Ідылія ў духу Вато
Шрифт:
Зноў вырастаў у душы страх.
"Як быццам прыпадак? Выбіць акно? Не. Памыліўся. Горш за ўсё, што яго так і не было за гэты дзень. Толькі прадчуванне. Можа, я перабольшваю? Можа, пайсці да яе?"
Ён чыркнуў запалкай. Трапяткі агеньчык выхапіў з цемры точаную, амаль безвалосую, прыгожае формы руку.
"Жыць бы табе і жыць, рука…"
У цемры мігцеў агеньчык папяросы.
"Здаецца нехта ходзіць па пакоі? Магчыма, прыйдзе сябра, у яго ключы. Адчыніць. А, д'ябал…"
Нейкае падабенства рэўнасці нарадзілася ў сэрцы.
"Пайсці? Не".
А потым усё гэта перастала быць праблемай.
Так яны ляжалі без сну, кожны ў сваім пакоі. Толькі вузкая перагародка, але ўсё адно што акіяны.
"Працаваць, працаваць, працаваць. Толькі працаваць. Гэта адно".
Успыхваў чырвоны светлячок.
"Смерць, я не баюся цябе! Я кідаю табе выклік. Я чалавек… Хоць сёння, як грубая жывёла, адштурхнуў тую, што на руках насіў бы ўсё жыццё… Але ж я кахаю яе. Я кахаю яе, кахаю, кахаю!.."
Ён ляжаў, гледзячы ў цемру. А на начным століку нястомна цікаў гадзіннік, адбіваючы бег часу.