Чалавек-невідзімка
Шрифт:
— Гэта неверагодна, — сказаў Кас, — неверагодна. Але факт той, што я бачыў… так, так, я заглянуў у рукаў…
— Але вы ўпэўнены… ці праўда, што вы ўбачылі?.. Можа, тут было люстэрка… Выклікаць жа галюцынацыю вельмі лёгка. Я не ведаю, ці бачылі вы калі-небудзь сапраўднага добрага фокусніка?
— Не будзем спрачацца, — сказаў Кас. — Мы ж ужо пра ўсё гэта гаварылі. Звернемся да кніг… Ага, вось гэта, па-мойму, напісана па-грэчаску. Ну, вядома, гэта грэчаскія літары.
Ён паказаў на сярэдзіну старонкі. Містэр Банцінг злёгку пачырванеў і прыблізіў свой твар да кнігі: з яго акулярамі, відавочна, зноў штосьці здарылася. Яго веды ў грэчаскай мове былі вельмі слабыя, але ён думаў, што ўсе прыхаджане лічаць яго знаўцам грэчаскай і старажытнажыдоўскай. І вось… Няўжо прызнацца ў сваім невуцтве? Ці выдумаць што-небудзь? Раптам ён адчуў нейкі дзіўны дотык да сваёй патыліцы. Ён паспрабаваў падняць галаву, але сустрэў неадольную перашкоду.
Ён адчуваў незразумелы цяжар, нібы чыясьці моцная рука прыгінала яго ўніз, так што падбародак дакрануўся да стала.
— Не варушыцеся, шаноўнейшыя, — пачуўся шэпт над яго вухам, — інакш я размажджэру вам абодвум галовы.
Ён зірнуў у твар Каса, які блізка прыгнуўся да яго, і ўбачыў на ім адлюстраванне свайго асабістага спалоху і бязмежнага здзіўлення.
— Вельмі шкадую, што даводзіцца прымаць крутыя меры, — сказаў Голас, — але гэта непазбежна. Калі гэта вы навучыліся заглядаць у прыватныя запісы даследчыкаў? — сказаў Голас, і два падбародкі адначасова стукнуліся аб стол, і дзве пары сківіцаў адначасова шчоўкнулі. — Калі гэта вы навучыліся ўрывацца ў дом чалавека, які апынуўся ў бядзе? — І зноў удар па стале і шчоўканне зубоў. — Куды падзелі маю вопратку? Цяпер слухайце, — сказаў Голас. — Вокны зачынены, а з дзвярнога замка я выняў ключ. Чалавек я вельмі моцны, і пад рукой у мяне качарга, не гаворачы ўжо пра тое, што я нябачны. Несумненна, калі б я толькі захацеў, я без усялякіх намаганняў забіў бы вас абодвух і спакойна знік. Зразумела? Дык вось. Ці абяцаеце вы не рабіць глупстваў і выконваць усё, што я вам загадаю, калі я вас памілую?..
Вікарый і доктар паглядзелі адзін на аднаго, і доктар скурчыў грымасу.
— Абяцаем, — сказаў вікарый.
— Абяцаем, — сказаў доктар.
Тады Невідзімка выпусціў іх, і яны выпрасталіся. Твары ў абодвух былі вельмі чырвоныя, і яны ўзмоцнена круцілі галовамі.
— Прашу вас заставацца на сваіх месцах, — сказаў Невідзімка. — Бачыце, вось качарга. Калі я ўвайшоў у гэты пакой, — працягваў ён, па чарзе падносячы качаргу да носа абодвух сваіх субяседнікаў, - я не чакаў сустрэць тут людзей. І, між іншым, я спадзяваўся знайсці акрамя сваіх кніг, яшчэ і вопратку. Дзе яна? Не, не, не ўставайце. Я бачу — яе тут няма. Хаця дні цяпер стаяць дастаткова цёплыя для таго, каб Невідзімка мог хадзіць голы, але ўсё ж па вечарах даволі прахладна. Пагэтаму я маю патрэбу ў вопратцы і некаторых іншых рэчах. Акрамя таго, мне патрэбны гэтыя тры кнігі.
Раздзел XII. Невідзімка шалее
Тут неабходна зноў перапыніць расказ, з прычыны вельмі цяжкай акалічнасці, якая зараз высветліцца. Пакуль у гасцінай адбывалася ўсё апісанае вышэй і пакуль містэр Хакстэрс назіраў за містэрам Марвелам, які курыў люльку каля варот, воддаль, ярдах у дванаццаці, стаялі містэр Хол і Тэдзі Хенфры і, азадачаныя і збянтэжаныя, абмяркоўвалі адзіную айпінгскую злобу дня.
Раптам пачуўся моцны ўдар у дзверы гасцінай, адтуль даляцеў пранізлівы крык, і затым усё заціхла.
— Эй! — вымавіў Тэдзі Хенфры.
— Эй! — пачулася ў распівачнай.
Містэр Хол усведамляў усё, што адбывалася, павольна, але правільна.
— Там штосьці няладнае, — сказаў ён, выходзячы з-за стойкі і накіроўваючыся да дзвярэй гасцінай.
Ён і Тэдзі разам падышлі да дзвярэй з напружанай увагай на тварах. Позіркі ў іх былі задумлівыя.
— Штосьці нядобра, — сказаў Хол, і Хенфры кіўнуў у знак згоды. На іх дыхнула цяжкім пахам хімікаліяў, а з пакоя пачулася прыглушаная размова, вельмі хуткая і ціхая.
— Што ў вас там? — спытаўся Хол, пастукаўшы ў дзверы.
Прыглушаная размова крута абарвалася, на хвіліну наступіла маўчанне, затым зноў пачуўся гучны шэпт, пасля чаго раздаўся крык: «Не, не, не трэба!» Затым усчалася валтузня, пачуўся стук крэсла, якое ўпала на падлогу, і шум кароткай схваткі. І зноў цішыня.
— Што за чорт! — усклікнуў Хенфры напаўголасу.
— Што ў вас там? — зноў спытаўся містэр Хол.
Вікарый адказаў нейкім дзіўным дрыготкім голасам:
— Усё ў парадку. Калі ласка, не перашкаджайце.
— Дзіўна! — сказаў Хенфры.
— Дзіўна! — сказаў містэр Хол.
— Просяць не перашкаджаць, — сказаў Хенфры.
— Чуў, - сказаў Хол.
– І хтосьці фыркнуў, - сказаў Хенфры.
Яны працягвалі стаяць каля дзвярэй, прыслухоўваючыся. Размова ў гасцінай аднавілася, такая ж прыглушаная і хуткая.
— Я не магу, — пачуўся голас містэра Банцінга. — Кажу вам, судар, я не хачу!
— Што такое? — спытаўся Хенфры.
— Кажа, што не хоча, — сказаў Хол. — Каму гэта ён — нам, ці што?
— Абуральна! — пачуўся голас містэра Банцінга.
— «Абуральна!» — паўтарыў містэр Хенфры. — Я гэта ясна чуў.
— А хто цяпер гаворыць? — спытаўся Хенфры.
— Напэўна, містэр Кас, — сказаў Хол. — Вы што-небудзь разбіраеце?
Яны памаўчалі. Размова за дзвярыма станавілася ўсё больш незразумелай і загадкавай.
— Здаецца, абрус здзіраюць са стала, — сказаў Хол.
За стойкай з'явілася гаспадыня. Хол стаў знакамі ўгаворваць яе, каб яна не шумела і падышла да іх. Гэта адразу ж абудзіла ў яго жонкі дух супярэчлівасці.
— Чаго гэта ты стаіш і слухаеш? — спыталася яна. — Іншай справы ў цябе няма, ды яшчэ ў святочны дзень?
Хол спрабаваў растлумачыць жэстамі і мімікай, але місіс Хол не пажадала зразумець і ўпарта павышала голас. Тады Хол і Хенфры, вельмі збянтэжаныя, на дыбачках вярнуліся да стойкі і растлумачылі ёй, у чым справа.
Спачатку яна ўвогуле адмовілася прызнаць што-небудзь незвычайнае ў тым, што яны ёй паведамілі. Потым запатрабавала, каб Хол замоўк і гаварыў адзін Хенфры. Яна была схільна лічыць усё гэта глупствам, можа, яны проста перасоўвалі мэблю.
— Я чуў, як ён сказаў «абуральна», ясна чуў, - паўтарыў Хенфры.
— Так гэта ці не… — пачала місіс Хол.
— Шш… — перапыніў яе містэр Тэдзі Хенфры. — Чуеце — акно?
— Якое акно? — спыталася місіс Хол.
— У гасцінай, — адказаў Хенфры.
Усе замоўклі, напружана прыслухоўваючыся. Невідушчы позірк місіс Хол быў скіраваны на светлы прамавугольнік дзвярэй карчмы, на белую дарогу і фасад крамы Хакстэрса, асветлены чэрвеньскім сонцам. Раптам дзверы крамы расчыніліся, і з'явіўся сам Хакстэрс з вылупленымі ад хвалявання вачыма.
— Трымай злодзея! — крыкнуў ён, кінуўся бегчы наўскасяк да варот карчмы і знік з поля зроку.
У тую ж секунду з гасцінай данёсся гучны шум і бразганне акна, якое зачынялася.
Хол, Хенфры і ўсе людзі, што сядзелі ў распівачнай, гурмой выбеглі на вуліцу. Яны ўбачылі, як хтосьці хутка завярнуў за вугал, у напрамку да дарогі, што вяла ў поле, і як містэр Хакстэрс, падскочыў, перакуліўся ў паветры і ўпаў ніцма. Натоўп застыў у здзіўленні, некалькі чалавек падбеглі да яго.
Містэр Хакстэрс быў без прытомнасці, як пераканаўся нахіліўшыся над ім Хенфры. Хол жа з двума работнікамі з карчмы дабеглі да вугла, выкрыкваючы штосьці незразумелае, і ўбачылі, як містэр Марвел знік за вуглом царкоўнай агарожы. Яны, мусіць, вырашылі, што гэта і ёсць Невідзімка, які раптоўна зрабіўся бачным, і кінуўся наўздагон. Але не паспеў Хол прабегчы і дзесяці ярдаў, як, гучна ўсклікнуўшы ад здзіўлення, адляцеў убок і, ухапіўшыся за аднаго з работнікаў, паляцеў разам з ім на зямлю. Ён быў збіты з ног, зусім як у гарачай схватцы на футбольным полі збіваюць з ног ігракоў. Другі работнік абярнуўся і, падумаўшы, што Хол проста, спатыкнуўся, працягваў гнацца адзін; але тут і ён спатыкнуўся таксама, як Хакстэрс. У гэты час першы работнік, які паспеў падняцца на ногі, атрымаў збоку такі ўдар, якім можна было б зваліць быка.