Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Блудная авечка. Гл. заблудная (блудная, аблудная) авечка.
Блудны сын. Запазыч. з царк. — слав. м. Легкадумны, свавольны, распусны чалавек, які раскаяўся ў сваіх памылках. У маёй парафіі чалавек пяць ёсць такіх… Кожны з іх для мяне — гэта блудны сын, які памёр і аджыў, прапаў і знайшоўся, — як жа мне не радавацца і не весяліцца? (К. Крапіва. Мядзведзічы).
Паходзіць з евангельскай прытчы (Лука, 15,11–32) пра блуднага сына, які, пакінуўшы бацькоўскі дом, распусна жыў на чужыне, пакуль не растраціў усё, што меў, а пасля, галодны і ўбогі, з раскаяннем вярнуўся дамоў. У пададзеным вышэй прыкладзе з рамана К. Крапівы поп амаль даслоўна паўтарае тое, што, як сведчыць Евангелле, сказаў бацька блуднаму сыну: «Станем есці і весяліцца! Бо гэты сын мой быў мёртвы і аджыў, прападаў і знайшоўся».
Блук'aнне па пакутах. Калька з царкслав. м. Цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на чыю-н. долю. Пра нашы ўцёкі цяпер ужо ведаюць усе навакольныя пастарункі… Вось, браце, якія нашы блуканні па пакутах (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).
Узнік на аснове старажытнага веравання ў блуканне душ грэшнікаў па пакутах на працягу сарака дзён пасля смерці чалавека. У старажытнай Русі з XII ст. карысталася папулярнасцю перакладзенае з грэч. м. сказанне «Блуканне Багародзіцы па пакутах», у якім апісваліся незвычайныя мукі грэшнікаў у пекле. Шырокае ўжыванне выраз атрымаў ва ўсходнесл. м. (руск. хождение по мукам, укр. ходіння по муках) пасля трылогіі А. М. Талстога «Блуканне па пакутах» (1920–1941).
Блукаць па пакутах. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ходить по мукам, укр. ходити по муках). Пераносіць цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. Рух характараў у дылогіі Л. Дайнекі адчуваецца да таго часу, пакуль героі блукаюць па пакутах (Т. Грамадчанка. Намеры — намерамі…).
Утварыўся ў выніку ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі на аснове ўжо існуючага назоўнікавага выразу блуканне па пакутах (гл.), набыўшы працэсуальнае значэнне і граматычныя ўласцівасці дзеяслоўнага фразеалагізма.
Блытацца пад нагамі ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вертеться под ногами, укр. плутатися під ногами). Замінаць, перашкаджаць таму, з кім знаходзішся побач. [Цярэшка: ] І ведаеце, не блытайцеся пад нагамі ў нас. Мы сур ’ёзнай справай заняты (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).
Першапачаткова ўжываўся, відаць, у дачыненні да дзяцей.
Блытаць (зблытаць, пераблытаць) <усе> карты каму, чые, каго. Паўкалька з франц. м. (brouiller lеs сагtes). Разладжваць, разбураць чые-н. планы, намеры, разлікі. Ля маста такая варта — не падступішся ніяк. Партызанам блытаў карты гэты мост, даваўся ў знак (А. Астрэйка. Прыгоды дзеда Міхеда).
Узнік у выніку метафарычнага пераасэнсавання свабоднага словазлучэння з маўлення карцёжнікаў.
Богу душу аддаць. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Памерці. То не дуб у бары заскрыпеў; застагнаў — гэтая без пары богу душу аддаў (Я. Купала. Мужык).
Душу, паводле рэлігійных уяўленняў, як бессмяротны нематэрыяльны пачатак мае толькі чалавек, які, паміраючы, нібыта аддае яе Богу. Параўн. у апавяданнях-успамінах У. Дубоўкі «Пялёсткі»: «Як яго прасілі, як яго малілі — кленчылі перад ім, не ўзяў ні кроплі вады, ні крошачкі хлеба. На шостыя суткі стары Якуб аддаў богу сваю душу. Але, як растлумачыў манькаўскі поп: „Бог душу старога Якуба не прыняў ні ў рай, ні ў пекла не накіраваў, бо, паводле царкоўнага закону, ён — самагубца“».
Божай міласцю. Калька з лац. м. (Dеі gratia). Прыроджаны, сапраўдны, таленавіты, з выключнымі здольнасцямі. Прыроду знатнасць не цікавіць. I божай міласцю паэт араў дзірван, касіў траву ды з лебяды варыў абед (Г. Каржанеўская. Якія розумы гібелі?).
Паходзіць з біблейскага тэксту (1-е пасланне апостала Паўла да карынфянаў, 3, 10). Доўгі час ужываўся ў тытулах найвышэйшых духоўных і свецкіх асоб як сцвярджэнне, што іх улада дадзена Богам. У далейшым за фразеалагізмам замацавалася сучаснае значэнне.
Божая кароўка. Відаць, калька з франц. м. (b^etе а bon Dіеu). Ужыв. са значэннямі ‘жучок чырвонай, жоўтай або белай афарбоўкі з плямкамі’ і ‘ціхі, бяскрыўдны чалавек, які не ўмее пастаяць за сябе’. Прыгрэтая на падаконніку божая кароўка раптам заварушылася, пацёпала сваімі чырвонымі падкрылкамі і, важна ўзняўшыся, паляцела насустрач сонцу (М. Лынькоў. Векапомныя дні). [Стась: ] Сінічкін — шпіён, даю галаву на адсячэнне. [Бронюс: ] Божая кароўка — шпіён? Не-е… Гэты занятак не для яго (В. Зуб. Юнацтва рыцара).
Падабенства гэтага жучка з кароўкай засноўваецца на тым, што калі яго перавярнуць і пакратаць брушка, то на нагах у насякомага выступаюць ярка-ружовыя кроплі («малачко»). Жучок зусім бяскрыўдны і безабаронны, што і стала падставай для развіцця ў фразеалагізме яшчэ аднаго значэння.
Бой у літаўры. Агульны для ўсходнесл. м. Хвальба, выхвалянне. [Перадавікі] не вядуць доўгіх размоў пра неабходнасць перабудовы — яны робяць. Без шуміхі, параднасці, без бою ў літаўры з нагоды любога поспеху ці нават самай нязначнай прыкметы яго (Звязда. 30.01.1986).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага біць у літаўры (гл.).
Бочку арыштантаў нагаварыць, навыдумляць і пад. Уласна бел. Занадта многа і абы-чаго, без разбору. Павесіць пінжак на сцяну і глядзіць адным вокам з-пад коўдры, як Алеся, нагаварыўшы бочку арыштантаў, шарыць па кішэнях, выграбае ўсё да капейкі (В. Мыслівец. Нямтур).
Генетычна гэта, відаць, сэнсава алагічнае спалучэнне каламбурнага характару, якіх нямала: (вярзці) грушу на вярбе, не коз воз, выдраць лысаму валоссе, сам не свой; параўн. ва ўкр. м.: (наговорити) сім мішків гречано"i вовни і всі неповні. Выраз, як сведчыць В. М. Макіенка, сустракаецца і ў некаторых рускіх (архангельскіх і карэльскіх) гаворках і, магчыма, паходзіць з мовы рыбакоў, дзе арестант — ‘дробная сушаная рыба’; наговорить бочку арестантов «першапачаткова ‘нагаварыць усякіх выдумак пра нібыта багаты ўлоў’» (В. М. Макіенка).
Брат-сястрыца (брат-сястра). Агульны для бел. і ўкр. (брат-і-сестра) м. Травяністая трохколерная расліна сямейства фіялкавых. Быццам спіць мятлюга, нявідна дрыжыць канапелька, дзятліна белая сядзіць, званочкі калышуцца, здалёку, з лесу брат-сястра бялее, сінее мясцінамі (М. Гарэцкі. Антон).
Паводле народнага падання, адлюстраванага ў вершаваным апавяданні В. Дуніна-Марцінкевіча «Травіца брат-сястрыца» і ў народнай песні, удавец «з жонкаю дзетак меў, а з другою ўзрасціў, а з трэцяю распусціў». Прайшоў час, і, сустрэўшыся, маладая пара ўзяла шлюб. Калі ж высветлілася, што гэта брат і сястра, то яны налажылі на сябе рукі і былі пахаваны ў адной магіле. «На той магіле вырасла травіца, і людзі назвалі яе „брат-сястрыца“».
Браты нашы меншыя. Паўкалька з руск. м. Звяры (свойскія ці прыручаныя чалавекам). Мы наведалі заапарк… паназіралі за жыццём «братоў нашых меншых» (Настаўн. газ. 8.08.1998).
Паходзіць з верша С. Ясеніна «Мы теперь уходим понемногу…» (1924), дзе ёсць радкі: «И зверьё, как братьев наших меньших, никогда не бил по голове».
Брацца (узяцца) у рожкі з кім. Уласна бел. Выяўляючы сваю незалежнасць, задзірацца, спрачацца, сутыкацца. Усе ведалі, што Гальяшыха часам бралася ў рожкі з мужам (І. Гурскі. Лясныя салдаты).