Добры дзень, мая Шыпшына
Шрифт:
— А што кажуць бацькі?
— Яны мяне выгналі.
— Як гэта выгналі?
— Звычайна. Спачатку яны прымушалі мяне зрабіць, каб сына не было, але я не згадзілася, і яны мяне выгналі.
— I калі гэта здарылася?
— Сёння.
— А навошта вы прыйшлі ў бар?
— Хацелася да людзей.
— А за мой столік, чаму вы селі за мой столік?
— Я ўбачыла вашы вочы, калі вы стаялі каля стойкі.
— Ну і што?
— Яны не такія, як звычайна бываюць у людзей.
— А якія, якія, можаш ты мне растлумачыць?
— Страшныя,— павагаўшыся, адказала яна.— Вас нельга было пакідаць аднаго.
Усё гэта звалілася на Кастуся так раптоўна, што ён не стрываў:
— Хто цябе прасіў лезці да мяне? Ты хоць разумееш, што, калі падымецца сапраўдны вецер, мы прасцей простага трапім у госці да рыб?
Толькі цяпер Кастусь нарэшце па-сапраўднаму зразумеў, што ён не адзін, што побач другі чалавек, гэтая незнаёмая дзіўная дзяўчына, якая, замест таго каб румзаць цяпер дзе-небудзь у пад'ездзе, сядзіць разам з ім у лодцы без вёслаў, і гэтую лодку адносіць усё далей і далей ад берага.
Ён адчуў, як у сэрца закрадаецца страх. Спадзявацца на нечую дапамогу марна. Рудому лодачніку і яго сабутэльніку, якія толькі і ведаюць, што яны ў моры, мора цяпер па калена.
Трэба было нешта рабіць. Першая думка — залезці ў ваду і, плывучы, штурхаць лодку да берага. Паспеўшы ўжо расшпіліць кашулю, ён сцяміў, што гэта магло б дапамагчы дзе-небудзь на зацішным возеры, але толькі не тут. Заставалася адно — трымацца супраць хваляў, каб не перакуліцца. Ён сцягнуў з ног чаравікі і, падграбаючы імі, стаў паварочваць лодку, усцешна адчуваючы, што яна слухаецца.
— Баішся? — спытаў ён, каб падбадзёрыць дзеўчанё.
— Трошачкі. А ты? — Яе «ты» прагучала так натуральна, што Кастусь нават не змеціў яго.
— А! Ты, калі ласка, не зважай, што я тут накрычаў. Гэта з дурасці. Усё будзе добра. Ночы цяпер кароткія, а там рыбакі заўважаць. Невялікая марская прыгода.
Кастусь разумеў, што яго надзеі спраўдзяцца толькі ў тым выпадку, калі не будзе шторму, альбо калі іх паспее зняць якое-небудзь судна. Іначай пакінутаму на беразе гадзінніку давядзецца адлічваць час для новага гаспадара.
Яго чакала яшчэ адно непрыемнае адкрыццё: лодка працякала, і пад нагамі ў іх неяк непрыкметна ўжо набралася з добрае вядро вады. На шчасце, пад нагамі валялася бляшанка з-пад кансерваў. Дзеўчанё, перахапіўшы Кастусёў позірк, адразу скеміла і ўзялося за справу.
— Як цябе завуць? — спытаў Кастусь.
— Галка,— і яна хуценька паправілася: — Галіна.
— Галка? — узрадаваўся ён.— А ты да яе падобная. Чорная і нос дзюбкай.
Іх несамавітае судна, неслухмяна крутануўшыся, зачэрпнула вады. Кастусь, зноў павярнуўшы лодку носам да хваляў, мусіў кінуць сваё веславанне і таксама выліваць ваду — чаравікам. З'явілася новая небяспека, але Галка не павінна была адчуваць яго трывогу, і ён як мага спакайней заспяваў:
Кацілаоя чорна галка
Па бару, па бару,
А за ёю ясны сокал
Паблізу, паблізу...
Яна ўзяла матыў і, не забываючы пра бляшанку, падпявала. Сустрэўшыся вачыма з Кастусём, гарэзна ўсміхнулася і назнарок весела сказала:
— Я — Галка, а сын будзе Валодзя.
Дзіўна, думаў Кастусь. Вось чалавек не паспеў нарадзіцца, а ўжо некаму патрэбны.
— Паслухай, а адкуль ты прыехаў? — спыталася Галка.
З Беларусі.
З Беларусі?! А я ў вас была. Мы на аўтобусе цэлы тыдзень па Беларусі ездзілі. Хатынь, Белавежская пушча. Потым мясціны, дзе Міцкевіч нарадзіўся... А ведаеш, што мне больш за ўсё запомнілася, на ўсё жыццё, напэўна? У нас аўтобус аднойчы ўвечары зламаўся каля нейкай вёскі. Восень, дождж: ні палаткі паставіць, ні вогнішча раскласці. Думалі ўжо, у аўтобусе начаваць прыйдзецца, а тут аднекуль бабуля, старэнькая такая, з лыжнай палкай замест кійка. I яна ўсіх нас, дваццаць чалавек турыстаў, да сябе забрала. Уяўляеш? Дождж, вецер, а мы каля цёплай печкі малако п’ём. Кубкаў на ўсіх не хапіла, дык мы па чарзе. А бабуля ўсё нешта на стол нясе і нясе і ўсё прыгаворвае: «Ешце, дзеткі, ешце». Мы: «Дзякуй, бабуля, не галодныя». А яна: «Крый божа, дзеткі, галодных карміць».
— Наогул у вас людзі вельмі добрыя. Я і ў табе нешта такое адчула, яшчэ там, у бары. Ну, што ты добры, толькі ў цябе штосьці не ладзіцца.
Ага, добры, з пякучай з'едлівасцю думаў Кастусь.
Такі добры, што, калі жыццё не пагладзіла па галоўцы, гатовы ўтапіцца ў дзіравай лодцы, ды, каб не было сумна, і другога з сабой прыхапіць.
Пасля падманнага зацішку іх знянацку абдало хваляй.
— Трымайся, Галка! — крыкнуў Кастусь, вычэрпваючы ваду.
— Трымаюся! — Парыў ветру сарваў з яе плячэй пінжак.
Кастусь ліхаманкава ўвіхаўся з абодвума чаравікамі. Ён ужо не мог здацца, не мог так недарэчна загінуць.
Ён зноў і зноў упарта, сцяўшы зубы, паварочваў лодку супроць ветру, туды, дзе былі агні, дзе быў бераг, дзе, далёкая-далёкая, ляжала яго зямля. Яна абыдзецца без яго. Але яму без яе немагчыма. Яна была трэба яму, як трэба чалавеку сонца, хлеб, родная мова. Ён быў нішто без яе, без старых матуляў з невядомых вёсак, без тых хлапчукоў з французскай шабляй, без сына, без свайго яснавокага юнака з пачатага рамана.
Цяпер ён ведаў, што чалавек можа памерці і нарадзіцца неаднойчы.
У тую ноч яму снілася маці.
Новы год
Танцавалі пры свечках пад прыцішаны магнітафон. Стась зноў запрасіў Наташу. Яна прыціскалася і няшчыра скардзілася, што козытна ад яго барады. Забранае ў адмысловую асаду люстра ў пярэдняй здрадліва адбівала з кухні бясконцы пацалунак Валэркі і Люды, ствараючы нешта накшталт сучаснага варыянта вядомай карціны Вато.
— Табе хораша? — дыхнула цёплым шэптам Наташа.
«Навошта гэтыя сантыменты?» — думаў Стась, але яму было прыемна ад яе блізкасці, ад нейкай шматзначнасці слоў, ад складанага і хвалюючага паху парфумы, што нябачным воблачкам акрулсаў яе.
За акном поўніўся людам пляц з ёлкай: пад рознакаляровым павуціннем гірляндаў падавалі голас баяны, пракідаліся ў натоўпе маскі, нехта салютаваў з ракетніцы. Так у горадзе было зазвычаена: даглядзелі навагоднюю праграму і ад тэлевізара — пад ёлку.
— Ці не час уліцца ў масы? — спытаў Ігар. Яму хранічна не хапала партнёршы на павольны танец, і ён маркоціўся на згорнутым у трубку на падлозе дыване.
— Там хо-о-оладна...— скрывіла губы Наташа і павяла на Стася асавелымі вачыма.
— Прапаную прыпяць на дарожку допінг,— імпэтна сказаў Генка.
— А дзе Валерка? — пацікавіўся хтосьці.
— Ён ужо ручку красуні сціскае, з ёй мілавацца ахвочы...— прадэкламаваў Ігар.
— Міцкевіч,— паведаміў Генка.
— Неверагодна,— сказаў Стась.— Наш Генадзь ведае класічную паэзію.
Генка, пусціўшы кпіну міма вушэй, узняў кілішак. Тост быў велягурны і цягучы, як жавальная гумка: спярша чыёсьці выслоўе пра тое, што сцежка дабрачыннасці заўсёды пакручастая і вузкая, а дарога заганы простая і шырокая, а далей — ад сябе і настолькі нудна, што Стась не вытрымаў і скрывіўся.