Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
— Ты надарвешся! — крычала спалохана маці.
Але маці была лёгкая. Лягчэй вязанкі сухой травы была гэтая ноша для Тані.
Яна асцярожна апускала яе на падлогу, і абедзве глядзелі, сумеўшыся, на старую, што стаяла ў дзвярах.
— Падурнелі абедзве, — гаварыла старая, — забыліся на цеста!
І тады надыходзілі самыя прыемныя гадзіны. Усё, што ўвечары Таня піла і ела і чым частавала сяброў, — усё яна рабіла сама. Яна церла чорнае зерне маку, выціскаючы з яго белы сок, падобны на малако адуванчыка. Яна бегала штохвіліны ў кладоўку. А ў кладоўцы такі страшэнны холад! Усё змерзлася. Усе рэчывы змянілі свой выгляд, свой стан, на які асудзіла іх прырода. Мяса было цвёрдае, як камень. Таня пілавала яго маленькай пілкай. А малако кавалкамі ляжала на паліцы. Таня крышыла яго нажом, а з-пад нажа сыпаліся ёй на рукі доўгія валокны і пыл, падобны на пыл каніфолі. Потым яна прыносіла хлеб. Ён сівеў у кладоўцы, як стары. З кожнай яго поры веяла смерцю. Але Таня ведала, што ён жывы, што ўсё жыве ў яе кладоўцы. Нішто не памерла. Яна ставіла мяса і хлеб на агонь і давала ім жыццё. І мяса мякчэла, пускаючы сок, малако пакрывалася пенай, і хлеб пачынаў дыхаць.
Потым Таня хадзіла на лыжах у гай. Яна збягала па палогаму схілу ўніз, дзе з-пад снегу былі бачны толькі вярхушкі маладзенькіх піхтаў. Яна выбірала адну, самую маладую, хвоя якой была больш блакітная. Яна зразала яе вострым нажом і на плячах прыносіла дахаты.
Гэта было маленькае дрэўца, якое Таня ставіла на табурэт. Але і на маленькай піхце знаходзіла яна некалькі кропель смалы, якую любіла жаваць. І пах гэтай смалы доўга жыў у хаце.
Упрыгожанняў на піхце было мала: яе блакітная хвоя, на якой блішчала ад свечак каніцель, па галінах спаўзалі срэбныя танкі, залатыя зоркі спускаліся на парашутах уніз. Вось і ўсё.
Але як добра было ў гэты шчаслівы дзень! Заходзілі госці, і Таня радавалася сябрам. А маці заводзіла для іх патэфон, які прыносіла з сабой з бальніцы.
І сёння павінна быць не горш. Прыйдзе іх бацька, прыйдзе Коля… Ці прыйдзе ён?
«Я, здаецца, пакрыўдзіла яго зноў, — падумала Таня. — Навошта? Якая дзіўная істота чалавек, калі два словы, сказаныя дурным хлопчыкам Фількам, могуць замуціць ягоную радасць, затрымаць добрыя словы, што гатовы вырвацца з сэрца, спыніць працягнутую для сяброўства руку!»
Тані захацелася паглядзець на сваё плячо, дзе нядаўна некалькі секунд ляжала рука Колі. Ніякага знаку не было на плячы.
Але затое, павярнуўшы галаву, убачыла яна маці, што ўважліва глядзела на яе.
Маці трымала яе дзённік — школьную ведамасць. Не ўсё было ў гэтым сшытку так выдатна, як раней, але маці ў гэты раз маўчала. І позірк яе, звернуты да дачкі, быў задумлівы і жаласлівы, нібы разглядвала яна не Таню, а маленькую істоту, якую некалі гушкала на каленях.
Маці была ўжо апранута ў святочную сукенку з чорнага шоўку. І як стройна трымалася сёння яе галава, якімі цяжкімі і бліскучымі былі валасы на патыліцы! Хіба ёсць у свеце чалавек, прыгажэйшы і мілейшы за яе?
«Як не можа зразумець гэта бацька?» — падумала Таня.
Некалькі ватных пушынак прычапіліся да сукенкі маці. Таня садзьмула іх сваім дыханнем.
— Хутка прыйдзе бацька, — сказала яна.
— Так, я чакаю, — сказала маці, — і Надзея Пятроўна прыйдзе. Я прасіла яе прыйсці.
— Лепш бы яна не прыходзіла! — міжволі ўсклікнула Таня.
— Чаму, Таня? — запытала маці.
— Не трэба.
— Чаму ж усё-такі, неразумнае дзіця?
Але замест адказу Таня пакружыла маці вакол свайго маленькага дрэўца, увесь час баючыся, што, можа стацца, і дарослыя прыкідваюцца таксама, як і дзеці: яна кружыла яе доўга.
Рып крокаў і тупат на ганку спыніў іх гульню.
— Тата прыйшоў, — сказала маці са смехам. — Перастань.
Таня адскочыла ў кут.
— Коля прыйшоў, — сказала яна, пабялеўшы.
Але не, гэта прыйшлі іншыя — тры дзяўчынкі, з якімі Таня сябравала ў атрадзе.
Таня выйшла да іх з кутка.
— А танцаваць у цябе можна? — запыталіся дзяўчынкі, хаця з марозу вочы іх нічога не бачылі і твары былі чырвоныя.
— Можна. Сёння ўсё можна! — сказала Таня. — Я зараз завяду патэфон.
Гучная музыка запоўніла ўвесь дом, як сонца, заліла яго гукамі, набіла да самага даху.
Потым прыйшоў бацька з Надзеяй Пятроўнай. Ён некалькі разоў абняў Таню і павіншаваў яе са святам, а Надзея Пятроўна падарыла ёй тарбасы і маленькую даху, усю вышытую бісерам.
А Колі не было.
І маці запытала:
— А дзе ж Коля?
— Вось упартае хлапчаня! — сказаў бацька. — Ні за што не хацеў ісці разам з намі. У мяне, кажа, свой падарунак Тані, я прынясу яго сам.
Услед за імі прыйшоў Філька з бацькам, з маці і з трыма маленькімі братамі, якія прыехалі на сабаках да яго ў горад. Усе яны былі смуглыя і сталі ў рад перад Таняй, пакланіўшыся ёй, як гаспадыні, нізка. Потым усе, як адзін дасталі з кішэняў хусткі, складзеныя ў чатыры столкі, і выцерлі імі насы. І паляўнічы ганарыўся іх паводзінамі, а маці спакойна курыла люлечку, абітую меднымі цвікамі. І цвікі гэтыя блішчалі пры свечках.
Дзяцей падымалі на рукі, і Таня цалавала іх, усіх без разбору, зрэдку аглядаючыся на сваю маці. Тая ўвесь вечар стаяла з Надзеяй Пятроўнай, трымаючы яе пад руку, хаця Таня ўжо некалькі разоў намагалася іх разлучыць: то прасіла патрымаць яе маленькую даху, то памагчы надзець тарбасы. Але кожны раз, з усмешкай паляпаўшы Таню па плячы, маці вярталася на сваё месца да Надзеі Пятроўны, па-сяброўску размаўляючы з ёй.
Госці зноў папрасіліся танцаваць.
Таня падышла да патэфона, радуючыся, што хоць на секунду можа павярнуцца да ўсіх спіной.
Яна старанна круціла ручку, і чорны бліскучы круг круціўся перад яе вачыма, і, працавітая, як конь, іголка хадзіла па сваёй баразёнцы. Яна спявала ў тры галасы і спявала ў адзін, яна іграла, іграла, нібы цэлы хор медных труб і флейт, як светлыя духі, пасяліўся на яе вастрыі.
А Колі не было.
— Дзе ж ён? — думала Таня з тугой.
За яе спіной, калышучы маленькую піхту і вялікі папяровы абажур пад столлю, танцавалі дзеці. З імі разам танцаваў бацька. Ён быў вельмі вясёлы сёння і скакаў цудоўна, захапляючы дзяцей.
— Паглядзі, Таня, — гаварыла штохвілінна маці, — гэта ж бацька танцуе!
— Так, — адказала Таня, — я бачу, мама, ён танцуе вельмі хораша.
Яна глядзела на бацьку. Але думкі і позірк яе блукалі. І хутка яна злавіла сябе на тым, што бацька, і танец яго, і весялосць мала прыцягваюць яе ўвагу. А зусім нядаўна колькі горкіх і салодкіх пачуццяў цяснілася ў яе сэрцы пры адной толькі думцы пра бацьку! Што з ёй? Яна ўвесь час думае пра Колю.
«Дзе ён цяпер? У Жэні сёння таксама ёлка».
Але тут Філька з братамі пачаў ціха кружыцца, пашыраючы круг. Яны закідвалі ногі мякка, ледзь падымаючы іх з падлогі, і то адзін з іх, то другі клікаў да сябе Таню. Яны танцавалі танец, які звычайна танцуюць вясёлыя эвенкі на пясчаным беразе Тугура ў час, калі ўзыходзіць над лесам месяц.
Таня ўвайшла ў іх кола. Яна танцавала, штохвілінна пазіраючы на дзверы.
— Малайцы! — крыкнуў у захапленні бацька. — Чорт пабяры, мы будзем сёння весяліцца! Таня, папрасі ў мамы віна. Я маю для вас яшчэ адзін падарунак.