ДзесяцЬ Бітвау
Шрифт:
Бітва пачалася раніцай 8 верасня 1514 года. Астрожскі вольна рушыў шыхты вершнікаў, быццам правакуючы праціўніка. Гэта падзейнічала на маскоўцаў, і яны пайшлі ўперад. Разгарэлася сеча. Крытычнае становішча склалася на левым краі. Але нашы ваяры вытрымалі, а затым і пераламалі ход змагання на гэтым участку. Асабліва вызначылася пяхота з рушніцамі ды цяжкаўзброеная конніца. Мужны гетман на баявым кані і з непакрытай галавой з першай хвіліны быў у самых адказных месцах. Кіраваў бітвай, натхняючы ваяроў прыкладам і словам:
«Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!».
Выдатна праявілі сябе і іншыя камандзіры — Юрай Радзівіл, Іван Сапега, Януш Свярчоўскі.
Іван Чаляднін, думаючы, што нашы асноўныя сілы скаваныя сечай каля Шугайлава, узмацніў дзеянні свайго другога крыла. Войска Астрожскага, нібыта не вытрымаўшы націску велізарнай масы баярскай конніцы, пачало адступаць да лесу. Вось ён, жаданы час перамогі! — думалі маскоўцы. Але нечакана «ўцекачы» расступіліся і нападнікі апынуліся перад артылерыяй і пяхотай з рушніцамі. Залпы ва ўпор рабілі ў іх шчыльных шэрагах жахлівыя спусташэнні. Быццам віхор клаў лес.
I маскоўскае войска паказала спіны, ратуючыся роспачнымі ўцёкамі. А за ўцекачамі, секучы, колючы, дратуючы, рушыла наша імклівая конніца. Асабліва лютая сеча была на Крапіўне. Як сцвярджалі тагачаснікі, скрываўленая рэчка запаволіла свой бег ад мноства целаў чужынцаў.
«И бысть неспособие Божие москвичам» — бедаваў потым маскоўскі летапісец. Ды такое «неспособие», што каля паловы войска Васіля III лягло на аршанскіх палях, патапілася ў Дняпры і Крапіўне. Нашы ж страты налічвалі меней за паўтысячы забітымі. У рукі пераможцаў трапіў маскоўскі абоз, агняпальная зброя, усе баявыя сцягі. 20 тысяч захопленых коней і палову абозу Астрожскі загадаў раздаць сваім ваярам. Сярод больш як пяці тысяч палонных былі і амаль усе ваяводы, у тым ліку сам Іван Чаляднін.
Аршанская перамога тым разам не вярнула Вялікаму Княству Літоўскаму захопленага Смаленска. Але яна стала яскравай старонкай беларускай ваеннай гісторыі. Заняла адно з першых месцаў у шэрагу бліскучых трыумфаў нашай зброі.
Больш як у 60 бітвах перамагаў Кастусь Астрожскі, але Ворша была найслаўнейшай. Тут найболып праявіўся яго палкаводчы геній. Тут напоўніцу было скарыстанае ўменне адпаведна сілам праціўніка паставіць уласныя шыхты, нанесці ўдары ў патрэбным кірунку, навязаць ворагу сваю тактыку. Гетман ужыў фактар нечаканасці, максімальна выкарыстаў моц агняпальнай зброі ў вырашальны момант і асабістай мужнасцю натхняў ваяроў на гераічны чын.
Вестка пра Аршанскую перамогу разнеслася па ўсёй Еўропе. Яна трапіла на старонкі многіх хронік і летапісаў. У двары тамтэйшых валадароў павезлі вяльможных палонных маскавітаў. Амаль адразу пасля падзеяў пад Воршай невядомы мастак намаляваў каляровую карціну. Мяркуючы па незвычайнай падрабязнасці выканання, ён быў на той бітве, ці карыстаўся кансультацыямі яе ўдзельнікаў. На вялікім палатне адначасова паказаны розныя эпізоды бітвы — ад яе пачатку да ўцёкаў маскоўцаў. Кастусь Астрожскі таксама змешчаны ў трох ключавых месцах пабаявішча. А над нашымі войскамі трапечуцца бел-чырвонабелыя сцяжкі-прапары.
Пазней, пасля таго як наша краіна страціла незалежнасць, акупанты 200 гадоў рабілі ўсё магчымае, каб народ забыўся на Воршу. А народ памятаў і спяваў:
Ой, у нядзельку параненька Узышло сонца хмарненька, Узышло сонца над борам, Па-над Селецкім таборам. А ў таборы трубы йграюць, Да ваяцкае нарады зазываюць. Сталі рады адбываці, Адкуль Воршу здабываці: А ці з поля, а ці з лесу, А ці з рэчкі невялічкі? Ані з поля, ані з лесу, Толькі з рэчкі невялічкі. А ў нядзелю параненьку Сталі хлопцы-пяцігорцы Каля рэчкі на прыгорцы. Гучаць разам з самапалаў, 3 сяміпалых ад запалаў. Б'юць паўсоткаю з гарматаў. Масква стала наракаці, Места Воршу пакідаці, А як з Воршы ўцякалі, Рэчку невялічку пракліналі: «Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала, Як нашая слава тутака прапала. Бадай высыхала да сканчэння свету, Што нашай славанькі ўжо нету». Слава Воршы ўжо ня горша. Слаўся, пан Астрожскі!Бітва на Іван-полі
Маскоўскі цар Іван Жахлівы працягваў захопніцкую палітыку сваіх папярэднікаў. У канцы 50-х гадоў шаснаццатага стагоддзя ён заваяваў Паволжа. Пасля павярнуў меч у бок Прыбалтыкі, спрабуючы «прасекчы» выхад да незамярзальнага мора. Перад ім знаходзіліся аслабленыя нутранымі супярэчнасцямі Інфлянты, або, іначай кажучы, Лівонія (гэта сучасныя Латвія і Эстонія). I ў 1558 годзе вялізная маскоўская арда пачала нашэсце на захад.
Нешматлікія інфлянцкія загоны не змаглі стрымаць наступ шматкроць перасяжных сілаў праціўніка. Пад агнём царскай артылерыі, кіраванай наймітамі-немцамі, бурыліся сцены гарадоў і замкаў. Захопнікі нішчылі, рабавалі, выводзілі ў палон насельніцтва. Каму ўдалося ацалець, шукалі паратунку ў пушчах і балотах. Непакорных саджалі на кол, з іх жыўцом здзіралі скуры. Такога спусташэння і жаху край не ведаў за ўсю сваю гісторыю.
Пры канцы лета наступнага года, калі значная частка Эстоніі і Латвіі ляжала ў руінах і папялішчах, інфлянцкія паслы з'явіліся ў Вільні прасіць у Вялікага Княства Літоўскага выратавання. Наўзамен дакляравалася ўваходжанне Прыбалтыкі ў склад нашага гаспадарства ў якасці аўтаномнай часткі, з захаваннем самакіравання.
Цяжкі выбар быў перад вялікім князем, нашымі магнатамі і шляхтай. Канчатковы захоп Ніжняга Падзвіння Масквой пагражаў тым, што смяротная небяспека была б не толькі на нашых усходніх рубяжах, але і паўночных. А ў дадатак трэба было ўлічваць і заўсёдную крымскую небяспеку з поўдня. У выпадку ж поспехаў у Інфлянтах Беларусь вяртала сабе колішні водны шлях у Балтыйскае мора.
Але паслухацца просьбаў прыбалтаў азначала і немінучую крывавую сутычку з бязлітасным ворагам, уступленне ў распачатую Іванам Жахлівым Інфлянцкую (ці, як яе інакш называюць, Лівонскую) вайну…
I выбар быў зроблены. Землі Латвіі і Эстоніі далучыліся да Вялікага Княства, а беларускія войскі ўвайшлі ў Ніжняе Падзвінне.
Тым часам Іван Жахлівы замірыўся з Шв ецыяй, якая захапіла частку эстонскага ўзбярэжжа. Пераканаўшыся таксама, што крымскія татары ўжо не пагражаюць паўднёваму памежжу Маскоўшчыны, ён пачаў энергічна рыхтавацца да паходу на Беларусь.
У студзені 1563 года васьмідзесяцітысячнае маскоўскае войска, узначаленае самім царом, рушыла на П олацак. Горад не вытрымаў аблогі.
Пасля жорсткіх артылерыйскіх абстрэлаў гарнізон здаўея.
Пасля падзення Полацка баявыя дзеянні на некалькі месяцаў прыціхлі. Адбываліся толькі дробныя сутычкі. Нават пачаліся былі перамовы. Н ашыя паслы патрабавалі пакінуць у спакоі Інфлянты. Патрабавалі вярнуць Смаленшчыну і заходнюю Браншчыну, а таксама Пскоў і Ноўгарад, якія ў часы Вітаўта былі залежныя ад Вялікага Княства. Масква ж дамагалася не толькі Прыбалтыкі, але і земляў Беларусі разам з Вільняю, а таксама Украіны.