ЖАНРЫ

Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:

– Як жа так?
– прашаптаў Едыгей у пустату, усё яшчэ не жадаючы зразумець да канца, што адбылося.
– Значыць, нiкога. Нiкога?
– сказаў ён здзiўлена i пужлiва, хаця i вiдно было, што людзi пакiнулi гэтае жытло.

I яму стала не па сабе, так блага, як нiколi за ўсё пражытае жыццё. Ён стаяў у кажусе пасярод пакоя, ля халоднай печы, не разумеючы, што рабiць, як быць далей, як задушыць у сабе боль i страту. На падваконнi ляжалi каменьчыкi, забытыя Эрмекам. Едыгей згроб каменьчыкi ў жменю, зацiснуў iх у далонi, - вось i ўсё, што засталося. Сiлы пакiдалi яго, ён адвярнуўся да сцяны, прыцiснуўся гарачым тварам да халодных дошак i зарыдаў сутаргава i няўцешна. I пакуль ён плакаў, з рукi яго падалi на падлогу каменьчыкi, падалi на падлогу з глухiм стукатам адзiн за адным, падалi i кацiлiся хто ў якi кут...

Потым ён абярнуўся, але раптам пачаў асядаць, спаўзаць долу, затрымаўся на кукiшках i сядзеў так, падпёршы спiной сцяну i ўсхлiпваючы... Дастаў з кiшэнi шалiк, падораны нядаўна Зарыпай, i выцiраў iм слёзы...

Так сядзеў ён у пакiнутым бараку i стараўся зразумець, што адбылося. Значыцца, Зарыпа паехала з дзецьмi ў яго адсутнасць назнарок. Значыць, яна баялася, што ён не адпусцiць iх. Ды ён i не адпусцiў бы iх нi ў якiм выпадку, нiзавошта. Чым бы гэта нi скончылася, не адпусцiў бы. Але цяпер было позна меркаваць, як i што было б, каб ён быў тут. Не было Зарыпы! Не было малых! Ды хiба ж ён разлучыўся б з iмi! Гэта ўсё Зарыпа, рашыла, што лепш паехаць у яго адсутнасць. Аблягчыла сабе ад'езд, не падумала пра яго, пра тое, як страшна будзе яму застаць апусцелы барак.

I нехта ж спынiў для яе цягнiк на раз'ездзе! Нехта! Ды вядома хто Казангап, хто ж яшчэ! Толькi ён не зрываў, вядома, кран, як Едыгей у дзень смерцi Сталiна, а дамовiўся, упрасiў начальнiка раз'езда спынiць якi-небудзь пасажырскi цягнiк. Гэты можа... I Укубала, мусiць, памагла, каб хутчэй ехалi адсюль! Ну чакайце! I помста закiпела ў ягоных грудзях - хацелася як найхутчэй сабрацца з сiламi i скрышыць усё на гэтым праклятым богам раз'ездзе, разнесцi ўшчэнт, каб аскепка не засталося! Сесцi на Каранара i падацца ў саразекi, здохнуць там ад адзiноты i сцюжы! Так ён сядзеў на пакiнутым месцы знясiлены, спустошаны, утрапёны ўбачаным. "Навошта яна паехала? Куды паехала? Навошта, куды?"

Потым ён заявiўся дадому. Укубала моўчкi ўзяла кажух, шапку, валёнкi аднесла ў кут. Па застылым, як камень, шэрым твары Бураннага Едыгея цяжка было пазнаць, пра што ён думае i што будзе рабiць. Вочы ягоныя здавалiся невiдушчымi. Яны нiчога не выказвалi, затаiлi ў сабе нейкi нечалавечы высiлак. Укубала ўжо колькi разоў у чаканнi мужа ставiла самавар. Самавар кiпеў, яму хапала вугалю.

– Чай гарачы, - сказала жонка.
– Кiпiць.
– Астыне чай, - паўтарыла жонка.

Едыгей моўчкi глянуў на яе i пачаў хлябаць кiпень. Ён не адчуваў гарачынi.

– Зарыпа паехала адсюль з дзецьмi, - сказала нарэшце Укубала.

– Ведаю, - не ўзнiмаючы галавы ад кiпеню, коратка буркнуў Едыгей. I, памаўчаўшы, спытаў, не ўзнiмаючы галавы ад пiялы: - Куды паехала?

– Пра гэта яна не сказала, - быў адказ Укубалы.

На тым яны змоўклi. Едыгей цяпер думаў толькi пра адно: толькi б стрываць, толькi б не раскiдаць тут усё, не разбудзiць дзяцей, толькi б не нарабiць бяды...

Скончыўшы пiць чай, ён зноў пачаў збiрацца на вулiцу. Зноў надзеў валёнкi, кажух, шапку.

– Ты куды?
– спытала жонка.

– Жывёлу паглядзець, - буркнуў ён каля дзвярэй.

Кароткi зiмовы дзень паспеў тым часам скончыцца. Увачавiдкi цямнела, гусцела паветра наўкол. I мароз прыкметна залягаў, пазёмка бралася, ускiдваючыся пакручастымi грывамi. Едыгей пахмура iшоў да загона. I, увайшоўшы, злосна кiнуў вокам, прыкрыкнуў на неспакойнага Каранара:

– Ты ўсё не ўтаймуешся! Спачыну табе няма! Ну дык ты ў мяне, свалата, дачакаешся! Размова будзе кароткая! Цяпер ты атрымаеш сваё!

Едыгей злосна выцяў Каранара ў бок, пачаў брыдка лаяцца, рассядлаў, адкiнуў прэч сядло i зняў з нагi ланцуг. Затым ён узяў Каранара за повад, у другой руцэ зацiснуў бiч, накручаны на пугаўё, i павёў у стэп на павадзе жывёлiну, што ўраз адчула роспач i тугу - завыла, застагнала. Колькi разоў гаспадар азiраўся, пагрозлiва замахваўся, тузаў за повад Каранара, каб той перастаў стагнаць i выць, але было тое дарэмна - ён плюнуў i, не звяртаючы нi на што ўвагi, iшоў панура глыбокiм снегам, пазёмкай - у поле, што захiналася паволi смугой. Ён цяжка дыхаў, але iшоў безупынку. Доўга iшоў, апусцiўшы змрочна галаву. Адышоўшы далёка за пагорак, ён прытрымаў Каранара i даў яму добрага пытлю. Скiнуўшы на снег кажух, ён прывязаў повад да рэменя ад ватоўкi, каб вярблюд не вырваўся i не збег i каб мець рукi свабоднымi, i, узяўшы ў абедзве рукi пугаўё, пачаў лупцаваць бiчом атана з усяе моцы, нiбы помсцячы яму за сваю бяду. Ярасна, бязлiтасна бiў ён Бураннага Каранара, удар за ўдарам, хрыпуча, маячыся i праклiнаючы:

– На табе! На! Ваўкарэзiна! Гэта ўсё праз цябе! Гэта ты ва ўсiм вiнаваты! I цяпер я цябе адпушчу, бяжы куды вочы глядзяць, але перш я цябе скалечу! На табе, на табе! Ненажэра! Табе ўсё мала. Табе б адбiцца ад рук, ад гаспадара. А яна тым часам паехала! I нiкому з вас няма справы, што рабiць цяпер мне! Як мне цяпер жыць на свеце? Як мне жыць без яе? Калi вам усё адно, дык i мне ўсё адно - вось табе! Вось табе, сабака!

Каранар крычаў, iрваўся пад ударамi бiча, i, ашалеўшы ад страху i болю, збiў гаспадара з ног, i пабег, пацягнуў яго за сабой. Ён валок гаспадара з няўцямнай, страшэннай сiлай, валок як бервяно, толькi б пазбавiцца ад яго.

– Стой, стой!
– ускрыкваў Едыгей, захлiпаючыся.

Шапка зляцела, галава ўзрывала снегавыя гурбы, снег сыпаўся за шыю, за пазуху, у руках блытаўся бiч, i нiчога нельга было зрабiць, каб неяк спынiць атана, адвязаць повад ад рэменя на поясе. А той валок яго роспачна, безразважна, бачачы ва ўцёках паратунак. Хто ведае, чым бы гэта ўсё скончылася, каб Едыгею не ўдалося нейкiм цудам разблытаць рэмень, сарваць спражку i тым выратавацца, бо iнакш затохся б ён у гурбах. Калi ён ужо схапiўся за повад, вярблюд правалок яго яшчэ колькi метраў i стаў. Гаспадар трымаў яго з усiх сiл.

– Ах ты, - аддыхваючыся, мармытаў Едыгей.
– Дык ты так? Ну дык вось табе, скацiна! I прэч, прэч з вачэй маiх! Бяжы, пракляты, каб нiколi больш не бачыць цябе! Няхай цябе застрэляць, як шалёнага сабаку! Усё праз цябе! Здыхай у стэпе. I каб духу твайго блiзка не было!
– Каранар адбягаўся з крыкам у ак-майнакскi бок, а Едыгей даганяў яго, бiў бiчом, падганяў, адракаючыся ад яго i праклiнаючы. Надышоў час расплаты i разлукi. I таму Едыгей доўга яшчэ крычаў услед:

– Прападай, згiнь, чортава жывёлiна! Бяжы! Здыхай там, ненажэра! Каб табе кулю ў лоб пусцiлi!

Каранар бег усё далей прыцемненым стэпам i хутка прапаў у завiрушнай iмгле, толькi чулiся зрэдзь ягоныя трубныя воклiчы. Едыгей уяўляў сабе, як усю ноч навылёт, без аддыху, будзе бегчы ён скрозь завiруху туды, да ак-майнакскiх матак.

– Цьфу!
– плюнуў Едыгей i павярнуў назад шырокiм, пакiнутым ягоным целам следам. Без шапкi, без кажуха, з гарачым тварам, брыў ён у цеменi, валочачы бiч, i раптам адчуў жудкае спусташэнне, знямогу. Ён упаў на каленi ў снег i, сагнуўшыся ў тры пагiбелi, закрычаў, зарыдаў глуха i роспачна. Потым сцiх, слухаючы адзiноту саразекаў i - сваю. Ён чуў, - сунецца вецер па стэпе, лёгка пасвiстваючы, выклiкае, наклiкае снег. Кожная сняжынка, мiльён сняжынак, нячутна шэпчучы, здавалася яму, казалi адно: што не адолець яму цяжар разлукi, што няма сэнсу жыць без каханай жанчыны i без тых малых, да якiх ён прыкiпеў душой, як не кожны бацька. I яму захацелася памерцi тут, каб занесла яго тут жа снегам.

Поделиться с друзьями: