Дажыць да світання
Шрифт:
Але адсюль ужо і сам лейтэнант нічога не мог убачыць і змушаны быў спадзявацца на слых, якім старанна перабіраў усе разрозненыя зменлівыя гукі, што даляталі з дарогі. Ведама, гэта быў не самы надзейны спосаб з усіх магчымых для пераходу, але іншага ў яго не засталося. Дачакаўшыся, калі вуркотны гул дызеляў на шашы трохі аслабне, і не злавіўшы паблізу якіх новых гукаў, Іваноўскі сказаў сабе: «Давай!» — і ўскочыў на ногі.
Праз некалькі скачкоў па глыбокім снезе ён дасяг прыдарожнага канца рова, выглянуў з яго — на шашы сапраўды было пуста, хаця на дальні пагорак ён проста не паспеў глянуць. Ён з шалёным імпэтам выскачыў на наезджанае палатно шашы і размашыста саскочыў з яго ў снег на дно наступнага адрэзка рова. Бегучы, ён з задавальненнем учуў за сабой стомленае дыханне Піваварава і з усяе сілы кінуўся да ўжо недалёкага павароту рова. Праз некалькі крокаў, аднак, зноў пачуў напружанае завыванне матораў і ўнутрана сцяўся, чакаючы крыкаў або, можа, стрэлаў. Але ўсё ж ён паспеў схавацца за паваротам. Півавараў схаваўся трохі пазней, Іваноўскі, азірнуўшыся, згледзеў, што машыны паявіліся на секунду пасля таго, як баец упаў за паваротам. Машыны прамчаліся, не збаўляючы хуткасці, і ён упершыню за ранак уздыхнуў з палёгкай:
— Фу, чорт!
Абодва хвіліну аддыхваліся, пасля Іваноўскі прыўстаў на каленях і агледзеўся. Здаецца, паблізу быў нейкі хмызняк — рэдзенькае яго вяршалле месцамі тырчэла з-за высокага бруствера, і лейтэнант з байцом расслаблена пайшлі па рове. Далекавата ўжо адышоўшыся ад шашы, яны спрабавалі вылезці ў поле, і, на здзіўленне камандзіра, Півавараву гэта ўдалося хутчэй; лейтэнант жа з першай спробы дабраўся толькі да сярэдзіны адхону і, паслізнуўшыся на круцізне, споўз да самага нізу. Зноў вельмі забалела сцягно. На гэты раз ён не захацеў душыць у сабе стогн, і Півавараў азірнуўся на брустверы, кінуўшы ў яго бок востры, недаўменны позірк.
— Нічога. Усё ў парадку.
Іваноўскі сабраўся з духам, пераадолеў боль, баец падаў камандзіру лыжную палку, з яе дапамогай той нарэшце пераваліўся цераз бруствер.
— Так. Цяпер на лыжы.
Тут, напэўна, ужо можна было ісці каля рова, ад дарогі прыкрываў бруствер і няблага хаваў хмызняк. Справа і воддаль шарэла вяршалле хвойнічка, дзе іх сёння чакалі ўдача або няшчасце, слава або, можа, смерць — іх лёс.
7
Пакуль яны прадзіраліся на лыжах у кустоўі, Іваноўскі адчуў прыступ нейкага непрыемнага, амаль неадольнага ў сабе неспакою.
Было зусім невядома, чаму гэты неспакой менавіта цяпер так настойліва даняў лейтэнанта. Урэшце, усё складвалася больш-менш удала: яны перайшлі шашу, здаецца, іх не заўважылі, зусім ужо блізка была мэта іх труднага шматкіламетровага начнога шляху. Хаця і з непаладкамі, але набліжаўся фінал, пэўна, цяпер яны маглі ўжо што-небудзь зрабіць. Праўда, сілы іх зменшыліся — частку страцілі пры пераходзе лініі фронту, двое зніклі ўначы, трое засталіся па той бок шашы, і тут іх было толькі двое. Двое, вядома, не дзесяць. Але наўрад ці гэтая акалічнасць была прычынай яго невыразнага і такога неадольнага цяпер неспакою.
Чым бліжэй яны падыходзілі да хвойнічка, тым усё нецярплівей рабілася на душы ў лейтэнанта. Нецярпенне нарэшце ахапіла яго так моцна, што ён не мог дазволіць сабе спыніцца, каб паправіць на сцягне павязку, — здаецца, пачала крывяніць рана. Зрэшты, ён даўно ўжо стараўся не заўважаць свае раны, да яе збольшага прыцерпеўся за ноч. Цяпер ён нават не дужа азіраўся па баках — ён упарта імкнуўся да хвойніку, быццам там чакала яго самая вялікая ў яго жыцці ўзнагарода. Півавараў, мокры ад поту, які ён перастаў ужо выціраць з твару рукавом маскхалата, стараўся не адстаць, і яны задыхана, хуткім крокам шыбавалі ўскрайкам кустоўя. Ужо зусім добра развіднела, дзьмуў нямоцны марозны вецер, неба, завалочанае хмарамі, нізка навісла над шэрым, непраглядным, затуманеным марознай смугой прасторам.
Іваноўскі першы ўзабраўся на вяршыню пагорка і праз голае сучча алешніку паглядзеў уніз. Перад ім была лагчына з нешырокім языком хмызняку, у якім лейтэнант ледзьве пазнаў той алешнічак, дзе яны з Волахам чакалі ночы. Але замест гушчару, што тады прытуліў семярых, цяпер сіратліва чарнелі на снезе тонкія дубчыкі, у якіх магло схавацца хіба некалькі птушак. Затое на пагорачку за лагчынай па-ранейшаму таямніча зелянеў хвойнік, абнесены рэдкімі слупкамі нямецкай загарадзі, ля якой ім тады так не пашэнціла з Волахам, але павінна, не можа не пашанцаваць цяпер…
Убачыўшы знаёмую загарадзь, лейтэнант памалу пачаў спакайнець — галоўнае, усё ж ён дапяў да яе. Астатняе ўжо залежала ад яго ўмельства, знаходлівасці, ад іх смеласці. Дзеянне розных пабочных прычын тут ужо зводзілася да самага магчымага мінімуму.
Захінуты хмызняком, лейтэнант пастаяў хвіліну ці дзве, трохі адпачыў і памалу пачаў пазбывацца свайго нецярплівага неспакою. Ён стараўся ўпэўніць сябе, што ўсё як-небудзь абыдзецца. Праўда, канчаткова супакоіцца яму не ўдалося, нешта ўсё ж не пераставала яго прыгнятаць, трывожыць і без таго натрывожаныя за ноч пачуцці. Півавараў, ні пра што не пытаючыся, відаць, без слоў разумеў становішча і чакаў, калі яны пойдуць далей. Іваноўскі ж усё не мог адарваць позірку ад хвойнага ўзлеску, быццам спадзеючыся там што ўбачыць. Але на адлегласці больш кіламетра нічога не было відаць, апроч рэдкіх маладых сасонак ды некалькіх слупоў загарадзі. Зрэшты, яно і зразумела, мабыць, немцы паспелі замаскіраваць аб'ект. Яны таксама ўмелі маскіравацца — розныя там сеткі, зялёныя маскі, снег. Вось толькі здзіўляла, куды прапала дарога, на якой разведчыкі Волаха ўбачылі нямецкія грузавікі, што вазілі боепрыпасы. Яна ішла якраз па касагоры да лесу, і цяпер там на снезе не відаць было і следу. «Можа, яе замяло ўночы?» — падумаў лейтэнант. Але хоць які знак яе павінен быў захавацца нават і пасля завеі. А можа, дарогу праклалі ў іншым, не бачным адсюль месцы! Зрэшты, дарога цяпер яму была непатрэбна, пакарыстацца ёю, відаць, ім не прыйдзецца. Куды важней было знайсці зручныя подступы да гэтага хвойнічка, каб уночы як мага бліжэй падпаўзці да агароджы. Відаць, адкрыты напольны бок для гэтага мала гадзіўся, трэба было пашукаць якія падыходы з захаду.
— Півавараў, айда! Ціха толькі…
Ухіляючыся ад мерзлага сучча, якое ўвесь час чаплялася за іх капюшоны, яны пайшлі хмызняком уніз, у абход поля. Іваноўскі зноў увесь насцярожыўся, усё ў ім так сцялася, як не сціскалася за ўсю шалёную мінулую ноч. Але наўкола стаяла цішыня, ім ніхто не спаткаўся, і гэта супакойвала. У каторы ўжо раз лейтэнант браўся прыкідваць, як лепш перабрацца за загарадзь — цяпер гэта было, мабыць, самае важнае і самае цяжкое ў ягонай задачы. Вядома, калі штабялі блізка ля дроту, дык можна будзе закідаць іх гранатамі і бутэлькамі з КС, хаця наўрад ці яны будуць размешчаны на такой адлегласці, каб іх можна было дастаць гранатай. Тады прыйдзецца лезці праз дрот. Лепш за ўсё, мабыць, зрабіць гэта аднаму, а астатнім прыкрыць на які выпадак і забяспечыць адход. Хай нават прыняўшы нядоўгі бой з вартавым, — на іх баку раптоўнасць, а хвіліны часу ім, мабыць, хапіла б, каб зрабіць усё, што трэба зрабіць. Горш вось, калі там — сабакі.
Але нават калі і сабакі, аднаму або двум прыйдзецца лезці праз дрот — астатнія павінны будуць падманіць сабак і прыняць на сябе агонь вартавых — іншага не заставалася. Галоўнае — паспець за якія секунды запаліць і ўзарваць як мага больш штабялёў. Астатняе зробяць дэтануючыя выбухі, і ўсё давершыць агонь.
Па хмызняку яны перасеклі лагчыну, краем узлеску абышлі адкрыты ўчастак поля. Паблізу нікога нідзе не было. Ішлі асцярожна, цяпер ужо нетаропка. Часам лейтэнант спыняўся і прыслухоўваўся: наўкола стаяла ветраная зімовая цішыня. Аднойчы вецер прынёс у лагчыну далёкі маторны гул, але, услухаўшыся, Іваноўскі зразумеў, што гэта з шашы. Хвойнік надзіва нема, амаль мёртва маўчаў.
Праз якіх паўгадзіны на іх шляху нечакана паявіўся равок. Крывулісты і голы, з завеянымі снегам бакамі, ён быў відаць на ўсю даўжыню, і лейтэнант не адразу зразумеў, што гэта той самы равок, адкуль Волах выйшаў у завею да загарадзі. Значыць, трэба было зайсці яшчэ далей, па кустоўі абагнуць базу на кіламетр глыбей. Ужо там напэўна можна будзе падысці да яе бліжэй і разгледзець больш падрабязна.
Ён азірнуўся на Піваварава, расчырванелы твар якога напалову закрыты быў мокрым абвіслым капюшонам; хлопец з усяе сілы перабіраў палкамі, іх лыжы па-ранейшаму глыбока правальваліся ў рыхлым снезе. Пераадольваючы ў сабе моцнае нецярпенне ад таго, што хутка бліжэла мэта, Іваноўскі моўчкі даў знак байцу пачакаць, а сам абышоў роў і спыніўся за шырокім разгалістым кустом ляшчынніку.
Голыя, са знятай карой слупы агароджаны былі зусім ужо блізка. Высокія, у рост чалавека, калі не больш, яны прыкметна вылучаліся на снежна-зеленаватым фоне маладых хвоек. Але, дзіўная справа, — за імі ўсё яшчэ нічога не было відаць. Як ён ні напружваў зрок, нідзе не мог згледзець знаёмых штабялёў з жоўтых і зялёных скрынак, якія так выразна стаялі ў яго ў вачах з таго самага моманту, як ён убачыў іх у бінокль. Не было таксама відаць і брызентаў. Гэтая акалічнасць зноў нядобрым прадчуваннем занепакоіла лейтэнанта, і ён махнуў Півавараву — маўляў, сядзь, замры. Той зразумеў сігнал і прысеў на лыжы, а лейтэнант пасля нядоўгага вагання выйшаў з кустоўя.