Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Дзікі луг

Неизвестно

Шрифт:

— Я і куплю.

— Пастаў перад фактам. Ну, пакрычыць, паб’е трохі, мо не пасячэ, не спа- ліць...

— Я так і зраблю. Яна дачакаецца.

— А і зрабі!

— Куплю з палучкі — і ўсё.

Выгаварыўшыся, выліўшы душу, Пятро падымаўся ды цягнуўся да Грышы Ігнатавага.

Грыгор за гэты час паспеў другі раз адсядзець у турме і другі раз ажаніцца. Першая яго жонка з дзіцёнкам жыла ў горадзе, а другая — Сюзана, пакуль з ім.

Да хаты вёў вузкі доўгі двор. Сама хата стаяла далёка ад вуліцы, нібы хавалася, саромеючыся свайго выгляду. Гэта была маленькая дарэвалюцыйная халупа. Пры тым, што Грыша працаваў на лесапільні і пры жаданні мог бы выпісаць любыя матэрыялы, ці хоць накрасці, і выбудаваць церам з балконамі. Але ў хаце не было нават драўлянай падлогі, а гліняная. Калі Пятро пераступіў парог, Сюзана гатава- ла вячэру на газавай пліце. У хаце стаяў прыемны пах смажанага мяса. Шланг ад балона з надпісам «Прапан» да пліты быў даўжынёю ўсяго паўметра. Балон пры ткнуўся так блізка, што яго бок даставалі агеньчыкі камфаркі, і фарба там пачарне- ла і крышку аблупілася. Акрамя смажаніны, таксама пахла сырой глінай і хворым чалавекам. Закутак за печчу завешаны быў капай. Там жыла Грышына маці. Яшчэ пры жывым Ігнаце яна пашкодзілася розумам і перастала выходзіць на вуліцу. Калі твой чалавек вядзьмак, дык ты аўтаматычна ведзьма, тут ужо нічога не зробіш. Так і жыла за печчу, там ела, спала, а пра тое, што яшчэ не канец свету, ведала ад сына з нявесткаю.

Звычайна, калі заходзіў Пятро — а ён адзін і заходзіў, людзі па-ранейшаму пазбягалі Грыгора, ды і сам ён не надта любіў чужых, а Пятра прымаў, можа, толькі таму, што захавалася ў памяці, як некалі яго, затурканага звярка, Пятро пашкадаваў на касьбе, — калі Пятро стукаў дзвярыма, уваходзячы, заўсёды паўтаралася адно й тое ж. З-за печы чуўся старэчы голас з капрызнымі інтанацыямі малой дзяўчынкі.

«Грыша, нехта прыйшоў!» — «То што?» — «Я баюся!» — «Чаго ты баіш- ся?» — «Людзей!»

— Дык памірай, — адказваў сын. — Цяпер не зіма, яму выкапаем.

Грыгор у чаканні вячэры сядзеў у покуце, склаўшы на стале рукі, як школьнік за партай. Галава сям’і, мужчына, гаспадар. З першай жонкай ён таксама не парываў; яна працавала на мясакамбінаце, і Грыгор мінімум раз на тыдзень ездзіў у горад і вяртаўся з сумкай бясплатнага свежага мяса.

Гэта быў ужо не зацюканы апостал часоў Дзікага Лугу. І знаку не засталося ад яго сарамлівасці. Ён памажнеў, памужнеў, выцягнуўся ў рост, рукі прыйшлі ў норму, не кароткія і не доўгія, а звычайныя — мускулістыя, мужчынскія. Татуіровак на іх паболела: на адной з’явілася русалка, на другой — чарка на тонкай ножцы, аплеце- ная гадзюкай з каронаю на галаве, і ў кароне лічбы — нумары калоній. Ён даўно не чырванее — цяпер турма ў вёсках не рэдкасць; стульваецца толькі тады, калі на ветры прыкурвае, а так глядзіць адкрыта людзям у вочы. Грудзі распраўленыя: зуха- ваты, нахабны, разумны, дзвюма жонкамі дагледжаны, на мясе адкормлены — мар- даты, гладкі мужчына. Гаварыць ён пачаў заўсёды з іроніяй: гы-гы, хі-хі, ха-ха... Нібы ён адзін ведае нешта такое, пра што іншыя і не здагадваюцца.

Пятро прыляпіўся за сталом з краю. Сюзана па-свойску падштурхнула яго блі- жэй да патэльні і выпіўкі. Пятро піць не стаў, а накрыў сваю чарачку дрыготкай, з сінімі венамі і ўсё адно не вясковай, далікатнай далонню. Яму хацелася пагаварыць. Грыгор сам выпіў, падкалоў на відэлец кавалак духмянага мяса з падрумянена-зала- цістай скарыначкай сала.

— Я касцюм, Сюзана, сабраўся купляць...

— Касцюм? Тройку?

— Ды не, куды там, просты... Штаны, пінжак. У палоску такі...

Грыша працаваў сківіцамі, слухаў з паблажлівасцю чалавека, у якога ўсё зада- лося і для якога такіх праблем не можа існаваць у прынцыпе.

— Запомні, — пракаўтнуўшы, сказаў ён, — не ў касцюмах шчасце. Я магу тры касцюмы купіць. А толку?

— Ну, ты мяне з сабой раўняеш...

— А Валя біцца не будзе? — пацікавілася Сюзана.

— А я і пытаць не буду. Пастаўлю перад фактам!

— Герой. Я ўсялякіх наглядзеўся... І ў касцюмах і без касцюмаў. У нас вунь так­сама адзін. Прыязджае з горада ў цэх у касцюме, пераапранаецца ў робу і абапалкі пад дыск падпіхвае. Дык мы яму апілак у кішэні насыплем — выграбай...

Сюзана засмяялася. Паўнаватая, з павольнымі рухамі, вельмі прыгожая. Маладосць і свежасць так і выпіралі з яе. Толькі крыху дзіўна было, як яна, гарад- ская дзеўка, сімпатычная, добрая характарам, упісалася сюды, як ужывацца сярод гэтага рэзруху, ды яшчэ так глядзіць за сабой. Ці, можа, наадварот, гэта на фоне ўбогасці і рэзруху яна так выгодна адцянялася?

— А вазьмі майго бацьку — светлай памяці Ігната, — важна сказаў Грыгор. — У адной кашулі век прахадзіў, а разумнейшы за ўсіх быў!

Цяпер ён не саромеўся свайго бацькі, а пры кожным выпадку падкрэсліваў, што, хоць і запознена, а, канешне ж, спрацавалі бацькавы чары — інакш хіба быў бы ён, Грыгор, такі ўдачлівы?

VIIІ

З палучкі Пятро купіў у горадзе касцюм, дваццаць пачкаў «Прымы». Пералічыў рэшту. Застаўся такі мізэр, што яму стала сумна. А трэба яму быў той касцюм, памі- раў ён без яго, ці што? Захацелася нават вярнуцца і папрасіць, каб забралі назад. Але сорамна было. Вось купі кепска, і не купі тое ж.

Зайшоў у сталовую, выпіў вінца, занюхаў рукавом — апошнім часам ён зусім перастаў закусваць, не лезла нічога. Да станцыі паехаў дызелем. Сонейка вера- снёвае грэла, мухі зумерылі каля мутнага шкла. Закалыхала, развезла Пятра. На станцыі пачаў пераходзіць рэйкі, запляліся ногі, грымнуўся, як стаяў — уперад, пераноссем на стальную рэйку. Кроў так лінулася, што пакунак з касцюмам стаў мокры, а «Прыма» ў сетцы з чырвона-белай ператварылася ўся ў чырвоную. У бальніцы паглядзелі, што п’яны, бедна адзеты, ніхто нічога не выпраўляў, сяк-так на хуткую руку зашылі, як шавец цыруе дзіравы бот... Так і зраслося. Пераносіцы не стала зусім. Замест роўнага сімпатычнага носа цяпер тырчэла паміж шчок качыная пляскатая дзюбка, а на тым месцы, дзе была пераносіца, сярод праваленых змор- шчын, свяцілі дзве маленькія, як іголкай праткнутыя, дзірачкі. Калі Пятро курыў, дым ішоў праз рот, праз ноздры і струменіўся праз гэтыя дзірачкі. Яшчэ яны пасві- ствалі. Пятро скажа слова — свісь! На спачуванні — маўляў, чэрці, не маглі зашыць па-людску, адказваў:

— Такая ўжо кабеціна была дабрачая (свісь дзірачкамі!)... Ад душы!

— Яна ж цябе знявечыла!

А ён сваё:

— Каб не мая, я б з ёю яшчэ (свісь!)...

Ён яшчэ не да канца разумеў, што здарылася, думаў, ён па-ранейшаму Кветка. Неяк прыйшоў да Махновачкі.

— Дай машынку, Сюзана падстрыгчы абяцала.

— Пятро, — сказала Махновачка, дастаючы з шуфляды прадаўгаваты футараль- чык, стараючыся быць строгай. — Ты ж глядзі... Людзі без рук, без ног чапляюцца... Ну што ж гэта — шклянка і папіроса... Ты ж раней неяк так не піў моцна... Пачакай, на цукерак Сюзане...

Сюзана прарэзала дзірку ў газеце, адзела Пятру на галаву, застрыкала каля вуха машынкаю.

— А чаго вы касцюм не носіце?

— Ён мне ў плячах шыракаваты, — Пятро асцярожна павярнуўся пад газетай каб паказаць, і свіснуў носам.

— А не сварылася?

— Не.

— Ну, правільна... Раўнавала. А цяпер каму вы трэба?

— Грыша, што там стрыкае? — капрызнічаў голас за печчу. — Чаго тут людзі? Я баюся!..

Грыгор нешта думаў, пазіраючы на Пятра.

— Слухай, — сказаў ён, — я не магу на цябе глядзець без смеху. — Зняў са сцяны прадаўгаватае люстэрка з утыркнутай у раму навагодняй паштоўкай. — На сам паглядзі. Ну які ты Кветка? У нас адзін быў такі, на цябе падобны, дык мы яго дражнілі Носар. Я цябе цяпер таксама буду зваць Носар, добра?

Так пакрысе Пятру пачало адкрывацца, што ён ужо не той, якім быў да 11 верасня. Цяжка было змірыцца з гэтым. Канешне, прывык чалавек да прыгожай знешнасцідумаў, яна вечна з ім будзе. Піў ён па-ранейшаму — да таго, што Валя ўжо махнула рукой і нават біць перастала, ды і без толку гэта, ён усё роўна не адчуваў болю.

Прайшла восень, настала зіма, мінуў снежань, а ў студзені Пятро ўзяў касцюм пад паху і панёс па хатах прадаваць. Ніхто не купіў. Затое напаілі так, што ўвечары Пятро ўпаў на падлогу, з рота ў яго паказаўся сіні агеньчык, як з газавай камфаркі. На гэты раз усур’ёз спалоханая Валя разаслала дочак ва ўсе канцы: Любу — па Махновачку, Веру — да Маслоўскага, выклікаць «хуткую», Надзю — да Сюзаны, бо трэба ў такіх выпадках, калі п’яніца «гарыць», каб маладзіца памачылася ў рот. Сюзана накінула паліто, без хусткі, пакуль дабегла — Валя з Махновачкаю ўжо гала- сілі на ўсю вуліцу.

Хавалі Пятра ў мароз. Дрэвы стаялі ў белым інеі. Мікалай Мірон у кажусе, у тоўстых рукавіцах, у шапцы з апушчанымі вушамі на могілках глядзеў, як капаюць яму, і даваў парады.

— Яно толькі здаецца, што мароз, а ў мароз зямля не цвердая... Так, зверху, сан- тыметраў дваццаць пяць — трыццаць, — здымаў рукавіцу, нагінаўся, мацаў, а зямля і праўда чым глыбей, тым цяплей была.

На памінкі Кулініч прывёз аднекуль ласінае сцягно. Махновачка нарабіла катлет, наварыла застудзіны. Зрэшты, і так усяго хапала, бо тады яшчэ была традыцыя абавяз- кова несці на памінкі кісель, бутэльку, міску з вінегрэтам, курыцу ці кавалак мяса.

Поделиться с друзьями: