Дажыць да світання
Шрифт:
— Ды ну, пра што гаварыць! — адмахнуўся Іваноўскі і перавёў размову на іншае: — А вы даўно жывяце ў Горадні?
— Там і нарадзілася.
— Ого! Значыць, тутэйшая?
— Ну.
— А так добра гаворыце па-руску?
— А ў нас дома заўжды гаварылі па-руску. У мяне бацька рускі, і цётка, яго сястра, таксама руская. Толькі мама полька.
— А дзе вы вучыліся?
— У польскай гімназіі. Рускіх жа ў нас не было.
— А як вас завуць? — усё больш цікавіўся Ігар.
— Янінка. А вас — калі не вайсковая тайна? — амаль ужо какетліва ўсміхнулася яна.
— Мяне Ігар, а яго Мікалай.
— У мяне дзядзька, што ў Менску, таксама Ігар. Ігар Пятровіч. А вы да нас служыць едзеце?
Тут ужо яны пераглянуліся, гэта сапраўды ў нейкай меры адносілася да строгай вайсковай тайны, з лёгкасцю, аднак, разгаданай іх спадарожніцай. Але што тут было таіцца? Сапраўды, тыдзень назад, пасля сканчэння вучылішча яны атрымалі назначэнне ў армію, штаб якой размяшчаўся ў гэтай яе Горадні.
— Падобна, што так, — няпэўна сказаў Іваноўскі. — А што гэтая Горадня — нішто гарадок?
— Вельмі добры горад. Не пашкадуеце.
— Думаеш, нас у Горадні пакінуць? — з уласцівым для яго скептыцызмам сказаў Тамолка. — Запруць куды-небудзь у лясны гарнізон.
— О, дык у лесе ж цудоўна! У нас такія лясы! Дзіва! — поўная захаплення, загаварыла Янінка.
Іваноўскі змоўчаў. Ягоныя адносіны да лесу, нават самага прыгожага, не супадалі з захапленнем гэтай дзяўчыны. Бывала, у вучылішчы, у шматмесячных летніх лагерах, лясы, палі, уся гэта аддаленасць ад пастаяннага месцажыхарства з яго хай сабе несамавітым, але наладжаным бытам так надакучвалі пад восень, што самая багатая прырода рабілася невыноснай — хацелася ў горад. Правільна кімсьці сказана, што ваенныя не заўважаюць прыроды, для іх болей важна надвор'е.
Тым не менш у наіўным захапленні Янінкі прысутнічала такая шчырасць, што Іваноўскі заўсміхаўся, гатовы ўжо палюбіць першы, што трапіцца, гарадзенскі лес. І наогул нешта ў ёй усё больш яму падабалася, у гэтай жвавенькай, даволі мілавіднай, з какетліва рассыпанымі на лбе светлымі кудзеркамі дзяўчыне ў просценькай стракатай сукенцы. Яму ўжо было сорамна за той свой фрывольны жарт на вакзале ў Баранавічах, за нетактоўнасць іх прапановы, каторую выбачала хіба што іх пазнейшая дапамога ў яе здарэнні.
Цягнік з кароценькімі прыпынкамі на маленькіх станцыях ішоў усё далей на захад. За акном, нібы ў мінулае, адплывалі назад зялёныя чэрвеньскія палеткі, пералескі, велічныя хвойныя бары, вёскі і скрозь — хутары, хутары. Іваноўскі ніколі не быў у гэтым баку Беларусі, меней як за два гады ўз'яднанай з яе ўсходняй часткай, і цяпер у ім нарадзілася шчырая цікаўнасць да ўсяго, што адносілася да гэтага не вядомага для яго і, напэўна, такога натуральнага для Янінкі жыцця.
На нейкай невялікай станцыі іхні вагон спыніўся якраз насупраць маленькага прывакзальнага рыначка, і Іваноўскі выскачыў на платформу, таропка накупляў у газету несамавітага сялянскага харчу — яек, гуркоў, вясковай каўбасы і нават міску гарачай разварыстай маладой бульбы. Пасля яны елі ўсе разам, хлопцы клапатліва частавалі дзяўчыну, якая зусім ужо асвойталася ў іхняй кампаніі, ахвотна смяялася, жартавала, смачна ядучы гуркі з бульбай. Пасля абеду, мабыць, штось сцяміўшы ў адносінах да яе Ігара, Мікалай зважліва адышоўся і ўзлез на верхнюю полку паспаць. Яны ж засталіся ўдваіх — адно супраць аднаго, раздзеленыя маленькім вагонным столікам.
Яму было добра з ёй, хоць ён усё яшчэ не мог да канца асіліць у сабе нейкае спазнелае пачуццё ніякаватасці, быццам якую вінаватасць за свае намеры, хоць з самага пачатку ніякіх намераў у яго не было. Янінка ж, мяркуючы па ўсім, адчувала сябе зусім натуральна і вольна. Яна зняла свае маленькія, белыя, на коркавай падэшве басаножкі і, напяўшы на каленях караткаватую сукенку, па-хатняму проста ўладкавалася на цвёрдым сядзенні, увесь час з нейкай мілай хітрынкай заглядваючы яму ў вочы.
— А ў нас, ведаеце, Нёман, — казала яна, менавіта так, на беларускі лад вымаўляючы гэта слова, і Іваноўскі ўнутрана ўсміхнуўся, прыпамінаючы сваё недалёкае дзяцінства, школу, вядомую паэму Якуба Коласа і гэтую беларускую назву ніколі не бачанай ім ракі. — Адразу пад акном круты спуск, дзве вярбы і плыты ля самага берага. Я там купаюся з плытоў. Ранічкай выбегу, на рацэ яшчэ лёгкі туманок сцелецца, вада цёплая, як сырадой, нідзе нікога. Так накупаюся, што ўвесь дзень радасна.
— А мне болей азёры падабаюцца. Асабліва лясныя. У ціхае надвор'е — прыгажосць, — сказаў Іваноўскі.
— Рэкі лепш, што вы! У азёрах вада балотам смярдзіць, а ў рэчцы заўсёды праточная, чыстая, бы сляза. Улетку на рацэ — рай. Ды што там! Вось прыедзем — пакажу. Спадабаецца.
Мабыць, сапраўды спадабаецца. Ён ужо быў упэўнены, што гэта штось незвычайнае: домік, дзве вярбы на абрыве, плыты ля берага, з якіх можна ныраць у глыбокі, імклівы Нёман. І ён ужо маляваў гэта ў сваім уяўленні, хоць з вопыту ведаў, што самае багатае ўяўленне ніколі не адпавядае сапраўднасці. У сапраўднасці ўсё інакш — горш або лепш, але менавіта інакш.
Янінка паводзіла сябе з ім лёгка і вольна, так, быццам яны даўно былі знаёмыя, а ён усё адчуваў нейкую невыразную скаванасць, якая не толькі не міналася з часам, але і яшчэ большала. Ігару пачынала здавацца, што, бесцырымонна гукнуўшы яе ў Баранавічах, ён выглядаў перад ёй як чалавек легкадумны, схільны да нікчэмных дарожных прыгод і што яна не магла не заўважыць гэтага. Хоць ніякага легкадумства ў тым не было, была простая дзіцячая гуллівасць, якая, можа, і не зусім дарэчы ў характары дваццацідвухгадовага выпускніка ваеннага вучылішча, нядаўна атэставанага на пасаду камандзіра ўзвода. Тады, на пероне, ён нават і не разгледзеў яе, толькі ўбачыў — разглядаў ён яе цяпер шырока раскрытымі, амаль здзіўленымі вачыма, якія, як ні стараўся, не мог адарваць ад яе прыгожага, усмешлівага твару.
Пад канец дня, пад'язджаючы да Горадні, ён ужо ведаў, што не расстанецца з ёю — яна ўсё больш зачароўвала яго сваёй юнай пекнасцю і вабіла чымсьці загадкавым і таямнічым, для чаго ён проста не знаходзіў назвы, але што адчуваў няспынна. Пра яе дарожнае здарэнне яны не гаварылі, здаецца, яна забылася пра яго і толькі аднойчы заклапочана варухнула броўкамі, калі перастаўляла на паліцы свой чамаданчык.
– І нават бялілы забралі. Татку везла. У нас цяпер бяліл не дастаць.
— А што, бацька — маляр?
— Мастак, — проста сказала Янінка. — А з фарбамі цяпер кепска. Раней мы фарбы з Варшавы выпісвалі.
Нарэшце цягнік прыбыў на станцыю Горадня, і яны, трохі хвалюючыся, сышлі на перон. Янінка са сваім пустым чамаданчыкам у руках павяла іх да штаба арміі, які быў ёй па дарозе. Але ў штабе, апроч дзяжурнага, нікога больш не аказалася, трэба было чакаць да ранку. Пераначаваць можна было тут або ў гарнізоннай гасцініцы, лейтэнанты, аднак, не сталі шукаць гасцініцу і прынеслі свае рэчы ў нейкі маленькі, падобны на капцёрку пакойчык з трыма салдацкімі ложкамі каля сцен. Тамолка адразу ж пачаў уладкоўвацца на тым, што стаяў у куце пад нішай, а Ігар, крыху выцершы з ботаў пыл, заспяшаўся на вуліцу, дзе на бліжэйшым рагу пад каштанам яго ўжо чакала Яніна. Яна шчыра ўзрадавалася яго паяўленню і яшчэ болей таму, што ён быў вольны да заўтра, і яны пайшлі па вечаровае вуліцы горада, усё ў якім было для яго незвычайна цікавае.
За тыя пару гадзін, якія яны з Мікалаем прабылі ў штабе, Янінка паспела прыбрацца і цяпер была ў цёмнай ладнай спаднічцы і светлай шаўковай кофтачцы з маленькім белым каўнерыкам каля тонкай шыі, на яе нагах цвёрда пастуквалі высокія абцасікі модных туфляў. Прыбраная, яна здавалася старэйшай за свае юныя гады і вышэйшаю ростам — амаль упоравень з яго плячом. Яны ўсё ішлі вуліцай, і яму было невыказна прыемна, што яе тут многія ведалі і паважна віталіся: мужчыны — пачціва дакранаючыся рукой да капелюша, а жанчыны — ветлівым кіўком галавы з добразычліваю ўсмешкай на лагодных тварах. Яна адказвала з падкрэсленай ветлівасцю, але і з нейкаю няўлоўнай годнасцю і стрымана, напаўголаса апавядала яму пра тое цікавае, што траплялася ім на вуліцы.