Дзярлiвая птушка
Шрифт:
— За пару днёў, можа. Залежыць, калi прызнаецца, — адказаў суха Паляк. Можа, гадок цi больш яму ў вязьнiцы палячыцца прыдзецца…
Бяз слова выйшаў Алесь на зьмярканьнi з пастарунку. Ягонай злосьцi й болю не было межаў.
— Гэта-ж так чалавека зьнявечыць, каб ваўкi вашу панскую падлу цягалi, каб вас, каб вас…
Скрыгаталi зубы й да болю цiснулiся песьцi.
Аж на трэцi дзень адпусьцiлi Пракопа, не дастаўшы ад яго прызнаньня. Алесь прывёз яго, лежачага, стогнучага на высланай уздоўж сенам калясцы. Чалавек ледзь лiпеў. Iзноў гудзела Пракопава хата галасамi ўсiх лiтоўскiх. Аглядалi Бахмача, злавалiся, лаялi чужыя ўлады.
— Чалавека нявiннага чуць на сьмерць не забiлi й шукай ты рады, — казаў адзiн.
— Гэта каб на суд iх!
— Пакуль ты ў iх якой праўды дойдзеш, дык яны зь цябе астатнюю кашулю зьнiмуць, от як. Мала во судзiлiся?
— Iхная права. Што хочуць — тоя робюць.
— А няўжо-ж цябе пытацца будуць… Наш чалавек для ях як якоя палена ёсьцiка…
Бяспраўныя людзi адчувалi нялюдзкi цяжар дзярлiвае ўлады й не маглi баранiцца цi адбiвацца.
Ля Пракопа хадзiлi спрактыкаваныя рукi суседа Зянкевiча. Вясковы лекар залечваў раны, як мог. Ягонае добрае сяброўскае слова памагала Бахмачу ня менш, чымся лекi. Паволi, але паступова Бахмач пачаў крэпнуць i пад восень, як здавалася, зусiм ачуняў. Адылi адно звонку. Скардзiўся на розныя нутраныя болi, асунуўся, згорбiўся, пастарэў. Назаўсёды зьнiкла яго рухавасьць дый нават тая макулiнка жыцьцёвае радасьцi, што была ў iм раней, пакуль на сям'ю не напала пошасьць з двох бакоў.
Людзi, калi сустракалi цяпер павольнага, зломанага Пракопа, глядзелi на яго iз спачуваньнем, а за вочы кiвалi галовамi. Дый што-ж тут чалавеку паможаш? Кажны свае бяды меў. А цi была такая йстота, каб усе гэныя беды зьведала-перамерыла, дый каб тым найцяжэй пакрыўджаным помач паклiкала?
Пракоп працаваў, як мог, пры гаспадарцы. Адылi стаўся чалавекам фiзычна нямоглым, цэлы час лiзаў свае раны, стагнаў-наракаў на болi то ў баку, то ў сьпiне, то ў грудзёх, то ў якiм iншым мейсцы. На пастарунку ў Гацях пакiнуў колькi зубоў. Адась Вадзiмскi адабраў ад гэтага борздага й цягавiтага чалавека ладную долю ягонага здароўя, зрабiў вялiкi ўрон на будучыню.
Ад пастуховай пугi ў Лазоўскага пятнаццацiгадовы Янук быў цяпер як-бы катапультай перакiнуты на галоўнага цяглавiка Бахмачовай гаспадаркi. Галоўнасьць гэта была ў тым, што на iм — ня гледзячы на ягоны век — ляжаў цяперака асноўны цяжар фiзычнае працы. Бацька й Мiкола былi паўiнвалiдамi. Дзiва няма, што Янук стараўся выручаць iх пры цяжэйшых работах. На юнацкiх рукох увачавiдкi павырасталi й цьвёрдай падэшвай узбуйнелi мазалi. Ныла начамi ад цяжкай працы цела. Пракопу ажно давялося стрымлiваць хлопца. У такiя моманты дрыжэў вялiкiм палiтаваньнем бацькаў голас i накачвалiся ў вачох сьлёзы.
Сам Янук ня толькi больш нiколi не прыгадваў гацкае школы, але, калi бацька раз неяк памкнуўся штосьцi сказаць пра яе, хлапец зiрнуў яму ў вочы ды ўздыхнуў. I словамi нельга было больш выказаць. Запраўды: навошта цяпер навука? Практычная карысьць зь яе раўнялася-б нулю. Не адчынiць-жа яна дзьвяроў у сьвет, ня вызвалiць iз зачараванага кола, не прасалодзiць горкае посьнiцы-нiшчымнiцы. Закрытыя былi ўсе хады, пазапiханыя ўсе шчылiны-прадушыны.
XI
Неяк позьняй восеньню, у вялiкую золь, калi ўжо сьцямнелася, вярнулася Дуня са школы. Яна была наскрозь прамоклая. Твар быў бледны, вусны дрыжэлi, трасло ўсё цела. Мацi зiрнула на дачку й забегала ля яе, вохкаючы ды ахкаючы.
Гэтак пачалася Дунiна хвароба, што трывала добрых тры тыднi. Часамi аж да непрытомнасьцi ў гарачцы, дзяўчына душылася, ловячы перасохлым горлам паветра. Высахла як лучына. Чаго мацi нi прабавала: i зельля рознага, i нацiраньня, i банькi ставiла, i лекара Зянкевiча клiкала, дачка ўсё не магла выхадзiць хваробы. Сухi кашаль пярыў, як у дошку. Зянкевiч казаў, што дзяўчына мела запаленьне лёккiх.
Макатунiшыны жыцьцёвыя ўмовы — i перапоўненая хата, i брак добрых харчоў, i лекаў, i нармалёвае чысьцiнi — замiналi Дунiнаму ачуньваньню. Часта трызьнiла яна ў гарачцы, парэпаныя сухiя вусны вымаўлялi шмат чаго незразумелага. А матка, — бездапаможная ў гэтым новым горы — адно Богу не спыняла малiцца, прасiць Яго, каб з дапамогай прыйшоў. Адно калi аднойчы ранiцай дачка — iзь вялiкай натугай, здаецца — ледзь заўважна ўсьмiхнулася, а ў васiльковых вачох зьявiўся новы абнадзейваючы прамень, ведала старая Макатунiха, што Дуня неўзабаве ачуняе. Матцы як-бы хто стопудовы цяжар iз сэрца звалiў.
Калi Дуня ўжо даволi ачуняла, расказала матцы што здарылася ў гэны дзень па дарозе з гацкае школы.
— Iшла я дамоў калеяй. Дождж такi назолiсты й сьцюдзёны, такая золь, каб ты ведала мамачка… аж да касьцей пранiмаiць. А вецiр дык проста шквалам вадзяным у вочы смалiць… Лес па бакох выiць i выiць толька. Як возьмiцца вецiр кусты й дрэвы за чубы трасьцi, ды як возьмiцца галасiць, дык здаецца, што як якая зграя ваўкоў цi што. От-жа й страшна мне зрабiлася. Сьпяшу дамоў дый па бакох баюся аглянуцца. Толька-ж я пiраходжу гэны мост, што пiраз канаву з балота, тамака, дзе ўсе кажуць, што зданi здаюцца, а тутака мне раптам як зараве збоку нейкi чорт цi што, дык я так i замерла ад страху. Праўда, мамачка, я нi знаю што гэта было, алi я чула, я чула…
На Дунiным твары адлюстраваўся ўвесь жах ранейшага перажываньня. Яна не магла здабыцца на слова.
— Ня бойся, дачушка, — схапiла Макатунiха яе ласкава за руку. — Гэта табе, пэўня, здалося.
— Каб-жа здалося, мамачка, дык не. Я й сягоньнiка чую яго. Я давай подбегам, ды аж уся калачуся. А тутака ўжо цямнеiцца. А гэны страшны голас ня толькi ня сунiмаiцца, а, здаецца, яшчэ расьцець i расьцець… Я давай ходу, а тутака, здаецца, мяне за падол ззаду нехта дзяржыць. I што далей было, дык ня помню. Цi нi аб шпалу якую я нагой зачапiлася ды пад адхон кульнулася. Сэрца маё, як малатком, чаго з грудзей ня выскачыць. Я, мусiць, тады памяць згубiла, бо нi знаю, як доўга лiжала. Прышла да сябе, як цягнiк iшоў. Расплюшчыла вочы, чую што прамокла, нiтачкi сухой на мне нiма. Дык я ўстала, ды — адкуль ногi ўзялiся — бягу колькi мага сiлы. Гэдак пёрла, што на цэлы сьвет забылася. Адзежа на мне ўся ад гэнага бегу сагрэлася. Аж спацела. Ды-ж дадому кусок дарогi. Змарылася, задыхалася. Мусiць, iзноў прамокла й прастыла. Пакуль прыйшла, дык мяне прабрала да самых костачак…
— А мая-ж ты дачушка, а мая мiленькая, — шкадавала дзяўчыну матка, трымаючы яе худую руку, — казала-ж табе: кiдай гэту школу, начорта яна табе. Чуць во на той сьвет нi пашла. А божачкi мае сьвятыя, усякiя пранцы во на нас, нiяк ад бяды нi адкапаiсься…
Макатунiха памаўчала, ды працягвала больш станоўкiм голасам:
— Ня пойдзiш болi ў школу, от што. Гэта здуру выдумала чорт знаiць што. Трэба было мне адразу разумнай быць дый нi пусьцiць. Гэта-ж нi жартачкi, чуць выжыла… Дурная я. Думаю — нiхай сабе йдзець. А што яна табе дасьць, тая навука, га? Паняй усiроўна ня будзiш! Садзiся во з намi кудзелю прасьцi. Гэта й бiз навукi можаш. Другiя дзiўчаты прадуць, i ты будзiш…
Васiльковыя вочы вандравалi дзесьцi далёка — мусiць, там, дзе былi дзяўчынiны думкi. Цяжка гадаць, што ў гэны час думала наймаладзейшая Макатунiшка. Цi пра тое, што падчас штодзённых школьных падарожжаў ня мела пры сабе Янука, цi варажыла, навошта ей навука спатрэбiцца, цi шкадавала змарнаваных грошы на абутак i вопратку, дый што цяпер не было з таго нiякаяе карысьцi…
Тымчасам пагадзiлася зь лёсам i пакiнула гацкую школу.
XII
Доўгiя васеньнiя й зiмовыя вечары спрыялi Януковаму паглыбленьню ў вясковы сьвет. Iз большай пiльнасьцю ды ўвагай пачаў ён прыглядацца й прыслухоўвацца людзям. Часта можна было бачыць яго ў каторай хаце, як маўклiва сядзеў i пiльна лавiў вухам тое, што гаварылi старэйшыя. А ў гамонцы было шмат цiкавага й пра сваё жыцьцё й пра «палiтыку». Амаль заўсёды наўзьверх усплывала тэма народнае нядолi, спалучаная з надзеямi на палепшаньне ў будучынi.