Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:

– Ваша Каралеўская Вялiкасьць ведаюць самi, - запярэчыў Фёдар, - што Гаспадар Вялiкi Князь гарантыяў даць ня можа! Пад прысягаю цi безь яе!

– Як ня можа? Чаму?
– успыхнуў Кароль.

– Бо ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, ад дзядоў i прадзедаў, iснуюць Суды Копныя, Суды Царкоўныя й Суд Гаспадарскi Вялiкакняжы, каторыя караюць злачынцаў усiх аднолькава, бяз розьнiцы Веры цi падданства. Парушыўшы гэты звычай, Гаспадар Вялiкi Князь скрыўдзiў-бы бальшыню падданых сваiх, i даў-бы злачынцам магчымасьць, перайшоўшы ў Веру Польскую, застацца без пакараньня!

– Я прымушу яго!
– ускрыкнуў Ягайла.

– Гэта немагчыма, Ваша Каралеўская Вялiкасьць!
– рашуча адрэзаў Фёдар. Лiтва ўжо ачуняла ад Ворсклы...

– Ваявода! Цi ты думаеш, што маеш дзьве галавы?..

– Не, Ваша Каралеўская Высокасьць, адну!

Ягайлу надзвычайна зьдзiвiла адвага й рашучасьць, зь якiмi Ваявода Фёдар адстойваў правы сваёй Бацькаўшчыны. Ён, трохi памаўчаўшы й гледзячы проста ў вочы адважнаму пасланьнiку, запытаўся, стараючыся захапiць зьнянацку:

– Цi ведама табе, Ваявода з Грозава, што твой Гаспадар вядзе патаемныя перамовы з гэрэтычнымi Чэхамi? З тымi самымi Чэхамi, якiх пракляў Найсьвяцейшы Айцец у Рыме! Супраць якога выступае Хрысьцiянскае Войска Сьвяшчэннай Iмпэрыi, на загад Ратысбонскага Сойму!

– Не! Мне гэта невядома!
– прызнаўся Фёдар.

– Дык вось, перадай нашаму Брату Вiтаўту, што мы дамагаемся прыпыненьня гэтых ганебных перамоваў! Мы дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт на чале Хрысталюбiвых Лiтоўскiх Драбаў прыяднаўся да Войск Сьвяшчэннай Iмпэрыi й прыклаў усе свае сiлы й стараньнi да хутчэйшага зьнiшчэньня Гусытскае Гэрэзыi й пакараньня вiнаваўцаў!

– Я ўжо сказаў Вашай Каралеўскай Вялiкасьцi, што аб гэтых перамовах нiчога ня ведаю, таму й гутарыць не магу!
– але тут Фёдар успомнiў, што ў Полацку на нарадзе прысутнiчаў Князь Жыгiмонт Карыбут, каторы прыехаў з Чэхii, але прамаўчаў, бо зразумеў, што Вiтаўт сапраўды аб чымсь дамаўляецца з Чэхамi, але стараецца трымаць гэта ў таямнiцы.

– Слухай, Ваявода, апошняе нашае жаданьне, i перадай свайму Гаспадару! Мы хочам мiру, i таму дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт прысьпешыў Хрышчэньне Лiтвы, бо аж сорам падумаць, што Сваяк Хрысьцiянскага Караля сам застаецца паганiнам i не дапускае да Хрышчэньня ўвесь свой вялiкi Народ, каторы толькi аб тым i думае, ды зь нецярпеньнем чакае таго моманту, калi зможа прыняць Дабраслаўленьне Божае.

– Ваша Каралеўская Вялiкасьць моцна памыляецца!
– запярэчыў Фёдар, уражаны такой абразай.
– Iнакш я не магу вытлумачыць сабе таго, што Ваша Мiласьць забылiся цi не заўважылi, што Лiтва ўжо спрадвеку Хрысьцiянская, i Гаспадар Вялiкi Князь - Хрысьцiянiн! I таму ня можа быць i мовы аб паўторным Хрышчэньнi!

– Ён мусiць!
– закрычаў у гневе Ягайла.

– Ён гэтага ня зробiць, Ваша Каралеўская Вялiкасьць!

– Я прымушу яго!... Я зруйную Лiтву!... Я...
– захлiпнуўся гневам Кароль.

У насталай цiшы пачуўся моцны голас Ваяводы Фёдара:

– У такiм разе, я, Фёдар, Ваявода з Грозава - упаўнаважаны ад Яго Высокасьцi, Гаспадара Вялiкага Князя Лiтоўскага, Вiтаўта Кейстутавiча, падняць рукавiцу Вашае Каралеўскае Вялiкасьцi! I даставiць яе ў Трокi!

Ягайла йзноў уважлiва прыглядзеўся да Фёдара, нэрвова пацiраючы двома пальцамi сабе пераносьсе (знак найбольшага здэнэрваваньня). Гэты горды й бязстрашны Лiтовец, адначасна падабаўся й злаваў яго. У памяцi Караля ўсплылi ўспамiны з маладосьцi. Ён прыпомнiў, як яшчэ зусiм нядаўна, сам стаяў на чале вось такiх-жа, як гэты Ваявода, Драбаў. Ганарыўся iх адвагай i мужнасьцю. А яны, у сваю чаргу, нягледзячы на ягоную жорсткасьць, сябелюбства й хваравiтую недаверлiвасьць, верна яму служылi. Цяпер усё зьмянiлася. Кароль адчувае, што ў сэрцы гэтага Ваяводы, пасланьнiка яго роднае неабдымнае Лiтвы - голасна крычыць пагарда й зьнявага да свайго былога Гаспадара. На адзiн момант у сэрцы Ягайлы варухнулася пачуцьцё сораму, але толькi на адзiн момант. Ледзь прыкметна ўсьмiхнуўшыся, ён прамовiў:

– Слухай, Ваявода! Я бачу, што наш Брат Вiтаўт мае верных i адданых слугаў. Я вельмi з гэтага цешуся, але цешыўся-бы яшчэ болей, каб мог пахвалiцца, што й я маю такiх-жа верных падданых. Таму, прапаную табе, шляхетны Ваявода, стаць на маю службу, каторая дасьць табе болей гонару й багацьця, чым тая, якую нясеш зараз!

– Я вельмi ганаруся, што заслужыў ласку такога Вялiкага Валадара, як Ваша Каралеўская Вялiкасьць!
– адказаў з паклонам Фёдар.
– I з радасьцю прыняў-бы прапанову Вашае Мiласьцi, каб гэта не супярэчыла майму Гонару Драба й жаданьням маёй Бацькаўшчыны!

– Як? Ты... ты адмаўляесься ад маёй ласкi?
– ускочыў Ягайла, хаця й чакаў такога адказу.

– Так! Я адмаўляюся! Але не таму, што яе не жадаю, а таму, што не магу прыняць!

Прысутны на нарадзе Пашкевiч з радасьцю й павагай глядзеў на зграбную постаць Фёдара - у iм ён бачыў увасабленьне сваёй суровай i гордай Бацькаўшчыны, непадкупнай i сумленнай. Яму да болi ў грудзёх захацелася быць побач Фёдара, моцна сьцiснуць яму руку, углядацца ў яго спакойныя, разумныя вочы...

Але йнакш адчуў сябе Кароль, каторы быў не з такiх людзей, якiя прапануюць сваю ласку й прыхiльнасьць двойчы. Пагрозьлiва блiснуўшы вачамi, ён прамовiў, нацiскаючы на кожнае слова:

– Ня хочаш?... Ня трэба!... Але ўважай!...

– Ваша Каралеўская Вялiкасьць самi Лiтовец, i мусяць ведаць...

– Досыць, Ваявода!
– перабiў рэзка Ягайла.
– Усё, што мы хацелi пачуць, мы пачулi! Чуў i ты, што мы казалi! Цяпер можаш iсьцi... Але ад'яжджаць не сьпяшайся, мы цябе яшчэ паклiчам!

Фёдар пакланiўся й выйшаў, моцна рашыўшы адразу-ж паслаць ганца да Вiтаўта ў Полацак.

Прыйшоўшы ў свой пакой, ён склаў падрабязны лiст аб нарадзе й выклiкаў Кандрата Тура.

– Сёньня-ж ад'едзеш у Полацак!
– загадаў Фёдар i ўсьмiхнуўся, бачачы, як узрадаваўся Кандрат.
– Возьмеш з сабою двох вояў, на ўсякi выпадак!

– Калi загадаеце выяжджаць, Ваша Сьветласьць? Я гатоў хоць зараз!

– Зараз i паедзеш! Толькi йдзi папярэдзь сваiх спадарожнiкаў. Каго сабе хочаш... Ды перавер зброю й каня, каб у дарозе не абышлося без непатрэбных затрымак!

– Усё зраблю, Ваша Сьветласьць!

– Ну, iдзi!

– А больш нiякiх даручэньняў ня будзе?
хiтра блiснуў вачамi Кандрат.

– Не, нiякiх... А там глядзi, калi ўсё добра будзе, заскоч па дарозе ў Слуцак... Як там стары Бай чуецца?... Не забудзься на дарогу паесьцi, ды людзей накармiць, але глядзi - ня пi нiчога, бо кагось iншага пашлю.

– Надарма палохаеце, Ваша Сьветласьць! Калi трэба, то мы й устрымацца ўмеем.

– Добра, Кандрат, iдзi. Перад ад'ездам зойдзеш па лiсты!

Кандрат жвава выскачыў з пакою, i адразу-ж у стайнi пачуўся ягоны моцны голас:

– Сядлай! Сядлай майго Буланага, хлопцы! Кандрат на шпацыр выпраўляецца! i, не чакаючы нi на чыю дапамогу, пасьпешна, але старанна, узяўся рыхтавацца ў дарогу. Выбраўшы сабе спадарожнiкаў i дапiльнаваўшы, каб i ў iх усё было ў парадку са зброяй i коньмi, зьявiўся да Ваяводы за апошнiм загадам i лiстом.

– Ну, Кандраце, яжджай, ды хутчэй варочайся... Набрыдла мне ўжо тут сядзець.

– Вядома, Ваша Сьветласьць, усякаму набрыдне. У гасьцях добра, але ўдому лепей.

– Так, так! Таму й пасьпяшаць мусiш. Перадасi Вялiкаму Князю вось гэты лiст!
– Фёдар падаў Кандрату скрутак.
– Але ўважай, нiкому iншаму! Толькi самаму Гаспадару! Унiкай па дарозе ўвязвацца ў сваркi! I ня пi! Адгуляеш потым.

– Усё выканаю дакладна, Ваша Сьветласьць!

Фёдар трохi памаўчаў, як-бы раздумваючы, а потым рашуча запытаў:

Поделиться с друзьями: