Чорная панна Нясьвіжа
Шрифт:
Адна Душа, адно Жыццё і Кроў.
З'яўляюцца Радзівілы.
Радзівіл Руды.
Нас ненавідзіць каралева Бона.
Радзівіл Чорны.
Але цяпер у нас... у нас яе карона!
Кракаў. Палац на Вавелі. Пакоі каралевы Боны.
Каралева Бона і Мнішак.
Мнішак.
Вітаю на каленях каралеву.
Вітаю і паведаміць хачу,
Што каралевіч едзе з Вільні ў Кракаў
Па выкліку. Ён хутка будзе тут.
Бона.
У Вільні не змянілася нічога?
Яна не надакучыла яму?
Мнішак.
Хто? Вільня ці...
Бона.
Так, гэтая... Барбара...
Мнішак.
Я засмуціць баюся каралеву,
Ды там хутчэй усё наадварот.
Каб не мазоліць вочы гараджанам,
Ён паміж замкамі зрабіў таемны ход.
I гэтым ходам ходзідь да Барбары.
I кажуць людзі: прынц наш крот і кот.
Бона.
О Божа, каб так нізка апусціцца!
Мнішак.
Яшчэ даруйце...
Бона.
Ну, кажыце, што там...
Мнішак.
Ды гэта толькі плётка можа быць.
Бона.
Заўсёды плётка — маці чыстай праўды.
Што там яшчэ?
Мнішак.
Ды ў горадзе балбочуць,
Што сын ваш абвянчаўся тайна з ёй.
Кажу яшчэ раз: гэта толькі чуткі.
Бона.
Ды ўжо й ад чуткі можна ашалець.
Мнішак.
А вунь і прынц. Я з вашага дазволу
Цяпер пайду.
Бона.
Я дзякую. Бывайце.
Мнішак.
Цалую вашы ногі, каралева... (Выходзіць.)
Уваходзіць Жыгімонт.
Жыгімонт.
Матуля мілая!
Бона.
О сын мой!
Жыгімонт.
Каралева,
Дазвольце мне абняць вас. Божа мой,
Як сумаваў я там па роднай маці,
Як часта сніў вас.
Бона.
Ты ласкавым стаў
І памужнеў. Цяпер сапраўдны рыцар.
Жыццё у Вільні на карысць пайшло.
Ты — не юнак.
Жыгімонт.
Чаму ж вы гэтак сумна?
Юнак заўсёды робіцца мужчынам,
А вось калі мужчына, як юнак...
Бона.Я не пра тое. Кароль, твой бацька, занядужаў. Лекары кажуць, што заўтра ці пазаўтра трэба чакаць горшага. Надыходзіць час, калі адказнасць за лёс дзяржавы і людзей яе пераходзіць ад бацькі да сына. Да цябе.
Жыгімонт.
Як Бог распарадзіцца. Яго воля.
Бона.Традыцыя нашае дынастыі патрабуе, што кароль павінен узысці на пасад разам з каралевай. Каб сустрэць падрыхтаванымі непазбежнае, я накіравала паслоў да двара Габсбургаў, да імператара Карла...
Жыгімонт.Навошта?
Бона.Прасіць рукі прынцэсы Кацярыны Габсбургскай польскаму каралевічу Жыгімонту... Будучаму каралю Польшчы. Вядома, гэта чыстая фармальнасць, згоду імператара Карла маем даўно. Прызначаны дзень шлюбу.
Жыгімонт.
Калі?
Бона.
Праз месяц. Дай Божа каралю дажыць да гэтае падзеі.
Жыгімонт.
Паслоў вярнуць ніяк ужо не можна?
Бона.
Яны ўжо там. Ці заўтра будуць там.
Жыгімонт.
Тады і я паслом туды паеду.
Бона.
Навошта?
Жыгімонт.
А каб выправіць памылку,
Што ненаўмысна зроблена была.
Бо дурань кожны ў гэтым свеце знае:
Жанаты муж сватоў не пасылае.
Бона.
Дык ты жанаты?
Жыгімонт.
Так.
Бона.
Калі ж
Цябе благаслаўляла я на гэта?
I хто яна?
Жыгімонт.
Барбара...
Бона.
Радзівіл?!
Пачварная літоўская блудніца?!
Жыгімонт.
Ты абражаеш жонку маю, маці.
Мяне таксама. Значыць, і сябе.
Бона.
Якая жонка? Жыгімонт, ты трызвіш!
Жыгімонт.
Я, каралева, абвянчаўся з ёй.
Бона.
Ты абвявчаўся? Без благаславення?
Жыгімонт.
Нас, каралева, Бог благаславіў.
Нас абвянчалі, маці, я жанаты.
Яна мая... мая на ўсё жыццё.
Бона.
Ты пра Радзіму, ты пра Польшчу думаў,
Каго ты на пасад ёй прывядзеш?
Каго?
Жыгімонт.
Яе!
Бона.
Паганую ліцвінку?
Жыгімонт.
Кароль Ягайла быў літоўскім князем.
Ён продак мой, а значыць, я — ліцвін.
Багацце і вышэйшую уладу
Бог шмат каму дае сярод людзей.
Каханне ж — Яго ласка для абраных.
Бона.
На ейным полі пабыло паўкняства!
Жыгімонт.
Ў яе душы нікога не было.
Мне ўсё адно, што кажуць злыя людзі,
Хто быў — тых не было, нікога больш не будзе.
Бона.
Яна цябе, напэўва, апаіла
Чым-небудзь. Гэта зёлкі з іх лясоў!
Жыгімонт.
Я атруціўся, лекараў не трэба!
Дазволь ад шчасця мне памерці.
Бона.
Сын!
Ты разумееш, за табой краіна!
Жыгімонт.
Адна краіна... Там жа ўвесь Сусвет.
Бона.
Спусціся на зямлю!
Жыгімонт.
Навошта, маці?
Шчэ давядзецца быць зямлёю на зямлі!