ЖАНРЫ

Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:

Ранiцай Едыгей рушыў у дарогу. Укубала нарыхтавала яму яды на дарогу. Апрануўся ён як мае быць. Уповерх ватных штаноў i целагрэйкi надзеў кажух, на ногi валёнкi, на галаву лiсiны малахай, такi, што нi з бакоў, нi ззаду вецер не праб'е, на рукi цёплыя аўчынныя рукавiцы. А калi сядлаў вярблюдзiцу, на якой збiраўся ехаць, прыбеглi Абуталiпавы малыя. Давул прынёс яму вязаны ўручную шарф.

– Дзядзька Едыгей, мама баiцца, каб у цябе шыя не застыла.

– Шыя? Лепей скажы, горла.

Едыгей так расчулiўся, што пачаў абдымаць, цалаваць малых, галава кругам пайшла. Радасць была на душы, як у таго дзiця.

– Скажыце маме, што я скора вярнуся, можа, заўтра яшчэ буду. Нi на хвiлiну не затрымаюся. А потым мы разам збярэмся i будзем пiць чай.

Як хацелася Едыгею найхутчэй дабрацца да таго Ак-Майнака i вярнуцца назад, каб убачыць Зарыпу, зазiрнуць ёй у вочы i ўпэўнiцца, што не выпадкова патрапiў да яго той шарфiк, якi ён беражлiва згарнуў i паклаў сабе ў кiшэню пiнжака, блiжэй да сэрца. Выехаўшы, ён ледзь стрываў, каб не павярнуць назад - бог з iм, гэтым шалёным Каранарам, няхай страляе яго нейкi Каспан, няхай прысылае ягоную шкуру. Няхай! Так i трэба Каранару, колькi можна цярпець ягоныя штукарствы! Было, было такое парыванне! Але збаяўся. Зразумеў, што дурань дурнем будзе выглядаць у вачах людскiх, кiм ён паўстане перад Укубалай, ды i Зарыпай? I паастыў. Зразумеў, што толькi адзiн у яго спосаб збiць нецярплiвасць - хутчэй дабрацца i хутчэй вярнуцца.

З тым ён i ехаў. Марозна было. Вецер дыхаў роўна i сiберна. На ветры лiсiны малахай браўся пушыстай куржой. I гэткай жа белай была шыя вярблюдзiцы. На зiму, бач, бярэцца. Затуманiлася далеч. Зблiзу нiбы няма таго туману, а глянеш далей - сiвее далягляд.

Маладая, але ходкая вярблюдзiца iшла нiштавата сабе, бадзёра бэрсала нагамi цалiк. Але для Едыгея гэта была не тая язда, не тая хуткасць. Каб на Каранары - не так ехаў бы. У таго дыханне куды мацней, ды i мах не параўнаць. Нездарма казалi яшчэ некалi:

Чым лепей конь мой ад таго?

Непараўнальным ходам лепей.

Чым лепш батыр ад батыра?

Ды вострым розумам, вядома.

Язда была няблiзкай i ўвесь час на адзiноце. Але весялiла думка пра той шарфiк, якi схаваў каля сэрца. Колькi пражыў на свеце, а не думаў, што такая драбнiца можа так грэць душу. Бывала, i задумваўся. Як жыць далей. Чалавек жывы павiнен жыць, бачачы мэту перад сабой, ведаючы шлях да гэтай мэты. А iх дык i не было.

I тады журботна туманiўся Едыгееў пагляд, як тая маўклiвая саразекская далеч. Не знаходзiў Едыгей адказу, маркоцiўся, перажываў, дух ягоны занепадаў, каб зноў акрыляць сябе лятункамi...

А часам рабiлася яму i страшнавата, вусцiшнавата ў гэтай глушэчы i пустэльнасцi. I навошта такое жыццё выпала яму? Навошта ён трапiў у саразекi? Навошта напаткалася яму тут гэтая няшчасная сям'я, якую неўзлюбiў лёс? Не было б усяго гэтага, не ведаў бы нiякiх згрызот i жыў бы сабе спакойна i вольна. Дык не, душа пакутуе, i хочацца ёй таго, што немагчыма... А тут яшчэ гэты Каранар, таксама клопат, нейкая кара боская. Не, як нi кажы, не шанцуе ў гэтай жытцы...

Дабраўся Едыгей да Ак-Майнака якраз пад вечар. Стамiлася ў дарозе вярблюдзiца. Няблiзкi свет, зiмовая дарога.

Ак-Майнак - такi ж раз'езд, як Баранлы-Буранны, толькi вада ў iх свая, калодзежная. А так - тое самае, тыя ж саразекi.

Пад'язджаючы да Ак-Майнака, спытаў Едыгей у нейкага стрэчнага, дзе, маўляў, тут Каспан. Той яму сказаў, што Каспан гэтым часам на рабоце, дзяжурыць на раз'ездзе. Туды i пакiраваў Едыгей. Пад'ехаў да дзяжуркi i хацеў быў спешыцца, калi на ганку паявiўся жвавы, усмешлiвы нейкi дзяцюк у кажусе не па росту, у стаптаных валёнках, у старым малахаi, надзетым на адно вуха.

А-а, Едыгей-ага! Наш дарагi Баранлы-ага!
– адразу пазнаў ён Едыгея i кiнуўся насустрач з ганка.
– Вось i ты. А мы чакаем-чакаем, думаем, цi прыедзе.

– Паспрабуй не прыехаць, - усмiхнуўся Едыгей, - калi такое грознае пiсьмо атрымаў.

– А як жа iнакш? Але пiсьмо - марнасць, паперка. А тут справы такiя, што трэба тэрмiнова ратаваць нас ад дурнога Каранара, бо мы нiбы ў блакадзе. У стэп ходу нам няма. Убачыць каго здаля - бяжыць як апантаны, гатовы знявечыць! Вар'ят нейкi. Гэта ж кара - мець такую жывёлiну!
– Ён змоўк, аглядзеў Едыгея i дадаў: - Толькi я не разумею, як ты да яго падступiшся з голымi рукамi.

– Навошта з голымi рукамi? Вось мая зброя.
– Едыгей дастаў з дарожнай сумы накручаны на пугаўё бiч.

– Гэтай пугай ты рады дасi?

– А што, гармату загадаеш мець супроць вярблюда?

– Ды мы тут з ружжамi баiмся. Не ведаю, можа, папусцiцца табе як гаспадару... Але наўрад, вочы шалёныя...

– Ну, гэта яшчэ паглядзiм, - адказаў Едыгей.
– Навошта час трацiць? Мусiць, ты i ёсць той самы Каспан. Калi так, дык вядзi мяне, пакажы, дзе ён, а ўсё астатняе справа мая.

– Гэта не так блiзка, - сказаў Каспан i пачаў аглядвацца па баках, а потым паглядзеў на гадзiннiк.
– Вось што, Едыгей-ага, позна ўжо. Пакуль дабярэшся туды, звечарэе. Не, так справа не робiцца. А потым, такiх людзей, як ты, не заўсёды даклiчашся ў госцi. Будзь нашым госцем. А ранiцай - рабi як знаеш.

Такога павароту Едыгей не чакаў. Ён разлiчваў, што калi ўдасца злавiць Каранара, дык сёння ж ноччу дабярэцца да Кумбеля, там заначуе, а на свiтаннi выправiцца далей. Бачачы, што Едыгей нецярплiвiцца, Каспан рашуча запярэчыў:

– Не, Едыгей-ага, так не будзе. За пiсьмо даруй. Але другога выйсця не было. А цяпер я не адпушчу цябе. Не дай бог здарыцца што ноччу ў бязлюдным стэпе... Не, заставайся, а ранкам як хочаш. Вунь мой дамок, з краю. Ён твой. Заставайся. А вярблюдзiцу стаўляй у загон. Корм будзе. Вада ў нас свая, хапае.

Хутка сцямнела тым зiмовым днём. Каспан i ягоная сям'я аказалiся цудоўнымi людзьмi. Старая мацi, жонка, хлапчук гадоў пяцi (старэйшая дзяўчынка вучылася ў Кумбельскiм iнтэрнаце) i сам Каспан толькi i клопату мелi, каб дагадзiць госцю. У доме было цёпла, па-асаблiваму ажыўлена. На кухнi варылася мяса, духмяны пах стаяў. Тым часам пiлi чай. Старая сама налiвала пiялы Едыгею i ўсё распытвала пра сям'ю, пра дзяцей, пра жонку, ды адкуль, маўляў, сам, ды сама ў сваю чаргу расказвала, калi i як прыбiлася на раз'езд Ак-Майнак. Едыгей ахвотна адгукаўся на размовы, хвалiў пачастунак, асаблiва масла - не такi часты пачастунак у саразеках. А яго iм прыслалi сваякi з Уралу. Едыгей, смакуючы праснакi з гэтым маслам, казаў, што адчувае нават пах лугавых траў, чым надта расчулiў старую, i яна пачала расказваць пра радзiму сваю - пра яiцкiя землi, пра тамтэйшыя травы, лясы i рэкi...

Тым часам прыйшоў начальнiк раз'езда - Эрлепес, запрошаны Каспанам з выпадку прыезду Бураннага Едыгея. Пачалася мужчынская размова пра службу, пра транспарт, пра заносы на лiнii. З Эрлепесам Едыгей быў трохi знаёмы i раней, той даўно працаваў ужо на чыгунцы, а тут давялося сысцiся блiжэй. Быў той старэй за Едыгея. Начальнiкам Ак-Майнака сядзеў з канца вайны, i адчувалася, што ўсе тут паважалi яго.

Ужо ноч стаяла за вокнамi. Час ад часу з шумам праносiлiся цягнiкi, звiнелi шыбiны, посвiст ветру чутны быў.

Поделиться с друзьями: