Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дажыць да світання

Быков Василь

Шрифт:

— Што вось цяпер хлопцам сказаць? — заклапочана сказаў камандзір, адчуўшы жаданне параіцца, каб хоць крыху развеяць сваю маркоту.

— А так і сказаць. Што ж такога, — проста адказаў Півавараў.

— Што немцы нас ашукалі?

— Ну а што! Ашукалі дык ашукалі!..

— Відаць, твая праўда, — падумаўшы, рашыў лейтэнант. — Трэба так і зрабіць. Толькі куды вось далей?

— А вы на карту паглядзіце, — прастадушна параіў баец.

— Якую карту?

Святая прастата, Півавараў, мабыць, думаў, што на ваеннай карце ўсё абазначана. Таксама, бывала, вясковыя цёткі, убачыўшы, як камандзір разгортвае карту, здзіўляліся, калі ён пытаўся, як называецца гэтая вёска або колькі кіламетраў да горада. Так і гэты яго Півавараў.

Зрэшты, лейтэнант нерваваўся і, здаецца, пачынаў злавацца — балела патрывожаная рана, і надта прыкра было на душы — ён усё яшчэ не меў пэўнага ўяўлення, што рабіць далей. Невідушчым поглядам ён хвіліну азіраў пакатае, з далёкім кустоўем поле, пакуль думка пра пакінутых за дарогай байцоў не змусіла яго дзейнічаць. Тады ён адштурхнуўся палкамі і хутка пайшоў па ранейшым сваім следзе ўніз.

8

Пакуль прабіраліся па знаёмым шляху ў кустоўі, Іваноўскі, трохі ўжо прызвычаіўшыся да сваёй няўдачы, спрабаваў разабрацца ў пачуццях і рашыць, як быць далей. Ведама, знікненне базы рабіла непатрэбнай усю ягоную вылазку, і было крыўдна да слёз за дарэмныя намаганні. Вельмі шкода было забітых, паміраючага Хакімава, але цяпер яго ўсё болей пачало дапякаць пытанне: як гэтую няўдачу растлумачыць у штабе? Надта ўжо ўрэзаліся ў памяць лейтэнанта іх зусім не ваенныя праводзіны, сардэчная генералава прамова ў двары дома з прыгожымі аканіцамі… «Сынкі!..» Вось табе і сынкі! Нікудыкі, маруды і разгільдзяі. Пакуль збіраліся, пакуль блудзілі ўначы, пакуль спалі ў рове, база бясследна прапала.

Агіднае становішча, болей нічога не скажаш, думаў Іваноўскі і ўвесь час моршчыўся, як ад зубнога болю. Ён ужо не ўхіляўся ад калючага голля хмызняку — ішоў наўпрост, ледзь толькі прыгнуўшыся, і думаў, што лепш бы генерал вылаяў яго ў самым пачатку ды адправіў на праверку ў Дольцава, чым слухаць той яго злашчасны даклад пра базу. А ўжо калі было прынята такое рашэнне, дык хай бы лепш начштаба строга загадаў яму адносна гэтае базы або нават прыгразіў трыбуналам на выпадак невыканання загаду, чым так вось: «Сынкі, на вас уся надзея!» Што яму рабіць цяпер з гэтай генеральскай надзеяй? Куды ён з ёй? Гэтая бязрадасная думка варушыла, трывожыла яго свядомасць, не давала прымірыцца з няўдачай і вымушала на нейкае дзеянне. Але што можна было зрабіць?

Перайсці шашу зноў аказалася няпроста: яшчэ зводдаль стаў бачны суцэльны паток войска. Ішла, напэўна, нейкая пяхотная часць — калоны варожых салдатаў, брычкі, фурманкі, зрэдку трапляліся конныя; у другім радзе раўлі машыны і цягачы з гарматамі на прычэпе. Густы гэты паток няспынна імкнуў на ўсход, да Масквы, і ў лейтэнанта ў нядобрым прадчуванні сціснула сэрца — зноў! Зноў, відаць, наступаюць, магчыма, прарвалі фронт. Бедная сталіца, як будзе ёй выстаяць супраць такой сілы? Але, пэўна, знойдзецца і ў яе сіла, прынамсі, павінна знайсціся. Іначай навошта тады столькі крыві, столькі заўчасна аддадзеных за яе жыццяў, столькі людскіх пакут і намаганняў — ёсць жа ў гэтым сэнс. Павінен быць.

Вось толькі ў яго сэнсу атрымалася дужа нямнога — хоць за гэтую ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў, але база ад таго не стала бліжэй, чым учора. Можа, яшчэ і далей, бо ўчора ў яго была поўная сілы група, нерастрачаная рашучасць, а што засталося сёння? Нават у яго самога, што ні кажы, а паменела сілы, а галоўнае — разам з базай знікла ранейшая яснасць мэты: ён проста не ведаў цяпер, што рабіць і куды падацца.

Зрэшты, спярша трэба было дайсці да сваіх байцоў.

І яны з Піваваравым, падхапіўшы ў рукі лыжы, зноў сунуліся ўсё ў той жа супрацьтанкавы роў. Ісці далей да шашы было небяспечна, яны затаіліся за чарговым земляным паваротам, зрэдку выглядваючы з-за яго на адкрыты ўчастак дарогі. Часта выглядваць не было сэнсу — калона войска цягнулася там без канца і пачатку, — перайсці ў такі час не было чаго і думаць. Значыць, зноў трэба было чакаць. І лейтэнант пачаў пакорна бавіць на сцюжы свой час, у поўным бяздзеянні, за паўкіламетра ад немцаў. Цяпер, аднак, нядаўняга нецярпення ўжо не было, ён гатовы быў сядзець тут да ночы, усё роўна ўдзень тут не было куды сунуцца. Да таго ж ён яшчэ не прыняў ніякага рашэння і не ведаў, куды накіравацца далей — шукаць базу або, можа, вярнуцца да сваіх за лінію фронту. З Піваваравым ён амаль не размаўляў — размова перашкодзіла б слухаць, а слух цяпер быў для іх адзіным сродкам бяспекі ў гэтым бясконцым снегавым супрацьтанкавым рове. Іваноўскі час ад часу даставаў з кішэні танкавы свой гадзіннік, які толькі і ведаў, што сведчыць, як хутка і няспынна ідзе час. Набліжалася халодная зімовая ноч. Нягледзячы на сцюжу, вельмі хацелася спаць. Напэўна, толькі цяпер Іваноўскі адчуў, як прытаміўся за гэты начны пераход. Вялікае напружанне апошніх некалькіх дзён цяпер паступова спадала, нервы расслабляліся, непрыкметна для сябе ён нават заснуў, прыхінуўшыся спіной да марознага снегавога адхону. І раптам прахапіўся ад ціхага голасу Піваварава:

— …а, таварыш лейтэнант! Праходзяць, здаецца.

— Што? Праходзяць?

Неяк прымасціўшыся на адхоне, баец назіраў за дарогай, голас яго прагучаў з надзеяй, і лейтэнант таксама ўзлез на адхон. Шаша сапраўды ачышчалася ад войска — апошнія фурманкі марудна адпаўзалі на ўсход. Напэўна, пакуль не позна, трэба было бегчы да сваіх на пагорак.

Яны падхапілі лыжы і трушком пабеглі па дне рова, ступаючы ў глыбокія, яшчэ не замеценыя снегам свае сляды. Ім зноў пашанцавала, яны ў самы час выбраліся на ўезджаную пустую дарогу і, перабегшы яе, зноў схаваліся ў рове. Пакуль беглі, добра ўгрэліся, у Іваноўскага спацела спіна, а ў Піваварава зноў густа заплыў потам твар, па скронях і шчоках цяклі буйныя, нібы стэарынавыя, кроплі. Цяжка дыхаючы, баец сціраў іх рукавом маскхалата, але нідзе не адстаў, не замарудзіў, і Іваноўскі ўпершыню, мабыць, адчуў сяброўскае пачуццё да яго. Слабаваты гэты баец стараўся з усяе сілы, і было б несправядліва не ацаніць гэтага.

На пагорку за першым паваротам рова Іваноўскі прыцішыў крок і некалькі разоў з палёгкаю выдыхнуў гарачаю парай. Здаецца, зноў перайшлі. Аднекуль зводдаль зноў даляцеў вуркат дызеляў, але гэта яго не палохала. Яго думкі ўжо беглі наперад, туды, дзе іх чакалі байцы, і першай трывогай лейтэнанта было: як там Хакімаў? Вядома, неразумна было б чакаць, што той ачнецца і ўстане на ногі, але ўсё ж… А раптам ён памёр? Чамусьці падумалася аб тым без спалоху, нават без жалю, хутчэй наадварот — з надзеяй. Як бы ўсё аказалася прасцей, калі б гэты Хакімаў памёр, як бы ён дапамог групе. Але, мабыць, гэта не залежала ад ягонай волі і іхняй патрэбы.

Дзесь зусім блізка ў рове былі яго байцы, і лейтэнант прыслухаўся — здалося, ён злавіў знаёмы разважлівы голас, і гэта яго здзівіла. Лейтэнант прыспешана выйшаў з-за павароткі і тварам у твар сутыкнуўся з Дзюбіным. Мабыць, пачуўшы ягоныя крокі, старшына павярнуўся і з напружанаю ўвагай на бурым, нібы апечаным, твары зірнуў у вочы Іваноўскаму. Непадалёк сядзелі на снезе Лукашоў, Краснакуцкі, Суднік, і каля валакушы з Хакімавым самотна згорбіўся Заяц.

Усе павярнуліся да камандзіра, але ніхто не сказаў ні слова, і лейтэнант таксама моўчкі, не зірнуўшы ні на каго, падышоў да валакушы.

— Як Хакімаў?

— Ды ўсё так жа. Без памяці, - сказаў Лукашоў.

— Вады давалі?

— Як жа вады? У жывот…

Мабыць, так, у жывот. Калі ў жывот, дык вады нельга. Але што ж тады можна? Глядзець, як ён пакутуе, і самім пакутаваць з ім разам?

Лейтэнант угледзеўся ў збялелы твар Хакімава з пакутлівым выразам разнятых пасмяглых вуснаў — баец ледзь чутна стагнаў, заплюшчыўшы вочы, і немагчыма было зразумець, чуў ён што або не.

— Трэба б яго паўшубкам укрыць, — сказаў здаля Дзюбін.

Яму быццам з нейкаю злосцю адказаў Лукашоў:

— Паўшубак! Дзе тут возьмеш паўшубак!

— Тады прападзе.

— Даўно прыйшоў? — не паварочваючыся ад Хакімава, запытаўся Іваноўскі.

— Гадзіну назад, — сказаў Дзюбін і кінуў у бок Зайца: — Во праз яго. Лыжу зламаў…

— Якім чынам?

— Ды як лес аб'язджалі, - сказаў Заяц. — На нейкую купіну налез, хрась — і гатова. Не вінаваты я…

Напэўна, іншым разам было б дарэчы як след вылаяць гэтага Зайца, які ўжо двойчы падвёў групу, але цяпер Іваноўскі змоўчаў. Тое, што Дзюбін дагнаў астатніх, трохі парадавала яго, хоць радасць гэтая, ведама, азмрочвалася цяпер агульнаю іх няўдачаю. Лейтэнант знарок стараўся маўчаць, не заводзіць аб тым размову, ён проста баяўся таго моманту, калі выявіцца, што шалёны іх крос быў марны. Але доўга маўчаць яму не давялося, хоць яго змрочны выгляд ніяк не падахвочваў да размовы, і гэта бачылі ўсе. Тым не менш пытанне пра базу, відаць, непакоіла лыжнікаў, а побач у рове сядзеў прастадушны малады Півавараў, да якога цяпер і скіраваліся погляды астатніх. Першы не вытрымаў Лукашоў.

— Ну што там? Шмат немцаў? — ціха запытаўся ён за плячамі ў лейтэнанта.

— А няма немцаў. І склада таксама няма, — проста адказаў Півавараў.

— Як няма?

Лейтэнант унутрана сцяўся, нахмурыў бровы. Ён не бачыў, але амаль фізічна адчуваў, як трывожна замерлі за яго спіной лыжнікі, і, доўга не вытрымаўшы, сам падняўся на ногі.

— Як, лейцінант? Гэта — на самай справе? — павярнуўся да яго Лукашоў.

Усе астатнія з вялікім здзіўленнем, амаль са спалохам глядзелі на камандзіра.

Поделиться с друзьями: