ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Узнік, відаць, у выніку аб’яднання двух фразеалагізмаў: вісець у паветры ‘знаходзіцца ў хісткім, няпэўным становішчы’ + паміж небам і зямлёй ‘у стане няпэўнасці, неўладкаванасці (быць, знаходзіцца, заставацца і пад.)’. Кантамінаваны выраз захаваў значэнне фразеалагізма вісецьу паветры.

Воз і цяпер там. Паўкалька з руск. м. (воз и ныне там). Ужыв. у ролі другой часткі складаназлучанага сказа з супраціўнымі адносінамі і абазначае ‘справа ніколькі не рухаецца ўперад’. Пытанне разглядалася на розных узроўнях, усе, здаецца, былі згодны, але воз і цяпер там (А. Мальдзіс. Як імя тваё, мінская вуліца?).

Выраз з байкі І. А. Крылова «Лебедзь, Шчупак і Рак» (1814). У ёй расказваецца, як Лебедзь, Рак і Шчупак разам узяліся везці воз, але Лебедзь цягнуў яго ў неба, Шчупак — у раку, а Рак адыходзіў назад. Як ні стараліся яны, «ды толькі воз і цяпер там».

Вока за вока <зуб за зуб>. Запазыч. з царк. — слав. м. Адплата злом за прычыненае зло. А пасля замок на дзверы і запалку пад страху. На вяселлі афіцэры хай пагрэюцца крыху. — Зуб за зуб, за вока вока! (А. Астрэйка. Прыгоды дзеда Міхеда).

Частка біблейскай формулы закону адплаты (Левіт, 24, 20): «Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб: як ён зрабіў пашкоджанне на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць».

Вока набіта(-е) у каго, чыё, на чым. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глаз набит, укр. око набите). Хто-н. вельмі вопытны, каб беспамылкова вызначыць, ацаніць што-н. [Язэп: ] Неяк таўкуся я па базары, бачу дзяўчына пад вясковую апранутая. Сноўдаецца, анічога не прадае… Ага. У мяне вока набітае… (Х. Жычка. Дзе растуць бяссмертнікі).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага з ім дзеяслоўнага набіць вока (на чым), сэнс якога — ‘набыць вопыт, уменне хутка вызначаць што-н., ацэньзаць’.

Волас з галавы не ўпадзе ў каго, з чыёй. Калька з царк. — слав. м. Ніхто не кране каго-н., ніякай шкоды не зробіць каму-н. Гаварылі, што ў яго і волас з галавы не ўпадзе (ЛіМ. 6.10.1972).

Выраз сустракаецца ў евангельскім тэксце; Ісус гаворыць сваім вучням: «И власъ главы вашея не погибнетъ» (і волас з галавы вашай не прападзе).

Воленс-ноленс. Транслітэрацыя лац. выразу vоlеns nоlеns. Незалежна ад жадання ці нежадання. Уладзімір Паўлавіч сказаў шмат такога, што воленс-ноленс прымушае задумацца (І. Дуброўскі. Незамкнуты круг).

Выраз антытэзнай пабудовы, спалучэнне супрацьлеглых слоў. У бел. і руск. м. ужываецца і як калька — воляй-няволяй (гл.). На аснове лац. выразу ўтвораны яшчэ два фразеалагізмы: рад не рад (гл.), хочаш не хочаш (гл.).

Вольнаму воля. Агульны для ўсходнесл. м. Перадае значэнне ‘як сабе хочаш’, калі гавораць пра таго ці таму, хто не прымае чыіхсьці парад. Што ж, Васіль, вольнаму воля, а я табе раю ўсё ж такі добра падумаць (Я. Брыль. У Забалоцці днее).

Узнік з прыказкі Вольнаму воля, шалёнаму поле і існуе як яе скарочаны варыянт з тым жа значэннем. Эліпсаваны адпаведнік прыказкі — актыўная моўная адзінка, тады як сама прыказка цяпер ужо ўжываецца радзей: «— Як загадае ўлада пайсці ў калгас, дык і пойдуць усе… — А як не загадае?.. Як тады?.. — Як хто захоча… Вольнаму воля… — А шалёнаму поле?..» (М. Зарэцкі). Прамы сэнс першай прыказкавай часткі звязваецца з правам вольнага, непрыгоннага чалавека мець свабоду дзеяння, пераходзіць, пераязджаць з месца на месца.

Вольная птушка. Відаць, сэнсава змененая калька з ням. м. (vодеlfrеі, літаральна «вольная птушка»). Свабодны, ні ад каго не залежны чалавек (пра мужчыну ці жанчыну). — Ты ж у Шмерлінга ў канторы працуеш? — Шмерлінга я ўжо кінуў. Занудлівы вельмі. Над кожнай капейкай калоціцца. Я цяпер вольная птушка (Л. Дайнека. Людзі і маланкі).

У ням. м. vодеlfrеі мае значэнне ‘выгнаннік; той, хто не знаходзіцца пад аховай законаў’.

Вольны казак. Агульны для ўсходнесл. м. Свабодны, ні ад каго не залежны чалавек. Я сваіх стрыжаных праз два тыдні распускаю — і да самага верасня вольны казак. Любата. Што хочаш рабі (І. Навуменка. Сасна пры дарозе).

Словазлучэнне вольны казак, на аснове якога ўтварыўся фразеалагізм, сэнсава таўталагічнае, калі мець на ўвазе першапачатковае значэнне другога кампанента: слова казак — запазычанне з цюркскіх моў, дзе яно абазначае ‘вольны чалавек’. Вольнымі казакамі ў XV–XVIII стст. называлі сялян і пасадскіх людзей, якія ўцяклі ад феадальнага прыгнёту і пасяліліся на ўскраінах Рускай дзяржавы, Вялікага княства Літоўскага. У казацкіх таварыствах не было прыгонніцтва, кожны меў фармальна роўнае права карыстацца зямлёй, органы ўлады выбіраліся на сходах. Сярод вольных казакоў, асабліва ў Запарожскай Сечы, было нямала выхадцаў з Беларусі.

Вольны птах. Агульны для бел. і ўкр. (вільний птах) м. Свабодны, ні ад каго не залежны чалавек (пра мужчыну). Ты адзін, Пабла. Малады, дужы. Вольны птах. А ў мяне сям ’я (ЛЛевановіч. Валанцёр свабоды).

Утвораны на аснове фразеалагізма вольная птушка (гл.) — відаць, калькі з ням. м.

Воля ваша (твая). Запазыч. з царк. — слав. м. Ужыв. як ветлівая форма выказвання згоды ці нязгоды з кім-н., абазначаючы ‘як хочаце, як лічыце патрэбным’. — Я вас арыштую. — Воля ваша, але я не вінаваты (К. Чорны. Трэцяе пакаленне).

З евангельскага тэксту: да будет воля твоя. Першапачаткова ўжываўся ў дачыненні да Бога, пасля пераасэнсаваўся, стаў дастасоўвацца да любога суразмоўніка.

Воляй-няволяй. Калька з лац. м. (vоlens nоlеns). Незалежна ад жадання ці нежадання. Унутрана ён адчувае: Швальбе спасаваў, таму воляй-няволяй схіліўся перад ім (І. Навуменка. Сасна пры дарозе).

Выраз антытэзнай пабудовы, спалучэнне супрацьлеглых слоў.

Вомегам вылазіць каму. Уласна бел. Ужыв. са значэннем ‘адпомсціцца, не праходзіць бясследна’, калі кажуць пра расплату за які-н. кепскі ўчынак. Яна ж яму сёння хацела сказаць, што балаўство яго вомегам вылазіць (М. Лобан. На парозе будучыні).

Паходжанне гэтага фразеалагізма становіцца зразумелым, калі высветліць сэнс яго першага кампанента. Вомег — гэта другая назва балігалову, двухгадовай расліны з сям’і парасонавых. Пра страшэннай сілы яд, выціснуты з вомегу, ведалі яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і карысталіся ім для знішчэння палітычных сапернікаў. Вядома, напрыклад, што славуты філосаф Сакрат быў атручаны вомегам. Лісты вомегу, падобныя на лісты пятрушкі або хрэну, а таксама плады, падобныя да анісавых, калі яны трапяць у ежу, выклікаюць хуткае атручэнне, знешнімі паказчыкамі якога з’яўляюцца ваніты, нястраўнасць жывата і інш. З такім станам хворага і звязана ўзнікненне спачатку свабоднага словазлучэння вомег вылазіць, а потым пераасэнсаванага, якое набыло пад уплывам фразеалагізма бокам вылазіць змененую форму першага кампанента. Выраз на пачатку свайго жыцця ўжываўся, відаць, толькі ў кленічах і быў зламоўным пажаданнем цяжкай хваробы і смерці ад атручэння вомегам.

Поделиться с друзьями: