Чорная страла
Шрифт:
— Тут нам не прайсці, — сказаў Дзік, — паспрабуем вярнуцца.
— Пастой, — спыніла яго Джаана, — можа, там далей ёсць выхад.
І яна пайшла наперад. Але праз некалькі ярдаў праход скончыўся маленькай лесвічкай, і стала зразумела, што, пакуль воіны сядзяць у зале, схавацца гэтым шляхам немагчыма.
Яны з усіх ног пабеглі назад і ўзяліся абследаваць другі праход. Праход гэты быў надзвычай вузкі — праз яго з цяжкасцю ўдавалася праціснуцца; даводзілася бесперастанку падымацца і спускацца па маленькіх лесвічках, на якіх кожную хвіліну яны рызыкавалі зламаць сабе шыю. Нарэшце нават Дзік страціў усялякае ўяўленне аб тым, дзе яны знаходзяцца.
І без таго вузкі праход рабіўся ўсё вузейшы і ніжэйшы; прыступкі вялі ўніз; сцены былі сырыя і ліпкія; аднекуль здалёк чуўся піск пацукоў.
— Мы ў падзямеллі, — сказаў Дзік.
— А выхаду ўсё няма, — дадала Джаана.
— Тут павінен быць выхад! — адказаў Дзік.
Калідор крута павярнуў і праз два-тры крокі скончыўся. У канцы яго было некалькі прыступак, якія вялі наверх. Велізарная каменная пліта перагарадзіла ім шлях; яны з усіх сіл спрабавалі зрушыць яе. Пліта не паддавалася.
— Хтосьці трымае яе, — сказала Джаана.
— Не, — не згадзіўся Дзік. — Нават калі б яе трымаў чалавек у дзесяць разоў дужэйшы за нас, яна хоць крыху, а паддалася б. Але яна нерухомая, як скала. Яна прыціснута чымсьці цяжкім. Тут няма выхада; і павер мне, добры Джон, мы з табой тут палоннікі, усё роўна, як калі б у нас былі кайданы на нагах. Давай сядзем і пагаворым. Трохі счакаўшы, мы вернемся; можа, да таго часу яны забудуць пра нас і нам удасца ўцячы. Але, шчыра сказаць, я пабойваюся, што мы прапалі.
— Дзік! — усклікнула Джаана. — Навошта толькі ты мяне сустрэў! Гэта я, няшчасная і няўдзячная дзяўчына, завяла цябе сюды!
— Што за лухта! — запярэчыў Дзік. — Усё гэта было нам наканавана, а што наканавана, тое і збудзецца, хочам мы гэтага ці не, усё роўна. Чаго там аплакваць лёс. Лепш раскажы мне, што ты за дзяўчына і як ты трапіла ў рукі сэра Дэніэла.
— Я такая ж сірата, як і ты; няма ў мяне ні бацькі, ні маці, — сказала Джаана. — У дадатак я, на сваё, а значыць, і на тваё, няшчасце, багатая нявеста. Мілорд Фоксгэм быў маім апекуном. Але сэр Дэніэл купіў у караля права выдаць мяне замуж і заплаціў за гэтае права вельмі дорага. Я была яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, а ўжо два магутныя і багатыя чалавекі ўступілі паміж сабой у барацьбу за права выдаць мяне замуж! У гэты час адбыўся пераварот, быў прызначаны новы канцлер, і сэр Дэніэл праз галаву лорда Фоксгэма купіў права апякунства нада мной. Потым адбыўся новы пераварот, і лорд Фоксгэм праз галаву сэра Дэніэла купіў права выдаць мяне замуж; да гэтага часу яны працягваюць варагаваць. Але жыла я ўвесь час у лорда Фоксгэма, і ён быў са мной вельмі добры. Нарэшце ён сабраўся выдаць мяне замуж, ці, дакладней, прадаць. Лорд Фоксгэм павінен быў атрымаць за мяне пяцьсот фунтаў стэрлінгаў. Жаніха майго завуць Хэмлі, і якраз заўтра, Дзік, мяне павінны былі з ім заручыць. Калі б не з'явіўся сэр Дэніэл, я выйшла б замуж і ніколі не спаткалася б з табою, Дзік! Мілы Дзік.
Яна ўзяла яго руку і з чароўнай грацыяй пацалавала яе. Дзік паднёс яе руку да сваіх вуснаў і таксама пацалаваў.
— Сэр Дэніэл, — працягвала яна, — украў мяне, калі я гуляла ў садзе, і прымусіў мяне апрануць мужчынскае адзенне, а гэта для жанчыны смяротны грэх. Да таго ж, мужчынскае адзенне мне зусім не пасуе. Ён адвёз мяне ў Кэтлі і, як ты ведаеш, сказаў мне, што я выйду замуж за цябе. Але я цвёрда вырашыла на злосць яму выйсці замуж за Хэмлі.
— А! — крыкнуў Дзік. — Значыць, ты кахала Хэмлі!
— Не, — адказала Джаана. — Я толькі ненавідзела сэра Дэніэла. Але потым, Дзік, ты дапамог мне, ты быў вельмі добры, вельмі смелы, і я супраць волі пакахала цябе. І цяпер, калі нам удасца выратавацца, я з радасцю стану тваёй жонкай. І нават калі злы лёс перашкодзіць мне выйсці за цябе, я ўсё-такі буду кахаць цябе аднаго. Я буду верная табе да таго часу, пакуль б'ецца маё сэрца.
— Пакуль я не сустрэў цябе, я жанчын ні ў грош не ставіў, — сказаў Дзік. — Я прывязаўся да цябе, калі лічыў цябе блазнам. Я пашкадаваў цябе, сам не ведаючы чаму. Я хацеў адлупцаваць цябе папругай, але рука мая апусцілася. А калі ты прызналася, што ты дзяўчына, Джон, — я па-ранейшаму буду зваць цябе Джонам, — я зразумеў, што ты менавіта тая дзяўчына, якая патрэбна мне. Цішэй! — перабіў ён сябе. — Нехта ідзе!
Сапраўды, чыесьці цяжкія крокі гулка грымелі ў праходзе, і цэлыя полчышчы пацукоў замітусіліся з боку ў бок.
Дзік агледзеў свае пазіцыі. Круты паварот калідора даваў значную выгоду. Можна было, не падвяргаючы сябе небяспецы, страляць з-за вугла. Перашкаджала толькі святло лямпы, якая стаяла занадта блізка. Ён выбег уперад, паставіў лямпу пасярод калідора і вярнуўся на сваё месца.
У далёкім канцы калідора з'явіўся Бенет. Відаць, ён ішоў адзін; у руцэ ён нёс факел, таму цэліцца ў Хэтча было вельмі лёгка.
— Стой, Бенет! — крыкнуў Дзік. — Яшчэ адзін крок, і ты будзеш забіты!
— Дык вось вы дзе! — сказаў Хэтч, узіраючыся ў цемру. — Я вас не бачу. Ага! Вы зрабілі разумна, Дзік, — вы паставілі лямпу перад сабой! Значыць, я вучыў вас недарэмна і радуюся, хаця вы, карыстаючыся маімі ўрокамі, збіраецеся прастрэліць маё грэшнае цела! Чаго вы тут? Што вам тут трэба? Чаго вы цэліцеся ў вашага старога добрага сябра? Ах, і паненка з вамі?
— Не, Бенет, пытаць буду я, а ты будзеш адказваць, — сказаў Дзік. — Чаму мне даводзіцца баяцца за сваё жыццё? Чаму да маёй пасцелі падкрадваюцца забойцы? Чаму мне прыходзіцца ўцякаць ад пагоні ў непрыступным замку майго апекуна? Чаму я вымушаны ўцякаць ад людзей, якіх я з дзяцінства прывык лічыць сваімі сябрамі і якім не зрабіў нічога дрэннага?
— Майстар Дзік, майстар Дзік, — сказаў Бенет, — І што я казаў вам? Вы вельмі храбры, але зусім неразумны хлопчык!
— Я бачу, што табе вядома ўсё і што я сапраўды асуджаны, — адказаў Дзік. — Ну што ж! З гэтага месца я не сыду. Няхай сэр Дэніэл возьме мяне, калі можа.
Хэтч памаўчаў крыху.
— Слухайце, — пачаў ён, — я зараз пайду да сэра Дэніэла і раскажу яму, дзе вы знаходзіцеся і што тут робіце. Дзеля гэтага ён мяне сюды і паслаў. Але калі вы не дурань, вы пойдзеце адсюль раней, чым я вярнуся.
— Я даўно б адсюль пайшоў, калі б ведаў як, — сказаў Дзік. — Я не магу зрушыць пліту.
— Суньце руку ў кут і памацайце там, — адказаў Бенет. — А вяроўка Трогмортана ўсё яшчэ ў карычневым пакоі. Бывайце!
Хэтч павярнуўся і знік за паваротам калідора.
Дзік зараз жа ўзяў лямпу і паслухаўся яго парады. У куце аказалася глыбокая западзіна. Дзік сунуў у яе руку, намацаў жалезны прут і моцна тузануў яго. Пачуўся скрып, і каменная пліта раптоўна зрушылася.
Шлях быў свабодны. Яны без асаблівай цяжкасці адчынілі вечка люка і трапілі ў пакой са скляпеністай столлю, якая выходзіла ў двор, дзе два чалавекі, закасаўшы рукавы, чысцілі коней тых воінаў, што нядаўна прыбылі ў замак. Іх асвятлялі дрыготкім святлом два факелы, устаўленыя ў жалезныя кольцы на сцяне.
Раздзел V
Як Дзік перайшоў на другі бок
Дзік патушыў лямпу, каб не прыцягваць увагі, падняўся наверх і пайшоў па калідоры. У карычневым пакоі ён знайшоў вяроўку, прывязаную да незвычайна цяжкага старадаўняга ложка. Дзік падышоў да акна і пачаў паволі і асцярожна апускаць вяроўку ў начную цемру. Джаана стаяла побач з ім. Вяроўка апускалася без канца. Мала-памалу страх пахіснуў рашучасць Джааны.