Гарачае лета 00-га (на белорусском языке)
Шрифт:
– Тры вiна i слоiк салянкi.
IV
Жлукцiць такою парою вiно можна было толькi ў адным месцы: ля рэчкi. Туды яны i скiравалi.
Людзей на рэчцы было аж занадта. Сам бераг апанавала дзятва - вiскат стаяў неверагодны, крыху зводдаль усё было застаўлена машынамi, на вузкай лугавiне ўпокат ляжалi тлустыя цёткi, падставiўшы сонцу свае неабдымныя жываты, i пiсьменьнiкi, паблукаўшы, знайшлi сабе месца пад гонкай бярэзiнай, якая, аднак, амаль не давала ценю.
Пакуль Iван адкрываў салянку i адкаркоўваў пляшку, напарнiк, сьпехам распрануўшыся, пабег да вады. Ганчарык любiў купацца - мог адседзець у вадзе цэлую гадзiну, Iван гэта ведаў, а таму, нюхнуўшы счарнелую салянку, устурбавана зiрнуў з-пад рукi на тлумны бераг.
Калега вярнуўся хвiлiн празь пяць - задыханы i задаволены.
– Давай i ты... адразу палягчэе, - бадзёра гукнуў Ганчарык, казелячы вочы на кабету, што загарала непадалёку.
Iван адмахнуўся ад такой прапановы, напоўнiў шклянку - у бяздоннай ганчарыкаўскай сумцы знайшлiся i сьцiзорык, i вiдэлец, i шклянка - i натхнёна пацёр далонi:
– Паехалi!
Першую пляшку адолелi моўчкi, Iван адкаркаваў другую i, упiхнуўшы ў рот жмутак асьлiзлай салянкi, у сваю чаргу запытаў:
– А ты... пiшаш што-небудзь?
Калега зiрнуў на кабету, i тая, адчуўшы мужчынскi пагляд, зьняла з носа лiсьцiк трыпутнiку i падабрала пукаты жывот. Ганчарык нiчога не адказаў, выцягнуў з сумкi "Наша Пiва", а разам зь ёю яшчэ адну газэту - "Лубянскi набат".
– Во ё... кiяскёрка не дагледзела - упёрла, - уражана мацюкнуўся весялун i залётнiк, узяў "Лубянскi набат" двума пальцамi - нiбыта гэта была здохлая вужака - i кiнуў Iвану: - Зрабi сабе капялюш, а то галава ўгрэецца.
Iван садраў корак з трэцяй пляшкi, навалiўся плечукамi на сумку, разгарнуў газэту. Без асаблiвай увагi прачытаў развагi прафэсара Кракадзiлава пра натаўскiх людажэраў, потым пераключыўся на артыкул лiтаратуразнаўцы Лява Бердашкевiча аб крывавых оргiях, што ўчыняюцца ва ўправе ПЭН-цэнтра, потым пазяхнуў i памацаў угрэтую макаўку. "I сапраўды - трэба зрабiць якi каптур", з гэткаю думкаю Iван склаў газэту ў дзьве столкi i паскроб няголенае падбародзьдзе. Апошнi раз ён займаўся такой справай гадоў трыццаць таму i адразу ня мог уцямiць - куды якiя канцы загiнаць. Як бы там нi было, а нейкую падабiзну каптура ён усё ж такi зьляпiў i нацубiў на самыя вочы.
Не пасьпеў Iван зьмежыць павекi, як слых напоўнiўся набатным звонам. Званы гулi недзе далёка, цi не за рэчкай. Неўзабаве набат стаў мацнець i ўраз рабiцца ўсё больш адрывiстым i бразгатлiвым. Стваралася ўражаньне, што нехта зацята бiў чымсьцi жалезным у падвешаную рэйку. Iван разьмежыў павекi, страсянуў галавою. Сон, здавалася, доўжыўся кароткую хвiлю, а Ганчарык мiж тым ужо сядзеў ля кабеты, i цёплы ветрык даносiў да вушэй абрыўкi фраз:
– Што ж вы... такая элегантная... i адна?
Рука мiжволi пацягнулася да пляшкi, Iван зрабiў ладны глык - ажнуль закашляўся - i зноў навалiўся на сумку. Нейкая хваравiтая стома авалодала целам i Iвану падалося, што ён плыве ў пругкiм паветры, не даючы рады паварушыць нi рукой, нi нагой. Дзесьцi зноў ударылi ў рэйку; удары сталi сыпацца ўсё часьцей i часьцей, аж пакуль не ператварылiся ў ляскат танкавых гусенiц. I вось, на тле злавеснага ляскату, прагучаў суворы i крыху надтрэснуты голас:
– Натаўскiя бранятанкавыя армады ўжо гатовыя былi рынуцца на ўсход, каб расьцiснуць сваiмi тракамi славянскiх дзяцей i жанок, ды на iхнай дарозе грознай скалой паўстаў Абаронца Ўсiх Славянаў...
Гэта быў ня сон, а нейкае трызьненьне. Надтрэснуты голас слова ў слова паўтараў надрукаваны ў газэце артыкул, i ў Iвана ад такой праявы - ён адчуў гэта - варушылiся i выпроствалiся мазгавыя зьвiлiны, халодным сьвербам працiнаючы ўгрэты голаў. Ён паспрабаваў растулiць павекi i раптам убачыў Абаронцу Ўсiх Славянаў. Убачыў не ўсяго яго, а толькi перапэцканыя ў глiну гумовiкi ды калашыньне картовых штаноў. Абаронца быў такiм магутным i велiчным, што, пачынаючы ад крысься балоньневай курткi, хаваўся ў шэрых аблоках. Надтрэснуты голас яшчэ сьвiдраваў левае вуха, але Iван ужо нiчога ня чуў. Ён зачаравана глядзеў угору, i духi яму займала ад велiчы Славянскага Волата.
– Вось хто верне нам нашыя ганарары!
– малiцьвенна прашаптаў Iван, i ў той жа мiг цела ягонае набыло важкасьць i апусьцiлася на зямлю.
– ... А гэта так званыя пэнцэнтраўцы - агенты ЦРУ i Масаду, - прагучала цяпер ужо ля правага вуха, i мiма Iвана з капытлiвым грукатам прабегла гурба нейкiх мярзотнiкаў.
Першы зь iх бег, махаючы, па прыкладу трактарыста Трыфана, крывавай сякерай, другi цягнуў на карку вялiзны мех - праўдападобна, з далярамi, трэцi валок на плячы шыбенiцу, а чацьверты - маленькi i лысаваты - пёр супрацьтанкавую базуку амэрыканскай вытворчасьцi. Твараў Iван не разгледзеў, але першы - той, што махаў сякераю - нагадваў Ганчарыка, а апошнi - маленькi i лысаваты - быў вылiты Шабуня.
– Агенты ЦРУ i Масаду пусьцiлi атрутным каранi на нашай лiтаратурнай нiве. Агенты носяць славянскiя iмёны, але мы ведаем: у ПЭН-цэнтры, як i ў iншых антыславянскiх цэнтрах, угнязьдзiлiся выключна адны жы...
– Ды-ы...
– выгукнуў Iван i ачуўся.
Сонца сьляпiла вочы, у галаве шумела, i Iван напачатку нiяк ня мог даўмецца: дзе ён i што зь iм. I толькi намацаўшы бутэльку, канчаткова пазбыўся чмуры.
Ля берага вiшчэла дзятва, непадалёку покаў мячык - нейкiя хлопцы гулялi ў валейбол, а Ганчарык, седзячы на кукiшках, штосьцi казаў кабеце, i па ягонай натхнёнай паставе можна было зразумець: калега чытаў вершы.
Дзiўнае насланьнё ўбiлася ў сьвядомасьць. Iвану падалося, што нехта неадрыўна глядзiць яму ў сьпiну, хтосьцi сочыць за iм, i ад таго позiрку душа сьцялася i балюча заныла, нiбыта па ёй прайшлiся наждачкай. I яшчэ адна непрыемнасьць напаткала Iвана: у нетрах успушанага жывата штосьцi абарвалася, пералiлося з аднае кiшкi ў другую i азвалася раскоцiстым бурчэньнем. У жываце ўзбунтавалася салянка.
Да блiжэйшых кустоў ён бег на паўсагнутых, iрвучы на хаду газэтны каптур, i ўсьлед яму - а можа гэта толькi здавалася - пагрозьлiва бухалi чыесьцi цяжкiя боты.
З кустоў небарака вылез праз паўгадзiны. Расьпешчаны, разьняволены, ён новымi вачыма зiрнуў на сьвет, i сьвет адкрыў яму патаемную iсьцiну: ва ўсiм вiнаватыя жыды i нацыяналiсты.
Лагодная, дагэтуль нечуваная цеплыня разьлiлася нiжэй сьпiны. Iван памацаў азадак i толькi тады зразумеў, што гэтае цяпло спарадзiла бацькоўская турбота аб iм Абаронцы Ўсiх Славянаў.
Цяпло рабiлася ўсё больш адчувальным. Яшчэ хвiлiна - i кезаўку прыпякло так, нiбыта ў яе ўпiхнулi распалены лiтавальнiк. Iван брыклiва падскочыў i, ратуючыся ад гарачай турботы, пабег да вады. Па дарозе ён зьбiў з ног дзiцёнка, наступiў на голаў той самай кабеце, якой Ганчарык прагнай пяцярнёй рабiў масаж сьцёгнаў i, зьняўшы штаны разам з трусамi, з усяго маху плюхнуўся ў раку.
Тым часам у цёмна-зялёным "мэрсе", што стаяў непадалёку, апусьцiлi бакавое шкло, i ў прыцемнай пройме блiснулi шкельцы бiнокля.
– Што гэта зь iм?
– незадаволена выдыхнуў вастраносы тыпус, мацаючы лiловы шнар на левай шчацэ.
Другi тыпус, якi сядзеў ззаду, таксама зiрнуў у бiнокаль, сплюнуў на пясок агiдную жуйку i яшчэ больш незадаволена працадзiў:
– The paper contains under forty per cent cayenne.*
* Папера ўтрымлiвае да сарака адсоткаў чырвонага каенскага перцу (анг.).