цярусiць снег i як у той снежнай мiльгацi адлятаюць птушкi. I зноў успомнiлася яму чамусьцi тая лiсiца сярод ночы, якая прыбягала да чыгункi. Ён нават паглядзеў употай па баках - цi не iдзе следам. I зноў падумалася яму пра вогненную ракету, што падымалася той ноччу над саразекамi. Здзiўляючыся гэтым думкам сваiм, ён усё ж прымусiў сябе забыць пра ўсё. Не пра тое трэба думаць у гэтыя хвiлiны, хоць шлях быў далёкi...
Узвышаючыся на сваiм Каранары, Буранны Едыгей ехаў уперадзе, паказваючы напрамак на Ана-Бейiт. Шырокiм, размашыстым крокам iшоў пад iм Каранар, усё больш уцягваючыся ў дарожны рытм руху. Для дасведчанага чалавека Каранар быў асаблiва прыгожым на хаду. Галава вярблюда на горда выгнутай шыi нiбы плыла над хвалямi, застаючыся амаль нерухомай, а ногi, даўжэзныя i сухажылыя, стрыглi паветра, нястомна адмерваючы крокi па зямлi. Едыгей сядзеў памiж гарбамi ёмка, зручна, упэўнена. Ён быў рады, што не трэба прыспешваць Каранара, той iшоў, лёгка i чуйна, ловячы кожнае жаданне гаспадара. Ордэны i медалi на грудзях Едыгея лёгенька пазвоньвалi на хаду i свяцiлiся ў промнях сонца. Але гэта яму не перашкаджала.
Услед за iм рухаўся трактар "Беларусь" з прычэпам. У кабiне побач з маладым трактарыстам Калiбекам сядзеў Сабiтжан. Учора ён усё ж залiшне выпiў, забаўляючы баранлiнцаў рознымi байкамi аб людзях, якiмi кiруюць па радыё, i ўсякай iншай балбатнёй, а цяпер быў пануры i маўклiвы. Галава яго кiвалася з боку на бок. Едыгей баяўся, как не разбiлiся яго акуляры. У прычэпе побач з целам Казангапа сядзеў, зажурыўшыся, муж Айзады. Ён жмурыўся на сонца i зрэдку паглядаў па баках. Гэты нiкчэмны алкаголiк трымаўся ўсё ж цяпер як чалавек. Нi кроплi не ўзяў у рот. Кiдаўся ўсюды дапамагаць, ва ўсiх справах, i пры вынасе нябожчыка асаблiва стараўся, падстаўляў плячо. Калi ж Едыгей прапанаваў яму прымасцiцца ззаду на вярблюдзе, той адмовiўся. "Не, - сказаў ён, - я буду сядзець побач з цесцем, суправаджаць яго ад пачатку да канца". Гэта i Едыгей ухвалiў i ўсе баранлiнцы. I як рушылi яны з месца, то больш за ўсiх i мацней плакаў менавiта ён, седзячы ў трактарным прычэпку, прытрымлiваючы лямцавы скрутак з целам Казангапа. "А што, раптам чалавек возьмецца за розум ды кiне пiць! Якое шчасце было б для Айзады i дзяцей".