ЖАНРЫ

Чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан (на белорусском языке)
Шрифт:

Мiнуў месяц, перш чым першая чайка з Чарады пераступiла мяжу i папрасiла навучыць яе лятаць. Просьба гэтая наклiкала праклён на чайку па iменi Тэранс Лоўэл, паставiла на яго кляймо Выгнанца i... зрабiла яго восьмым вучнем Джонатана.

У наступную ноч з Чарады прыкульгаў, валакучы па пяску левае крыло, Кiрк Мэйнард i павалiўся каля ног Джонатана.

– Дапамажы мне, - папрасiў ён цiха, быццам вось-вось канае.
– Больш за ўсё на свеце я хачу лятаць...

– Вось i добра, - сказаў Джонатан.
– Узнiмайся разам са мною ў паветра, i пачнём.

– Ты не зразумеў. Маё крыло. Я не магу паварушыць крылом.

– Мэйнард-Чайка, ты вольны, каб стаць самiм сабою, найсапраўднаю чайкаю Кiрк Мэйнард, i нiшто не мае сiлы табе перашкодзiць. Такi Закон Вялiкай Чайкi, такi Закон.

– Ты хочаш сказаць, што я магу лятаць?

– Я кажу, што ты вольны.

I Кiрк Мэйнард лёгка i хутка, без анiякiх намаганняў, распасцёр крылы i ўзняўся ў цёмнае начное неба. Ад яго крыку з вышынi пяцьсот футаў прачнулася ўся Чарада.

– Я магу лятаць! Слухайце! Я МАГУ ЛЯТАЦЬ!

На досвiтку вакол гурту вучняў Джонатана стаяла каля тысячы чаек, усе яны з цiкаўнасцю глядзелi на Мэйнарда. Iм было ўжо ўсё роўна, бачыць iх хто-небудзь цi не, яны слухалi i старалiся зразумець Джонатана.

А ён гаварыў пра рэчы зусiм простыя: пра тое, што лятаць для чайкi - гэта яе звычайны занятак, што воля, свабодны палёт дадзены ёй самой прыродай, а ўсё, што перашкаджае волi, павiнна быць адрынута i адкiнута - звычаi, забабоны, забароны - усё, што абмяжоўвае волю.

– Адкiнута, - пачуўся голас з натоўпу, - нават калi гэта Закон Чарады?

– Адзiны правiльны Закон гэта той, што вядзе да волi, - адказаў Джонатан.
– Iншага не iснуе.

– Хiба можна спадзявацца, што мы навучымся лятаць не горш за цябе? пачуўся другi голас.
– Ты - асаблiвы, таленавiты, незвычайны, не падобны на астатнiх птушак.

– Паглядзiце на Флетчара! На Лоўэла! На Чарльза-Роланда! На Джудзi Лi! Яны таксама асаблiвыя, таленавiтыя i незвычайныя? Анi не больш, чым вы i чым я. Адзiная, адна-адзiная рознiца ў тым, што яны пачалi ўсведамляць сябе, разумець, хто яны такiя, i трэнiравацца ў гэтым усведамленнi.

Усе вучнi Джонатана, апрача Флетчара, памулялiся ад няёмкасцi. Дагэтуль яны яшчэ самi не ўразумелi, што займаюцца менавiта гэтым.

З кожным днём натоўп павялiчваўся; прыходзiлi, каб распытаць, каб выказаць сваё захапленне, прыходзiлi i каб пакпiць.

– У Чарадзе кажуць, што калi ты не Сын Вялiкай Чайкi, - загаварыў Флетчар да Джонатана аднойчы ранiцай пасля трэнiроўкi ў хуткасных палётах, - дык, значыцца, ты на тысячу гадоў апярэдзiў свой час.

Джонатан уздыхнуў. "Вось яна - цана неразумення, - падумаў ён.
– Цябе называюць або д'яблам, або богам".

– А як думаеш ты, Флетч? Апярэдзiлi мы наш час?

Флетчар доўга маўчаў.

– Гэтак лятаць, як лятаем мы, можна было навучыцца заўсёды i любому, хто пажадаў бы зрабiць такое адкрыццё, - прамовiў ён.
– А да часу гэта не мае нiякiх адносiн. Хiба што мы апярэдзiлi моду. Апярэдзiлi той спосаб, якiм лятае большасць чаек.

– Гэта ўжо нешта значыць, - сказаў Джонатан, перакулiўся i паплыў у паветры дагары нагамi.
– Гэта ўжо напалову лепш, чым апярэдзiць час.

Гэта здарылася роўна праз тыдзень. Флетчар паказваў прыёмы хуткаснага палёту групе навiчкоў. Ён якраз выходзiў з пiке, якое рабiў з вышынi сем тысяч футаў, i тонкай шэрай палоскай праносiўся за некалькi дзюймаў ад пляжа, калi на дарозе ў яго апынулася нейкае птушаня, што з крыкам "Мамачка!" выконвала свой першы ў жыццi палёт. Птушаня ляцела наперарэз. Каб пазбегнуць сутыкнення, Флетчар Лiнд за дзесятую долю секунды рэзка рвануўся ўлева i на хуткасцi дзвесце мiляў у гадзiну ўрэзаўся ў гранiтную скалу.

Яму здалося, што гэта была не скала, а вялiзныя акаваныя дзверы ў iншы свет. Удар - i выбух страху, шок, цемра, а потым ён кудысьцi плыў у дзiўным незнаёмым небе, памяць то вярталася да яго, то знiкала, ён чагосьцi баяўся i нечага шкадаваў, страшэнна шкадаваў.

Як i ў дзень першай сустрэчы з Джонатанам Лiвiнгстанам, ён пачуў голас:

"Сакрэт заключаецца ў тым, Флетчар, што мы стараемся пераадолець межы нашых магчымасцей паступова i цярплiва. Калi прытрымлiвацца праграмы, дык нам яшчэ рана прабiвацца праз скалы".

Джонатан!

– Той самы, якога ведаюць як Сына Вялiкай Чайкi, - суха абазваўся яго настаўнiк.

– Што ты тут робiш? А скала? Няўжо я не... хiба я не памёр?

– Ды ну, Флетч! Падумай сам. Калi ты цяпер са мною гаворыш, дык, вiдаць, не памёр, хiба няпраўда? А адбылося вось што: табе ўдалося даволi рэзка змянiць узровень свядомасцi. Цяпер ты мусiш выбiраць сам. Ты можаш застацца тут i вучыцца на гэтым узроўнi - дарэчы, куды больш высокiм, чым той, якi ты пакiнуў, - або можаш вярнуцца i весцi далей заняткi з Чарадой. Старэйшыны спадзявалiся, што ўрэшце здарыцца якое-небудзь няшчасце, але нават яны здзiвiлiся, як здорава ты iм дагадзiў.

– Вядома, я хачу вярнуцца ў Чараду. Я толькi-толькi распачаў заняткi з новай групай.

– Цудоўна, Флетчар. Ты памятаеш нашы размовы пра тое, што цела - гэта не што iншае, як думка?

Флетчар страсянуў галавою, распрастаў крылы i адплюшчыў вочы: ён ляжаў каля падножжа скалы, а наўкол сабралася ўся Чарада. Пры першым жа яго руху ў натоўпе пачулiся пранiзлiвыя злосныя крыкi i лямант:

– Ён жывы! Ён памёр, i ён - жывы!

– Дакрануўся да яго крылом! Ажывiў! Сын Вялiкай Чайкi!

– Не, ён кажа, што не сын! Ён - д'ябал! Д'ЯБАЛ! З'явiўся, каб загубiць Чараду!

У натоўпе было чатыры тысячы чаек, усе былi перапуджаны тым, што яны ўбачылi, i крык "Д'ЯБАЛ!" пранёсся сярод iх, як ураган. З агнiстымi вачыма, з востра нацэленымi дзюбамi, ахопленыя прагай крывi, яны плячо ў плячо падступалi ўсё блiжэй i блiжэй, каб знiшчыць усё на сваёй дарозе.

– Як па-твойму, Флетчар, цi не лепей нам пакiнуць iх?
– спытаў Джонатан.

– Магу сказаць упэўнена, што я не адмовiўся б...

У той жа момант яны апынулiся за паўмiлi ад таго месца, дзе толькi што былi, i нацэленыя ў iх дзюбы раз'юшаных птушак уткнулiся ў пустату.

– I чаму гэта так бывае, - разважаў Джонатан, - што цяжэй за ўсё прымусiць птушку паверыць у тое, што яна вольная? Кожная ж з iх можа пераканацца ў гэтым сама, калi патрацiць крыху часу на трэнiроўкi. Чаму гэта павiнна быць так складана i цяжка?

Флетчар усё яшчэ здзiўлена мiргаў ад нечаканай змены месца i абставiн.

– Што гэта ты толькi што зрабiў? Як мы тут апынулiся?

Поделиться с друзьями: