Чорная страла
Шрифт:
Юная лэдзі змякчылася. І калі трохі пазней звон пачаў склікаць да стала сямейнікаў сэра Дэніэла, Дзіка схавалі ля сцяны, за дываном; ён дыхаў праз шчыліну паміж дыванамі, праз яе ён таксама мог аглядаць увесь пакой.
Але нядоўга прабыў ён у такім становішчы.
Тут, на верхнім паверсе, панавала цішыня, толькі зрэдку яе парушалі шыпенне агню ды патрэскванне сырых дроў у каміне; але зараз да напружанага слыху Дзіка даляцеў гук чыіхсьці асцярожных крокаў. Затым дзверы адчыніліся, і чарнаваты карлік, у вопратцы колераў лорда Шорбі, прасунуў у пакой спярша галаву, а потым сваё скрыўленае цела. Ён адкрыў рот, здавалася, для таго каб лепш чуць, вочы яго, вельмі бліскучыя, хутка і неспакойна бегалі па баках. Ён абышоў увесь пакой, пастукваючы па дыванах, што закрывалі сцены. Аднак Дзік нейкім цудам пазбегнуў яго ўвагі. Потым карлік заглянуў пад мэблю і агледзеў лямпу; і, нарэшце, відаць, глыбока расчараваны, збіраўся ўжо выйсці гэтак жа ціха, як і зайшоў; але раптам, апусціўшыся на калені, падняў штосьці з падлогі, разгледзеў і радасна схаваў у сумку на поясе.
Сэрца ў Дзіка аж зайшлося, бо гэта быў кутас ад яго ўласнага пояса. Яму стала зразумела, што карлік — шпіён, які выконвае свае подлыя абавязкі з асалодай, — не губляючы часу, ён занясе знаходку свайму гаспадару, лорду Шорбі. У яго была спакуса адкінуць дыван, напасці на нягодніка і, рызыкуючы жыццём, адабраць у яго кутас. Пакуль ён вагаўся, узнікла новая трывога. На лесвіцы пачуўся грубы, прапіты голас, і па калідоры загрымелі няроўныя, цяжкія крокі.
— Навошта ж вы жывеце ў цяні густых лясоў? — праспяваў гэты голас. — Навошта ж вы жывеце? Гэй, хлопцы, навошта ж вы тут жывеце? — дадаў ён з п'яным рогатам.
І заспяваў зноў:
Любіш з півам куфляў звон,
Мой таўсцяк, ігумен Джон.
Кожны сам сабе жыве,
Хто спяваць будзе ў царкве?
Лоўлес — на жаль, п'яны да беспрытомнасці — бадзяўся па доме, адшукваючы куток, дзе б праспацца пасля гулянкі. Дзік аж кіпеў ад злосці. Шпіён спачатку спалохаўся, але адразу супакоіўся, зразумеўшы, што мае справу з п'яным; з хуткасцю ката ён выслізнуў з пакоя, і Дзік больш яго не бачыў.
Што было рабіць? Без Лоўлеса Дзіку не ўдасца ні распрацаваць план выкрадання Джааны, ні гэты план ажыццявіць. З другога боку, шпіён, можа, схаваўся дзе-небудзь паблізу, і ў такім выпадку, калі Дзік загаворыць з Лоўлесам, вынік будзе самы сумны.
Тым не менш Дзік усё ж рашыўся загаварыць з Лоўлесам. Ён выйшаў з-за дывана, спыніўся ў дзвярах і пагражальна ўзняў руку. Лоўлес, барвовы, з налітымі крывёю вачыма, хістаючыся, падыходзіў усё бліжэй. Нарэшце, ён цьмяна разгледзеў свайго начальніка і, не заўважаючы папераджальных знакаў Дзіка, гучна прывітаў яго па імені.
Дзік накінуўся на п'яніцу і пачаў яго шалёна трэсці.
— Жывёліна! — прашыпеў ён. — Жывёліна, а не чалавек! Дурань горш за здрадніка! Тваё п'янства загубіць нас!
Але Лоўлес толькі смяяўся і, пахістваючыся, стараўся паляпаць маладога Шэлтана па спіне.
І раптам тонкі слых Дзіка ўлавіў хуткі шоргат за дыванамі. Ён кінуўся туды. Праз імгненне адзін з дываноў паляцеў са сцяны, і ў складках яго валтузіліся Дзік і шпіён. Яны качаліся моўчкі, блытаючыся ў дыване, хапаючы адзін аднаго за горла са смяротнай лютасцю. Але Дзік быў намнога дужэйшы; і неўзабаве шпіён ужо ляжаў, прыціснуты каленам Дзіка.
Дзік узмахнуў доўгім кінжалам і забіў яго.
Раздзел III
Мёртвы шпіён
Лоўлес бездапаможна сачыў за гэтай раз'ятранай кароткай сутычкай; нават калі ўсё было скончана і Дзік, падняўшыся на ногі, з напружанай увагай прыслухоўваўся да аддаленага шуму на ніжнім паверсе дома, стары бадзяга яшчэ гайдаўся на нагах, быццам куст ад ветру, і тупа глядзеў у твар мёртвага шпіёна.
— Добра, што нас ніхто не пачуў, — сказаў нарэшце Дзік. — Хвала святым! Але што я цяпер буду рабіць з гэтым няшчасным шпіёнам? У любым выпадку я выцягну з яго сумкі кутас ад майго пояса.
З гэтымі словамі Дзік адкрыў сумку; ён знайшоў у ёй некалькі манет, свой кутас, а таксама пісьмо, адрасаванае лорду Ўэнслідэлу і запячатанае пячаткай лорда Шорбі. Гэтае імя нагадвала Дзіку пра многае; ён адразу зламаў сургуч і прачытаў пісьмо.
Яно было кароткае, але, да радасці Дзіка, неабвержна даказвала, што лорд Шорбі па-здрадніцку перапісваўся з домам Йоркаў.
Малады чалавек заўсёды насіў пры сабе рог з чарнілам і іншыя пісьмовыя прылады; апусціўшыся на калена побач з целам мёртвага шпіёна, ён напісаў на шматку паперы наступныя словы:
«Мілорд Шорбі, ці знаеце вы — той, хто перадаваў пісьмо, — чаму памёр ваш слуга? Дазвольце даць вам параду: не жаніцеся.
Джон Помшчу-за-ўсіх».
Ён паклаў гэтую паперку на грудзі мерцвяка. І Лоўлес, які сачыў за Дзікам ужо з нейкімі пробліскамі свядомасці, выцягнуў з-пад сваёй расы чорную стралу і прыкалоў ёю паперку да грудзей мерцвяка. Убачыўшы такую непавагу і нават, як яму здалося, жорсткасць да мерцвяка, малады Шэлтан спалохана ўскрыкнуў; але стары бадзяга толькі засмяяўся.
— Я хачу падтрымаць гонар свайго ордэна, — сказаў ён, ікаючы. — Маім вясёлым сябрам гэта будзе прыемна…
Заплюшчыўшы вочы і адкрыўшы рот, ён загрымеў страшным голасам:
Любіш з півам куфляў звон…
— Маўчы, боўдзіла! — крыкнуў Дзік і з сілай піхнуў яго да сцяны. — У табе віна больш, чым розуму, але пастарайся зразумець мяне! Імем Дзевы Марыі заклінаю цябе: выбірайся з гэтага дома. Калі ты тут застанешся, ты давядзеш да вісельні і сябе і мяне! Трымайся ж на нагах! Ды хутчэй паварочвайся, а не дык, клянуся небам, я магу забыць і тое, што я твой начальнік, і тое, што я твой даўжнік! Ідзі!
Розум пакрысе вяртаўся да ўяўнага манаха і, бачачы бліскучыя вочы Дзіка, ён пачаў мала-памалу разумець яго.
— Клянуся небам, — закрычаў Лоўлес, — калі я не патрэбны, я магу пайсці!
Хістаючыся, ён павярнуўся, прайшоў калідор і пачаў спускацца па лесвіцы, спатыкаючыся і натыкаючыся на сцены.
Ледзь ён схаваўся за лесвіцай, Дзік вярнуўся ў сваё сховішча і цвёрда вырашыў давесці справу да канца. Хаця розум раіў яму пайсці, але каханне і цікаўнасць перамаглі.
Марудна цягнуўся час для маладога чалавека, які прыціснуўся да сцяны за дываном. Агонь у каміне патухаў, лямпа дагарала і пачала куродыміць. Між тым ніхто не прыходзіў, і аддалены гул галасоў і звон посуду, што даносіўся знізу, усё не спыняліся. А за густой заслонай снегападу ляжаў маўклівы горад Шорбі.
Але вось нарэшце на лесвіцы пачуліся галасы і крокі. Госці сэра Дэніэла падняліся на пляцоўку, рушылі па калідоры, убачылі сарваны са сцяны дыван і труп шпіёна.
Усе замітусіліся, узняўся пярэпалах, усе крычалі.