Чалавек-невідзімка
Шрифт:
— А што ж яшчэ? — адказаў Томас Марвел, пачухваючы патыліцу.
— Выдатна, — сказаў Голас. — У такім выпадку я буду кідаць у цябе каменьчыкамі, пакуль ты не пераканаешся ў процілеглым.
— Дык дзе ж ты?
Голас не адказаў. Свіст — і камень, відаць, пушчаны з паветра, праляцеў ля самага пляча містэра Марвела, ледзьве не закрануўшы яго. Павярнуўшыся, Марвел убачыў, як другі камень, апісаўшы дугу, узляцеў уверх, павіс на секунду ў паветры і затым паляцеў да яго ног з амаль няўлоўнай хуткасцю. Марвел быў так уражаны, што нават не паспрабаваў ухіліцца. Камень, стукнуўшыся аб голы палец нагі, адляцеў у канаву. Містэр Томас Марвел падскочыў і завыў ад болю. Потым кінуўся ўцякаць, але спатыкнуўся аб штосьці і, перакуліўшыся, сеў.
— Ну, што скажаш цяпер? — спытаўся Голас, і трэці камень, апісаўшы дугу, узляцеў уверх і павіс у паветры над бадзягам. — Што я такое? Адно ўяўленне?
Містэр Марвел замест адказу падняўся на ногі, але тут жа быў зноў адкінуты на зямлю. З хвіліну ён ляжаў не рухаючыся.
— Сядзі смірна, — сказаў Голас, — інакш я кіну камень табе ў галаву.
— Ну і справы! — сказаў містэр Марвел, сядаючы і паціраючы выцятую нагу, але не зводзячы вачэй з камня. — Нічога не разумею. Камні самі лётаюць. Камні размаўляюць. Не кідайся. Згінь. Мне канцы.
Камень упаў на зямлю.
— Усё вельмі проста, — сказаў Голас. — Я — невідзімка.
— Раскажыце, што-небудзь новае, — сказаў містэр Марвел, вохкаючы і курчачыся ад болю. — Дзе вы хаваецеся, як вы гэта робіце? Не магу здагадацца. Здаюся.
— Я — невідзімка, толькі і ўсяго. Разумееш ты ці не? — сказаў Голас.
— Ды гэта ясней яснага. І нечага, судар, злавацца. Скажыце, лепш, як вы хаваецеся.
— Я — невідзімка, у гэтым уся сутнасць. Зразумей ты…
— Але дзе ж вы? — перапыніў яго Марвел.
— Ды тут, перад табой, у пяці кроках.
— Расказвай! Я не сляпы! Яшчэ скажаш, што ты — паветра. Я ж не такі ўжо невук…
— Так, я — паветра. Ты глядзіш скрозь мяне.
— Што? І ў цябе зусім нічога няма? Адзін толькі балбатлівы голас — і ўсё?
— Я такі ж чалавек, як усе, з плоці і крыві, мне трэба есці, піць і прыкрыць сваё голае цела. Але я — невідзімка. Зразумела? Я — невідзімка. Гэта вельмі проста. Нябачны.
— Сапраўдны чалавек?
— Так.
— Ну, калі так, — сказаў Марвел, — дайце руку. Гэта будзе ўсё ж на штосьці падобна… Ох! — усклікнуў ён раптам. — Як вы мяне напалохалі. Трэба ж так учапіцца!
Ён нашчупаў руку, якая сціснула кісць, затым, вызваліўшыся, нерашуча абмацаў плячо, мускулістыя грудзі, бараду. Твар яго выказваў надзвычайнае здзіўленне.
— Здорава! — сказаў ён. — Гэта цікавей за пеўневы бой. Проста дзіўна. І я мог бы бачыць скрозь вас зайца ў паўмілі адсюль. А вас самога ні кавалачка не відаць… не, урэшце…
Тут Марвел стаў уважліва ўглядвацца ў пустую як быццам прастору перад ім.
— Скажыце, вы не елі хлеб з сырам? — спытаўся ён, не выпускаючы нябачнай рукі.
— Правільна. Гэта ежа яшчэ не засвоена арганізмам.
— А-а, — сказаў Марвел. — Усё-такі гэта дзіўна.
— Сапраўды, гэта і на палавіну не так дзіўна, як здаецца.
— Для майго сціплага розуму гэта дастаткова дзіўна, — сказаў містэр Томас Марвел. — Як вы, аднак, гэта ўладжваеце? Як вам, каб яго чорт узяў, удаецца?
— Гэта занадта доўгая гісторыя. Так, акрамя таго…
— Я проста ў сябе не магу прыйсці, - сказаў Марвел.
— Я хачу вам сказаць вось што: мне патрэбна дапамога. Мяне давялі да гэтага. Я натрапіў на вас нечакана. Я ішоў, не помнячы сябе ад шаленства, голы, знясілены. Я гатовы быў забіць… І я ўбачыў вас…
— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел.
— Я падышоў да вас ззаду, падумаў і пайшоў далей…
Твар містэра Марвела вельмі красамоўна выказваў яго пачуцці.
— Потым спыніўся. «Вось, — падумаў я, — такі ж занядбаны, як я. Вось чалавек, які мне патрэбны». Я вярнуўся і накіраваўся да вас. І…
— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел. — У мяне галава ідзе кругам. Дазвольце спытацца: як жа гэта так? Невідзімка! І якая вам патрэбна дапамога?
— Я хачу, каб вы памаглі мне дастаць вопратку, і прытулак, і яшчэ штосьці… Усяго гэтага ў мяне няма ўжо даўно. Калі ж вы не жадаеце… Але вы паможаце мне, вы павінны памагчы!
— Пачакайце, — сказаў Марвел. — Дайце мне сабрацца з думкамі. Не перашкаджайце мне ўстаць на ногі. І не чапайце мяне. Я павінен прыйсці ў сябе. Вы ж ледзьве не зламалі мне палец на назе. Усё гэта так недарэчна: пустыя ўзгоркі, пустое неба, на многа міль кругом нічога не бачна, акрамя ўлоння прыроды, і раптам голас. Голас з неба. І камні. І кулак. Ах ты, госпадзі!
— Ну, не трэба нюні распускаць, — сказаў Голас. — Рабіце лепш тое, што я загадаю.
Містэр Марвел надзьмуў шчокі, і вочы яго сталі круглымі.
— Я спыніў свой выбар на вас, — сказаў Голас. — Вы — адзіны чалавек, калі не лічыць некалькіх вясковых дурняў, які ведае, што ёсць на свеце чалавек-невідзімка. Вы павінны мне памагчы. Памажыце мне, і я многае для вас зраблю. У руках чалавека-невідзімкі вялікая сіла. — Ён спыніўся і гучна чхнуў. — Але калі вы мяне выдадзіце, — працягваў ён, — калі вы не зробіце таго, што я вам загадаю…
Ён змоўк і моцна стукнуў Марвела па плячы. Той завыў ад жаху пры гэтым дотыку.
— Я не збіраюся выдаваць вас, — сказаў ён, стараючыся адсунуцца ад Невідзімкі. — Пра гэта і размовы быць не можа. Я вам з радасцю памагу. Скажыце толькі, што я павінен рабіць. (Госпадзі!) Усё, што вы пажадаеце, я зраблю з найвялікшым задавальненнем.
Раздзел Х. Містэр Марвел у Айпінгу
Пасля таго як паніка крыху заціхла, жыхары Айпінга сталі прыслухоўвацца да голасу розуму. Скептыцызм раптам падняў галаву — праўда, некалькі няўпэўнены, але ўсё ж скептыцызм. Не верыць жа ў існаванне Невідзімкі было куды прасцей, а тых, хто бачыў, як ён рассеяўся ў паветры, ці адчуў на сабе сілу яго кулакоў, можна было пералічыць на пальцах. Да таго ж адзін з відавочцаў, містэр Уоджэрс, адсутнічаў, ён зачыніўся ў сваім доме і нікога да сябе не пускаў, а Джаферс ляжаў непрытомны ў карчме «Кучар і коні». Вялікія незвычайныя ідэі, якія выходзяць за межы вопыту, часта маюць меней улады над людзьмі, чым малазначныя, але затое цалкам канкрэтныя меркаванні. Айпінг упрыгожыўся флагамі, жыхары прыбраліся. Свята ж чакалі больш чым за месяц, яго прадчувалі. Вось чаму некалькі гадзін пазней нават тыя, хто верыў у існаванне нябачнага чалавека, ужо святкавалі, суцяшаючы сябе думкамі, што ён знік назаўсёды. Ну, а калі… адносна скептыкаў, то для іх Невідзімка ператварыўся ў забаўны жарт. Як бы там ні было, сярод тых і другіх панавала незвычайная весялосць.
На Хайсменскім лузе паставілі палатку, дзе місіс Банцінг і іншыя дамы гатавалі гарбату, а навокал вучні нядзельнай школы бегалі напераганкі па траве і гулялі ў розныя гульні пад шумным кіраўніцтвам вікарыя, міс Кас і міс Сэкбат. Праўда, адчувалася нейкае лёгкае хваляванне, але ўсе былі настолькі разважлівыя, што хавалі свае страхі. Найбольшым поспехам у моладзі карыстаўся нацягнуты канат, па якім, трымаючыся за ручку блока, можна было імкліва зляцець уніз на мех з сенам, што знаходзіўся на другім канцы. Не меншым поспехам карысталіся арэлі, збіванне мішэні какосавымі арэхамі і карусель, а з ёй — паравы арган, які бесперапынна напаўняў паветра рэзкім пахам масла і не менш рэзкай музыкай. Члены клуба, якія наведалі раніцай царкву, фарсілі рознакаляровымі значкамі, а сёй-той з маладых людзей яшчэ і ўпрыгожыў свае кацялкі яркімі стужкамі. Стары Флетчэр, у якога ўяўленні аб святочным адпачынку былі некалькі суровыя, стаяў на дошцы, пакладзенай на два стулы, як гэта можна было бачыць скрозь кветкі язміну на падаконніку або праз адчыненыя дзверы (як каму было пажадана глядзець), і бяліў столь сваёй сталовай.