ЖАНРЫ

Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:

З сiнiх гор калi пойдзе качэўе,

На кiрмаш не прыйду, Бегiмай.

Бо я ў неба дарогу знайшоў...

Вось якая яна, гiсторыя гэтая...

Цяпер, па дарозе на Ана-Бейiт, праводзячы Казангапа ў апошнi шлях, пра гэта ўсё думаў неадчэпна Едыгей.

XI

Цягнiкi ў гэтых мясцiнах iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход. А па абодвух баках чыгункi тут ляжалi, вялiкiя пустынныя прасторы - Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў...

У гэтых мясцiнах адлегласцi вымяралiся адносна чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...

А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...

Мiнаваўшы вельмi доўгi праезд уздоўж чырвонапясчанай стромы Мала-Кумдычап, дзе некалi кружыла Найман-Ана ў пошуках свайго сына-манкурта, яны апынулiся на подступах да Ана-Бейiта. I тут здарылася першая нечаканка. Яны напаролiся на перашкоду - агароджу з калючага дроту.

Едыгей спынiўся першы - вось табе i раз! Ён нават прыўстаў на страмёнах i паглядзеў направа, паглядзеў налева - наколькi ахапiць вокам, нiтаваўся паўсюль непраходны калючы дрот, начэплены ў некалькi радоў на жалезабетонныя чыгунныя слупы.

Ззаду спынiлiся трактары. Першым выскачыў з кабiны Сабiтжан, за iм Доўгi Эдыльбай.

– Што такое?
– махнуў рукой Сабiтжан на агароджу.
– Не туды патрапiлi, цi што?
– запытаўся ён у Едыгея.

– Чаму не туды? Туды, ды толькi вось дрот узяўся аднекуль, каб яго чорт узяў!

– Няўжо яго раней не было?

– Не было.

– Што рабiць цяпер? Як мы паедзем далей?

Едыгей прамаўчаў. Ён i сам не ведаў, што рабiць.

– Эй, ты! Ану спынi трактар! Хопiць тарахцець!
– раздражнёна кiнуў Сабiтжан Калiбеку, што высунуўся з кабiны.

Той заглушыў матор, за iм замоўк i экскаватар. Стала цiха. Зусiм цiха.

Вялiкi саразекскi стэп распасцiраўся пад небам ад краю i да краю зямлi, але праходу да Ана-Бейiцкага могiльнiка не было.

Першы парушыў маўчанне Доўгi Эдыльбай:

– А што, Едыке, раней дроту тут не было?

– Зроду не было! Першы раз бачу.

– Выходзiць, што абгарадзiлi зону спецыяльна. Для касмадрома, напэўна? выказаў здагадку Доўгi Эдыльбай.

– Вiдаць. Iнакш нашто столькi працы - у голым стэпе такую агароджу ставiць. Некаму ж прыйшло ў галаву. Што ўздумаецца, тое i робяць, каб iх чорт узяў!
– вылаяўся Едыгей.

– Ды што тут лаяцца! Трэба было даведацца, перш чым выязджаць на пахаванне ў такую далеч, - панура сказаў Сабiтжан.

Настала цяжкая паўза. Буранны Едыгей непрыязна глянуў зверху ўнiз, з вышынi Каранара на Сабiтжана, якi стаяў побач.

– Ты вось што, родны, пацярпi крыху, не мiтусiся, - сказаў ён як мага спакойней.
– Раней тут не было калючага дроту, адкуль было ведаць?

– Вось пра гэта i гаворка, - буркнуў Сабiтжан i адвярнуўся.

Зноў змоўклi. Доўгi Эдыльбай нешта меркаваў.

– Што ж рабiць цяпер, Едыке? Што рабiць? Цi ёсць iншая дарога на могiльнiк?

– Павiнна быць. Чаму ж не? Ёсць тут дарога, кiламетраў пяць управа, адказаў Едыгей, азiраючыся па баках.
– Давайце рушым туды. Не можа быць, каб без праезду - нi туды нi сюды.

– Гэта дакладна, што там ёсць дарога?
– задзiрлiва ўдакладнiў Сабiтжан. А то якраз атрымаецца - нi туды нi сюды!

– Ёсць, ёсць, - запэўнiў Едыгей.
– Сядайце, паехалi. Не будзем марнаваць час.

I яны зноў рушылi. Зноў затарахцелi ззаду трактары. Паехалi ўздоўж дроту.

Едыгей перажываў. Ён быў вельмi збянтэжаны гэтым. Як жа так, злаваў ён у душы, пазакрывалi, агарадзiлi ўсё вакол, а на могiльнiк дарогi не паказалi. Вось справы, вось жыццё! I, аднак, у яго была надзея - павiнен быць нейкi ўказальнiк i на гэтым, паўднёвым, баку.

Так яно i сталася. Выехалi проста да шлагбаўма.

Наблiжаючыся да шлагбаўма, Едыгей звярнуў увагу на належную трываласць прапускнога пункта: моцныя бетонныя маналiты па краях, каля самага праезду з краю дарогi цагляны дамок з шырокiм, скрозь суцэльным шклом, зверху, на плоскiм даху, былi ўстаноўлены два пражэктары. Ад шлагбаўма далей iшла асфальтаваная дарога. Едыгей затурбоцiўся.

Пры iх паяўленнi з памяшкання для паставых выйшаў зусiм яшчэ маладзенькi бялявы салдат з аўтаматам цераз плячо - руляй унiз. Абцягваючы на хаду гiмнасцёрку i папраўляючы фуражку на галаве дзеля большага сур'ёзу, ён спынiўся ля паласатага шлагбаўма з непрыступным выглядам. I ўсё ж спачатку павiтаўся, як толькi Едыгей падышоў да самай перакладзiны, якая перагароджвала дарогу.

– Добры дзень, - казырнуў вартавы, глянуўшы на Едыгея светла-блакiтнымi, яшчэ дзiцячымi вачамi.
– Хто такiя? Куды накiравалiся?

– Ды мы тутэйшыя, салдат, - адказаў Едыгей, усмiхаючыся хлапечай строгасцi вартавога.
– Вось вязём чалавека, старога нашага, пахаваць на могiльнiку.

– Без пропуску нельга, - адмоўна пакруцiў галавой маладзенькi салдат, з асцярогай адхiляючыся ад Каранаравай зубатай пашчы, якая жавала жвачку.
– Тут ахоўная зона, - растлумачыў ён.

– Разумею, але нам жа на могiльнiк. Ён тут недалёка. Што тут такога? Пахаваем i назад. Нiякай затрымкi.

– Не магу. Не маю права, - адказаў вартавы.

– Паслухай, родны.
– Едыгей нахiлiўся з сядла так, каб лепей было вiдаць яго баявыя ордэны i медалi.
– Не староннiя мы. Мы з раз'езда Баранлы-Бураннага. Чуў, пэўна. Мы свае людзi. Пахаваць вось трэба. Мы толькi на могiльнiк i назад.

– Ды я ж разумею, - пачаў быў вартавы, пацiскаючы плячамi, але тут не ў час падышоў Сабiтжан з напускным выглядам важнага, дзелавога чалавека.

– Што такое? У чым справа? Я з аблпрадсавета, - заявiў ён.
– Чаму затрымка?

– Таму што нельга.

– Я ж кажу, таварыш паставы, што з аблпрафсавета.

– А мне ўсё роўна, адкуль вы.

– Як гэта так?
– сумеўся Сабiтжан.

– А так, ахоўная зона.

– Тады нашто доўгiя размовы?
– абразiўся Сабiтжан.

– А хто доўга гаворыць? Я вось тлумачу з павагi да чалавека на вярблюдзе, а не вам. Каб яму было зразумела. А наогул я не маю права ўступаць у гаворку з пабочнымi асобамi. Я на пасту.

– Значыць, праезду на могiльнiк няма?

– Не. Не толькi на могiльнiк. Тут праезду няма нiкому.

Поделиться с друзьями: