Дзярлiвая птушка
Шрифт:
Янук нiколi не мiнаў нагоды, каб паслухаць, што гаварыў «Мiнск». А гаварыў ён шмат: i аб беспрасьветнай галiце заходнябеларускiх сялян i рабочых пад панскiм панаваньнем, i аб зьверствах польскiх акупантаў над камунiстымi й звычайнымi людзьмi, i аб лепшай будучынi, што, быццам, мае прыйсцi для гэтых прыгнечаных людзей з дапамогай «братоў з-за мяжы», i аб нейкай ахвярнасьцi «лепшых народных сыноў — камунiстых», дык крыху бянтэжыўся. Што гэта за «яны» й дзе яны былi такiя лепшыя? Цi мо да iх належаў i гэты самы Косьцiк Сабакевiч, самы першы злодзей i апрышак, якога цэлая вёска праклiнала? Каму-ж ён, гэты вырадак, у Лiтоўцах на мазоль нi наступiў? Ён на бацьку з нажом кiнуўся, камунiстычныя афiшкi падклаў. Гэта за яго палiцыя бацьку ледзь не закатавала й здароўе яму адабрала. Калi такi чалавек належаў да «лепшых народных сыноў», што за агульнае дабро свае галовы клалi, дык якiя тады мелi быць «горшыя сыны»? Тутака Янук прыходзiў у тупiк, зь якога — намагайся колькi хочаш — не знаходзiў выхаду.
А мо ён добра Косьцiка ня ведаў? Можа, у Бураковага сына былi такiя бакi, якiх дагэтуль не спасьцярог? Мо й рабiў ён дзе што добрае?
Мусiлi-ж быць людзi, што маглi-б паказаць дарогу ў заблытаным Януковым сьвеце. Тады прыгадаў Бахмач дзеда Якуба. Ужо калi хто зможа працерцi засьлепленаму вочы, дык гэта дзед.
Лiтоўскi патрыярх часта занемагаў i ўвосень i зiмой, калi шванкавала надвор'е, рэдка паказваў свой нос за дзьверы сьцюдзёнае хаты. Калi не ляжаў на ложку, дык дымiў на покуцi самасейку ды забаўляў унукаў.
Наведаўшы дзеда, Янук загаманiў, здалёку абыходзячы галоўнае, што пякло яго вось колькi ўжо часу. Распытаўся пра дзедава здароўе, распавёў, што дзе чуў цi бачыў. Дзед крактаў i гаварыў скупа, не сьпяшаючыся.
— Слухаю часта ў доктара радзiва, — казаў Янук ужо тады, калi вымяркаваў, што разбудзiў дзедаву ўвагу. — Тамака ўсё кажуць, як добра жыць у Расеi, якiя шчасьлiвыя там людзi. Многа i пра нас гаворуць. Кажуць, што наша жыцьцё надта цяжкоя, што паны благiя, i што прыдзiць час ды ўсё палепшыцца. Я от часта так думаю сам сабе пра гэта. Вы-ж, дзеду, столька часу пражылi, так многа пазналi, вы-ж мусiлi-б i пра гэта нешта сказаць… Як вы, дзядуля, думаеце?
Пiльным зрокам упiўся Янук у Якубаў твар.
Дзед кашлянуў, плюнуў на глiнабiтную падлогу, пацягнуў зь люлькi едкае самасейкi ды яшчэ крыху памарудзiў.
— Нi знаю, дзетка, што цяперака там робiцца ў iх. Пэўня-ж нешта тамака зьмянiлася пасьля таго, як цара скiнулi. Дый мне неяк ня верыцца, каб яно на лепшае пайшло. Знаю-ж я iх, як аблупленых. Гэта-ж на маiх вачох нашага брата вешалi. От да гэтага дык чаму-ж, у iх рукi здатныя. А да гаспадаркi каб яны, дык нi надта. Нiколi ў iх парадку нi было. Гэта што яны па радзiвя брэшуць, дык чаму-ж не? Языком, казаў той, можна. А цi праўда тоя, што кажуць, дык хто гэта праверыў?
— Людзi, што во сюды адтуль прыходзяць, дык саўсiм другоя расказываюць. Кажуць, што такая бiда, такая галiта, нi дай ты Божа. Цэрквы яны пазамыкалi, Бога нi прызнаюць. Дык што-ж гэта такоя? Калi яны Бога нi баяцца, дык чорт у iх гаспадар. А я цябе пытаюся: калi гэта якi чорт каму дабро рабiў цi цяперака робiць? Га? От, сынок, ты сам тут падумай. У цябе-ж нi качан капусты на плячох, а галава. Я от сабе так думаю, што калi яны Бога адцуралiся, дык можа й Бог на iх забыўся…
— Ты кажаш, што хвалюць гэтых камунiстаў, што тутака ў нас. Каго-ж гэта яны так вялiчаюць? Можа, гэта нашага Косьцiка Сабакевiча, Шпунтовага Лявона, цi Параску Макатунiшку? Гэта-ж усё гультаi, галадранцы, каб iх макарэц!
Пры апошнiх словах дзедаў голас задрыжэў, i ён iзноў сакавiта плюнуў на падлогу.
— Калi яны каму што добрага зрабiлi? — працягваў дзед. — Кажуць людзi, што пакажы ты сябе на дзеля, а нi на языку — от як! А гэтыя што? Каб iм бокам тоя вылiзла, што яны другiм робяць! А цi нi пра iх-жа гэта кажуць, што яны за бедны народ, процi паноў?
Вiдаць, дзед бы паднечаны. Ён гаварыў цяпер барзьдзей i больш заядла смактаў самасейку.
— Кажу табе, сынок, што нi знаю, як там у iх. Толька я от сваёй старой галавой як памяркую, дык вiджу, што тут нешта нi так выходзiць, як па радзiвя брэшуць. Нi забудзься, сынок, адно: нашаму брату-сiрмяжнiку нiхто нiколi нi спагадаў, нiхто нiколi нiчога нi даваў i нi памагаў, а кажды толька зь яго нажыцца стараўся, от як. А тыя людзi, што самi Бога адраклiся, цяперака нам у вушы ўводзяць, што народу сама найбольшая дабро робюць, якога яшчэ нiхто нiколi нi рабiў. Калi гэта ўзяць за добрую манэту, дык трэба тады паверыць, што чорт ангiлам зрабiўся, от што…
Дзед памаўчаў.
— Пасьля вайны, — працягваў Якуб, — як устанавiлася гранiца, ды нiкаторыя ўвiдзiлi, што тут жыцьця ня будзiць, дык многа нашых людзей тады ўцякло. З нашых Лiтоўцаў вун Пiтухоў старэйшы брат Сьцёпка ды Панасаў сын Аляксей, як Грамаду разганялi, туды пайшлi, дый з другiх вёскаў маса. Пайшлi, бо лепшага жыцьця шукалi. I от, значыцца, пайшлi, i як у ваду канулi, нi слуху нi духу, памiнай як звалi… А чаму-ж гэта так? Ты думаiш, яны пра сваiх забылiся, цi што? Ну нiхай-бы адзiн такi, што мог-бы нi адгукнуцца, дык-жа не. Людзi кажуць, што iз другiх вёсак тоя самая — нiякай чуткi. От разьбярыся сам. Людзi пiшуць з Амэрыкi, з Аргiньцiны, адусюль, толькi нi з Расеi. А гэта саўсiм пад бокам. Не, сынок, нешта тут ня тоя. Каб гэта добра было, дык адгукнулiся-б, быць ня можыць. Каб было добра там, як па тым радзiвя брэшуць, дык i пасылкi прыслалi-б, як каторыя з Амэрыкi. Мусiць, тамака дабрата такая… Нашым людзям, сынок, — кажу табе, — нiхто нi паможыць. Гэтыя во паны й асаднiкi ў жабракоў торбы адбiраюць, а тыя, мусiць, таксама анi на ногаць ня лепшыя. Цi гэта мы так перад Богам за што саграшылi, цi хто ведаiць…
XIII
Асноваю жыцьця й быту лiтоўскiх i навакольных сялянаў была зямля. Яна кармiла й апранала, урадлiвымi гадамi была ласкавай i шчодрай маткай, неўрадлiвымi — скупой i нямiласэрнай мачыхай. Прывязанасьць да зямлi не матывалася адно тым, што акупант перагарадзiў усе шляхi ў места цi далейшы пазавясковы сьвет. Зь няпамятных часоў людзi ня ведалi жыцьця iншага, апроч таго, што неразлучна было зьвязана зь зямлёй. У народным фальклёры зямлi адводзiлася самае пачэснае мейсца.
Калi акупанты наважылi падрэзаць беларускiя народныя карэньнi, дык хапiла iм адно зьменшыць плошчу зямельнае сялянскае ўласнасьцi. Гэтак рабiлi Палякi, панасылаўшы сюды сваiх асаднiкаў, якiя — згодна словаў дзеда Якуба, — адбiралi ў жабракоў торбы. Сьцiснутыя на малых i малаўрадлiвых дзялках, сяляне, быццам сьпелыя грушы, падалi ў панскiя капялюшы, рабiлiся бяспраўнымi парабкамi. Акупант адным стрэлам забiваў двох зайцоў: быццам чарвяк — спачатку аслабiўшы яго — тачыў здаровы народны сялянскi арганiзм, а кантролю над гэтым зьнядужэлым гаспадарча целам перадаваў у рукi паноў, асаднiкаў i пануючых бюракратаў.
Беларускiя сяляне — хоць гэткай думкi некаторыя гладка й выказаць не маглi-б — добра разумелi, што зямля была асноўным апiрышчам процi чужацкае асымiляцыйнае навалы. Калi нават вясковы чалавек iз свае волi йшоў у места цi далейшы сьвет, так i глядзi, што прапасьцi мог. У кожным выпадку надвое трэба было варажыць. Як ссохнуць цi зьнядужыць магло кволае дзiцё, адлучанае ад матчыных грудзей, гэтак сялянскi сын мог прапасьцi безь зямлi-маткi.
Дзiва няма, што слова «зямля» было найбольш зацяганым на языкох лiтоўскiх дый наагул усiх беларускiх сялянаў. Аб зямлi заўсёды гаманiлi, пра яе марылi, за яе змагалiся, сварылiся, судзiлiся. На вузкапалосiцах адзiн другому пераворваў, перакошваў i iншае. Зямля мела вялiкую вагу ў сялянскiх жанiцьбах. Так i глядзiш, як каторая дзеўка пайшла замуж не за чалавека, а за зямлю; iншы дзяцюк за зямлю падаўся ў прымы, а яшчэ iншы браў дзеўку толькi таму, што зямля ў пасагу была.
Прыслухайцеся да звычайнае вясковае гаворкi: усюды, як бiнзiна на паверхню вады, выплывае тэма зямлi цi безьзямельля. А нават калi й ня выплыве, дык адчуваць будзеце, што яна тут недалёка дзесь, зусiм побач, у думках i ў мяркаваньнях неадступна прысутная. Вясеньняя сяўба цi касавiца, жнiво цi малацьба, ворыва цi мяцьцё лёну — праз усе цыклi прац, зьвязаных iз гадавымi порамi, чырвонай нiткай праходзiла тэма зямлi й безьзямельля. I не ўяўлялi людзi безь зямлi жыцьця, дарма, што сьцiснутыя, чужнiкамi ў лапцi абутыя, гаспадарча зьнядужэлыя, самi, як карчы, у зямлi гэтай трухлелi, ды побач новыя парасткi, чужнiком таптаныя, пускалi ад старога карэньня.