ДзесяцЬ Бітвау
Шрифт:
Найболыпая пагроза для краіны была тады, калі паходы татараў супадалі з нашэсцем маскоўскіх войскаў.
Калі ж нашыя продкі паспявалі сабрацца і збройна выступіць супраць стэпавых драпежнікаў, яны білі іх нават у чыстым полі. Знішчалі іхныя кашы, вызвалялі людзей, узятых у палон. Болыныя або меншыя паразы цярпела ў сярэднім кожнае другое татарскае ўварванне ў Беларусь. Асабліва паказальным быў 1506 год.
У сярэдзіне лета сыны крымскага хана «царэвічы» Біці і Бурнаш з шматтысячнай конніцай уварваліся на поўдзень Беларусі. Было іх каля 20 тысяч. Затым, падзяліўшыся на загоны, пачалі спусташаць край. Якраз тады вялікі князь Аляксандр Казіміравіч сабраў сойм магнатаў і шляхты ў Лідзе. У часе паседжання сойму і прыйшлі трывожныя весткі. А татары былі ўжо каля Наваградка, некаторыя нават пераправіліся на правы бераг Нёмана. Аляксандр, спаралізаваны цяжкой хваробай, не мог узначаліць адпор. Паклікаўшы да сябе паноў-раду, ён усклаў гэтыя абавязкі на гетмана Станіслава Кішку. Сябе ж загадаў занесці на насілках у Вільню пад абарону нядаўна абноўленых муроў.
А час вымагаў актыўных дзеянняў. Крымчакі ўжо рассыпаліся па Лідчыне і, як пісаў летапісец, «ваявалі цэрквы божыя, і двары вялікія, і весі зажыгалі, і людзей імалі і забівалі». Паслы ў сойм, а таксама баярства-шляхта з блізкага і далёкага наваколля дый усе, хто мог валодаць шабляй, сабраліся разам.
«I мала ці многа — усе як адзін адну раду і ўмысл палажылі: узяўшы Бога на помач, толькі пайсці і біцца з імі».
Некалькі лепшых рыцараў адразу ж выправіліся на выведку. Татараў сустрэлі непадалёку Ліды. I ў кароткай сутычцы разбілі іх. Нашы ваяры з палоннымі і адсечанымі па тагачаснай завядзёнцы галовамі ў торбах вярнуліся ў горад. Першы поспех акрыліў войска, і яно конна рушыла да Наваградка. Тут запыніліся на тры дні, збіраючы падмогу з замкаў і баярскіх двароў. Акрамя таго неабходна было даведацца, дзе залеглі кошам асноўныя татарскія сілы. Дзе яны звілі сваё разбойніцкае гняздо? Лёгкія загоны вершнікаў разгарнуліся па ўзгорыстай Наваградчыне і пад Гарадзішчам, што ў кірунку Баранавічаў. Баяры Юрай і Андрэй Неміровічы з сваімі людзьмі захапілі шасцёх палонных. Тыя доўга не трымалі таямніцы: сыны хана з галоўным войскам стаяць пад Клецкам, а шмат якія загоны яшчэ не вярнуліся ў кош.
Адслухаўшы малебны ў праваслаўных і каталіцкіх бажніцах горада, 4 жніўня 1506 года перад самым змярканнем войска выправілася з-пад сцен Наваградскага замка. Цяпер яго набралася ўжо да 10 тысяч вершнікаў.
Ішлі на паўднёвы ўсход. У недалёкім мястэчку Асташын заначавалі. А нараніцу прымчалі на ўзмыленых конях баяры з навакольных двароў. Яны ўцякалі ад татараў, якія гойсалі па акрузе.
Пастанавілі, што расцярушваць войска, каб вынішчаць невялікія групы рабаўнікоў, не мае сэнсу. Трэба было біць у самы асяродак ворагаў. Таму, не адхіляючыся, працягвалі шлях — на Цырын, Паланечку, Ішкальдзь, міналі папялішчы вёсак. За Ішкальдзяй авангард дагнаў даволі значную татарскую сціжму на паўтысячы вершнікаў, абцяжараную здабычай і палонам. Толькі жменька іх уратавалася, уцякаючы цераз раку Ушу каля Крутога Берага. Недабіткі прыбеглі да Клецка, несучы трывожную вестку пра набліжэнне беларускага войска.
Перад Молевам, у вёсцы Ліпа, нашы ваяры заначавалі зноў. А нараніцу высветлілася, што гетман цяжка захварэў і нават не можа сесці на каня. Трэба было тэрмінова прызначаць іншага правадыра, бо да татарскага коша заставалася ўжо нейкіх 15 кіламетраў. Тады параіліся і даручылі гетманства на час бітвы маршалку Міхайлу Глінскаму, трыццацішасцігадоваму князю, які сам па мячы (гэта значыць, па мужчынскай лініі) паходзіў з беларускіх татараў.
Затым войска пастала ў палкігуфы і рушыла да Клецка, гатовае да бою. Ішлі насцярожаныя, бо кожную хвіліну можна было чакаць наскоку хуткай татарскай конніцы. Да абеду дасягнулі вёскі Красны Стаў на Лані і з прыбярэжнага пагорка ўбачылі, што за ракой ужо стаяла падрыхтаваная да бітвы арда.
Напачатку ўсчалася перастрэлка цераз раку, якая доўжылася тры гадзіны. Тут перавага была на баку нашых ваяроў. Бо яны мелі не толькі лукі, але і агняпальную зброю — некалькі гарматаў і рушніцы. Пад такой моцнай заслонай удалося загаціць дзве пераправы цераз Лань.
Аднак спачатку ў нашым войску выявілася няўзгодненасць. Яго правы фланг заўчасна перабраўся на другі бераг. Убачыўшы гэта, татары кінулі туды сваіх лепшых сечкароў. Тыя ўдарылі па нашых яшчэ не разгорнутых гуфах. Склалася крытычная сітуацыя. Пад стрэламі і шаблямі пачалі гінуць людзі. Тады Глінскі паскорыў пераправу войска левай рукі, якое і атакавала ўпоперак татарскіх загонаў. Загартаваная ў ранейшых бітвах з маскоўцамі, у жалезных панцырах, баярская конніца прасекла ардынскія шыхты і падзяліла іх напалам. Ачулася і войска правай рукі, націснула на татараў з поўдня.
Наступ быў такі нястрымны, што ворагі ў ж о і не думалі пра сечу. Адзінае, што заставалася тым, хто ацалеў, у тым ліку і «царэвічам» — паратунак уцёкамі. Як сведчыў летапісец:
«князь Міхайла з усім войскам гнаў за імі, імаючы і забіваючы да ракі Цабры. I як прыбеглі татараве да Цабры, тады мала не ўсе ў рацэ патанулі. Так многа татараў і іх коней у рацэ ды балоце было, што літва (так даўней звалі беларусаў) пераязджала на конях і пешы пераходзілі па мёртвых цялесах татарскіх і коней іх».
Уцекачоў пераймалі і нішчылі каля Слуцка, Петрыкава і на Украіне. Толькі жменька іх дабралася да Крыма.
Войска Глінскага вызваліла шматтысячны палон, завалодала татарскім дабром і табуном з 30 тысяч коней. Яно яшчэ некалькі дзён стаяла пад Клецкам. Высякала татарскія загоны, што вярталіся ў кош, якога ўжо не было.
Уражаны знішчэннем лепшых сваіх сілаў, крымскі хан Менглі-Гірэй тэрмінова пачаў перамовы пра замірэнне. I хоць пазней наша краіна часам цярпела ад татарскіх нападаў, але здаралася ўжо гэта шмат радзей. Клецкая бітва мела вялікае значэнне ў айчыннай гісторыі. Слаўная перамога нашых прадзедаў засталася не толькі ў пісьмовых крыніцах, але і ў людской памяці. Яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі на колішнім пабаявішчы пад Клецкам узвышаўся крыж. Яго паставілі мясцовыя жыхары ў памяць аб перамозе і на заспакаенне душ палеглых. А ў 1996 годзе тут узведзены помнік.
Бітва пад Воршай
Пачатак шаснаццатага стагоддзя быў асабліва цяжкі для нашай дзяржавы. Яна ўжо каля двух дзесяткаў гадоў знаходзілася ў стане вайны з Масквой. Да гэтага часу былі страчаныя многія землі на Браншчыне і ўсходняй Гомелыпчыне. А ў ліпені 1514 года капітуляваў Смаленск.
Каб замацаваць свой поспех, маскоўскі валадар Васіль III паслаў вялізнае войска ўглыб Беларусі — на Амсціслаў, Менск. Аднак насустрач яму ўжо рухалася наша армія і дапаможны польскі корпус. Сам кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары быў пры сваім войску. Праўда, валадар дзяржавы не імкнуўся кіраваць ваеннымі дзеяннямі. Як чалавек разважлівы, ён выправіў наперад трыццаць тысяч ваяроў пад кіраўніцтвам найвышэйшага гетмана Кастуся Астрожскага.
27 жніўня 1514 года Астрожскі барысаўскім шляхам падышоў да Бярэзіны і сустрэў на яе левым беразе пешыя маскоўскія палкі, што ішлі ў бок Менска. Пад прыкрыццём гармат і рушніцаў нашы ваяры пераправіліся цераз раку і адразу ўступілі ў бітву, а затым і разграмілі ворага. На наступны ж дзень авангард Астрожскага разбіў маскоўскую старожу на берагах Бабра, а 1 верасня — на Друці.
Ваяводы Васіля III, не ведаючы напачатку сапраўднай колькасці нашых войскаў, адвялі свае сілы за Дняпро, каб даць генеральную бітву на зручным для сябе месцы. Восемдзесят тысяч маскоўскіх ратнікаў занялі пазіцыю на ўзгорках непадалёку Воршы, на захад ад рэчкі Крапіўны, паміж вёскамі Шугайлава і Рукліна. Галоўны ваявода Іван Чаляднін размясціў свае палкі трыма выцягнутымі лініямі, пакінуўшы наперадзе прастору для Астрожскага. Гэта была ідэальная пастка для праціўніка, які рызыкне пераправіцца цераз Дняпро — за спіной і на флангах лука ракі, а па фронце ўзвышалася сцяна маскоўскіх ратнікаў.
7 верасня нашыя войскі падышлі да Дняпра паблізу Воршы. Аднак пачынаць пераправу навідавоку, пад лучным боем, не выпадала. Былі б вялікія страты, да таго ж маскоўскія ваяводы зразумелі б, што людзей у Астрожскага амаль утрая меней.
Каб заблытаць праціўніка, гетман пусціў бродам толькі невялікую частку конніцы. Другая пераплыла раку пад прыкрыццём Аршанскага замка. Калі ж сцямнела, асноўныя сілы пайшлі ўверх па Дняпры і пачалі перапраўляцца цераз раку па ўзведзеным наплыўным мосце каля вёскі П ашына. Вядома, на світанку рух палкоў-харугваў быў заўважаны, але Чаляднін не пачынаў атакі. Ён чакаў, калі наша войска пераправіцца цалкам, каб адным разам знішчыць яго і гэтым пераможна скончыць вайну.
«Пачакаем, пакуль пераправяцца ўсе, — заявіў саманадзейны масковец, — бо нашы сілы нагэтулькі вялікія, што мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці абкружыць яго ды гнаць, як жывёлу, да самой Масквы».
А тым часам Кастусь Астрожскі рыхтаваўся да бітвы. Наперадзе ён паставіў два конныя палкі і пяхоту з агнявой зброяй. Вершнікі размяшчаліся і ў другой лініі. Флангі трымалі палкі конніцы з лягчэйшым узбраеннем. Аднак менавіта на правым краі на ўзлеску гетман прыхаваў пад аслонай пяхоты артылерыю.