Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дажыць да світання

Быков Василь

Шрифт:

Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, лейтэнант намацаў ля лаўкі гадзіннік — было сорак хвілін на восьмую, значыць, Півавараў адсутнічаў каля дзвюх з паловай гадзін. Калі да той вёскі толькі адзін кіламетр, няхай два, дык ён павінен быў бы ўжо вярнуцца. Але калі не вярнуўся — значыць… Значыць, ён прабраўся ў вёску, але, мабыць, няўдала, і яго спасціг той самы лёс, што і ўчора Іваноўскага. Лейтэнант зноў прыўзняўся на локці, услухаўся, паспрабаваў зазірнуць у трошкі яшчэ светлаватае акенца, але не дапяўся да яго і сеў на лаўцы. Яму было моташна, блага, вогненна-чырвоныя плямы плылі ў вачах. Рукой ён намацаў надзіва цяжкую вінтоўку. Але навошта цяпер была тая вінтоўка — у лазні яго пакуль ніхто не трывожыў, паблізу быццам не было нікога. Наўрад ці ён мог што зрабіць, каб аблегчыць лёс Піваварава, які яўна трапіў у бяду, але і нічога не рабіць ён таксама не мог. З вялізнай натугай, увесь час лапаючы па сценах рукамі, ён выйшаў у прылазнік і штурхнуў нагой дзверы.

Была зімовая ноч — як усе ночы ў лістападзе гэтага года — з ветрам, нізкім, захмараным небам, шэрым, завалочаным цемрай прасторам. Але снег ляжаў свежы і чысты, і ў ім выразна было відаць некалькі глыбокіх слядоў Піваварава, якія ішлі паўз сцяну лазні і паварочвалі за вугал.

Задыхаючыся ад налётаў парывістага ветру, Іваноўскі хвіліну счакаў, услухаўся ў глухую ціш ночы. Ні стрэлаў, ні крокаў, ні крыку — нічога не было больш чуваць. Тады, не зачыніўшы дзвярэй, ён апусціўся каля парога, прыхіліўся плячом да сцяны і сядзеў так гадзіну, а можа, і больш. Ён увесь быў ва ўладзе шчымлівага, хваравіта-напружанага чакання, выразна ўсведамляючы, што калі Півавараў у бліжэйшыя хвіліны не прыйдзе, то ён не прыйдзе ніколі.

Але ён не прыйшоў ні ў бліжэйшыя хвіліны, ні ў наступныя затым гадзіны. Калі ўжо чакаць не стала цярпення, Іваноўскі, не ўстаючы, на кукішках дапяўся да кубіка свайго гадзіннічка за парогам — было без дзесяці хвілін дзесяць. Адсутнасць байца на працягу гэткага часу не абяцала нічога добрага.

«Нашто я паслаў яго? Нашто паслаў? — дакараў сябе лейтэнант. — Якія тут лыжы? Які штаб? Толькі загубіў яго ды і сябе таксама…»

Безумоўна, без Піваварава ён нічога ўжо не мог, але калі ён сам быў асуджаны на пагібель, дык трэба было падумаць, каб выратаваць хоць байца. А ён паслаў яго на такую справу, дзе на ўдачу прыпадае адзін шанец з тысячы. Немцы маглі зрабіць засаду, пасадзіць у полі сакрэты і напэўна ўзмацнілі ахову ў вёсцы — не так проста было пралезці да штаба. Калі гэта не ўдалося яму мінулаю ноччу, калі штабісты былі яшчэ не палоханыя, дык як магло ўдасца цяпер.

«Ну а што ж далей? Што?» — тысячны раз пытаўся ў сябе Іваноўскі, седзячы ля дзвярэй лазні.

Зрэшты, ён ужо ведаў што — ён толькі марудзіў, да апошняй магчымасці спадзеючыся, што Півавараў, можа, яшчэ вернецца. Але калі стала ўжо відавочна, што чакаць далей марна, лейтэнант, хапаючыся за сцены, устаў на ногі.

Ён выпрабоўваў сябе, каб ведаць, на што яшчэ здольны або, можа, не здольны ўжо ні на што. Хаця і з цяжкасцю, але трымацца на нагах яму яшчэ ўдаецца, асабліва калі мець пад рукамі нейкую апору. Цяпер апораю яму былі сцены, а ў полі ён будзе абапірацца на прыклад вінтоўкі. Ногі сяк-так падпарадкоўваліся яму, горш было з дыханнем і з галавой таксама. Але ён падумаў, што галава, можа, адыдзе ў полі, а з дыханнем ён ужо неяк справіцца. Калі не спяшацца, памаленьку, з частымі супынкамі, эканомна выдаткоўваючы сілу…

Яго намер цалкам завалодаў ім, і лейтэнант вярнуўся ў лазню, распіхаў у кішэні абоймы з падсумкаў. Рэчмяшок ён не асіліў падняць і пакінуў на лаўцы, затое ён узяў з сабою гранату. Далей ён ужо не мог заставацца тут ні хвіліны і, перабіраючы па сценах рукамі, выйшаў на двор.

Хістка, ледзьве не падаючы, але з упартай, цяжка зразумелай рашучасцю ён прайшоў крокаў дваццаць па глыбокіх слядах Піваварава і спыніўся. Вінтоўка аказалася куды больш цяжкой, чым яму здалося спачатку, але ён абапіраўся на яе, калі гатовы быў ужо ўпасці і асабліва калі спыняўся. Сам бы ён ужо не ўтрымаўся на дрыготкіх ад слабасці сваіх нагах. Аддыхаўшыся, нейкім дзіўным, загнаным позіркам паглядзеў назад. Там сіратліва цямнела на снезе іх лазня, дзе яны ўдачліва перабылі суткі і куды, мяркуючы па ўсім, ужо не вернуцца.

У другі раз ён не адолеў, напэўна, і дзесятка крокаў, як, пахіснуўшыся, спыніўся ад кашлю. Кашаль мог наклікаць самае горшае ў яго становішчы — глыбінным, нутраным болем ён працінаў лейтэнанта да сляпучай цемры ў вачах. Але Півавараў быццам някепска перавязаў яму грудзі, ад прысохлых да ран бінтоў хоць і было балюча, але яны не давалі спаўзці перавязцы, кроў з ран болей не ішла. Калі б толькі не гэта д'ябальская пякотка ўнутры…

Ён імкнуўся ісці як мага хутчэй, і цяпер паказчыкам ягонай хуткасці была лазня. Ледзьве стоячы на нагах, ён зрабіў ужо чатыры або пяць прыпынкаў, кожны раз азіраючыся, але лазня, бы знарок, усё чарнела і чарнела ў прыцемку, з вялікім нежаданнем аддаляючыся ў ноч. Мінула, напэўна, не менш за гадзіну, перш чым шэры паўзмрок канчаткова праглынуў яе.

Навокал быў снег, вецер і поле — і тады ён зразумеў, што быццам бы дасягнуў сярэдзіны шляху, цяпер вярнуцца ён бы ўжо і не здолеў, на гэта ў яго проста не было сілы. Болей ён не азіраўся, ззаду ўжо нічога для яго не было — усё добрае ці благое чакала яго наперадзе.

Потым ён два разы запар упаў, проста не ўтрымаўся на сваіх аслабелых нагах, уставаў не адразу — спярша аддыхваўся на снезе, трываючы боль у павярэджаных ранах. Другі раз яму не пашчасціла і яшчэ болей — упаў дужа нязручна, спіной; балявы ўдар быў такі моцны, што на нядоўгі час, здаецца, лейтэнант страціў прытомнасць. Пасля ён ачнуўся, але доўга ляжаў на снезе, увесь час адчуваючы пад сабой мулкі кругляк гранаты. Але ўсё ж ён намогся яшчэ, каб падняцца, сесці, пасля, хістаючыся, стаць на ногі і зрабіць некалькі першых, самых няўпэўненых крокаў.

Ён стараўся ні пра што не думаць, ён нават не вельмі глядзеў па баках, усё роўна там няшмат было відаць, затое ён не адрываў позірку ад снегу, на якім цягнуліся глыбокія сляды Піваварава. Яны ішлі ўсё ў адным напрамку; здаецца, баец даволі ўпэўнена памятаў іх шлях з учарашняй вёскі і хутка ішоў да яе. Іваноўскі цяпер болей за ўсё баяўся, каб не збіцца з гэтага следу.

А збіцца было няцяжка, асабліва калі падступала чарговая хваля знямогі і цямнела ўваччу. Але тады ён спыняўся, утыркаў у зямлю вінтоўку, падпіраў сябе яе драўляным прыкладам і чакаў, пакуль пройдзе немач. Апроч таго, яму надта дакучаў вецер — не даваў глядзець наперад, выціскаў з вачэй слёзы; часам яго моцныя парывы так штурхалі Іваноўскага, што той, хістаючыся, ледзьве не падаў долу. Але ён упарта супраціўляўся ветру, уласнай знямозе, болю. Ён разумеў, вядома, што наўрад ці спаткае тут Піваварава, хутчэй за ўсё ён ніколі больш не ўбачыць свайго байца, але ўсё роўна ён павінен быў прайсці той шлях, на які адправіў яго. Ён не мог пакінуць яго немаведама дзе і ратаваць сябе. Безумоўна, ён надта многімі рызыкаваў на гэтай вайне, мабыць, многія па яго волі знайшлі сабе на ёй смерць. Але гэтая яго рызыка мела адрозненне ад усіх папярэдніх — яна была апошняй, і таму Іваноўскі павінен дайсці да канца. Калі ў гэтай д'ябальскай сутычцы са смерцю ён не збярог многіх, дык ён не бярог і сябе, і толькі гэта апраўдвала яго камандзірскае права распараджацца жыццямі іншых. Інакшага права на вайне ён не хацеў прызнаваць. У горшым выпадку, перш чым загінуць самому, ён павінен пераканацца, што дзе-небудзь у гэтым полі не сцякае крывёй яго Піваварчык.

І ён ішоў — хістка, расслаблена, раз за разам спыняючыся і абапіраючыся на цяжкую і доўгую вінтоўку Піваварава. Аднойчы, калі ад стомы падкасіліся ногі, сеў на снезе, доўга адпачываў. Але, каб падняцца потым, яму давялося патраціць столькі яго мізэрнай сілы, што болей ён не садзіўся і аддыхваўся, абапёршыся на прыклад вінтоўкі. Спыняўся ён цяпер праз кожныя чатыры або пяць крокаў. На болей у яго ўжо не хапала дыхання.

Яму зноў здалося, што ён прайшоў кіламетры два, не менш, і ён усумніўся ў правільнасці слоў Піваварава адносна адлегласці да гэтай вёскі. Цяжка было паверыць, што яна была за два-тры кіламетры ад іх лазні. Шкада, у гэты раз ён не ўзяў з сабою гадзінніка і не мог вызначыць часу. Але па нейкіх няўлоўных прыкметах яму здалося, што вёска недалёка, магчыма, ён быў ужо ля яе ваколіцы. Сляды Піваварава, аднак, усё цягнуліся і цягнуліся з прыцемак, здавалася, ім не будзе канца ў гэтым полі. Дзе цяпер мог быць сам баец, цяжка было ўгадаць, хоць Іваноўскі быў гатовы да самага горшага. Але магло стацца і так, што той, як і яны ўчора, уцёк ад пагоні і дзе-небудзь, паранены, ляжыць у полі.

Іваноўскі ледзьве не прайшоў паўз яго, бо сляды на снезе ўсё кудысьці вялі і наперадзе нічога не было відаць. Але раптам крыху ўбаку, у мутным цемрыве ночы сярод замеценага снегам быльнягу, яго ўвагу прыцягнуў да сябе нейкі невыразны рух. Спярша ён і не паглядзеў туды, толькі матлянуў позіркам, але тут жа спыніўся, угледзеўся, і штосьці ў ім роспачна здрыганулася ўнутры. Ціха, амаль бязгучна на ветры матлялася нешта, падобнае на шматок паперы, хоць адкуль тут магла ўзяцца папера? Ён збочыў са слядоў Піваварава і, не ў стане адарваць позірку ад недалёкай быльняговае грыўкі, заплятаючыся ў снезе нагамі, павалокся туды.

Яшчэ зводдаль і неяк раптам ён згледзеў белы невыразны бугорчык у тым быльнягу, характэрную лінію чалавечага цела, чорныя халявы ботаў у снезе. І ён спыніўся. У галаве яго мільганула дзіўнае недаўменне — хто мог ляжаць тут, у начным полі, на сцюжы? Лейтэнант проста не адважыўся звязаць у думках тое, што ўбачыў, з яго Піваваравым, напэўна, вельмі недарэчна было бачыць у гэткай позе байца, здавалася, гэта нехта другі, выпадковы, чужы тут чалавек.

Але ўсё ж гэта быў ён, яго апошні баец, яго Півавараў. Ён нерухома ляжаў у разадраным сваім маскхалаце, без шапкі, з абсыпанай снегам стрыжанай галавой, раскінутымі нагамі. Лейтэнант не адразу заўважыў, што снег вакол быў густа патаптаны мноствам чужых ног і ў ім дзе-нідзе чарнелі маленькія круглячкі аўтаматных гільзаў.

Поделиться с друзьями: