ЖАНРЫ

Чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан (на белорусском языке)
Шрифт:

– Гэта як сказаць, - прамовiў Салiван. Ён стаяў побач з Джонатанам.
– У цябе менш страху перад нязведаным, чым у любой чайкi, што я сустракаў за дзесяць тысяч гадоў.

Чарада маўчала, а Джонатану зрабiлася няёмка.

– Калi хочаш, мы пачнём працаваць над часам, - загаварыў Чыанг, - каб ты мог лятаць у мiнулае i ў будучае. I тады ты будзеш падрыхтаваны да сама цяжкага, сама адважнага i сама радаснага. Ты будзеш гатовы ўзняцца i спазнаць, што такое дабрыня i любоў.

Мiнуў прыблiзна месяц, Джонатан вучыўся з незвычайным поспехам. Ён i раней заўсёды хутка засвойваў усё на звычайных занятках, а цяпер, калi яго вучыў сам Старэйшына, ён убiраў у сябе веды, як дакладна запраграмаваны крылаты кампутар.

Але надышоў дзень, калi Чыанг знiк. Перад гэтым ён спакойна гутарыў з iмi з усiмi, пераконваў нiколi не спыняцца ў пазнаннi, трэнiроўках, iмкненнi глыбей зразумець дасканалы нябачны закон жыцця. I ў той час, як ён гаварыў, пер'е яго рабiлася ўсё ярчэйшае i ярчэйшае, пакуль не зазiхацела так, што чайкi не змаглi на яго глядзець i зажмурылiся.

– Джонатан, - сказаў ён, i гэта былi яго апошнiя словы, - не пераставай спасцiгаць, што такое любоў.

Калi ўсе зноў змаглi глядзець, Чыанга з iмi больш не было.

Мiналi дзень за днём, i Джонатан усё часцей пачаў лавiць сябе на тым, што думае пра Зямлю, якую ён пакiнуў. Калi б там ён ведаў хоць бы дзесятую, хоць бы сотую долю таго, што даведаўся тут, наколькi паўнейшае было б яго жыццё! Ён стаяў на пяску i пытаўся сам у сябе: "А што, калi там жыве чайка, якая змагаецца, каб вырвацца з абмежаванняў, iмкнецца ўбачыць сэнс палёту не толькi ў пагонi за скарынкай хлеба з рыбацкага судна? Магчыма, там ёсць i Выгнаннiк, якi асмелiўся выказаць словы праўды перад Чарадой". I чым больш займаўся Джонатан урокамi дабрынi, чым больш ён стараўся зразумець прыроду любовi, тым мацней хацелася яму вярнуцца на Зямлю. Бо хоць i жыў ён калiсьцi на адзiноце, але ад прыроды быў настаўнiкам, а выказаць сваю любоў ён мог толькi дзелячыся здабытай i зразуметай iм праўдай з любой чайкай, якой быў патрэбны толькi шчаслiвы выпадак, каб убачыць гэтую праўду.

Салiван, якi ўжо ўмеў лятаць з хуткасцю думкi i дапамагаў авалодаць гэтым уменнем iншым чайкам, сумняваўся.

– Ты ж быў калiсьцi Выгнаннiкам, - гаварыў ён Джонатану.
– Чаму ты думаеш, што якая-небудзь чайка з твайго мiнулага будзе цяпер цябе слухаць? Ты ведаеш справядлiвую прыказку: чым вышэй лятае чайка, тым далей яна бачыць. Чайкi, з якiх ты выйшаў, стаяць на зямлi, лямантуюць i б'юцца памiж сабою. Ад неба яны знаходзяцца за тысячу мiляў, а ты хочаш паказаць iм неба з iхняга месца, адтуль, з зямлi! Джон, яны ж не бачаць нават кончыкаў сваiх крылаў! Заставайся тут. Дапамагай навiчкам, яны стаяць даволi высока, каб убачыць тое, пра што ты хочаш iм расказаць.

Ён памаўчаў з хвiлiну i дадаў:

– Што было б, калi б Чыанг вярнуўся ў свой стары свет? Дзе б ты сам знаходзiўся цяпер?

Апошнi довад быў сама пераканаўчы. Салiван праўду казаў. Чым вышэй ляцiць чайка, тым далей яна бачыць.

Джонатан застаўся вучыць навiчкоў. Кожная новая птушка вызначалася вельмi добрымi здольнасцямi i хутка засвойвала ўрокi. Але ранейшы неспакой вярнуўся да яго, i ён не мог збавiцца ад думкi, што дзесьцi на Зямлi абавязкова ёсць адна-дзве чайкi, якiя таксама здольныя вучыцца. Наколькi больш ведаў бы ён цяпер, калi б Чыанг з'явiўся да яго ў той дзень, як ён стаў Выгнаннiкам!

– Салi, я павiнен вярнуцца, - сказаў ён урэшце.
– У цябе цудоўныя вучнi. Яны паспяхова займаюцца i дапамогуць табе давесцi навiчкоў да патрэбнага ўзроўню.

Салiван уздыхнуў, але больш не пярэчыў.

– Мусiць, я вельмi буду сумаваць па табе, Джонатан.

Вось i ўсё, што ён сказаў.

– Салi, як табе не сорамна!
– з дакорам усклiкнуў Джонатан.
– Не гавары глупства! I чым мы з табою дзень пры днi займаемся? Якiя здольнасцi развiваем? Калi наша дружба трымаецца на такiх рэчах, як прастора i час, значыцца, мы самi разбураем наша брацтва, як толькi пераадольваем iх! Але з пераадоленнем прасторы адзiнае, што мы пакiдаем, - гэтае Тут. А з пераадоленнем часу мы пакiдаем толькi Цяпер. Няўжо ты думаеш, што мы не здолеем час ад часу сустракацца ўнутры гэтых Тут i Цяпер?

Салiван мiжвольна засмяяўся.

– Ты зусiм звар'яцеў, - ласкава сказаў ён.
– Калi хто-небудзь i здольны паказаць таму, хто сядзiць, што робiцца за тысячу мiль навокал, дык гэта Джонатан Лiвiнгстан.
– Ён паглядзеў на пясок.
– Да пабачэння, дружа мой Джон.

– Да пабачэння, Салi. Мы яшчэ сустрэнемся.

З гэтымi словамi Джонатан уявiў сабе вялiзную чараду чаек на беразе, якая жыве ў iншым часе, i са звыклай лёгкасцю адчуў: не, ён не пер'е i косцi, ён дасканалае, абсалютнае ўвасабленне iдэi волi i палёту, яго магчымасцi бязмежныя.

Флетчар Лiнд быў яшчэ вельмi малады, але ўжо ведаў, што нi з адной чайкай на свеце не абыходзiлiся гэтак жорстка i несправядлiва, як абышлiся з iм у Чарадзе.

"Пляваць я хацеў, што яны там гавораць!
– са злосцю, ад якой ажно туман засцiў вочы, думаў ён.
– Лятаць - гэта не проста махаць крыламi, гэта куды больш. Камар i той можа махаць! Зрабiў усяго адну бочку вакол Старэйшыны, так, дзеля жарту, i я - Выгнаннiк! Ды што яны, сляпыя? Нiчога не бачаць? Няўжо не разумеюць, як гэта будзе здорава, калi мы па-сапраўднаму навучымся лятаць?!

Пляваць я хацеў, што яны там думаюць. Я пакажу iм, што значыць лятаць! Няхай сабе я па-за законам, калi iм гэтак хочацца. Але яны яшчэ пашкадуюць..."

Тут ён пачуў нiбы ў галаве ў сябе голас, i хоць гучаў ён вельмi лагодна, ад нечаканасцi Флетчар спынiўся, быццам спатыкнуўся ў паветры.

– Не трэба гэтак на iх злавацца, Флетчар-Чайка. Прагнаўшы цябе, чайкi нашкодзiлi толькi самi сабе, некалi яны даведаюцца пра гэта i ўбачаць тое, што бачыш сёння ты. Даруй iм i дапамажы iм разабрацца.

На адлегласцi дзюйма ад яго правага крыла ляцела сама бялюткая чайка ў свеце. Яна як быццам плыла ў паветры без усякiх намаганняў, не варушачы нiводным перцам, хоць Флетчар ляцеў амаль на гранiчнай хуткасцi.

На момант ён зусiм разгубiўся.

"Што са мною творыцца? Я звар'яцеў? Памёр? Што гэта?"

Перабiваючы яго думкi, голас гучаў цiха i спакойна i патрабаваў адказу:

– Чайка па iменi Флетчар Лiнд, ты хочаш лятаць?

– ВЯДОМА, Я ХАЧУ ЛЯТАЦЬ!

– Чайка Флетчар Лiнд, цi так моцна ты хочаш лятаць, што гатовы ўсё дараваць Чарадзе i, калi вывучышся, вярнуцца ў яе i працаваць i памагаць вывучыцца iншым?

I якi б ганарысты нi быў Флетчар, як бы нi крыўдаваў ён, але зманiць гэтай iстоце, якая здольная была тварыць цуды, ён не мог.

– Гатовы, - цiха прамовiў ён.

– Тады, Флетч, - сказала зiхатлiва-белая птушка неяк вельмi лагодна, давай пачнём з Гарызантальнага Палёту...

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Джонатан кругамi лунаў над Далёкiмi Скаламi; ён уважлiва назiраў. Гэты нязгрэба Флетчар аказаўся цудоўным вучнем. Ён быў дужы, лёгкi, iмклiвы ў паветры i, што куды больш важна, меў гарачае жаданне навучыцца добра лятаць.

Поделиться с друзьями: