Федарэнка Дзікі луг
Шрифт:
— Не, ну мо цераз сілу, як выгаладаецца, але што там будзе за малоко...
Тым часам каля другога вогнішча Пятро Кветка не ідзе спаць, сабраў вакол сябе дзяцей, курыць, забаўляе іх байкамі, сыпле такімі слоўкамі, як аксакал, саксаул, сакля, рахмет, салям... Усю Сярэдняю Азію ён называе Узбекістан, а ўсіх без выклю- чэння азіятаў — узбекамі.
— Дзядзька Пятро, а кіргізы? — пацяшаюцца, хіхікаюць разумныя дзеці. — Казахі хіба — таксама ўзбекі?
— І азербайджанцы, дзядзька Пятро?
— І японцы?
— Усе падрад, — пацвярджае Кветка. — Вельмі дабрачыя людзі!
Валя круціцца ў шалашы, і злосць у ёй расце: на камароў, на ноч, на цела, што свярбіць, на рукі, што гудуць, асабліва на смех, які перашкаджае думаць і спаць.
— Вось ненавісны, — варочаецца яна.
Яна зайздросціць чужому смеху, радасці, не разумее, чаму людзі да яго горнуц- ца, а да яе — не. Ад малых адбою няма, ён і сам любіць дзяцей, толькі чамусьці не сваіх, а чужых.
— Там шакалы жывуць... Сабачкі такія... Выйдзеш з саклі ў барханы, настраля- еш шакалаў...
Дзеці пераглядваюцца, пераміргваюцца — такі стралец... Усе выдатна ведаюць, які ён жаласлівы, ён нават траву касіць шкадуе, шыхае асцярожна, пільна ўглядаец- ца, каб не цапнуць якую жабку, а калі ўбачыў перарэзанага напалам маладога вужы- ка, дык збялеў, рукі трэсліся, і жонка на ўвесь луг крычала пра яго нікчэмнасць.
— Заходзім у кішлак, прамым ходам — у чайхану. Духан, па-іхняму. Там з чай- нікаў віно ў піялы наліваюць... Ад душы. Няма грошай — бясплатна нальюць. Такія ўжо дабрачыя людзі...
Нарэшце Валя не вытрымлівае і тумакамі гоніць яго спаць.
Тухнуць пакрысе адно за адным вогнішчы, а на небе, наадварот, большае зорак, і ярчэй разгараюцца яны. І недзе тут, паблізу, начуе адзінокая баба з каровай...
Назаўтра да абеду скасілі, да вечара высушылі і ў акуратныя копы склалі. Клін быў чысты, прыбраны, прыемна вачам было глядзець, а нагам ступаць, і самім не верылася, як такія малыя мурашы змаглі ўправіцца з такой колькасцю травы.
Больш не было чаго рабіць. Падплыў паром. А людзі не спяшаліся, усё стаялі, гаварылі... Хацелася яшчэ хоць крышку тут пабыць, у гэтым цудоўным месцы.
— Паехаліце! — звала, упрошвала Махновачка, баючыся за малога. — Ну паеха- ліце ўжо!..
І калі ішлі да парома чыстай пакошай, міжволі азіраліся, і ўсе, нават дарослыя мужчыны, у думках дзякавалі свайму лугу, ужо не дзікаму, і развітваліся з ім, як думалі, да наступнага лета.
VI
Прайшло шэсць гадоў. У Кулінічаў выгадаваўся сынок — гэткі херувімчык з белымі, як ільняное палатно, валасамі, і з сінімі, як кветкі лёну, вачыма — увесь у свайго дзядзьку Пятра.
Чамусьці познія дзеці заўсёды крыху не такія, як усе. Васілька больш цягнула да дарослых. З дзецьмі ён не надта любіў гуляць «у нашых і немцаў», у хованкі, у хакей-футбол, — адзінае, на што згаджаўся, пастаяць у варотах, ці, як ён казаў — «на вароцях». Яму цікавей было з бацькам пасоўваць па клетках шашкі, склад аць даміно ці перакідвацца з маткаю картамі ў «п’яніцу». Часта пад вечар каля Кулінічавай хаты можна было назіраць такі малюнак: сядзяць на лаўцы дзяды з ківенькамі, і з краю маленькі Васілёк з палачкаю, пальчыкі счэплены на каленях.
Кулінічы не шкадавалі для яго нічога. Больш дзяцей у іх не было, і Васільку даставалася ўся пяшчота.
У вёсцы не разумелі гэтага. Вёска ўсё хавае, тут не прынята паказваць, што ты нешта ці некага моцна любіш, тут не да мусі-пусяў, не да цялячых пацалункаў, не да цырымоній; усё гэта выпрацоўвалася вякамі, перадавалася з пакалення ў пакаленне як абярэг, было няпісаным кодэксам.
Вось класічны дыялог маці з сынам: «Ідзі есці, ірад!» — «Ай, не хочу!» — «Я табе не захочу!.. Я з цябе шкуру злуплю!..»
У Кулінічаў усё па-іншаму. Махновачка выплыве на вуліцу, мядовым голасам: «Васілёчку, ідзі, сыночку, естачкі!» — «Іду, мамачка. А дзе татка?»
Бацькі з малых гадоў прывучаюць дзяцей да скрытнасці: пойдзеш гуляць, дык хаця нікому не кажы, што еў, у чужой хаце не сядай за стол, не пазірай, як чужыя ядуць, — самы вялікі сорам, калі падумаюць, што галодны.
— Ды барані Бог нічога нікому не расказвай! Маўчы, і ўсё!
Васілька ахвотна ішоў у любую хату, як у сваю ўласную. Лез за стол, калі запра- шалі. І адказваў на любое пытанне. Хітрая баба перастрэне, заманіць цукеркаю ці грушаю, і пачынаецца: «А што ты сёння еў, Васільку?»
— Каўбасу з казулі. І яшчэ фаршу матка накруціла.
— А браце! А дзе ж вы мяса бярэце?
— Ляснічы прывёз, — бесклапотна казаў Васілёк, седзячы на лаве, хістаючы ножкаю.
— А матка цябе б’е калі?
— Не-а.
— Ты, мабыць, як вырасцеш, будзеш ляснічым?
— Не-а.
— Дык мо брыгадзірам? Маслоўскі хутка на пенсію, дык мо ты замест яго будзеш?
— Не-а.
— А кім ты будзеш?
— Матросам на караблі.
— Ты пабач! — аж слупянела баба ад здзіўлення. — Хто ж цябе гэтаму вучыць? Матка?
— Не-а. Дзядзька Пятро.
— А колькі табе матка грошай на кніжку наклала? Мо ўжо тысячу?
— Не-а. Сто мільёнаў.
— А браце!.. Так Махновачка навучыла...
Зрэшты, усе падобныя спектаклі заканчваліся аднолькава — пасля бабы ўголас адна адной пераказвалі (ведаючы, што кожная данясе Махновачцы):
— Не людзі, а золато! І Кулініч, і дзіцятко, і жоначка яго!..
А Кулініч між тым выматваўся ў сваім лясніцтве; усё зарабляў і бярог. Не адста- вала Махновачка: і ў калгасе, і ў горадзе на базары, і агарод вяла. Многа памагаў лес-карміцель. Узімку, расцягнутыя на рожках перад печчу, заўсёды сушыліся зайцавы шкуркі ці смярдзела на ўсю хату ліса. Не саромеліся дзіцячага заробку: збіралі і здавалі ў нарыхтоўчую кантору сасновыя і бярозавыя пупышкі, лупілі іх вёдрамі, а ўвосень тымі ж вёдрамі ў тую ж кантору цягалі рабінавыя ягады. Пра лета няма чаго казаць. Улетку літаральна начавалі ў лесе. Дралі кару з крушыны і лазы, гра- бёнкаю збіралі ягады, латашылі арэхі, ці, як казаў Васілёк, арах/ — «арахоў цехнік даў!» Кару ён называў — кора. Увогуле, Васілёк дзякуючы матцы ўзбагачаў мясцо- вую лексіку. Усе казалі — «во ён», Васілёк — «во се то во ён»; усе — «даўно», Васілёк — «во се пара»...
Мацнела гаспадарка. З’яўляліся новыя матэрыяльныя рэчы. І ўсё было як бы ў квадраце, мела сваю маленькую копію — з прыцэлам на Васілька. Была кабыла — і жарэбчык, стрэльба двухстволка — і тульская аднастволачка, матацыкл «Урал» — і каляска да яго... Быў чорна-белы тэлевізар — Кулініч з’ездзіў у горад, вярнуўся з каляровым.
Махновачка на вуліцы прыціскала Васілька да сябе і ў залежнасці ад таго, як рос іх дабрабыт, мяняла сынаву будучыню:
— Хутка будзеш з намі ў калясачцы ў лес ездзіць, кору драць...