ЖАНРЫ

Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
Шрифт:

Тут з пячоры выйшаў малады кентаўр, якi частаваў Геракла, i са здзiўленнем пазiраў на мёртвых кентаўраў, што ляжалi вакол.

– Як! Гэты маленькi кавалачак дрэва забiвае насмерць?
– спытаў ён.
– Гэтая тонкая палачка можа забiць?
– I ён выцягнуў стралу з цела аднаго з кентаўраў.

– Асцярожна!
– крыкнуў Геракл.

Ды ўжо было позна: кентаўр выпусцiў стралу з рук, i яна ўпiлася яму ў нагу. Кентаўр нават не войкнуў, не крыкнуў i ўпаў мёртвы.

Геракл перанёс целы забiтых кентаўраў у пячору, завалiў яе вялiкiм каменем, нiбы грабнiцу, i пайшоў далей.

Ён лёгка высачыў у лесе вепра, паранiў яго ў нагу, звязаў i, ускiнуўшы сабе на плечы, вярнуўся ў Мiкены i прыйшоў у палац Еўрысфея.

Дзiкi вепр вiшчаў на ўвесь палац, i цар Еўрысфей са страху залез у вялiкi медны чан для вады, што стаяў на двары.

Геракл усё ж знайшоў яго. Але як толькi цар убачыў над краем чана страшную морду вепра, ён замахаў рукамi i закрычаў тонкiм голасам:

– Iдзi, iдзi адсюль хутчэй!

Геракл пасмяяўся, пайшоў i загадаў закалоць вепра i наладзiць баль для народа.

Пяты подзвiг

Геракл разганяе Сцiмфальскiх птушак

Бог вайны Арэс меў чараду дзiкiх птушак. Кiпцюры i дзюбы ў iх былi жалезныя, а медныя пёры iх, выпадаючы з цела, ляцелi ўнiз i забiвалi, як стрэлы. Птушкi жылi ў гарах, у цяснiне каля Сцiмфальскага возера. Вада з гэтага возера цякла ў падземную пячору, а адтуль струменiў ручай у глыб зямлi, у царства мёртвых. У возеры нiшто не жыло, i яго акружалi голыя скалы. Толькi на выспе пасярод возера рос высокi трыснёг, i тут жылi птушкi бога вайны. Яны харчавалiся чалавечынай i адсюль выляталi чарадой на крывавае паляванне.

Цар Еўрысфей загадаў Гераклу iсцi да Сцiмфальскага возера i прагнаць птушак Арэса далёка за мора.

Геракл паклiкаў з сабой Iалая, узяў свой лук з атручанымi стрэламi i падаўся ў горы. Доўга яны блукалi па кручах, нарэшце прыйшлi ў цяснiну, на дне якой ляжала Сцiмфальскае возера.

Пуста i дзiка было вакол: голыя камянi, нi травы, нi кветак, нi дрэў. Вецер не маршчынiў гладкую паверхню возера, рыбка не плёскалася ў вадзе, яшчаркi не грэлiся на сонейку памiж камянёў. Мёртвая цiшыня панавала над возерам. Геракл i Iалай селi на камянi каля самай вады i пазiралi на нерухомае возера. Сум агарнуў iх, стома скавала цела, стала цяжка дыхаць.

– Са мной творыцца штосьцi нядобрае, - сказаў Геракл сябру, - цяжка дыхаць, сэрца замiрае, i лук выпадае з маiх рук...

Чарадзейны сон агарнуў iх.

Тады з астраўка пасярод возера са звонам узнялiся адна за адной вялiзныя чырвоныя птушкi. Яны кружылiся над возерам, над цяснiнай i неўзабаве, нiбы хмара, закрылi ўсё неба, i барвовы цень лёг на ваду.

Раптам штосьцi ўпала каля Геракла, загрымела на каменi, i ён прачнуўся.

Каля яго ног ляжала звычайная драўляная бразготка, якой сяляне праганяюць птушак з садоў i агародаў. Яе паслала герою багiня Афiна, мудрая настаўнiца i памочнiца людзей.

Геракл усхапiўся, пабудзiў Iалая, даў яму бразготку i загадаў трэсцi яе. Яна бразгацела i грымела над сонным возерам, i горнае рэха ў сто разоў памнажала шум. Напалоханыя незвычайнымi гукамi, птушкi мiтусiлiся i разляталiся ў розныя бакi, губляючы пёры. Геракл схапiў лук i пускаў у птушак стралу за стралой. Падбiтыя птушкi падалi ў возера, i цяжкае апярэнне цягнула iх на дно.

Накрыўшыся шкурай Нямейскага льва, якую не маглi прабiць нiякiя стрэлы, Геракл бязлiтасна страляў страшных Сцiмфальскiх птушак. Шмат iх патанула ў чорных водах возера. Цяпер яно ўжо не было спакойнае: вада ў iм бурлiла i вiравала; белая пара падымалася да неба.

Птушкi, што засталiся жывымi, узнялiся высока над возерам, сабралiся ў чараду i паляцелi прэч. Яны пакiнулi Грэцыю i апусцiлiся далёка-далёка, на бязлюднай выспе ў бурным моры.

– Хутчэй хадзем адсюль, - сказаў Геракл, - пакуль нас не ахапiў смяртэльны сон.
– I, кiнуўшы ў ваду бразготку Афiны, сябры пайшлi ад мёртвага возера.

Шосты подзвiг

Геракл ачышчае Аўгiевы канюшнi

Невыказна багаты быў цар Элiды Аўгiй. Незлiчоныя статкi яго валоў i авечак i табуны коней пасвiлiся ва ўрадлiвай далiне ракi Алфея. Трыста коней з белымi як снег нагамi меў ён; дзвесце - чырвоных, нiбы медзь; дванаццаць коней былi белыя, нiбы лебедзi, а ў аднаго з iх блiшчала на лбе зорка.

Аўгiй столькi меў скацiны, што слугi не паспявалi чысцiць хлявы i канюшнi, i за шмат гадоў у кожнай з iх назбiралася гною пад самы дах.

Цар Еўрысфей хацеў удружыць Аўгiю i зняважыць Геракла. I ён паслаў героя чысцiць Аўгiевы канюшнi.

Геракл прыйшоў у Элiду i сказаў Аўгiю:

– Калi ты аддасi мне дзесятую частку сваiх коней, я вычышчу канюшнi за адзiн дзень.

Аўгiй засмяяўся: ён думаў, што iх зусiм немагчыма вычысцiць. Таму цар сказаў Гераклу:

– Я аддам табе дзесятую частку маiх коней, калi ты за адзiн дзень вычысцiш мае канюшнi.

Геракл папрасiў, каб яму далi рыдлёўку, i Аўгiй, усмiхаючыся, загадаў прынесцi яе герою.

– Доўга ж табе давядзецца працаваць гэтай рыдлёўкай!
– сказаў ён.

– Адзiн толькi дзень, - адказаў Геракл i пайшоў на бераг Алфея. Паўдня ён старанна працаваў рыдлёўкай. Зямля ляцела з-пад яе i лажылася высокiм валам. Геракл запрудзiў рэчышча ракi i адвёў яе проста ў царскiя канюшнi. Воды Алфея iмклiва пацяклi праз iх, зносячы з сабою гной, стойлы, кармушкi, нават струхлелыя сцены.

Абапёршыся на рыдлёўку, Геракл глядзеў, як добра працавала рака, i толькi зрэдку памагаў ёй. Да захаду сонца канюшнi былi чыстыя.

– Не гневайся, цар, - сказаў Геракл, - я ачысцiў твае канюшнi не толькi ад гною, але i ад усяго, што струхлела i даўно згнiло. Я зрабiў больш, чым абяцаў. Цяпер ты аддай мне тое, што абяцаў.

Але сквапны Аўгiй заспрачаўся, пачаў сварыцца i адмовiўся аддаць Гераклу коней. Тады Геракл зазлаваў, пачаў з Аўгiем бiцца i забiў яго.

Сёмы подзвiг

Геракл утаймоўвае Крыцкага быка

Шэсць разоў прыходзiў ужо Геракл у Мiкены i па загаду цара Еўрысфея выпраўляўся ў небяспечную i цяжкую дарогу. Шэсць подзвiгаў ён здзейснiў: забiў Нямейскага льва, знiшчыў Лярнейскую гiдру, злавiў Керынейскую лань, прынёс у Мiкены Эрыманфскага вепра, прагнаў з Грэцыi Сцiмфальскiх птушак i за адзiн дзень вычысцiў Аўгiевы канюшнi. I вось зноў паклiкаў героя Еўрысфей i загадаў яму плыць цераз мора на выспу Крыт i ўтаймаваць раз'юшанага быка, з якiм нiхто з крыцян не мог справiцца.

Гэты бык прыплыў калiсьцi да выспы Крыт, i крыцкi цар Мiнас абяцаў богу мораў Пасейдону прынесцi быка яму ў ахвяру. Але беласнежны бык з залатымi рагамi так спадабаўся Мiнасу, што цар пакiнуў яго сабе, а Пасейдону ахвяраваў другога быка. Бог мора ўгневаўся i наслаў шаленства на прыгожага быка. Бык ашалеў, вырваўся са стойла, уцёк з царскага двара i стаў гразой усёй выспы.

Геракл падаўся на бераг мора, сеў на фiнiкiйскi карабель i паплыў на Крыт. Наляцела бура, доўга насiла карабель па бурным моры, нарэшце разбiла яго, i хвалi выкiнулi абломкi на бераг чужой, незнаёмай краiны.

Поделиться с друзьями: