Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ты?
– Што, Ваша Высокасьць?
– Цi твая гэта работа?
– i Вiтаўт iзноў указаў на паваленае дрэва.
– Не разумею, Ваша Высокасьць! Як гэта "мая работа?"...
– А так, што нехта намагаўся забiць Ваяводу Грозаўскага! З гэтым намерам i абвалiў на яго дрэва. Добра што шляхетны Мак Марцiмер выратаваў сiтуацыю, ня даўшы завалiць другую бярэзiну. Ваявода застаўся жывы й здаровы, але ягоны конь паранены! Што ты на гэта скажаш? Вось ён, адзiн з забойцаў...
– Ваша Высокасьць!
– ускрыкнуў абражаны Скабель.
– Калi Вы лiчыце мяне здольным на такi ўчынак, то загадайце арыштаваць мяне, забярыце мае шпоры й пас! Але клянуся ўсiмi Сьвятымi, i заклiкаю Неба ў сьведкi, я тут не вiнаваты. Я собскiмi рукамi згодны пакараць вiнаватага!
– з гэтымi словамi ён выхапiў меч, i не пасьпеў нiхто й вокам мiргнуць, абрушыў яго са страшнай сiлай на галаву палоннага, разьсёкшы яе напалам.
– I так! Сьведкi ня стала, - зь некiм дзiўным спакоем прамовiў Вiтаўт. Але я ведаю, што ня гэты няшчасны быў галоўным вiнаваўцам. I я дабяруся да карэньняў гэтага злачынства! Няшчасны будзе той, хто пасьмеў!...
– Ваш Высокасьць!
– падыйшоў Ваявода Фёдар.
– З канём нiчога страшнага няма. Некалькi драпiнаў на нагах... Пасекла гальлём...
Вiтаўт зiрнуў на Фёдара й з усьмешкай адвярнуўся. Ён зразумеў, што Фёдар прагне хутчэй разпачаць бой i баiцца, каб раптам i сапраўды Войта Скабеля не арыштавалi. Страшэнная нянавiсьць палымнела ў вачах Ваяводы, i прага помсты так зь iх i выпырсквала. Вiтаўт прыгадаў сабе, як зусiм нядаўна назiраў гэты бляск у вачах Фёдара - пры iх першым спатканьнi пасьля Ворсклы, i прамовiў:
– Ваявода, супакойся! Доўгатрывалая злосьць i ненавiсьць стамляюць чалавека якраз у той момант, калi яму найболей патрэбная бадзёрасьць. Злавацца й ненавiдзець пачынай тады, калi апусьцiш забрала!
– Гаспадар!
– ускрыкнуў Фёдар.
– Уся кроў у маiх жылах кiпiць! Як я магу не злавацца? Дазволь нам рушыць далей?
– Просiм, Ваша Высокасьць...
– дадаў Скабель.
– Едзем!
– пагадзiўся Вiтаўт i, даўшы шпорамi каню, вынесься ўперад.
На паляне зь нецярпеньнем ужо чакалi глядачы й жаўнеры, пакiнуўшы мейсца для Вялiкага Князя й пачоту насупраць сярэдзiны поля.
З усiх бакоў разьнесьлiся прывiтаньнi:
– "Жыве Вялiкi Князь Вiтаўт!" "Слава Гаспадару Лiтоўскаму!" "Вiват!"...
Зь невялiкае групы чужаземцаў прагучэў звонкi малады голас, вылучаючыся з агульнага гулу:
– Вiват Чароўная Княгiня Рынгайла! Вiват!
Яраслаў Смаленскi крута павярнуўся ў той бок. Правая рука сама ўхапiлася за дзяржаньне мяча. Падпарадкуючыся нацягнутым павадам, яго конь узьвiўся на дыбкi й, танцуючы на заднiх нагах, таксама павярнуўся на голас.
– Хто пасьмеў? Выхадзi!
– зарычэў, як леў, узвар'яваны Яраслаў. Але нiхто яго не пачуў. Пастаяўшы трохi на мейсцы, ён ускач дагнаў сьвiту Вiтаўта й, параўняўшыся з Рынгайлай, запытаў:
– Я бачу, Вы задаволены? Вам падабаецца?
– А Вы не задаволены? Вам не падабаецца?
– усьмiхнулася яна.
– Я найду яго й скручу яму шыю!...
– Тады не пападайцеся мне на вочы!
– i Рынгайла выехала ўперад, пакiнуўшы няшчаснага Яраслава скрыгатаць зубамi ў бязьсiльным шалу.
– Што за жанчына!
– прашапацеў ён.
– Чарадзейка! Зьмяя! Якая нячыстая мяне сюды прынесла? Сядзець-бы спакойна ў Смаленску.
А бедны малады Бургундзец, Олiвер дэ Арно, стоячы побач Графа, згараў ад зайздрасьцi, бачачы, як усьмiхаецца Каралева ягонага сэрца Спадкаемцу Смаленскаму...
Паступова гул прывiтаньняў зацiх. Гэрольды абвесьцiлi аб пачатку паядынку. На супрацьлежных канцах паляны разгарнулiся харугвы працiўнiкаў.
Ваявода Фёдар i Войт Скабель, з паднятымi забраламi, пад'ехалi да Вялiкага Князя й, адсалютаваўшы мячамi, застылi нерухома.
Вiтаўт падняўся зь мейсца й, перадаўшы чырвоны шаль Вялiкаму Гэрольду, загутарыў:
– Хай Усемагутны й Справядлiвы Бог будзе мiж вамi судзьдзёй! Абвiнавачаньне цяжкое. Цяжкая й абраза, калi яно не справядлiвае. Фёдар, Ваявода Грозаўскi! Табе, як пакрыўджанаму, належыць права выбраць зброю й род паядынку!
– Я жадаю вольнага паядынку, Ваша Высокасьць!
– Войт!
– павярнуўся да Скабеля Вiтаўт.
– Ваявода жадае вольнага паядынку. Цi прымаеш ты?
– Гаспадар Вялiкi Князь! Я прыняў выклiк Ваяводы! Мушу прыняць i яго выбар! Хай Ваша Высокасьць i ўсе тут прысутныя будуць мiж намi судзьдзямi! Я абвiнавачваю Ваяводу Фёдара Грозаўскага з Княства Слуцкага ў баязьлiвасьцi й здрадзе!
Рынгайла зь ненавiсьцю й пагардай адвярнулася ад Скабеля. Вiтаўт мiмаволi ўсьмiхнуўся. А ў наступiўшай цiшынi пачуўся голас Графа дэ ля Шэр:
– Гэты чалавек вынес сам сабе сьмяротны прысуд!
– Як так?
– пацiкавiўся Олiвер дэ Арно.
– На паядынках, Ваявода Грозаўскi яшчэ нiколi не забiваў свайго працiўнiка: звалiць з каня й памiлуе, - разтлумачыў Граф.
– Ён рэдка бывае выклiканы, i яшчэ радзей выклiкае сам. Але такую абразу наўрад цi прабачыць, а як ён валодае зброяй, зараз убачыце самi!
Працiўнiкi, тым часам, паскакалi да сваiх збраяносцаў. Над палянай запанавала магiльная цiшыня.
Княгiня Рынгайла, з жалем i непакоем, не адрывала вочы ад аддаляючагася Фёдара.
На ўскраiнах паляны збраяносцы падалi байцам вострыя цяжкiя дзiды. Клацнулi апускаючыся забралы. Працiўнiкi сталi на йзгатоўку. Конь Ваяводы, адчуваючы напружанасьць моманту, зь нецярпеньнем бiў капытамi й, прысядаючы на заднiя ногi, тузаў павады.
Васiль у апошнi раз абмацаў падпругу, шлеi крупэра й нагруднiка[14], ды, застаўшыся задаволеным, толькi цяпер крадком зiрнуў туды, дзе сядзеў пан Келябовiч з дачкой Рэгiнай...
Гэрольды пратрубiлi сыгнал. Вялiкi Гэрольд паволi ўзьняў шаль угару, i рыўком апусьцiў яго...
У той-жа мiг, Ваявода Фёдар, падняўшы каня на дыбкi, зь мейсца пусьцiўся ўскач. Войт Скабель, з апушчанай дзiдай i прыкрыўшыся шчытом, як вецер паляцеў насустрач.
Глядачы, затаiўшы подых, з жахам назiралi за зьблiжаючымiся коньнiкамi.
Ваявода Фёдар трымае дзiду пры назе, пiльна прыглядаючыся да Войта. Вецер сьвiшча ў кратах забрала, плашч чорнай хмарай трапечыцца з тылу... Адлегласьць робiцца карацейшая й карацейшая... Ваявода ўжо ясна бачыць адтулiну памiж шчытом i высокай, акутай стальлю, лукой сядла - вось сюды й ударыць дзiдай. Не спускае ён вока й з вострага наканечнiка Войтавай дзiды.
Васiль, назiраючы за Ваяводай, з хваляваньнем пракусiў сабе губу. Кроў тонкiм струменчыкам сьцякала яму на бараду, а адтуль на панцыр.
Кiрым, нiколi ня бачыўшы падобных забаў, аж прысеў ад захапленьня.
Кандрат Тур з выгляду спакойны, але падрыгваньне вусоў выдае яго хваляваньне.
Мак Марцiмер са шчырым захапленьнем прыглядаецца да сваёй улюбёнай забавы. Хто выйдзе пераможцам, яму амаль усёроўна.
Княжна Рынгайла закрывае вочы рукамi й хавае твар у складках плашча, на плячы Яраслава, чаго той не заўважае...