ЖАНРЫ

Гарачае лета 00-га (на белорусском языке)
Шрифт:

Эпiлёг

Праз два днi Iван прынёс у рэдакцыю "Лубянскага набату" вялiкi артыкул аб жыда-масонах, што атабарылiся ў Cаюзе пiсьменьнiкаў. Рэдактар - сiвагаловы мужчына са значком Дзяржынскага на штрыфлi пакамечанага пiнжака - прабег вачыма дробна сьпiсаныя старонкi, ухвальна кiўнуў i параiў напоўнiць зьмест канкрэтнымi фактамi. Рэдактар выцягнуў з сэйфа тэчку з апэратыўнымi матэрыяламi на сябра СП Ганчарыка, паклаў перад Iванам i, натхняючы на плённую працу, ляпнуў па сьпiне.

Наступны артыкул Iван прысьвяцiў драматургу Шабуню, якi, як высьветлiлася, плёў ня толькi кашы, але й iнтрыгi супроць Абаронцы Ўсiх Славянаў. Потым былi артыкулы пра паэта Мiнковiча i эсэiста Анкуду, потым, па рэдакцыйнай замове, Iван напiсаў выкрывальнiцкi аповед пра вядомую варагiню славянства Валерыю Старадворскую, за якi атрымаў прэмiю Ўсясьветнага Славянскага Камiтэту "Чыгунны Вiцязь".

Вяртаючыся з чыгунным вiцязем дахаты, Iван увесь час азiраўся. Яму здавалася, што варагiня славянства iдзе за iм сьледам, а калi ўбiўся ў творчую лябараторыю, дык убачыў у вакне тую самую Старадворскую. Агентка ЦРУ i Масаду сядзела на бальконных парэнчах i з нахабным выглядам палiла папяросу. Iван здрыгануўся, шпурнуў у вакно чыгуннага балвана i зь лямантам, дарэшты заглушаным звонам разьбiтага шкла, выбег на вулiцу...

Увечары таго дня небараку бачылi на ганку Галоўнай Адмiнiстрацыi: ён бiўся з ахоўнiкамi, спрабуючы прайсьцi ў будынак. Па сьведчаньнi вiдавочцаў, неўзабаве Iван быў дастаўлены спачатку ў спэцразьмеркавальнiк на Ахрысьцiна, потым у прыймовы пакой Старынкаўскай бальнiцы, нарэшце, ва ўтульны габiнэт лейтэнанта Надгайнага. Там яму былi зроблены iн'екцыя трыяксазыну i цiкавая прапанова: ачолiць Аргкамiтэт па стварэньнi Саюза Патрыятычных Славянскiх пiсьменьнiкаў, якi павiнен згуртаваць у сваiх шыхтах усе здаровыя пiсьменьнiцкiя сiлы. Падумаўшы хвiлiну, Iван змахнуў са шчакi няпрошаную сьлязiну, пацалаваў камсамольскi значок на лейтэнантавым мундуры i моўчкi кiўнуў галавой на знак згоды.

Поделиться с друзьями: