Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
І Таня, аглушаная гэтым ветрам, убачыла смутна, як ад гэтай белай сцяны, нібы стараючыся адарвацца ад яе, ускач імчыцца па дарозе конь. Каго ён выносіў з бурану, Таня не магла ўгледзець. Яна адчула толькі, як сабакі з лютасцю рвануліся насустрач, і закрычала на іх дзікім голасам. Коля не зразумеў яе крыку. Але сама яна ведала, чаму крычыць страшна: сабакі больш не слухаліся.
Нібыта цяжкім кап'ём, Таня паківала каюрам і, натужыўшы руку, з сілай уторкнула яго ў снег. Ён увайшоў глыбока і зламаўся. Тады Таня павярнулася, і Коля на адно толькі імгненне ўбачыў на твары яе жах. Яна крыкнула:
— Трымайся мацней за нарту!
Яна падняла Тыгра над галавой і кінула яго на дарогу. Ён з віскам упаў у снег.
Потым, нібы зразумеўшы, што яму трэба рабіць, імгненна ўскочыў і з гучным выццём панёсся побач з вупражкай. Ён апярэдзіў яе, быццам сам асуджаючы сябе на пагібель. Сабакі заўважылі яго. Ён кінуўся прэч з дарогі, і яны панесліся ўслед за ім.
Конь праскакаў міма.
«Дарагі мой, бедны Тыгр!» — падумала Таня.
Ён скакаў па цаліне высока, ён патанаў, ён задыхаўся ў снезе. Ён, можа, нават праклінаў людзей, якія знявечылі ягонае цела, зрабілі кароткімі ногі, шыю доўгай і слабай. Але ён любіў гэтую дзяўчынку, з якой разам гуляў шчанюком і вырас разам, і толькі ён адзін састарэў. Ці ж справядліва гэта?
А Таня прыпала да нарты, пачуўшы доўгі віск, і хрыпенне, і стук сабачых іклаў, які заглушаў шум ветру.
Нарта, якую не стрымліваў больш тормаз, наляцела на сабак, паднялася, перакулілася набок.
І сабакі памчалі ў глухую завею.
Ніхто не варушыўся: ні Таня, што ляжала побач з нартай, ні Коля, які ўпаў ніцма, ні мёртвы Тыгр з разарваным горлам, які глядзеў у непагоднае неба, — усё было нерухомае. Рухаўся толькі снег і паветра, якое туга хадзіла туды-сюды па рацэ.
Таня першая ўскочыла на ногі. Яна нахілілася, падняла нарту і зноў нахілілася, дапамагаючы ўстаць Колю. Падзенне не ашаламіла яе. Як і раней, усе яе рухі былі няўлоўныя, моцныя, гнуткія. Яна страсянула снег з твару спакойна, нібыта нічога не здарылася.
Коля ж не стаяў на нагах.
— Мы загінем. Што я нарабіў, Таня! — сказаў ён са страхам, і нават слёзы выступілі ў яго на вачах, але яны змерзліся, не паспеўшы нават скаціцца па вейках.
Коля пачаў зноў хіліцца на бок, апускацца на зямлю. І Таня зноў падхапіла яго, стараючыся ўтрымаць.
Яна закрычала яму:
— Коля, ты чуеш, мы ніколі не загінем! Толькі нельга стаяць на месцы — занясе. Ты чуеш мяне, Коля, мілы! Рухацца трэба!
Яна напружвала ўсе сілы. І так стаялі яны, нібыта абняўшыся. І завея прытуліла іх на хвіліну ў сваіх воблаках, а потым аглушыла сваім моцным голасам.
Таня нагой падсунула нарту бліжэй.
— Не, не, — крыкнуў Коля, — я гэтага не хачу! Я не дазволю табе мяне везці!
Ён пачаў вырывацца, Таня абхапіла яго за шыю. Халодныя твары іх краналіся адзін аднаго. Яна прасіла, паўтараючы адно і тое ж, хаця цяжка было вымавіць слова — кожны гук на губах паміраў ад жорсткага ветру.
— Мы выратуемся, — гаварыла яна. — Тут блізка. Хутчэй! Нельга чакаць.
Ён апусціўся на нарту. Яна шалікам сцерла з яго твару снег, агледзела рукі — яны былі яшчэ сухія — і моцна завязала ля кісці шнуркі яго рукавіц.
Учапіўшыся за абрывак вяроўкі, Таня пацягнула нарту за сабой. Высокія хвалі снегу каціліся ёй насустрач — заступалі дарогу. Яна падымалася на іх і зноў апускалася і ўсё ішла і ішла наперад, плячыма рассоўваючы густое, увесь час рухлівае павегра, якое пры кожным кроку адчайна чаплялася за вопратку, як калючкі паўзучых траў. Яно было цёмнае, поўнае снегу, і нічога скрозь яго не было бачна.
Часам Таня спынялася, вярталася да нарты, штурхала Колю і, нягледзячы ні на якія яго пакуты і скаргі, прымушала зрабіць дзесяць крокаў наперад. Дыхала яна цяжка. Увесь твар яе быў мокры, і вопратка цвярдзела — пакрывалася тонкім лёдам.
Так ішла яна доўга, не ведаючы, дзе горад, дзе бераг, дзе неба, — усё знікла, схавалася ў гэтым белым мораку. Але Таня ішла, нахіліўшы твар, намацваючы дарогу нагамі, і, як у самую страшную спёку, пот струменіўся па яе спіне.
Раптам яна пачула стрэл з гарматы. Яна зняла шапку, паслухала, падбегла да Колі і зноў прымусіла яго ўстаць з санак.
Яна закрычала, і гукі з цяжкасцю выляталі з яе горла. Але крык яе здаўся не мацнейшым за шоргат сухіх сняжынак.
— Ты чуў, гармата страляе з крэпасці. Можа, гэта нам падаюць знак.
Ён слаба кіўнуў галавой. Здранцвенне ахоплівала яго ўсё мацней. І Таня ўжо не пасадзіла, як раней, Колю ў санкі, а, абхапіўшы за пояс і паклаўшы яго руку сабе на шыю, пацягнула зноў наперад, прымушаючы яго перабіраць нагамі. А нарта засталася на месцы.
Яны збочылі ўлева, адкуль пачуўся яшчэ адзін стрэл. Гэты быў гучнейшы і прайшоўся па ўсёй рацэ.
Таня мацней налягла на вецер грудзьмі, благаслаўляючы моц сваіх лёгкіх, якія дапамагалі ёй неяк дыхаць у гэтую страшэнную буру, і моц сваіх ног, што неслі яе наперад, і сілу рук, што не выпускалі з абдымкаў сябра.
Але часам на імгненне нападаў на яе страх. І тады здавалася ёй, што яна адна ў свеце сярод гэтай завірухі.
А між тым насустрач ёй, ахутаныя гэтай жа завірухай, рухаліся на лыжах пагранічнікі. Яны ішлі густым ланцугом, які раскінуўся далёка па рацэ. У руках у кожнага была доўгая вяроўка, канец якой трымаў другі. Так былі яны аб'яднаны ўсе да адзінага і нічога не баяліся ў свеце. Такая ж імгла, тыя ж таросы, тыя ж высокія сумёты, што каціліся наперад і назад, паўставалі перад імі, як і перад Таняй. Але стралкі лёгка збягалі з іх і лёгка ўзбіраліся, не губляючы дарэмна дыхання. А калі вецер мацнеў, яны прыгіналіся да зямлі, нібы стараліся пад ім праскочыць.
Так набліжаліся яны да таго месца, дзе была Таня. Але і за два крокі яе не было бачна. Па-ранейшаму адзінокай здавалася сярод завірухі гэтая дзяўчынка з абледзянелым ад поту тварам, якая трымала на руках свайго аслабелага сябра. Яна яшчэ рухалася наперад, але ў яе не хапала ўжо сіл. Яна хісталася ад кожнага парыву ветру, падала, зноў уставала, працягваючы наперад толькі адну вольную руку. І раптам адчула яна сваім локцем вяроўку. Яна сутаргава ўчапілася за яе. Гэта магла быць і вяроўка з баржы, што ўмерзла недалёка ў лёд. Але ўсё-такі, перабіраючы рукой па канаце, Таня закрычала:
— Хто тут, памажыце!
І нечакана дакранулася да бацькавага шыняля. У змроку, без усялякіх бачных адзнак, не вачыма, аслепленымі снегам, не пальцамі, змярцвелымі ад сцюжы, а сваім цёплым сэрцам, што так доўга шукала ў цэлым свеце бацьку, пазнала яна яго тут, у халоднай пустыні, якая пагражала смерцю, у поўнай цемры.
— Тата, тата! — закрычала яна.
— Я тут! — адказаў ён ёй.
І твар яе, знявечаны мукай і стомай, пакрыўся слязамі.
— Ён жывы, — сказала яна, падштурхнуўшы Колю да бацькі, і сама, уся ўздрыгваючы ад громкага плачу, прыпала лбом да яго каленяў.