Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ідылія ў духу Вато

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Тагасветны голас з рэпрадуктара:

— Грамадзяне пасажыры. Па тэхнічных прычынах… раім выкарыстаць гэту магчымасць.

— Дарагі мой, мы паедзем адсюль. Будзе цёплае мора. Яно будзе цалаваць ногі. Мае і твае… І ты пабачыш, ты пабачыш, табе стане лягчэй.

— Не трэба, — ціха сказаў ён, — не заваблівай, не дабівай.

— Грамадзяне пасажыры… раім скарыстаць гэту магчымасць.

Яны стаялі так каля гадзіны, упарта чакаючы цягнікоў, якія не пойдуць. І яна гаварыла, гаварыла, верачы ў магію слоў, якія ўжо нічога не маглі змяніць. І словы яе гучалі ў яго вушах пад жалобны, нечалавечы голас з рэпрадуктара:

— Грамадзяне пасажыры… грамадзяне пасажыры… раім скарыстаць гэту магчымасць… раім скарыстаць…

І раптам ён сказаў, гледзячы ёй проста ў вочы:

— А ты мне не верыш. Ты думаеш, я проста не кахаю цябе пасля таго, што было.

Яна пільна паглядзела на яго:

— Не… цяпер веру.

— Грамадзяне пасажыры, — бразгацеў голас у рэпрадуктары.

І тут хлопец паглядзеў на дзяўчыну, быццам упершыню заўважыўшы яе. Убачыў, як яна ўся дрыжыць ад холаду. І востры, ні з чым не параўнальны жаль разануў яго па сэрцы.

— Едзем да мяне. Мы сёння не дачакаемся цягніка. Пераначуеш у мяне.

І амаль бягом павёў яе да прыпынку таксі, прэч ад перона.

Калі яны ўвайшлі ў пакой, дзяўчына бяссільна апусцілася ў крэсла. Ён пстрыкнуў выключальнікам — і за акном адразу ўвесь свет агарнуўся змрокам і непрытульна пацямнелі ствалы напалову голых дрэў.

Яна дрыжала, седзячы ў крэсле. А хлопец замкнуў дзверы, спехам уключыў рэфлектар — у пакоі было халаднавата, таму што яшчэ не пачыналі паліць, — і выцягнуў з шафы ваўняны пуловер.

— Прэч гэта, — сказаў ён, стаючы перад ёй на калені.

Ён адкінуў туфлі ўбок і захутаў яе ногі, з пакутлівым шкадаваннем адчуваючы, якія яны халодныя.

Потым спешна наліў ёй шклянку віна, адчыніў пісьмовы стол. У пакоі адразу разліўся добры, зусім хатні водар саду. Ён выцягнуў усю шуфляду, напоўненую зеленавата-васковымі моцнымі яблыкамі, і паставіў перад ёю.

— Выпі. Еж, — сказаў ён.

Яны моўчкі пілі. У непрытульным змроку за акном, за шумнай цемрай парку дрыжалі гарадскія агні.

І абаім здавалася, што гэта не той няўтульны і любы і пагражальны горад глядзіць у іх пакой, а проста закінуты хутар недзе на краі зямлі, і гарыць печ, і сумуе ў садзе закінуты шалаш вартаўніка, і моцны водар яблык, што аддае віном, поўніць усё вакол. Гэты прывід шчасця, немагчымага цяпер для іх, быў такі пакутлівы, што яна сказала:

— Пакажы мне свае работы.

Ён нават з нейкай радасцю адшмаргнуў шторы.

І яна міжвольна падалася назад: з палатна, што стаяла перад ёю, лілося такое трывожнае чырвонае святло, што хацелася закрыць вочы.

Яна зразумела, што гэты водбліск пагрознага не мог быць звычайнай зарой.

Усё было проста: насычанае чырвоным неба, барвовы адбітак у спакойнай вадзе, схіленая пад уласным цяжарам вадзяная чарацінка, што перакрэсліла палосу. Рабілася шкода чагосьці, нешта пагражала, нараджалася ў сэрцы няўмольная любоў.

— Гэта называецца "радзіма", — сказаў ён.

— Так яшчэ ніхто не рабіў, — сказала яна.

— А вось яшчэ.

Яна ўбачыла пакрыўлены рог дома, акно, з якога, як сцяг, вырывалася фіранка, — відаць, па пакоях гуляла пройма — і двух сабак, якія пілі ваду пад дзіраваю рынай. Убаку трэці пёс, пужліва азіраючыся, капаў сабе ў зямлі нару.

— Гэта называецца "вайна"? — спытала дзяўчына.

— Так.

Потым была бязмежная роўнядзь вады, сусветны патоп, а над ёю юнак, што ўздымаў на руках непрытомную дзяўчыну. Вада ўсё прыбывала, і на твары юнака можна было чытаць:

"Любая, дыхай, пакуль мае вусны не зніклі пад вадой". І яшчэ нібы чыталася: "Я не баюся цябе, бог! Таму што я чалавек. Нават перад смерцю".

Яны глядзелі далей. Перад дзяўчынай праходзілі людзі — людзі са спрацаванымі рукамі, людзі шахт, людзі непалітых ніў, маладыя альбо старыя, добрыя ці благія, але ўсе чалавечныя.

— Я ненавіджу смерць, — сказаў ён, — я ненавіджу яе.

— А як ты змагаешся з ёю?

— Глядзі.

На новым палатне быў лес, светла-зялёная, пранізаная сонцам папараць. І ў ёй, бы ў зялёных аблоках, быццам зусім не дакранаючыся да зямлі, сутыкнуліся два магутныя кані, счапіліся ў апошняй стычцы два коннікі.

Гэта было зроблена з такою дзікай экспрэсіяй, з такім драматызмам, што міжвольна прыходзіла думка: адзін з іх, той, што ў чорным, нікуды не ўцячэ.

Гэта Ян Прыгожы дабіваў Балотнага Уладара.

Дзяўчына ўздыхнула:

— Ты ведаеш, што ты геній?

— У мяне няма часу на тое, каб стаць ім.

І, апусціўшы штору, быццам адрэзаў:

— Спі.

— Пачакай, я яшчэ пабуду з табою… Трошкі. Я не хачу спаць.

— Добра, — у яго загарэліся вочы. — І я таксама.

Яны яшчэ каля гадзіны гаварылі. І гэта былі ўспаміны, словы аб мінулым каханні, аб тым, што кожны з іх перажыў потым.

Пасля гэтага ён адкінуў рог коўдры, паправіў халаднаватую прасціну, узбіў падушку.

— Кладзіся. Я ў суседа, за сцяной. Яго няма. Трэба будзе — пастукай.

Яна запытальна глядзела на яго. Ён паставіў на начны столік графін з вадою, талерку з яблыкамі.

— Піжама ў шафе, калі хочаш.

Твар яго здаваўся каменным. Ён узяў з шыфаньера прыбор для галення, развітаўся і выйшаў.

Яна ляжала ў ложку і доўга чакала. Ён не вярнуўся.

А ў гэты час ён пастукаў у пакой трэцяга суседа і сказаў яму:

— Ты прасіў у мяне брытву?

Добрыя блакітныя вочы пад белымі вейкамі заміргалі:

— Калі? А-а… добра, мне якраз патрэбна.

І хлопец пайшоў у суседаў пакой.

Ён пагасіў святло, выцягнуўся пад коўдраю, адчуваючы сябе, як зрынуты волат.

У цемры праплыў перад яго вачыма белы твар, прызыўныя цені вачніц, голыя рукі паўзверх коўдры.

"Вось яна лягла. Вось упалі на падлогу туфлі. Вось яе глыбокі ўздых. Божа, як я кахаю, як жадаю яе!"

Ён да болю сціснуў зубы.

"Кахаю… І забіваю? Не, яна маладая, здаровая. Гэтыя гады праляцелі над ёй краем. Яна яшчэ можа быць шчаслівай, знойдзе сябра, дзяцей…"

Поделиться с друзьями: