ЖАНРЫ

Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
Шрифт:

– Чуеш?
– сказала Гераклу, смеючыся, красуня.
– Пайдзi за ёю, i ты не спазнаеш радасцi, не будзеш мець нi спакою, нi адпачынку.

– Адпачываць добра пасля работы, - запярэчыла першая жанчына, - спакой чалавеку дае спакойнае сумленне. А самая вялiкая радасць для героя - ведаць, што ты зрабiў штосьцi добрае i не дарэмна жыў на зямлi. Паслухайся мяне, дружа! Сёння свята, заўтра баль - i душа чалавека апусташаецца, нудота завалодвае домам. Калi многа яды, прападае жаданне есцi, ад лiшняга сну чалавек робiцца слабым i вялым. Незайздросны лёс чалавека, якi ўсё жыццё толькi госць на чужым банкеце. Калi-небудзь скончыцца баль, слугi прагоняць тых, што заседзелiся, i ён застанецца адзiн на бязлюднай вулiцы. Каму ён будзе патрэбны, хто паклапоцiцца пра яго? Толькi той, хто папрацаваў у маладыя гады, заслужыць пашану i бесклапотную старасць. У бiтвах, у паходах, у далёкiх дарогах, у адзiнаборстве са страшыдламi, у бiтвах з ворагамi шчасце героя!

Пры гэтых словах твар жанчыны засвяцiўся незвычайным святлом, i Геракл, пакiнуўшы красуню, усклiкнуў:

– Багiня, я iду за табою!

У тое ж iмгненне знiклi з вачэй абедзве жанчыны, нават слядоў не засталося на пыльнай дарозе, быццам усё гэта прымроiлася Гераклу. Але цяпер ён весела i рашуча заспяшаўся дадому - ён ведаў, што яму рабiць.

– Я iду ў Мiкены, - сказаў ён ранiцай родным i сябрам.
– Я павiнен выканаць волю багоў i здзейснiць дванаццаць подзвiгаў, якiя патрабуе ад мяне Еўрысфей.

Нiхто не асмелiўся яго адгаворваць, а самы блiзкi яго сябар, Iалай, падахвоцiўся iсцi з iм.

Геракл зрабiў сабе лук i стрэлы, выламаў у лесе моцную дубiнку i падаўся да цара Еўрысфея.

Першы подзвiг

Геракл забiвае Нямейскага льва

Ужо даўно жыхары Нямеi скардзiлiся, што нельга пасвiць жывёлу на лугах каля лесу, што ў лесе нi прайсцi нi праехаць i нават у дамах нельга спаць спакойна: вялiзны леў жыў у Нямейскiм лесе, i кожны дзень то авечка з чарады, то дзiця, то мiрны падарожнiк з дарогi знiкалi бясследна.

Нават смелы воiн з мячом i шчытом не выходзiў жывым з Нямейскага лесу, таму што зброя была бяссiльная супраць лютага льва - нi кап'ё, нi стрэлы не маглi прабiць яго шкуру, i нават востры меч не мог пашкодзiць яму.

– Гора нам!
– гаварылi нямейскiя сяляне.
– Хутка ўвесь наш край будзе спустошаны.

Багiня Гера, заступнiца цара Еўрысфея, навучыла яго, каб ён загадаў Гераклу забiць Нямейскага льва.

Геракл прыйшоў у Нямею i пачаў распытваць людзей, што жылi каля лесу, цi далёка логава льва i як яго знайсцi.

Але нiхто не хацеў паказаць яму дарогу, нiхто не адважваўся iсцi разам з iм.

– Леў сам знойдзе цябе, варта табе толькi зайсцi ў лес, - гаварылi людзi i з жалем пазiралi на маладога героя - яны не верылi, што ён зможа перамагчы страшнага звера.

Геракл адзiн падаўся ў лес. Высокiя дрэвы абступiлi яго з усiх бакоў i здзiўлена гайдалi вяршалiнамi, кусты чаплялiся за яго, каб затрымаць, птушкi крычалi, каб напалохаць яго, але ён iшоў уперад i шукаў на зямлi сляды звера.

Iшоў ён нядоўга i раптам пачуў непадалёку глухi рык iльва i пайшоў проста на яго. Леў таксама пачуў ворага i зароў так, што ўвесь лес задрыжаў. Леў зрабiў некалькi скачкоў i апынуўся перад Гераклам. Велiчна спынiўся ён насупраць героя, злосна зiркаючы вачыма, б'ючы сябе хвастом па баках i дзiка равучы. Геракл не разгубiўся, хутка падняў лук i пусцiў стралу проста ў вока льву. Леў злосна матнуў галавой i лапай змахнуў стралу, нiбы саломiнку. Потым прысеў, як кот, i скочыў, узняўшы лапу, каб раздушыць смельчака. Геракл ухiлiўся i цяжкай дубiнкай з усяе сiлы стукнуў iльва па калматай галаве. Але дубiнка адскочыла, не зрабiўшы нават драпiны льву, i выпала з рук Геракла. Леў зноў паматаў галавой, працягла i моцна пазяхнуў i раптам, нiбыта яму ўсё абрыдла, павярнуўся, пабег назад у глыб лесу i знiк.

Геракл пайшоў за iм.

Неўзабаве ён убачыў уваход у пячору. Геракл кiнуў лук i стрэлы i зайшоў у пячору. Там было цёмна, i Геракл вобмацкам прабiраўся наперад. Раптам леў скочыў яму на грудзi i хацеў разарваць яго, але Геракл схапiў звера аберуч за горла, сцiснуў яго шыю, быццам жалезнымi абцугамi, i задушыў.

Леў быў такi вялiкi i цяжкi, што Геракл не мог падняць яго.

Тады ён злупiў з iльва шкуру разам з галавою, надзеў яе на сябе i пайшоў у Мiкены.

Людзi з крыкам разбягалiся, убачыўшы Геракла з iльвiнай галавою на плячах. Сам цар Еўрысфей схаваўся ад яго ў далёкi куток палаца.

– Вось я прынёс цару шкуру Нямейскага льва, - сказаў Геракл.

Але палахлiвы Еўрысфей баяўся нават мёртвага льва i не адважыўся зiрнуць на яго шкуру.

– Няхай Геракл возьме яе сабе, - загадаў цар.

– Дзякуй, - сказаў Геракл i забраў iльвiную шкуру з сабою.

Ён пачаў насiць яе замест плашча, i яна добра ўкрывала яго, бо нi меч, нi стрэлы не маглi прабiць яе.

Захутаўшыся ў шкуру Нямейскага льва, Геракл падаўся выконваць другi загад цара Еўрысфея.

Другi подзвiг

Геракл знiшчае Лярнейскую гiдру

Непадалёку ад Аргоса распасцiралася вялiкае Лярнейскае балота. Чыстая i светлая крынiчка выцякала тут з-пад зямлi, ды слабы ручаёк не мог прабiцца да ракi або мора i расцякаўся наўкол у нiзiне. Вада застойвалася, зарастала мохам i балотнымi травамi, i вялiзная далiна ператварылася ў балота. Яркая зелянiна, што заўсёды ўкрывала балота, вабiла да сябе стомленага падарожнiка, але як толькi ён ступаў на зялёны лужок, з сыканнем i свiстам выпаўзала з дрыгвы дзевяцiгаловая пачвара - гiдра. Яна абвiвалася сваiм змяiным хвастом вакол чалавека, зацягвала ў балота i прагна з'ядала.

Увечары, калi гiдра, наеўшыся, засынала, ядавiтае дыханне яе дзевяцi пашчаў ахутвала туманам балота i атручвала паветра. Той, хто дыхаў гэтым паветрам, занядужваў, доўга хварэў i памiраў. Таму людзi баялiся наблiжацца да балота i сялiцца каля гэтай страшнай мясцiны.

I вось цар Еўрысфей загадаў Гераклу знiшчыць Лярнейскую гiдру.

Геракл выправiўся ў Лерну на каляснiцы, якой кiраваў яго сябар Iалай. Калi яны даехалi да балота, Геракл пакiнуў Iалая з каляснiцай каля дарогi, а сам запалiў факел i смела рушыў на балота.

Гiдра тым часам была сытая i драмала. Геракл пачаў падпальваць канцы стрэл факелам i пускаць iх у гiдру. Расцвялiўшы гiдру, ён прымусiў яе выпаўзцi з балота. Халодным слiзкiм хвастом яна абвiла левую нагу Геракла, i ўсе дзевяць галоў засiпелi вакол яго. Геракл шчыльней захутаўся ў iльвiную шкуру, якая надзейна ахоўвала яго i ад звярыных зубоў i змяiнага джала, дастаў меч i пачаў сячы адну за адной страшныя галовы гiдры.

Але як толькi сцякала з раны чорная кроў, на месцы адсечанай галавы вырасталi дзве другiя, яшчэ больш злосныя, яшчэ страшнейшыя. Неўзабаве Геракла акружалi, быццам жывы куст, сiпучыя галовы, i ўсе яны цягнулiся да яго, разяўляючы крывавыя пашчы.

Ён не мог скрануцца з месца - нага яго была ў кальцы змяiнага хваста, рука стамiлася сячы ўсё новыя i новыя галовы гiдры. Раптам ён адчуў боль у левай назе i, нахiлiўшыся, убачыў рака, якi клюшняй учапiўся ў яго пятку.

Геракл засмяяўся:

– Двое супраць аднаго? Гэта несумленна! Бой няроўны. Цяпер i я маю права паклiкаць сябра на падмогу!

I ён паклiкаў Iалая, якi чакаў яго ля каляснiцы.

Геракл аддаў яму факел i загадаў палiць агнём рану, як толькi меч адсячэ галаву гiдры. I там, дзе пёк агонь, ужо не вырасталi новыя галовы. Неўзабаве апошняя галава гiдры пакацiлася ў балота. Але яна не хацела памiраць нават пасля таго, як была адсечана, i, лежачы на траве ў крывi, зыркала злоснымi вачамi i раз'юшана разяўляла пашчу. Гераклу давялося вынесцi яе з балота i закапаць у зямлю, каб яна не нарабiла каму шкоды.

Поделиться с друзьями: